Пра час лапачы...
Яно не ў карысць і не ў шкоду.
Краналі мячы
Лілейную шыю свабоды.
Яе бараніць
Уставала насупраць дазволу,
Каб антыскарыцца і антыскарыць -
З каламі
крамола!
Усе сховы — часовыя.
Хай рукі скрыжуюцца змучана —
Крамольна галовы
Да жылістых каркаў прыкручаны!.
Крамольніка слава
Мінуе
на ўчынак не здольных...
Апошняя справа
Хадзіць у крамольных.
На слізкія дыбы
Вялі іх. Жалезам пласталі.
Драпежныя рыбы —
Кастры інквізітараў білі хвастамі.
На пыл іх малолі,
Але не было паратунку —
Крамола ў крамоле,
Нібыта ў матрунцы
матрунка!..
На чорта нам гэта
Здалося,
крамольны мой дружа?..
Аднак паглядзі:
Палымнеюць штолета
Крамольныя ружы.
I, не растаптанае ворагам,
Плешчацца вольна
Палотнішча сцяга чырвонага —
Ветразь крамольны.
Крамольна пад ім
у замшэлым балоце
Тлусцець неспатольна.
Крамольна
загінуць на ўсплеску, на ўзлёце,
А жыць —
не крамольна.
Крамольна
самнамбулай бегчы па даху
На голас прамоўны,
Крамольна
наскрозь асцярогай прапахнуць,
А рызыкай —
не крамольна.
Вядома, не горшы з людзей,
Хто прамовы ў цытатнікі выпісаў.
Ёсць выпас ідэй —
I ідэйныя коні на выпасе.
Мяшкі травяныя. Пасуцца, заразы.
Трактаты складаюць прыстойна,
Уцяміўшы: базіс — надзейная база,
Падмурак
пад конскае стойла.
Зусім не на тое
крамольна
Кастрычнікам век узрывалі,
Каб гэтыя коні
Бакі нагулялі!..
Таварышы коні! —
і кожны, і разам —
Гэй вы, прысцяжныя мае:
Сягоння
для сацыялізма
абраза
Даказваць, што ён існуе!
Няўмольнай хадою па свеце ён крочыць,
Чырвоных сцягоў расстаўляючы вешкі;
Ні атамнай доўбняй яго не прыкончыць,
Ні конскай даўбешкай.
Выграбем
конскія яблыкі з дому
Шуфлямі і качэргамі!..
Сацыялізм — не догма.
Сацыялізм — энергія!
Плюс (!)
электрыфікацыя ўсёй дзяржавы,
Каб зводдаль было відно:
Хто служыць і робіць дзяржаўную справу,
А хто вырабляе...
Глядзі, як гарцуе коннік раённы!
Яблыкаў — толькі збірай.
Нібыта раён —
Персанальны ягоны
Рай.
Няма нейкай праўды ў раённым маштабе
I веры ў раённай меры.
Мы скрозь
на службе ў дзяржаўным штабе
Адзінай праўды і веры.
Будні, парады
З Леніным зверым:
Якой будзе праўда —
Такой будзе вера.
Нам крочыць супольна
Да гэтае веры адзінай
Пад небам крамольным
Савецкай
крамольна-чырвонай
Краіны!
П а с к р ы п т у м
Што ж, слухач,
як кажуць: песня спета.
Пішуцца апошнія радкі,
У якіх, хоць мы не тукмакі,
Я хацеў бы ўдакладніць-такі
Сутнасць,
Сэнс канцэрта для паэта.
Тут няма з чаго рабіць сакрэта:
Я прашу пад іменем паэта
(Іменем сапраўднага Паэта)
Разумець ратая, каваля,
Фізіка, міністра, верхалаза —
Паасобку ўсіх і ўсіх адразу,
Хто не можа зняць з сябе адказу
За жыццё, што будзе нас пасля...
Хто не даў зямлі згарэць каметай,
Кім зямля апета і сагрэта
I на кім трымаецца Зямля.
Прошча
1996
РАДОК
Намацваць рух радка, які у зачыне,
Як шыць туман ці аблачыну ткаць...
I ўсё ж пачаць - хоць напачатку знаць,
Што слоў, напісаных на аблачыне,
Ніколі і нікому не чытаць.
ДЫМ
Як дым -
зямное на зямлі;
Як тым, што і да нас жылі,
I будуць жыць пасля.
У спраты прыбярэ зямля
Наш боль, што высахне асотам,
Адчай, што згоркне палыном
I зорным змелецца млыном.
I ўсё. I тое ж будзе потым,
Як і раней, як перад тым:
Адчай і боль з крывёй і потам, -
як дым.
АГОНЬ
Спапяліўшы былое ў былым,
Стаўшы ценямі,
зданямі,
снамі,
Мы сабе ўспамінаемся самі,
Як агню ўспамінаецца дым.
КАМЕНЬ
У камень увайсці - i ў камяні
Агонь раскласці, сесці пры агні,
Да дыму прываліўшыся спіной,-
I жыць, як за каменнаю сцяной.
НАСЦЕЖ
Зрэшты, жыцце як жыцце.
Варта было нарадзіцца.
Падае светла лісцё.
Ціха крыніца бруіцца.
Сінія градзіны сліў,
Ветразь на чоўне рыбачым,-
Хто не народжаны быў,
Той аніколі не ўбачыць.
Радуйся! Зорныя дзверцы
Насцеж - табе аднаму.
Зрэшты, не страшна памерці.
Незразумела, чаму.
ЗВЕР
Помні ўсіх - i нікога не помні.
Ідучы ў нікуды,
Толькі ты, што праходзіш па полі,
Засяваеш сляды.
Знай пра ўсё - і нічога не ведай.
Ідучы наўздагад,
Толькі ты, што праходзіш без следу,
Не павернеш назад.
Пасярод мітусні і зняверу,
Між бязладдзя ўсяго
Ты адзін усміхаешся зверу
За самога яго.
ВОЛЯ
Здабыў я ўрэшце волю на зямлі.
Сябры былі.
Каханыя былі.
Іх стала меней.
Адзіноты - болей...
I гэта ўсё, бадай, што я займеў ад волі.
ЛЕБЕДЗЬ
У горадзе, што спрэс спавіты дротам,
Сляпая, ад сцяны і да сцяны,
Да адзіноты мкнецца адзінота
I набывае голас драцяны.
Яна крычыць, як металічны лебедзь!..
Таварышу званю, кажу: "Як-небудзь
Спаткаемся...".
I кажа ён: "Звані",-
З уласнай адзінотай дзень пры дні.
I пуста так - як вецер дзьме трубою...
Сваю бяду рукамі развяду
I сам сябе спытаю: "Што з табою?".
Плячом пацепну.
Трубку пакладу.
СТАН
Як прывіды,
як сны пра сны,
як здані
Душу маю
пакінулі жаданні.
Як пры пажары выбягаюць з дому,
Яны з мяне - натоўпам! прэч!
Нікому
Казаць пра тое нельга - я кажу:
Нібы жабрак абкрадзены, дрыжу
Сярод руін на шэрым папялішчы,
Дзе ў коміне сіроцкі вецер свішча
I гоніць, круціць попел, сажу, дым...
З усімі так?..
Ці так са мной адным?..