Выбрать главу
Яна ў цябе паперадзе ідзе Па камені, паветры і вадзе I ўжо не азіраецца: за ёю, Як змеялоў за залатой змяёю, Ты йдзеш туды, куды яна вядзе.
З балота ў дол і з долу на гару, Шукаючы здабычу ці нару, Паўзе яна, а ты за ей спяшаеш, Мінаючы свой час, сваю пару, Забыўшыся на тое, што шукаеш.
15
З чужым ружанцам ты зайшоўся ў храм I, не застаўшы анікога там, Спытаўся ты: "Чаму няма нікога?" I голас твой сабе пачуўся сам З усіх кутоў, а найгучней з пустога.
Ты ў кут той рушыў і запоўніў кут Самім сабой, сказаўшы: "Вось я, тут, Дзе не бываў і мог не быць ніколі, Я сам сюды спяшаў, па ўласнай волі Стаю я тут - ну дык вяршыце суд".
Пад купалам, пад крыжам залатым, У пустаце перад усім пустым Стаяў ты ў храме, да ўсяго гатовы,
Ды як прыйшоў з чужым - так рушыў з тым, Нібы ружанец, перабраўшы словы.
16
Твой - толькі голас, словы - не твае. Тваіх табе ніколі не стае Сярод чужых, на горкі яблык збітых, Якія між кілішкаў недапітых Па памінальным коцяцца стале.
Ды што рабіць? - суседзі і радня Сабраліся казаць адно і тое За доўгі стол саракавога дня, Вакол якога ўстала гарадня У сорак крэслаў, а тваё - пустое.
Ты за сцяной, яны каля сцяны, Цень ад якой жахае - і адны I тыя ж думкі ў кожнага жывога: Хто на чарзе? Каму збяруць яны Стол памінальны дня саракавога?
17
Не бедны стол, табе сабраны ён Па Крэве ўсім - дзе сподачак, дзе міска, Абрус смаргонскі - вышываны лён, Гарэлка магазінная - аж з Мінска, Свая з Барунаў, слаўная здавён.
Прастора рвецца, час ідзе на злом, А на мяжы паміж дабром і злом - I смажыва, і варыва густое, I сесці ў крэсла, раз яно пустое, Не сорамна табе за тым сталом.
З усімі тымі, хто пайшоў раней, Ты лёс пражыў за марны не марней, Хай лепшы пражыве - хто потым пойдзе, I не вядуць твой памінальны рэй Бацькі твае насуперак прыродзе.
Ты іх паспеў праводзіць - Бог памог Каля дзядоў пакласці іх удвох, Пацалаваць іх і закрыць ім вочы... Твае хай закрывае, хто захоча З тых, каго любіш, памажы ім Бог.
18
Хай кажуць словы, галасы дрыжаць Не ўсе з таго, што, дзе каму ляжаць, Не ведаюць - і жахі пашчы шчэраць... Не кожнаму, пасеяўшы, дажаць. Не кожнаму, паснедаўшы, вячэраць.
Ды кожнаму, хто гол, як той сакол, Ад смерчу смерці, што ўгінае дол, Надзеяй дрэва можна захінуцца: Зламае вецце - застанецца ствол, Зламае ствол - карэнні застануцца.
Канец тады, як спрахнуць карані. Ад забыцця, Гасподзь, абарані Крывіцкі род, смаргонскі люд ды крэўскі, Вярні ўсіх крэўных на пустыя крэслы, За памінальны стол усіх вярні.
19
Як ты памёр, скажы, што ты жывы. Скажы пра гэта голасам травы I голасам касы скажы пра гэта: Жывы, пакуль курлычуць журавы На тым шляху, якім ляціць камета.
Схаваны ў змрок, укрыты ў цень сцяны, Нічога і нікому ты не вінны, Жывы - і вольны ад любой віны, Ад будучыні і ад даўніны, Ад усяго, што прывід і руіны.
Калі між зор анёд уструбіць збор, Ты хату прыбяры, спарадкуй двор I на дрывотні навастры сякеру, Скажы, што ты жывы, калі памёр, Ідзеш на Суд - і я табе паверу.
У двор сваіх, чужых панабяжыць. Як жыта ў жыце, ты пакінь іх жыць, Па смерці ўваскрасаць, як жыта ў жыце, -
I перад тымі, каму Суд вяршыць, Паўстань у час прызначаны: судзіце.

Вежа

Фантастычна-дакументальная прыпавесць

Дваццаць восьмага ліпеня, у аўторак, Ютка Казубоўскі прачнуўся, як заўсёды, рана, памыўся, паснедаў на скорую руку і рушыў будаваць вежу да неба.

На гліністым пагорку ў канцы сотак мелася ў Юткі круглая, глыбокая яма, дзе на зіму буртавалася бульба. На дне гэтай ямы і заклаў Ютка першы камень у падмурак сваёй вежы.

Некаму можа падацца дзіўнаватым, што чалавек у наш час, на скорую руку паснедаўшы, без дай прычыны бярэцца за работу, у якой не было ў людзей аніякай патрэбы з пары Вавілона. Некаму, але не жыхарам Карун, дзе яшчэ зусім нядаўна, у мінулым стагоддзі, капаўся калодзеж скрозь усю зямлю, каб можна было ў яго скочыць і глянуць, што ж робіцца там, на другім канцы свету. Таму, калі Хведар Былінскі, сусед Юткі Казубоўскага, крочыў паўз Юткавы соткі на ферму і спытаўся ў Юткі, што гэта ён тут робіць, дык зусім не здзівіўся Юткавым намерам, а сказаў толькі:

- А... Ну, памагай Бог, - і пашыбаваў сабе далей.

- Казаў Бог, каб ты памог, - буркнуў яму ўслед Ютка, бо каціў вельмі ўжо вялікі камень, аднаму не пад сілу. Тады Хведар вярнуўся - і ўдвух яны скінулі камень у яміну.

- А дзе ты цяпер бульбу буртаваць будзеш? - спытаўся Хведар.

- Ат, - махнуў рукою Ютка, - колькі той бульбы. А работы з ёй - лепей у горадзе купіць.

- I то праўда, - згадзіўся Хведар. - Ты вялікае каменне адзін не цягай. Памагу, як з работы пайду.

На суботу, першага жніўня, падмурак быў закладзены, стаяў трывала, надзейна, хіба толькі землятрус яго мог скрануць. Дый то гледзячы які, бо яміна глыбінёю каля дзесятка метраў, выкапаная ў чырвонай ганчарнай гліне, з якой спрадвеку рабіліся ў Карунах звонкія, як гарэхі, гаршкі, - замураваная ледавіковымі валунамі такая яміна - гэта вам не жарты. А каб не чапляліся да Юткі, што ды чаго, чаму ды навошта, укапаў ён каля падмурка драўляны слупок, у макаўку якога ўвагнаў бляшаную шыльдачку, з аднаго боку якой былі выбіты аўтамабільныя нумары 17-39 ТРМ ПРИЦЕП, а з другога акуратна напісана, кожнае слова асобным колерам: будуецца вежа да неба.

- Гэта ты правільна прыдумаў, - сказаў Хведар, ідучы ў нядзелю на ферму. - Бо могуць не зразумець. Неяк паболела на свеце абсалютна дурнога народу. Як у пару пана Цырлюкевіча.

Пан Цырлюкевіч быў тым панам, які ў XIX стагоддзі меў у Карунах глобус, і, калі карунцы пачалі капаць калодзеж скрозь усю Зямлю, пан Цырлюкевіч праткнуў свой глобус сталёваю спіцай з боку Карун - і аказалася, што другі канец спіцы вытыркнуўся ў Ціхім акіяне. Праз тое пан Цырлюкевіч пачаў даводзіць, што калі нават карунцы пракапаюць калодзеж, то ўсё адно выйсці з яго на той канец свету не змогуць. Болыы таго: вада хлыне ў дзірку і затопіць не толькі Каруны, але і шмат якія іншыя вёскі і хутары, што ляжаць паблізу. Паколькі пана Цырлюкевіча ніхто ў Карунах слухаць не схацеў, ён паведаміў пра тое ўраду, націскаючы ў сваім допісе на слова "дыверсія", пасля чаго ў Каруны прыехала аж чацвёра дактароў: трое ў хуткім часе з'ехалі, а адзін застаўся назаўсёды, ажаніўшыся з Зоськай Каняўка і заснаваўшы такім чынам у Карунах доктарскую дынастыю.

Пан Цырлюкевіч, зразумеўшы, што ўрад палічыў яго вар'ятам, пачаў будаваць на Літвінавай гары акіянскі трохпалубны карабель, каб у час патопу зратаваць сябе, племяннога жарабца Ахіла, тузін галоў дробных хатніх жывёлін, а таксама тых карунцаў, якія, на думку пана Цырлюкевіча, мелі вартасць і значэнне для далейшага развіцця чалавечай цывілізацыі. У карунскага папа захаваўся спіс людзей, якіх пан Цырлюкевіч збіраўся ўзяць на борт свайго карабля, і ў гэтым спісе хай сабе не на першым месцы, але ўсё ж значыліся прапрадзед Юткі Казубоўскага і прабабка Хведара Былінскага.

Карабель, на жаль, застаўся недабудаваны - і на тое былі дзве прычыны. Па-першае, ніхто ў Карунах толкам не ведаў, як будуюцца акіянскія караблі. Па- другое, пан Цырлюкевіч аднойчы ўзяў і зразумеў, што ў такую дзірку, як калодзеж, вада не хлыне патопам, а пацячэ звычайнай ракой, і што з гэтага, калі рака акажацца рыбнай, для карунцаў можа быць нават немалая карысць. Пан Цырлюкевіч зразумеў тое, калі ўжо ставіліся мачты, калі мала што заставалася, каб карабель давесці да ладу, але падумайце: навошта акіянскі карабель там, дзе можна разлічваць толькі на больш-менш прыстойную рэчку? Пан Цырлюкевіч падумаў і ўцяміў, што гэта бязглуздзіца. Так той карабель і застаўся недабудаваны, стаіць без мачтаў на Літвінавай гары, на самым высокім месцы якраз пры выездзе з Карун. Дарэчы, ён саслужыў аднойчы карунцам зусім нядрэнную службу, але пра гэта не зараз, не тут, а як-небудзь іншым разам і іншым часам.