Выбрать главу
Бабуля кажа: - Пайду Па свеце шукаць сям'ю. Тут браць не даюць ваду. Хаваюць зямлю ў Зямлю. У вёсках здзічэлі куры, Спусцелі ўсе чыста хаты...
Я бога пытаю: "Пакурым?.." Ён кажа: "Не я вінаваты".
"А хто?" - запыталі Вада і Зямля. "Не я!.." - адгукнулася рэха здаля. I вартай ля бога, бы ў зале суда, Усталі Зямля і Вада. Яны прад небам валошкавым Перад адным - адны...
...Зорным агнём валодаем. Намі валодаюць сны.
Што высніў ты, род чалавечы? Агонь распаліў у печы - Жар выграбаеш з прыпечка У высненай гэтай пустэчы Пры беразе Прыпяці, Дзе стала ніва зялёная Палыноваю зонаю - Спіць...
...Далёка ад зоны галодных мільёны Просяць есці і піць.
7
Я снедаю з богам зон. Ён кажа: "Не я вінаваты. Вялікіх лічбаў закон Не ўлічвае дробныя страты".
Ён высніў сябе ўладаром I думае за мяне...
...А ў зоне пасеены гром, Што будучыню скалане.
Будучыні пара! Нібы ў канцы свету клічнік, Твая залатая гара З кратэрам вулканічным.
Гукай у гары дабра - Чакай пад гарой расплаты!..
Гасподзь, ты з чыйго рабра Вырабіў тэхнакрата, На лобе якога таблічка прыбіта: Э л і т а?
Калі галасы - жалезныя, Калі пагляды - сталёвыя, Тады непазбежным Становіцца выпадковае:
У акне да галінкі сухога вазона Паштоўка прышпілена: З д н ё м н а р а д ж э н н я ! 26.04.86 г.
…Нарадзілася Зона Адчужэння.
8
"Мы такой і не чулі бяды... Як адчужаюць?.. Чаму?.. Куды?.. Каб чума, ці патоп, ці голад..."
На ўсе кіламетры зямлі і вады Толькі бабулін голас.
- Як сказалі ўжо, што радыяцыя, Як вывозілі - плакалі многія, Што не справілі радуніцу, Не развіталіся з могілкамі. З тым і пайшлі, што ўзялі пад паху. Нашто чалавеку болей?..
Гэты голас - за межамі страху. Гэты голас - за межамі болю.
"Мы чакалі ліха на лета -
Надта ж людзі злюцелі... Нейкія, кажуць, каметы Блізка зусім праляцелі".
Я бога бяру загрудкі: "Скажы, Для гэтага краю Ты свой Бог - ці бог чужы?!" Ён кажа: "Не знаю. Пакуль што зона лакальная..."
Каменным стаў твар ягоны - I на ім праступілі Малюнкі наскальныя Зоны.
Атрутнай зямлі тэрыконы. Нібы на дзяржаўнай граніцы, Пасты - і закрэслена зона Зламанаю бліскавіцай...
9
...У Бога ўсяго многа - Толькі прасіць дарма. "Ты ёсць?" - я пытаю бога. Бабуля кажа: "Нікога. Нідзе і нічога няма". 9 касмічна 8 сігналіў 7 гадзіннік 6 фірмовы, 5 зваротны 4 адлічваў 3 час... 2... з вока Бога прамень ружовы 1 бліснуў тоненька - і пагас. 0
Над быстрыцай быцця Кладкі тоненькія да звону. З аблачыны на зону Бог глядзіць, як дзіця. 1986 г.
***
У сферных люстрах плаўных небасхілаў Абвалы зор і роўны рух снягоў Пад поўняю, што вёслаў не згубіла Над водамі, што выйшлі з берагоў.
Свет шырыцца да незанятых ніш I пустату закідвае насеннем, Што прарасце маланкамі паміж Самаз'яўленнем і самазнікненнем.
Бясконцае ствараецца бясконца - То скручваецца ў ніць на верацёнца, То рвецца на спіралі і кругі,
Як гэта высь халодная, нямая, Як гэта плынь, што берагоў не мае I шырыцца - шукае берагі.
***
Хто па чым маркоціцца ў журбе, Да жніва дапесціўшы сяўбу. Я сумую па самім сабе, Па сваім жыцці спялю журбу.
I па ўсім, чым я не даражыў, Што касіў, як ля дарог траву, Я смуткую так, нібы не жыў, Толькі бачыў сон, нібы жыву.
Гэты сон мне нанава не сніць. Незабудкай ён засне са мной. Я спакойны ўжо, калі шуміць Несаснёны вецер за спіной.
Мне журбу дакошваць і сушыць, Мне маркоту спелую збіраць. Божа мой, якая стома - жыць I да самай смерці паміраць.
***
Пакінуушы свята на свяце, Я выйшаў, адчуўшы спіной, Як лёгка адразу за мной I весела сталася ў хаце.
Цямрэча гусцела ў падворку, А з вокнаў імжэла святло - Адгуль, дзе мяне не было, Дзе кінуў я смех і гаворку.
I доўга на блізкіх і родных, З якімі ў застоллі сядзеў, Глядзеў я, глядзеў і глядзеў, Прыпаўшы да шыбін халодных.
I плакаў амаль да відна. На свяце жыццё сатанела: Піло. Цалавалася. Ела.
I толькі жанчына адна Адчула мой позірк сірочы, Заўважыла цень у акне I глянула так на мяне, Так вочы ўтаропіла ў вочы, Нібыта яна распазнала Ці вылюдка, ці ведзьмака - I ў жаху застыла рука, Якой на мяне паказала.
***
Выйшаў летам. Вярнуўся зімой. "Дзе ты быў?" Ён маўчаў, як з партрэта. "Дзе ты быў?" Раптам ён: - Божа мой, Не давайце мне плакаць пра гэта!
Павялі на магілы: "Тут брат. Тут сястра. Ці за гэта не плацяць? Дзе ты быў?!" А ён зноў, як вар'ят: - Не давайце пра гэта мне плакаць!
"Хоць падробныя слёзы сатры, Хоць адну па сястры ці па браце, А пасля хоць жыві, хоць памры, Дзе ты быў?!" А ён зноў: - Не давайце...
Адракліся яго. Ён прадаў, Што было на падворку і ў хаце I прапіў, і пайшоў, і прапаў, I ніхто не жалобіўся ў страце.
Летам плакаў туман па сястры, А зімою завея па браце, Захлыналіся плачам вятры: "Не дава... не дава... не давайце".
***
Не з тымі пайшоў i дарогай не той. Дарэмна дарога прасіла: "Чакай. Азірніся. Падумай. Пастой". Вяла невядомая сіла.
Дарозе казаў: "Ты не тая. Маўчы". Ні д'яблу не верыў, ні Богу - I крочыў, і крочыў удзень і ўначы, Пакуль не адолеў дарогу.
I рушыў далей - на цалік, і сляды Пакінуў, што сцежкаю сталі. А тыя, што з ім не пайшлі, хто куды Пазбочвалі і заблукалі.