I зноў не ведаў ён, куды ісці.
Не меў, куды ісці. Сярод чужога
Стаяў двара. Убачыў тэлефон,
Зайшоў у будку, кінуў дзве манеты.
Набраў на дыску нумар выпадковы.
"Алё...— пачуўся голас.— Гэта ты?"
"Я..." — адказаў ён. Выслізнула трубка
З далоні — і павісла на шнуры.
Ён споўз уніз. Прыціснуў трубку вухам:
"Але... алё..." — гукаў дзявочы голас,
I голас гэты так яго чакаў,
Так з ім хацеў хутчэй спаткацца — проста
Не мог трываць!..
Ён споўз яшчэ ніжэй,
Хіснуўшы трубку. Голас загайдаўся
Над галавой; чакаў, не заціхаў,
Мацней гукаў! Як звон, гайдаўся голас...
Пад ім ён, у калені галаву
Уціснуўшы,
у трэці раз заплакаў.
...Кудлаценькі, як цацачны, сабака
Падбег да будкі.
— Тэадор, дамоў! —
Паклікала дзяўчо каля пад'езду.
Андрэй — як пераскочыў цераз бездань,
Як жыта мех апошні дамалоў —
У будцы ледзь падняцца змог... Набракла,
Знямела спіна... Цяўкнуўшы, сабака
Да гаспадыні кінуўся, скакаў
Ля ног яе, лізнуць стараўся рукі...
I зноў — з самім сабой пасля разлукі —
Андрэй вясновым горадам блукаў.
Ад Замкавай гары спусціўся ўніз,
Дзе над ракой згарбелаю павіс
Гарбаты мост... Пад ім гарбелі крыгі.
Ва ўсім, ва ўсім гарба яго абрыс!
Яму не скінуць гэтыя вярыгі!
Ён узышоў на мост. Стаяў. Глядзеў.
Падумаў: "Скочыць?..
I ніхто б, нідзе
Шукаць не стаў..."
У думках скочыў.
Лодкай
Яго панесла крыга па вадзе,
Ён паўтараў: "Ніхто. Ніхто. Нідзе..."
Гула, плыла вясновая паводка!
Гукала ледзяная пустата,
Заманьвала: "Даволі. Годзе. Годзе!.."
Ён бег па крыгах.
З берага, з маста
Ужо крычалі: "Чалавек на лёдзе!
Гэй ты, гарбун! Чаго стаіш? Скачы!..
Дапамажы хто-небудзь!.. Людзі!.. Божа!.."
Андрэй сказаў на лямант:
"Не крычы.
Яму ніхто не зможа памагчы,
Калі ён сам сабе не дапаможа".
Сышоў на бераг. Сеў каля вады.
"Куды ісці, калі няма куды?.."
Упоперак і ўдоўж, як мурашы,
Па снезе разбягаліся сляды
I таялі —
ні следу і ні знаку.
Вясна з усіх бакоў ішла ў атаку,
Зганяла снег, ламала ледзяшы...
Ён ведаў, што рабіць,— і больш не плакаў.
"Дамоў!" — дзяўчо паклікала сабаку.
"Дамоў!.." — азваўся голас у душы.
"Замкнуўся першы круг. Пара дахаты.
Каля сваёй ракі быў круг пачаты —
Завершаны
каля чужой ракі...
Ніхто перад табой не вінаваты!
Ва ўсіх, ва ўсіх свае гарбы і страты.
Гарбаты свет — калі ты сам гарбаты,
Скідай гарбы — абрыдлыя мяшкі!.."
I устаў Андрэй. І сціснуў кулакі.
Ён выпрастаў сябе! I нізавошта
Цяпер слязу
не скоціць па шчацэ!
Людскія крыўды — крыгі па рацэ.
...Андрэй, дайшоўшы да цэнтральнай пошты,
Пралескі ўбачыў у сваёй руцэ.
Ён так і не аддаў іх!..
"Вось чаму
Таццяна паглядала гэтак строга!
Таму і не сказала мне нічога,
Не ўбачыла, што сцёрся горб дарогай..." —
Прыйшла ратункам думка, і яму
Вярнуцца захацелася...
"Дурнога
Прыблуду граць?" — спыніў ён сам сябе...
А д а ў т а р а:
Ты поўз да гэтых кветак на гарбе,
Я іх дару табе, Андрэй Крушына!
...Няхай ідзе з пралескамі мужчына,
Анёл у небе грае на трубе!..
У кожнага свой лёс,
Свой знак астральны.
Ён з кветкамі ўвайшоў у шум вакзальны,
Кудлаты хлопец да яго падбег:
— Таргуеш?
— Горб скідаю.
— Ненармальны...
Скрозь
бралася
вясна. Хоць вертыкальна
На горад падаў,
падаў,
падаў снег.
НАСКРОЗЬ
Канцэрт для паэта з аркестрам
У высях загуло —
I бездань прагула.
Наскрозь — тваё святло,
Наскрозь — твая імгла.
Наскрозь — дабро і зло,
Цвікамі скрозь далонь.
Хто пойдзе на святло,
Той выйдзе
на агонь.
Хто пойдзе на імглу —
На попел прыйдзе той.
Наскрозь —
дабру і злу —
Адкрыты шлях...
Не стой!
Жыццё
дабром і злом
Спрабуецца на злом,
На злом —
зямная вось —
Наскрозь, наскрозь, наскрозь.
У с т у п
Паэзія
не тэма для паэм,
Тым больш не тэма для паэм — паэты,
Бо ў нас хапае для паэм праблем,
З любой газеты можна браць сюжэты,
I тэма гэта сярод іншых тэм
Магла б і пачакаць, але паэты
Пра ўсіх пяюць, а самі не апеты.
Таму
К а н ц э р т. Хаця і ў жанры гэтым
Няёмка неяк пра сябе спяваць,
Саміх сябе ўслаўляць ніякавата...
I славіцца ў паэмах лом цыбаты —
Адно за тое, што абняў лапату
I думае: капаць ці не капаць?
Ён ломам
Супраць працы
Паўстае.
А побач з ім —
хто з дудкаю,
хто з лютняй —
Гудуць-гуляюць абібокі, трутні,
Што завяліся ў кабінетах кутніх...
Пад корань бы ўсіх іх, хоць і свае.
Імя ім — муць. Гнілеча. Чад. Імжа.
Нас раз'ядае гэтая іржа,
Брыда каросты на здаровым целе.
Дарэмна мы скрабліся і цярпелі,
Са свалатой па-добраму хацелі:
Яе саскрэбці нельга без нажа.
Паэтам не хапацца за нажы,
Але служы, паэзія, служы,
Не саступай
пасадзе, блату, дружбе,—
Каб не танулі душы, як глыжы...
Паэт заўсёды на дзяржаўнай службе,
На службе ачышчэння ад іржы.
Служы, паэт. Паэзія — твой лёс.
Яна не толькі тайны дар нябёс,
Яна— душы народнай спавядальня.
Служы, калі прысягу ён прынёс.
А калі ўзяўся чысціць прыбіральні,—
Не затыкай, як фіфа ў хлеве, нос.
Паэзія —
I ў храмах,
I ў хлявах.
Не ўся зямля ў расе і матыльках,
Не скрозь жыццё прапахлае лавандай.
Мяшчанскія
на нас
папёрлі банды!
Прынюхайся як след, які ў іх пах.
Ім стала мала
проста грошы мець,
Са скуры лезці, каб паболей выдраць.
Яны нам
пачалі
мараль падкідваць,
Сваіх — пацёртых —
Ідэалаў медзь.
Пранік паўсюды
абібочны зброд.
Жывуць — не тужаць.
Голад, недарод,
Агонь, патоп — яны знаходзяць брод
I дажываюць да сівых барод...
Не камень тут у нечы агарод —
Тут у сваім бы палічыць каменне,
Як славы сверб
прымаеш за натхненне,
Б'еш кулакамі ў грудзі за народ...
Народ змаўчыць. Ды не змаўчыць сумленне.
Прачнецца ўночы,
Стане свідраваць...
Хоць не ва ўсіх яно — балець, караць.
Калі сумленне падрэсіраваць,
На задніх лапках навучыць стаяць,
У служкі ўзяць яго і аблакеіць,—
Яно ўсё чыста зможа дараваць,
I будзе для цябе хапаць і рваць,
Мацней за іншых горла будзе драць,
Мардатае, як грузчык з бакалеі.
З яго
без болю
цяжка звесці бруд.
Загнаць сумленне можна ў цёмны кут,
Узяць яго на подкуп і на спуд,
I — калі нават ты хабарнік, злодзей —-
Цябе не апраўдае
Страшны суд,
А сам сабе
ты апраўданне знойдзеш.