Выбрать главу
Іскрынку кінуў - першы крок зрабіў, Спалохаўся: іду!.. I з перапуду Успомніў тое, што даўно забыў: Што ўсё адно мне, кім раней я быў, I ўсё адно мне, кім я потым буду.
Хто зараз я, цяпер, у гэты міг? - Вось што мяне і мучыла, і мучыць... Каб сам сябе я ў гэты міг лятучы Спасціг, калі душа - мой зрок і слых - Мяне з жыццём злучае неўміруча!
Каб сам сябе спазнаў: на рубяжы, На гэтым зломе часу - на мяжы, Дзе слаў снапы, а змалаціў салому!..
Ды ўсім былым імгненням я чужы, I ў іх - былых - чужы сабе самому. I будучым імгненням я не свой. Якая адзінота, Божа мой!
5
Якая адзінота, Божа мой, Па лініі ідзе берагавой, Кіруючыся зменлівым абрысам, Спыняецца, стаіць пад кіпарысам I кідае каменьчыкі ў прыбой.
Яна сябе адну аберагае Адна, а як наблізіцца другая, Дык за вярсту другую абміне... Каменьчык кіне - хваля набягае, Каменьчык кіне - хваля адхлыне.
Віна на дне суціхла, адзыбела, I не згадаць, з чаго душа збалела,- Так... нешта мімалётнае... капрыз… Аточаны ажурнай пенай бераг. Гайдаецца на хвалі ветразь белы. Хістаецца на ветры кіпарыс.
6
Усе адны. Хоць кожнага вяжы Да кожнага. Вузлы не рвуцца самі, А рэжуцца аб лёзы, аб нажы. У адзіноце кожны ўсім чужы. Мы звязаны хіба што галасамі.
Падай мне голас праз Сусвет пусты! Галоднаму гукніся з нематы, Няхай на мне жабрацкая кароста - Не падавай мне міласціну, проста Спытайся, хто я, і скажы, хто ты.
Між намі голас - нітка залатая, Яна да суравой не прырастае, Ніяк канцы з канцамі не звяжу: Як ты гукнешся - што я запытаю Як запытаеш - што я адкажу?
7
Хто мы ў Сусвеце?.. Голас, адкажы I падкажы, у чым шукаць апоры, Не пакідай на зменлівай мяжы Між берагам, дзе кожны ўсім чужы, I морам з белым ветразем у моры.
Хто ў Вечнасці мы?.. Голас, адкажы!.. Няма адказу. Немата. Аковы. I лёс - матацыкліст на віражы, Вар'ят, што замыкае круг чарговы... Так круцяцца: планеты, зоры, словы...
Ніхто не новы: ні суддзя, ні кат. Ідзе спектакль. Акцёры ўсе на сцэне. Вось Юда... і Каяфа... і Пілат - Усе сышліся ў Гефсіманскі сад: Там хлопчык той, што знойдзены на сене.
8
Дык як на вечнай сцэне быць сабой, Не слыць, а жыць, не рынуцца ў разбой, У гвалт, у закулісныя аферы?..
Віноўны, я шукаў апоры ў горы, Ракло мне гора: "Кіньма гараваць", - I валакло катурны і падпоры, Змушаючы шчасліўчыка іграць.
Апора ў шчасці? Я шукаў і там, Рукамі і зубамі - не аддам! - Трымаўся за яго... "Шчаслівых мала, Ты мой абраннік", - шчасце мне ўнушала, Ламала рукі, зубы выбівала У бойках між абранымі... Я сам Зарокся быць шчаслівым. Страшна стала.
Шукаў апоры і ў каханні я. Сагрэўшыся, як на грудзях змяя, Шаптала мне каханне: "Мой абраны..." I рэўнасцю атручвала, і раны, Калі загоіць нехта - дык зямля.
I ўцяміў я: без берагоў і дна, Шырэй за берагі, глыбей за мора, Адна ў мяне адзіная апора: Глухая, непазбыўная віна. Схаваны ў ёй каханне, шчасце, гора - I ўсё, пра што не ведае яна.
9
Быў хворы на віну, як на праказу, Цень, што ўкрываўся за маёй спіной. Я выйшаў са сцяны - ён стаў сцяной, Ён выдыхнуў, а я ўдыхнуў адразу Душу, што пачуваецца віной.
Так у траве з травой растуць каменні, I вырастаюць над травой касцы, I ў ланцужку, дзе ўсе мы толькі звенні, Дарма маліць і трызніць аб збавенні,- У ланцужка скаваныя канцы.
Ты свой не завяршыў яшчэ стажок, А на лужок злятае ўжо сняжок, I пачынае рытуальны танец Бяззубая з касою... Ланцужок Гасподзь перабірае, як ружанец.
10
З камення камень і трава з травы, А чалавек з чаго, калі не з гліны, Калі ў ім голас, а не рык звярыны?..
- Ты не з чаго ,- сказаў Саракавы. - I ні з чаго твае саракавіны.
Твой папярэднік і наступнік тут Ніякавата селі ў самы кут, Паслухаўшы, як цьмяна ты гадаеш То пра пакуты, бо не меў пакут, То пра віну, 6о знаць яе не знаеш.
Нашто пазваў ты цені? Ліць алей, Тваім здагадкам цьмяным біць у ладкі? Здагадкі не мяняюць ход падзей. Так пра камету згадку меў Галей - Ляціць яна і без ягонай згадкі.
Усё адно ёй: быў Галей ці не, Свая ў яе часовая дарога. Часова ўсё. Жыццё і смерць міне. Апоры ты не знойдзеш у віне, Няма яе, бо ўся яна - з нічога.
11
Часова ўсё. Да смерці. А віна Даўжэй за смерць. Нікому не відна - Мацней чым смага мучыць і чым голад, I ўсё, пра што не ведае яна, Мне за яе распавядае Голас.
Аднолькава і зблізку, і здаля Ён чуецца, 6о сказана ад Бога, Што і ў былым, і да ўсяго былога Было спачатку Слова. А пасля? Што будзе потым? Мусібыць, нічога.
Што можа быць па часе?.. Ды віна Даўжэй, чым час, даўжэй, чым даўніна I будучыня разам з даўніною. Як цёмна скрозь! За мной, перада мною Сцяна віны. Астрожная сцяна.
12
Жывым і мёртвым не пазбыць віны. Чырвоныя і чорныя званы Гудуць паміж вайною і вайною. Не па маёй віне - маёй віною У небе разгайданыя яны.
Далей ад іх - і ад віны далей, Сцяна ў сцяне. Пад ёю акалей - Закружыць над табой жывая зграя. Жывы жыве, бо мёртвы не ўмірае. Жыў Юда... Жыў Каяфа...
Жыў Галей, Жыве - імя каметаю згарае.
Жыццё і смерць сышліся ў ім - ні ў чым I ні з чаго гарыць адно ў адным, I пакідае ў небе бліскавіцу... Скажы мне, Голас: гэту таямніцу Каму спасцігнуць - мёртвым ці жывым?
13
Царкву - у ногі, лес - да галавы, На вочы века - і ручнік на века, I, дзякуй Богу, у труне - не вы...
- Ну вось і пахавалі чалавека, - Наступніку сказаў Саракавы. -
Цяпер ён папярэднік твой. Ты рады? Калі ты праўда рады, то дарма. Тваю душу да дна замуцяць звады, I плуг віны па вечным полі здрады Табе цягнуць, калі яго няма.
Цяпер ягоны папярэднік вольны. Ён тут яшчэ? I цень гукнуўся: - Тут. - Ідзі. Ты вольны. Завяршыўся суд.
А мы паўторым хутка шлях пакут, - Сказаў мне Голас, як настаўнік школьны.
14
Шукаючы апоры, ты імя Чужое ўзяў, нібы свайго няма, I выдумаў сабе віну чужую, Фантомную, з якой стварыў жывую, Што стала вінаваціцца сама.