Выбрать главу
I як наша апраўданне, I як наша права жыць, На сусветных скрыжаваннях, На пустэльных скрыжаваннях — Сад шуміць!
* * *
Я нарадзіўся ў сорак шостым, Пасляваенным першым годзе...
Ў шуфлядцы нашага стала, Які мы дзелім разам з бацькам, Ёсць скрыначка... У ёй, сярод Медаляў, ордэнаў і зорак, Ляжыць, загорнуты ў чырвоны, Пацёрты досыць аксаміт, Свінца кавалачак... Яго Дасталі з цела майго бацькі, З-пад сэрца самага дасталі У сорак трэцім... Я не браў Ніколі той свінец у рукі, Бо ведаю, што прапячэ Ён мне далоні! Не ўтрымаю У руках тры смерці, тры адразу: Смерць бацькі. Смерць сваю. Смерць брата.
* * *
Дай, маё сэрца, боль чужы Уведаць так, як боль уласны, Каб радасці, якімі жыў, Навек не гаслі.
Дай кожны дзень, нібы знава, Каб з ім ніколі не звыкаўся, Каб — гром грыміць! расце трава! — Навек здзіўляўся.
Дай быць вышэйшым ад «ідэй» Прарокаў цьмяных і шумлівых, Каб углядацца у людзей Навек цнатліва.
I — доўга буду жыць ці не — Прашу аб найвялікшым: сэрца! Дай разуменне часу мне Раней, чым — смерці.
ПУСТЫ ДОМ
Ніхто ніколі ў доме тым не жыў, Зусім пусты стаяў святочны дом, Ніводным не свяціўся ён акном I дымам над страхою не курыў.
А гаспадар, што дом той збудаваў, Век дажываў у нізенькай хаціне I ўсё чакаў вяртання свайго сына, Ад самае вайны яго чакаў.
Так і памёр, не дачакаўся ён, Так і памёр, а дом стаяў і гніў, I неяк ноччу запалаў агнём...
Казалі, што ён сам сябе спаліў.
ДУБОЎКА

Памяці бабулі маёй, салдаткі

і маці чатырох салдат

Асколак шкрабануў рыдлёўку.. Баліць яшчэ ў зямлі вайна...
Па доўгай вуліцы Дубоўкі На ручніках плыла труна.
З заволжскіх стэпаў веяў сівер. Там пахаваны землякі — На могілках уздоўж ракі, На правым беразе Расіі.
Яны прыйшлі сюды з лясоў, З Прыбужжа, З Нёмана, З Гярвяткі, З асірацелых тых дамоў, Дзе па начах крычаць салдаткі.
Дзе на ўзбярэжжах Беларусі Ляжаць з Паволжа землякі. Які прасцяг магіл! Вякі Ляцець над імі завірусе!..
О сувязь болю Над зямлёй Жывых І мёртвых гэтым болем!.. Даруй, салдатка, што ніколі Не цалаваў рукі тваёй.
Даруй мне за спакой і цішу На твары нерушным тваім...
А сівер голле дрэў калыша I з комінаў зрывае дым!
Жыццё ідзе — і трэба жыць. I на памінках ц э лы вечар Я буду нешта гаварыць I буду каяцца у нечым.
А ранкам, горкі ад віна, Пайду да свежага пагорка — Перад сусветам і Дубоўкай Сам вінаваты, Як вайна.
ПТУШКА

Маці

Я народжана птушкай, Але не ўмею лятаць. Прачынаюся —і Крылы Заламаны за плечы, I праз прыцемкі раніцы, Нібы тонкія-тонкія свечы, На вяршынях таполяў Недасяжныя зоркі гараць. Я выпростваю крылы, Ахінаю калыску дзіцячую I з надзеяй затоенай Кармлю немаўля-птушаня, I бясконца шчаслівая, I бясконца крылатая, бачу я, Як напружана б'ецца Пад сэрцам яго Вышыня. Мне прасторна і ціха... Як усё, што хацела,— было, Як віхураю крылы мае Не сякло, не ламала, Як вяршыні таполяў I зоркі кранала крыло... I на ім — асцярожна —і Птушаня я сваё калыхала.
РАНАК
Каханая, цудоўна жыць у свеце Спрадвечнай, неспазнанае красы! Няхай шуміць над полем вецер, Бяроз перабірае валасы, Няхай вада булькоча ў ручаях I ў глыбіні цалуе бераг стромы, Няхай цячэ ў тваіх вачах З вытоку і да вусця Нёман!
Я бласлаўляю на жыццё ўсіх, Хто хоча жыць, кахаць і быць каханым! Я бласлаўляю нас дваіх! Тваім дыханнем Я бласлаўляю нас дваіх...
* * *
Святочны дзень. Высокі шлях аблокаў. Такая ціш з канца ў канец зямлі, Што, надалося, гром апаў, калі Па бруку конь падковамі працокаў.
Пасля ў садах, налітых чыстым сокам, Над яблынямі загулі чмялі. Ні слыху не хапіла мне, ні зроку, Каб зразумець, пра што яны гулі.
Пасля я чуў, як срэбрана звінеў Крышталь расы ў пялёстках, і зляцеў Ружовы ліст з галіны тонкай слівы.
I я падумаў: мо таму і ціш Стаіць над светам, што ты сам маўчыш, Што чуць і бачыць — значыць быць маўклівым.
* * *
Вочы твае, нібы словы Мовы чужой. Кажаш мне: сёння прыходзь, А вочы Нешта такое крычаць, Што хочацца згінуць I не прыходзіць ціколі.
Але я прыходжу, I ты сустракаеш ласкава, Кажаш: кахаю... А вочы! I я разумею, Што сама ты не ведаеш Мовы ўласных вачэй.
УСПАМІНЫ
...Ой гуляла сцюжа ў полі, Ой гуляла...
Вечарэла. Цётка Поля Песні нам спявала. Дагараў агонь у печы, Трапятаў па столі...
Твае рукі... Твае плечы... Песні цёткі Полі...
...Дзе трава-мурог, Там мой сокал лёг. Што ж лятаў ты, сокал, Ад мяне далёка?..
А лятаў ён, бо шукаў Сакалінай долі. I сярод высокіх траў..,
Плача цётка Поля...
I не час мне быў цябе абдымаць, Час сядзець і цётку Полю суцяшаць, Бо ўсё яна адна ды адна, А за вокнамі зіма ды зіма, I над комінам, як птушка якая, Адзінота крылы доўгія прастае...
* * *
Стыў сакавік. Начамі снег трашчаў, А ранкам плыў уверх дымок стракаты, I, нібы звер, ад шэрані кудлаты, Замерзлы звер — Дуб у двары стаяў. Асілак дуб. Лічы, бадай мільён Гадоў яму было па розных былях. Дуб службу нёс: Падводзіў вынік ён Таму ўсяму, што мы за дзень рабілі. Нязломны дуб. Калі дарэмна быў Пражыты дзень, у пустаце і тлуме, Сукамі дуб па даху хаты біў I прымушаў пра дзень наступны думаць. Дзівосны дуб... А сакавік суровеў, I дзень сказаў: — Такая, браце, рэч: Дзівосныя ці простыя — ўсё дровы, Цяпло даюць, калі пакласці ў печ...