ТАТАЛЬНАСЦЬ
Аддаў загад - і выканаў загад.
Сам капітан. Сам пры сабе салдат.
Сам - строй. I сцяганосец сам. I сцяг.
Сам - левы фланг і цэнтр, і правы фланг.
Сам спераду і ззаду - за сабой
Правёў свой строй скрозь барабанны бой.
Адны - памер і рост. Адна вага.
Сам - і ланцуг, і звенні ланцуга.
Сам, як усе,
I ўсе, як сам, як ён...
Сам суд сабе i сам сабе закон,
Сам над сабой, салдатам, капiтан
I барабаншчык сам, i барабан,
Сам авангард i сам глыбокi тыл,
Сам - боты i на ботах прах i пыл…
БІЯГРАФІЯ
19З0.
Пільнаваў і карпеў.
Даслужыўся-такі:
Партупеяй рыпеў.
Пасылаў "варанкі".
1931.
Як па ўсіх - па яго "чорны воран".
I пачуў ён прысуд, што вораг.
На праклённай зямлі Калымы,
За рыпучай сцяной барака
Быў глухі ён, сляпы, нямы -
Верны Сталіну, як сабака
Непадсуднаму гаспадару...
"Прызаві, правадыр, памру!
Вораг -
ворагу твайму горла
Хоць цынгою
перагрызу!.."
Словы ў песні: "арол наш горны" -
Друг зыначыў: "казёл наш горны..."
Ён крутнуў
пралетарскія
жорны -
I пазногцем правёў па лязу.
195З.
Адмялі дваццаць дзве зімы,
Дваццаць два адбылі гады.
На прамерзлай зямлі Калымы
Плакаў ён, да партрэта прыпаўшы...
Адпусцілі яго, сказаўшы:
"Вінаваты ва ўсім жыды".
1954.
Не шукаў ні сям'і, ні хаты.
Зноў служыў, пільнаваў, карпеў.
Нескарона пёркам рыпеў.
"Рып> ды "рып". Але тут дваццаты
З'езд - і выйшла, што вінаваты
Скрозь адзін правадыр...
"Вар'яты! -
Ён рашыў.- Болей веры няма".
1957.
Стала сніцца яму Калыма.
Ён служыў. Пільнаваў. Карпеў.
Пад пярынаю снег рыпеў.
Слова кожнае, кожны рух.
Стаў адчай спавіваць, як спрут.
I аднойчы з'явіўся друг,
Над якім ён звяршыў самасуд.
Ён уцяміць ніяк не мог:
Ці наяве яно, ці ў сне?..
На пярыну друг побач лёг,
На рыпучы калымскі снег.
Як калісьці, адзін адным
Прыхаваныя ад завей,
Абняліся яны,-
затым
Друг падняўся на Маўзалей
I народ
прывітаў кіўком...
Заняло ад крамолы дух!
"Ты арол наш..." - пракаркаў друг
Перарэзаным гарляком.
1964.
Ён не помніў, ці зведаў страх.
Апрытомнеў - на снезе кроў.
На партрэтах у двух кутах
Двое новых правадыроў.
Ён падумаў: "А што было?..".
Сплюшчыў вочы да чарнаты.
Павуцінне перавіло
Незанятыя два куты.
БАРАК
Хто паспеў зваряцець - звар'яцеў,
Хто прадацца хацеў - той прадаўся...
Свідаровіч Цімох дажывае жыццё ў Варкуце,
У бараку па вуліцы Праўды.
Я ў застольнай блазноце пытаюся:
- Слухай, Цімох,
Ты не мог звар'яцець ці прадацца?..
Свідаровіч Цімох сам сябе перапытвае: "Мог
ці не мог?.." -
што той Гамлет, прынц Дацкi.
Ён глядзіць скрозь мяне, скрозь барака глухую сцяну,
Да крайкоў налівае гарэлку ў зрудзелую шклянку.
Над баракам завея ляціць з даўніны ў даўніну -
I крычыць, і рагоча, шалёна спраўляючы п'янку.
Засынаем мы ўпокат ля печы, пагаслай даўно,
Прачынаемся мы - непатрэбныя людзям і Богу.
I Цімох Свідаровіч мне кажа: "Усё ўсё адно.
Можаш думаць, як хочаш. А можаш не думаць наогул".
Пахмяліўшыся дымам, ён кыхкае хрыпла ў кулак,
З асівелай яго галавы сіва цэдзіцца шэрань.
Векавая завея навальваецца на барак -
То цвікамі прыб'е, то рассцежыць рыпучыя дзверы...
РУЛЕТКА
Свае забойцы ёсць ва ўсіх забітых.
Яго няма. Ён на крыжах і плітах
Чытае прозвішчы, шукаючы сярод
Усіх імён адно імя.
Штогод
У дзень адзін і той жа на далоні
Ён пісталет вагае. Халадок
Да сэрца падступае і да скроні,
Дранцвеюць пальцы. Шчоўкае курок…
Пасля ўсю ноч спраўляе ён радзіны
I п'е да непрытомнасці з таго,
Што зноў яму пашчасціла: адзіны
Патрон на ўсю абойму - не яго.
***
Што затужылі,
воі, мужчыны?
Волі ўдыхнулі - і дух заняло?
Як там і што там ні стане з Айчынай -
Горай не будзе, бо лепш не было.
Шлях свой зблукала Айчына ў трох соснах,
Збегала шлях чаўнаком, нібы ў кроснах,
Кідаючы невідушчы народ
З пасткі на захадзе ў пастку на ўсход.
Можа, відушчымі стануць нашчадкі?
Шляху няма. Ні канца, ні пачатку.
Прывідам - у пустату з пустаты -
Рвецца Пагоня з дзяржаўнай пячаткі,
Непадкаваныя б'е капыты.
МАЎКЛІВЫ МІТЫНГ
Усё, што коціцца,
Дакоціцца да нас...
I дакацілася.
Ля могілак якраз,
Дзе сны пра вечнасць сняць,
Ці спяць без сноў
З усімі
Караткевіч,
Куляшоў... -
Маўклівы мітынг.
З кожным, хто прыйшоў,
З'явіліся і сталі побач продкі...
Маўклівыя
стаялі цені родных,
Маўклівыя
стаялі цені блізкіх:
Пад крыжам злеглых. Зоркай. Абеліскам.
Ва ўсіх Хатынях спаленых. Забітых
Пад Грунвальдам. На Калыме "прышытых".
Бясследна зніклых. Хапам пахапаных.
Нікім, нідзе, ніяк не пахаваных,
Ці ў Курапатах
скінутых у роў...
Ад плоці плоць
I ад крывінкі кроў -
Мы ведалі,
пра што маўчалі з імі.
Жывыя з мёртвымі.
I мёртвыя з жывымі.
I ўпершыню, маўкліва сцяўшы рот,
З натоўпу глянуў люд. Амаль народ.
***
Разбой. Вайна і зноў вайна.
Хапіла і крыві, і болю.
Усё было - чаго ўжо болей?
Скажы, у чым твая віна,
Адкрый, у чым віны прычына,
Мая самотная Айчына?
Ці сапраўды руіны ў Крэве -
Адзін дзірван, пясок пусты,
I праўда, што на Божым дрэве
Ад дзічкі прыжылася ты?
***
На магіле Скурата Малюты
Скрывянелыя гронкі калін -
Гэта птушак няма, гэта люты,
Гэта шлях не звярнуць з каляін.
Гэта іншага шляху не будзе,
Гэта люты - на захад і ўсход,
Гэта рэк зледзянелыя грудзі
Уздыхаюць, ламаючы лёд.
Гэта лютага стогаў і хрыпу
З набалелай зямлі не чутно,
Гэта ў мітрапаліта Філіпа
Твар збялелы, нібы палатно.