Аднакрылую свечку
з царквы, што ўсплывае са дна,
Мне над возерам п р о ш ч ы
трымаць ад цямна да відна,
Вакол возера бераг
адзін,
і нікуды з яго,
Як бы мы ні штурхаліся - не спіхнуць нам
адзін аднаго.
Як бы мы ні шалелі ў натоўпах
ад лютых страсцей,
Паміж намі нямашака прышлых,
нязваных гасцей,
Толькі мы
паміж намі -
і нам не над прорваю жыць,
А над Прошчаю жыць.
Так нядоўга,
як свечка гарыць.
СУЗОР'Е РЫБ
За ноч адну і тысячы начэй,
Заплеценых абдымкамі ў абдымак,
Не наталіць да слодычы вачэй,
Не злаіпчыць губ - не сцалаваць з плячэй
Рассыпаных
Сузор'ем Рыб
Радзімак.
А неба, дзе плыве сузор'е Рыб,
Ушыркі рассыпаецца і ўглыб
Пустотамі міжгалактычных дымак,
Хоць нанава нябёсы перасып,
Сузор'і ўсе - абдымкамі ў абдымак.
Што нам да неба - і яму да нас?..
Так соладка, нібы ў апошні раз
Ляцім у снах - абдымкамі ў абдымак,
I ў валасах, не выбраныя ў час,
Праменяцца сузор'і невідзімак
I сыпяцца, як срэбра на атлас.
***
Тым быў час і не тым, а затым
Нават часам не быў ён, затое
Праступала імя залатое
На пярсцёнку тваім залатым.
I калі, не ўтаіўшы імя,
Ты адкрыла яго і назвала,
Ты ўжо знала, што часу не мала
I не многа, а проста няма.
Ён з нічога, з малітвы тваёй
Узнікаў, як пустэча ў пустэчы,
I яго абняла ты за плечы -
I сышліся далонь з даланёй.
Ты ўжо знала: нікога няма
У абдымках тваіх,- ты ўжо знала
I пустое ў пустым абдымала,
I ў пустэчы блукала сама.
I збірала пустое ў пустым,
I складала пустое ў пустое,
I было залатым залатое -
I пустое было залатым.
***
Прыбегла з марозу, на вейках зара -
I хрумстка, і свежа, і снежна з парогу!
Яшчэ ў нас наперадзе, дзякаваць Богу,
I срэбная, і залатая пара.
Яшчэ майскім мёдам гарчыш на губах,
I пахне каханне пралескай пад снегам,
I ў смех - раўнаваць, каб наяве і ў снах
Не верыць вяртанню, сачыць за пабегам.
Яшчэ не ў апёк дакрананне да болю,
I лёгка наш лёс вызначаецца тым,
Чаго перад чым назбіраецца болей:
Пабегам адным ці вяртаннем адным.
***
Ветраны ранак апошняга дня лістапада.
Першыя подыхі неасмялелай зімы.
Далеч наперадзе...
Сцены і лесвіцы ззаду.
Не азірайся, каханая: гэта не мы!
Гэта не нас даганяе па лесвіцах здрада,
Гэта не мы сярод сцен, як з нямою нямы,
Гэта не з намі нянавісць засела ў засаду, -
Ты не палохайся, любая: гэта не мы...
Гэта ў пару, калі мёдам набраліся соты,
Згаслі маланкі, бязладна грамы адгулі,
Раптам над ранкам,
над ветрам,
над снегам з лістотай
Прывіды нашы, спалохаўшы нас, праплылі.
***
Неба застаўлена пасткамі,
Глянеш - і цягне ў нябыт...
Што ты згубіла ў ім, ластаўка,
Бліскаўка, метэарыт?
Там, пад сінечаю цупкаю,
Зор захінаючы раць,
Воблакі, сшытыя дзюбкаю,
У бліскавіцах гараць.
Што ты шукаеш там, мілая?
Там без цябе ўсё было,
Швейка мая хуткакрылая -
Спаленае крыло.
***
Глухі завулак.
Вецер.
Ноч.
Расстанне.
Я затулюся, падыму каўнер
I ўспомню мімалётнае каханне,
Як паляванне ўспамінае звер.
Імя згадаю.
Плечы.
Вусны.
Вочы.
Было ж яно! Ну як я мог забыць!
I цень ягоны над прадоннем ночы,
Нібы анёл ружовы праляціць.
У цені тым, знікаюча-імклівым,
Што ледзьве ўзняў - і абламаў крыло,
Хоць міг адзін я пражыву шчаслівым...
Як звер, што п'е ружовае святло.
***
У Баранавічах снег.
Праз дарогу - змеі:
Нізкі, роўны, доўгі бег
Белае завеі.
Анікога тут няма
З тых, хто быў бы любы.
Ды забытае імя
Вышапталі губы.
I забыты твар узнік
Прывідна - да рання
У акно глядзеў двайнік
Юнага кахання.
Там яно - на тым баку
Змушанай разлукі
На расстайным скразняку
Прасцірала рукі.
Там пытала - з нематы,
З даўніны, з нябыту:
"Да каго вярнуўся ты,
Калі ўсё забыта?".
"Да цябе",- азваўся я
Так, каб не пачула
Не чужая, не свая,
Што са мной заснула.
***
Твае вочы, як вокны бальніцы.
Колькі боляў за імі, мой Бог!
Нас ад волі ніхто не ўсцярог -
I на ростані нашых дарог
Б'юць і б'юць
след у след
бліскавіцы.
Ла слядах даганяюць грамы.
Невылечны, як глуханямы,
Наш сусвет, дзе аслепла надзея.
Мы казалі,
а чулі
не мы.
О, кахання астрог!..
Кожны дзень я
Вырываўся з цябе, як з турмы.
I з астрожным кляймом на ілбе
Я шукаў сабе волі ў гульбе,
У абдымках спустошанай стомы
I чужы, сам сабе не знаёмы,
Я штоночы вяртаўся ў цябе,
Як вяртаецца магма ў разломы.
I застацца не мог... Бачыць Бог,
Гэта ўсё, што я здолеў і змог.
Як бальніца, глядзіш ты начамі.
А на ростані нашых дарог
Бліскавіцы малоцяць цапамі
Тыя ружы, якія снапамі
Да тваіх панакіданы ног.
СВЕЧКА
Вiльготныя зрэнкі начы -
На сподку
пад свечкай
парэчкі і слівы.
Маглі вы,
Сюды ідучы,
Прадбачыць, якім будзе ранак?
З усіх калыханак
Я выбраў такую, што нельга заснуць.
Снуюць
За вокнамі цені,
нібы вартавыя.
Мы з вамі - не тыя.
Абняўшы калені,
Задзьмулі вы свечку,
Каб зманныя словы пачуць.
***
Заплакаць мне
па той вясне?
Як соладка... так горка...
Там з ночы ў ноч скакала ў сне
Агнём па залатой сасне
Чырвоная вавёрка.
Адзін адну
гукну вясну -
Ні голасу... ні рэха...
Прачнуся плакаць, зноў засну,
I мне вавёрка сніць сасну
У залатых арэхах.
***
Бронь Божа мне ўспомніць пра тое,
аб чым ты забылася,
Што з пылу ляпілася, а паўставала сцяной.
Як ты стамілася, любая,
як ты стамілася
Побач са мной!