Выбрать главу
Гэта плачу і енку падробка Пад малітвы, пад песні і смех... Гэта кроў векавую таропка Засыпае скалечаны снег.
ЗЕМЛЯТРУС
Радок у Апакаліпсіс... З карцін Глядзяць святыя, што зруйнуюць Мекку. Па камянях, адчуўшы небяспеку, Бягуць звяры з пагібельных мясцін.
Сустрэчнымі шляхамі перад тым Прабеглі людзі - прочкі род ад роду, I, скалануўшы ў ярасці прыроду, Пасеялі пустое на пустым:
Нянавісць на нянавісць, Гнеў на гнеў, На попел - попел I на порах - порах... Чакаючы малітвы і пакоры, Чаму, Гасподзь, ахвяр ты захацеў?
Ты ў камені, ці ты ў агні, ці ў ветры - Гасподзь, як ёсць ты, адгукніся хоць: Тваёю воляй зрушыліся нетры, Ці над табою воля ёсць, Гасподзь?
***
Точыць стачонае моль - Хопіць трухі назапас. Ператрываць - гэты боль. Перамаўчаць - гэты час.
Вырваўшы пальцы з вузлоў Локці не даць бы звязаць.
Некалі ж выпадзе зноў Голасу голасам стаць.
Ну, а не выпадзе - што ж: Зменаю знакаў і вех Хай сабе цупае дождж, Хай сабе шорхае снег.
ЗОНА
Паэма
1
Я не парушыў, хоць знаўся з віной, Ні чалавечых, ні Боскіх законаў.
...з о н а...
Чарнобыль дыхнуў за спіной Вогненнай пашчай дракона.
Знаю: дракона чапляю дарма. Тут параўнанняў ніякіх няма, Нават міфічных. У шапіто Месца дракону, каб ён не лайдачыў.
Чулі, казалі вы слова н і ш т о? Я гэта слова бачыў.
Гэта - як Бога няма. За яго Цэзій. Плутоній. Стронцый. I ні для чаго, I ні для каго Сонца.
Зона - як страта цяжарная Стратай. Просяцца хаты: хоць клямку пакратай! Самі - пад ногі - сцежкі - як змеі!.. Той, хто праз гэта стане вар'ятам, - Паразумнее.
Чыстая смерць. Без ніякіх прыкмет. Пуста. Чарнобылем пахне Сусвет.
2
Голым адчаем карэнне набракла.
Путамі спрута, клюшнямі рака Бераг падмыты - за горла раку!.. Воблака выплыла з-за лазняку, Залапатала, закаркала.
Тегга inkognita. Сноў мацярык?.. Страх мой паводзіў сябе, як прывык: Гнаў мурашоў па скуры!.. Збіліся ў воблака, збегліся ў крык Гусі, вароны, куры.
Воблака пырхала берага ўздоўж - Прыпяцкай хвалі пылам і пенай... А на яго нацэльваўся дождж З хмары, падобнай на пеўня.
Нават не помніцца сон мне, які Гэтакай яве - вартая пара: Апаражніўшы семяннікі, Закукарэкала хмара!
Неба крыж-накрыж той крык перакрэсліў I паляцела, пабегла Палессе За небасхіл... Птушкі намоклымі крыламі трэслі. Семя атрутнае прагнула крыл.
3
Спела атрута. Бралася ў рост. Бог прымяраў рэспіратар і робу. Чорнай вясёлкай вісеў тэлемост ХІРАСІМА - ЧАРНОБЫЛЬ.
Месяц гуляў, як індык па двары. Ён прымяраўся ў новую квадру. Дыктары Папраўлялі гальштукі ў кадры.
Кожны хацеў выглядаць. Твар у твар Тайнае з яўным сышліся. Ахвяр Як не было. Баранілі навуку. "Чор... Чыр... Чар..." - Гук прымяраўся да гуку.
На паляшуцкі кульгала акцэнт Слова, што ў сімвал перарастала. Шмат гаварылася. Чулася мала. Для прэзідэнта вяшчаў прэзідэнт, I генерал - для генерала.
Шчыльна зачынены, як пенал, Марай дзяржаўнай пра прэмію Нобеля, Сніў акадэмік футбольны фінал, Дзе не заяўлена Зборнай Чарнобыля.
I думаў Гасподзь: "Зразумець не магу, Разумеючы іншае, Чаму адны паэты ў даўгу Перад японскімі вішнямі?"
Лёгшы на воблаку, як лацвей, Блытаў ён, рваў чалавечыя сцежкі... ...эвакуацыя. ...паніка. ...спешка. На адзінаццаць вагонаў дзяцей - хоць бы адна ўсмешка.
Торгнуўся час. Паплылі за вагонамі Зоннага шляху слупы верставыя...
Вочы дарослыя - поўныя зонаю. Вочы дзіцячыя - зонай пустыя.
4
Нават не мроіцца рай. Дзеля ўсяго святога, Божа, не дай нічога,- Толькі зратуй мой край.
Мухаю назалю Вуху твайму, Усявышні!
... Костачкай вішні Выплюне космас Зямлю.
Кіне расстрыга строга вокам на ход падзей: "Што гзта ты да Бога?.."
- А да каго з людзей: "Жабрацкую торбу дай - Душою не дай ажабіцца..."
Бадай бы ён быў, бадай Было б каму жаліцца.
Зрэзалі Боскае вуха - Жах да нябёс прырос.
...Наша змаганне з духам Няўжо ўсур'ёз?
Шчыльней рады, атэісты! Рады святых парадзелі.
На небе стэрыльна-чыста, Аніякай надзеі.
Галактыка - як астрог. Які там да д'ябла бог! Пісанняў гартай тамы: Бог будучых нашых дарог - Атамны.
5
Я з ім пад Брагінам снедаю. На ўсю акругу нас Трое.
Ён бог, бо ніхто не ведае, Што ён такое; Бо да нашага з ім стала Па бязлюдным гасцінцы Паляшучка старая прыйшла I прынесла гасцінцы; Бо не стала ў яе ні хаціны, Ні вады сваёй, ні зямлі; Бо прыйшла яна з вёскі былой Сабалі, А гасцінцы яе - пухліны: Два пепіны, Што яблыкамі былі.
Генетыкі не падманулі. Пепін пухлінамі Дулю Нам на сняданак склаў. - Частуйцеся, - кажа бабуля, - Чым бог паслаў.
На ёй сівізна, як завея. А вочы яе збранзавелі: Пагляд - з пустаты. "Хто гэты пагляд зразумее?!" Адказвае бог: "Не ты".
Ён думкі мае чытае, Ён знае, што мне прысніцца. Ды нечага ён чакае I некага ён баіцца, Хоць голас яго - жалезны, Пагляд ягоны - сталёвы, Касцюмчык - замежны, Гадзіннік - фірмовы... ...Хоць ён прада мной - непазбежны, А я перад ім - выпадковы.
- Пра што мы з табой талкуем? - Надкусвае бог пепін. - Пра якую такую Зорку Палын?
6
А ў бабулі кіёк жабрачы... Дзе захоча, там заначуе... Глядзіць яна - як не бачыць, Вяшчуе - ніхто не чуе:
"Яна ўзыдзе аднойчы, Промні ў небе раскіне, Спапяляючы вочы Чалавечай гардыні. Сярод дня, сярод ночы, Сярод енку людскога Яна ўспыхне аднойчы - Пылам стане дарога. Стане каменю горка, Мёртвы ўсцешыць жывога, Калі выспее зорка Палыновага бога".