Выбрать главу
Народ — не агульнае Нешта, Не схованка для гультая... Паэт — гэта кожны, хто ўрэшце Дакажа: народ — гэта я.
Народам не стаў, хто папала. Машэраву, як і Купалу, Народ курганы насыпаў За слова, што з лёсам супала, За лёс, што са словам супаў.
Якія імёны за намі! Укленчым прад іх курганамі — I ўстанем... Якраз самы час Спытацца: якія мы самі? Якія імёны у нас?
Ч а с т к а п я т а я
Агонь
Прамыем горла боскаю слязой, Таварыш мой... Прысядзем ля цяпельца. Нацэлімся павелічальным шкельцам На тое, што лічылі драбязой.
У ліпеня Пакуль што дзень даўгі, Але і ён няўмольна карацее. Мы доўга-доўга жыць і жыць хацелі! I дажылі... Пара плаціць даўгі.
Шчасліўчыкі! Не ведаючы страт, Мы беглі ад світання да палудня I сярод свят не заўважалі будняў... Ну што ж: насталі будні акурат.
Цвярозыя. Крутыя. Як ва ўсіх, Хто больш не мае аніякай скідкі На спробы, на памылкі, на прыкідкі... Не ў нас, не ў нас цяпер правы на іх.
Даўгі растуць. ...А слова не ў цане. Ці варта верыць словам? Тым, што ўпарта Ад нас хаваюць ісціну, Як варта Стаяць пры ёй... Дык верыць ім ці не? Таварыш мой, ты ведаеш мяне?
З такіх пытанняў закіпае злосць, Але скажы: хіба не словы клічуць Нас быць такімі, за каго нас лічаць, I забываць пра тое, хто мы ёсць?
Хто ведае, якія мы?.. Спрадвек, З пары, як быў на гэты свет прызваны, Жыве нераспазнаным чалавек, I памірае ён нераспазнаны.
Нібы не жыў. Нашто ж паэтаў рой, Таварыш мой? Якая ў іх патрэба, Калі мы ні на крок пад вечным небам Не адышлі ад ісціны старой?
Ад той, што кожны з нас — нямы сусвет, Што сутнасць чалавека — адзінота, Што наша памяць — памяць ідыёта, Які не знае, хто ён... Хто ж — паэт?
Прарок? — альбо пралаза ён з пралаз?.. Якое на зямлі ў яго прызванне? Адно: прымусіць задаваць пытанні Дзеля таго, каб вынайсці адказ.
Ён ведае: адказ павінен быць. Але таксама ведае адразу, Што не знайсці агульнага адказу...
Таварыш мой, скажы ты: як мне жыць?
Усё, што называецца жыццём,— Пытанні... Шлях ад згадкі да здагадкі. Паэт — дзіцё, што плешча згадцы ў ладкі, I быць яму не сорамна дзіцём.
Мы дзецьмі ўсе паэтамі былі, Пакуль прырода не замкнула геній Ключом, які, нібы іголку ў сене, Дарма шукаем... Геніі — знайшлі.
Знайшлі — і што ж?.. Здавалася б: шчаўчок— I сэнс жыцця павінен нам адкрыцца... А тайна як імглела, так імгліцца. Таму што на ўваходзе ў таямніцу Няма замка... Сам чалавек — замок.
Свядомасць... Розум... Што ён — розум твой? Мо праўда, ён — матэрыі хвароба? Мо праўда, разумней за нас амёбы, Якім хапае клетачкі адной, Каб існаваць, дзяліцца, памнажаць Амёбны лік — і не самазнішчацца...
Таварыш мой, за розум не схавацца. Глядзі, як дровы весела трашчаць!
Не наглядзецца на жывы агонь, На зменлівасць яго імклівых ліній... Агонь жывы, пакуль у іскрах сініх Не дагарыць да стрыжня абалонь.
А потым попел. Галавешак чад. А тое, што свяціла, дзе падзета? Іскрынкі... змена ліній... Словам, гэта, Што і было агнём тут Міг назад?
"Энергія?.. Законы?.." Не смяшы, Таварыш мой!.. Якая ўсё-ткі проза! Агонь — душа, таварыш мой, А розум — Нязведанае паліва душы. Не ён —агонь. Не ён — наш валадар. Сябе самога розум спасцігае.
Душа жывая, што ж нас спапяляе? Скуль у смяротных бессмяроцця дар?
Дакажа розум: нам усім сканаць. Душа — нам жыць. I розум хмурыць бровы. Замест "гарыць агонь" — "згараюць дровы" Наш розум нам падказвае казаць,
Але гараць, гараць, гараць агні У гоне дзён, у зменлівасці ліній... Таварыш мой, якія ў свеце ліўні! Схавай адну жарынку ў далані.
Я веру ў розум. Не яго віню. Напрогся ён — і вынайшаў браню, I сталі верталётамі стракозы... Ды хай яму таваркай будзе проза. Паэзія — таварышка агню.
Таварыш! Мы ўстаем насустрач дню — Хто апяваць, хто пілаваць бярозы... Што розум — Розум, — ведама каню. Баронячы душу, я бараню I розум тых, хто ўжо губляе розум.
Яго я ад вар'ятаў бараню, Ад прайдзісветаў, што яго шальмуюць... Якія толькі шэльмы ні начуюць, Таварыш мой, ля нашага агню.
Пры чым тут мы з табою? Ні пры чым. Агонь для ўсіх, хто змог яго заўважыць. А хто на ім гарыць, хто сала смажыць — Адразу і не скажаш. Памаўчым.
Саміх сябе засмажыць не дадзім. Шчэ пахрумсцім, як качаны з марозу. Таварыш, ці не надта мы цвяроза Каля цяпельца нашага сядзім?
Жыццё ідзе. I справіцца яно З атрутным жахам, што з прадоння выплыў. Мы пройдзем шлях, які на долю выпаў. Глядзі, як ясна свеціцца віно... Агонь гарыць... Давай за гэта вып'ем.
Л і р ы ч н а е а д с т у п л е н н е
Працяг пабочнай тэмы
Паэт знішчае алкаголь!.. Яшчэ Закусвае. I рэдка чысціць зубы. Такі распуснік! Павуціну тчэ: Як гляне на жанчыну — урачэ. Бандыта ўночы ўбачыць — уцячэ. Бандыты з ім сябе паводзяць груба.
Якую б мне, слухач, Дэталь Дадаць Да гэтага узнёслага партрэта?.. Баюся, каб не кінуў ты чытаць, Дакладней, слухаць пра жыццё паэта.
Таму, каб не труціць далей душу I не псаваць прыстойнага тавару, Адразу ж адступленне завяршу, Прызнаўшыся ў канцы, у чым грашу, Што ўсім зусім паэту не да твару: Напісана яно для ганарару. Давай з яго гульнём на пару мы! Абдымемся. Спяём. Хаця б фальцэтам.
Давай адрознім лета ад зімы У шостай частцы Нашага канцэрта.
Ч а с т к а ш о с т а я Крамольная
Слухач, ты ўжо вуха наставіў: Крамола?.. Паэтавы выбрыкі!.. Так, гэтае слова я ўставіў, Каб ты яго выкінуў.
Крамола — не з матам куплеты, Не песні блатныя пра Мурку... На службе дзяржаўнай паэту Быць нельга прыдуркам.
Паэт! Калі страх — неадольны, Калі асцярога скавала, Успомні: быў Ленін крамольны, Крамольныя Пушкін, Купала.
Гісторыі кола Заўсёды круціла крамола.
Стагналі Афіны, Цары вар'яцелі на тронах — Чырвонай цаглінай Слізгала крамола па скронях!