Выбрать главу
...Пасля, калі з яго здымалі шво, I валасамі — мяккімі, як воўна — Кранулася яго Галіна Львоўна, Па дотыку прыпомніў ён: вагон! Там — несвядома — спавядаўся ён Жанчыне нейкай... Ёй!.. Перахапіла На міг дыханне... Вунь як закруціла Ягоны лёс!.. I ён праз слёзы, праз Разломны боль сказаў: — Я ўспомніў вас. — Каго? — перапытаўся санітар. — Мяне,— Галіна Львоўна адказала І нахіліла над Андрэем твар: — Ты вынес невыноснае, млынар. Ты малайчына... — Дык пашкадавала Мяне Таццяна? — ціха ён спытаў. — Яна ўсё чула? — Правадніца?.. Пэўна. Прыкметная дзяўчына. Каралеўна. Але цяпер і ты не горшы стаў. Адпачывай. Праз суткі — трэба ўстаць.
I суткі ўспамінаў ён тыя суткі, Дарожныя, і ўспомніў да мінуткі, Да драбязы ўсё, хоць прыпамінаць Было няёмка, сорамна... "Размяк! Даў слабіну такую, чорт гарбаты! Які там бог! Які таемны знак! Таццяна павяла яго дахаты З блазноты, з жалю..." Ён кусаў кулак, Як у дзяцінстве, толькі вінаваты Цяпер не свет быў, Вінаваты — сам... "Ну што ж... Не галавой аб сцены біцца. Гарба няма! Ці ён яшчэ ўсё там? I мне дасюль той сон на ганку сніцца?"
...У дзень, калі зайшлі яны ў бальніцу, Галіна Львоўна паказала: "Тут Артапедычны корпус. Інстытут Распрацаваў практычную методу Рэзекцыі... Хоць што табе з метод. Усё, што ад цябе патрэбна,— згода. — Я згодны. — Што ж кідацца, як на дрот? Ты можаш жыць і так... — Так жыць не буду. — Табе балюча будзе. Страшны боль. — Стрываю. Мо ранейшы боль забуду.
Была падлога белая, як столь. Плыла падлога... Грукала жалеза, Бы ў кузні... "Ну і цацка... Ну і вежа..." — Ён чуў, нібы праз вату, галасы. Балелі косці! Жылы! Валасы! Пазногці! Скура! Кроў! — усё балела! Боль свідраваў, наскрозь пранізваў цела, Якое пакідала ўжо душа... Быў боль — і горб! Палова спарыша, Быў боль — і горб! Сіямскія блізняты. ...Канаючы, адчуў, што горб адняты.
У шкле дзвярэй — як везлі да палаты, Накінуўшы на плечы прасціну — Убачыў незвычайную спіну: Спіну, якая не была гарбатай.
Яму ў палату шведскую сцяну Паставілі, брусы прыбілі, рэйкі. — Цяпер мы будзем працаваць, Андрэйка.
Стаў уставаць — ударылі нажы У плечы... — Не магу...
— Устань! — Балюча... — Устань і сам сабе дапамажы, — Галіна Львоўна... — Болей не кажы Ні слова мне!.. Слімак! Хірля!! Ануча!!! — Галіна Львоўна... — Зноў згарбееш! Зноў Забудзешся, што ты — Андрэй Крушына!
...Хоць з-пад бінтоў прасочвалася кроў, А ён палез на рэйкі... "Малайчына".
— Андрэй Крушына, дваццаці гадоў,— Дакладвала наўмысна сухавата (Хоць гэты тон даваўся цяжкавата) Галіна Львоўна... Процьма дактароў Набілася ў ягоную палату, I ўперадзе стаяў гарбун сівы, Урач! — з гарбом вышэй ад галавы — I на любое слова ўскідваў бровы... — Рэзекцыя гарба... Наркоз мясцовы... — I вытрымаў? — Як бачыце, жывы. "А боль той!.. Невыносны!.. Нажавы!.." — На трэці дзень, як толькі знялі швы, Фізічныя пачаў практыкаванні... I пляснуў у далоні ўрач сівы, I пракаціліся рукаплясканні...
Як ён з бальніцы горадам ішоў! Ішоў — глядзеўся ў кожную вітрыну: Глядзіце ўсе! Ідзе Андрэй Крушына!.. I ветліва ўсміхаўся ён жанчынам, I па галовах гладзіў малышоў.
Было такое адчуванне, бы Усе наўкол — браты яму і сёстры, Радня на свеце — чалавек любы; Нібы прайшоўся хтось з сякерай вострай Па горадзе — і ссек усім гарбы.
Ён думаў пра Галіну Львоўну, пра Таццяну і бацькоў яе... Мой божа, Як многа ўсё ж спагады і дабра Сярод людзей!.. Пакліч — і дапаможа Табе і жыць, і выжыць чалавек...
На горад
в е р т ы к а л ь н а
п а д а ў
с н е г,
Але не першы той, а ўжо апошні, Вясновы, цёплы... Ля цэнтральнай пошты Бабуля кветкі прадавала; ён Купіў букецік кволенькіх пралесак, Цукеркі і шампанскае ў давесак,— Злавіў машыну і назваў раён.
Шукаў дарогай словы: "Да цябе Я поўз дарогай болю на гарбе, Глядзі: ён сцёрся доўгаю дарогай..." Ніяк не падымалася рука Націснуць кнопку чорную званка; I раптам дзверы самі, дзякуй богу, Павольна расчыніліся, і смех З-за іх пачуўся... "Як сабачы брэх",— Чамусьці ён падумаў. I Таццяна: "Заходзь, — сказала. — У мяне сябры".
Застолле йшло нагамі дагары, На покуце сядзеў вусач з баянам, Ён закрычаў: — У гонар госця — туш!
I нехта тут жа ўставіў: — Лепей — душ. Ты б асвяжыўся. Як бульдозер, п'яны. — Гы-гы.„ Сказаў!.. Бульдозер п'е хіба?
Таццяна стужку белую з ілба Адкінула... "Мой бог, ты без гарба!.." — Сказаць была павінна, а сказала:
— Я замуж выйшла.
— Горка! — зарычала Застолле, і пад дружны перастук Налітых шклянак — падышоў дзяцюк Да Тані... — Кіньце вы... Усё вам мала,— Сказала Таня.— Мне ўжо рот баліць. Гарэлка горкай і павінна быць. ...I ўсё ж яна яго пацалавала. Андрэй стаяў з цукеркамі, з віном, З букецікам пралесак — дурань дурнем. — Шампанскае прынёс... Відаць, культурны, — Ікнуў вусач. — А мы гарэлку п'ём. — Ды сціхні ты, — яго штурхнулі ў бок. — А лепш за ўсё расол піць... Або сок,— Бубніў вусач.— У соку вітаміны...
"Сякеру ўзяць! У іх гарбы на спінах!" — Мільгнула думка.
— Таня, не гасцінна Ты хлопца сустракаеш... — Сядзь, браток,— Падставіў нехта крэсла, хтосьці з рук Шампанскае забраў—і перастук Налітых шклянак зноўку стол агучыў. — Хай скажа тост! — зароў вусач. "Ануча!" — Сказаў сабе Андрэй, зрабіў глыток: — За ваша шчасце...
Памуціўся зрок, Хіснуўся стол, але Андрэй адолеў, Асіліў слабасць, і, калі застолле Упрэглася спяваць, паспрабаваў Паглядам перакінуцца з Таццянай,..
"Глядзіць, як хтось яго абрабаваў. Нібы было што-небудзь абяцана",— Падумала яна... Ён прачытаў Яе пагляд — і ёй кіўнуў у згоду.
— Хто ён такі? Прадстаў яго народу! — Вусач буяніў. — Гэта кватарант. Былы,— сказала Таня... Жоўты бант З пляча яе, як кураня, скаціўся; Андрэй — у с ё й с п і н о ю — Нахіліўся Падняць яго... Ніколькі не змяніўся Пагляд Таццяны...
Ён перачакаў, Пакуль застолле да яго прывыкла I больш не заўважала... Ціха ўстаў,— Як толькі валтузня ізноў узнікла З вусатым,— і падаўся да дзвярэй... I ўжо за імі не пачуў Андрэй — I добра, што не чуў ён — як вусаты Спытаў услед: "А хто ўсё ж той... гарбаты?"