Выбрать главу

- Ён хворы! - падымаючы пыл на сваім матацыкле, пралятаючы міма іншаземнага гарадка, што чорт ведае скуль, без дазволу праўлення вырас у цэнтры роднага калгаса, крычаў Андрон Сыцюк. - Ён вальтануты, а вы з ім як са здаровым размовы водзіце! Ён хоча пабудаваць вежу, легчы пасля на самым версе і дыхаць горным кліматам! Яго ў Жодзішкі, у жоўты дом заканапаціць трэба, а пра яго ва ўсім свеце як пра героя трубяць! Не, я выведу яго з праўлення! Выведу, вось пабачыце!

Як вы мяркуеце, чаго злаваўся Андрон Сыцюк? Ну, вядома, злаваўся ён таму, што Юткаў сын Ромка кінуў свой культурны інстытут, вярнуўся ў Каруны і стаў па пратэкцыі бацькі дырэктарам, а дакладней, шэфам Карунскага аддзялення фірмы іншаземнага турызму. Ромка хадзіў цяпер увесь у нянашым, смактаў цыгаркі "Кэмэл", слухаў магнітафон "Соні", а калі ў яго пыталіся: "Як жывеш, Ромка?" - адказваў "ол райт" альбо "о'кэй", у залежнасці ад таго, з англічанамі ці амерыканцамі ён перад тым сустракаўся. Астатнія словы розных моў народаў свету - італьянскія, нямецкія, французскія, іспанскія і іншыя - Ромку не вельмі падабаліся.

Акрамя ўсіх гэтых вонкавых пераваг аклад у Ромкі быў утрая большы ад таго, што зарабляў, ганяючы на сваім матацыкле, Андрон Сыцюк.

Нельга сказаць, каб Андрон не змагаўся супроць пранікнення формаў і метадаў замежнага жыцця на тэрыторыю свайго калгаса. Ён пісаў ва ўсе інстанцыі, ездзіў да раённага і абласнога начальства і, між іншым, шмат дзе знаходзіў разуменне і падтрымку. Але толькі да той пары, пакуль не мінуў год і фінансавыя органы не падлічылі, што за дванаццаць месяцаў Юткава вежа прынесла дзяржаве ў дзесяць разоў большы даход, чым увесь калгас "Каруны" разам з Сыцюком і ягонымі папярэднікамі за ўвесь час свайго існавання. Прычым даход гэты вызначаўся не буракамі і бульбай, што патрабавала рэальнай працы, рэальных затрат і рэальных датацый, не лёнам, малаком і морквай, пералічанымі ў капейкі і рублі, а нечым лятучым, эфемерным, абстрактным, незразумелым, як час і прастора, але што тым не менш абсалютна рэальна матэрыялізавалася ў марках і іенах, франках і рупіях, а таксама ў доларах і фунтах стэрлінгаў. Пасля гэтакіх метафізічных пераўтварэнняў Андрона Сыцюка паўсюль перасталі разумець, а паколькі старшыня не здаваўся, дык яму далі зразумець, што калі ён не выправіць сваю лінію, то ў хуткім часе можа развітацца з пасадаю кіраўніка сярэдняга звяна і вельмі проста пайсці зусім па іншай лініі. Розум падказваў Сыцюку здацца і папрасіцца да Ромкі экскурсаводам на паўстаўкі, але характар Андронаў аказаўся мацнейшы за розум, і старшыня вырашыў змагацца да канца, сам па сабе, ні на кога не спадзеючыся і ні ад кога не чакаючы падтрымкі. "Вежа для калгаса - ці калгас для вежы. Ютка для карунцаў - ці карунцы для Юткі?" - паставіў Андрон перад сабой пытанне, на якое загадзя ведаў адказ, толькі не прыдумаў пакуль, як узяцца за справу, з якога боку піхнуць каменнага ідала, каб той паваліўся, чым адолець жалезную, а дакладней, залатую логіку фінансавых органаў.

Неспадзявана дапамога прыйшла адтуль, скуль, здавалася, і прыпаўзці не магла: Андрон знайшоў верную і бясстрашную саюзніцу ў асобе Хрысціны Сымонаўны Моргаўкі, настаўніцы роднай мовы, а таксама спеваў і фізкультуры.

Так проста ні ворагамі, ні саюзнікамі ні ў наш час, ні ў якія іншыя часы не станавіліся і не становяцца, на ўсё былі і ёсць свае, іншым разам няўлоўныя, тонкія, патаемныя, глыбока захаваныя прычыны.

Прычына, па якой Хрысціна Сымонаўна пайшла ў саюзніцы да Андрона Сыцюка, была вонкавай, для ўсіх адкрытай і ўсім зразумелай, як даросламу, так і малому.

Аднаго разу з чарговай іншаземнай дэлегацыяй завітаў у Каруны амерыканскі мільярдэр Фрэнк Морган - і не абы-які мільярдэр, не які-небудзь там іншы Морган, а з таго самага клана Морганаў, пачатак якому даў некалі Кірыла Моргаўка са Стрыпун, крэўны родзіч Хрысціны Сымонаўны. Ох ужо і сустракалі гэтага Фрэнка, ох ужо і віўся вужом вакол яго Ромка Казубоўскі, ох ужо і панаехала ў Каруны газетчыкаў, фарцоўшчыкаў, дыпламатаў, каментатараў і іншай дробнай чэлядзі! Ажно ў гасцініцы ўсе не змясціліся - і многія начавалі на караблі пана Цырлюкевіча, пад адкрытым небам, хоць стаяла позняя восень. I такое рабілася ў вёсцы, нібыта свет з ног на галаву перакуліўся. Фрэнк Морган падымаўся ў сем гадзін раніцы, а з сярэдзіны ночы яго ўжо чакалі, душыліся каля ўвахода ў гасцініцу, лезлі на каркі адзін аднаму, каб толькі ўбачыць, глянуць хоць адным вокам на таго, хтомог быць нікім, нічым, проста ёлупнем са Стрыпун, а стаў акулай імперыялізму, мільярдэрам, магнатам, у адной кішэні якога столькі грошай, колькі не назбіраеш, прайшоўшы з торбай па ўсіх дварах ад Карун да Смаргоні ці нават да Вільні. А Фрэнк Морган выходзіў з гасцініцы ў зеленаватай, не вельмі нават свежай спартыўнай майцы, на якой была намаляваная вялізная муха з напісаным пад мухай словам FLY, у зеленаватага колеру рэйтузах, у гэткіх жа зеленаватых, трохі ўжо скасалапленых тапачках - і ва ўсім гэтым амаль што жабіным адзенні пачынаў бегаць ад гасцініцы да Юткавай вежы, ад Юткавай вежы зноў да гасцініцы, туды-сюды, туды-сюды, не менш як пяць разоў у абодва канцы, а гэта выходзіла каля дзесятка кіламетраў. Ну і натрэніраваўся ж з ім Ромка Казубоўскі, які заўсёды бег паперадзе і сачыў, каб на дарозе, бронь божа, не аказалася каменя, за які Фрэнк Морган мог зачапіцца і бразнуцца ці, аступіўшыся, падвярнуць нагу, - і што тады змогуць зрабіць нашы дактары, якія нагу мільярдэра і ў вочы не бачылі?.. Ды хіба адзін Ромка натрэніраваўся? А фарцоўшчыкі з валютчыкамі? А рэпарцёры? А іншая дробная чэлядзь?.. Толькі не яны, не, зусім не гэтая хеўра вывела з сябе Хрысціну Сымонаўну. Штораніцы бегала за мільярдэрам уся карунская школа, уся, колькі яе было, карунская дзятва - ад першага камсамольца да апошняга падшыванца. Чаго вы думаеце яны гэтак разбегаліся? Можа, думаеце вы, яны так палюбілі фізкультуру, якой старанна, але беспаспяхова займалася з імі апошнія два гады Хрысціна Сымонаўна, бо штатнага настаўніка фізкультуры ў школе не было? О, каб яно было так, то сэрца Хрысціны Сымонаўны толькі б узрадавалася. Але сэрца яе засмуцілася, моцна засмуткавала, так, што нетры ягоныя напоўніліся абурэннем і гневам. Каб ведаў пра тое Фрэнк Морган, ён бы зарокся займацца тым, чым займаўся ў час сваіх ранішніх лёгкаатлетычных прабегаў. А займаўся ён тым, што набіраў, выходзячы з гасцініцы,

лоўныя кішэні розных значкоў і праз кожную вярсту сеяў іх па трасе свайго прабегу, і дзеці кідаліся на тыя значкі, як галодныя кураняты на проса, валтузячы адно адное так, што енк і лямант меншых і слабейшых уздымаўся вышэй ад Юткавай вежы. Ці магла спакойна бачыць і чуць такое Хрысціна Сымонаўна, настаўніца, якой хоць і далі толькі завочную адукацыю ў педагагічным інстытуце, але ад пачуцця гонару, высакароднасці і чалавечай вартасці не адвучылі, яна наследавала пачуццё гэтае ад сваіх продкаў, дзядоў і прадзедаў. Таму ў пятніцу, 19 лістапада, Хрысціна Сымонаўна правяла два ўрокі, спеваў і роднай мовы, а з трэцяга, з урока фізкультуры, у якім па прыездзе Фрэнка Моргана не стала ніякай патрэбы, пашыбавала ў праўленне калгаса.

- Андрон, - сказала яна па-свойску, бо вучыла Сыцюка некалі спевам, - я патрабую, каб ты аб'явіў мільярдэра Фрэнка Моргана персонай нон грата і выслаў яго за межы Карун...

Выслухаўшы сваю былую настаўніцу і ўцяміўшы, якая казырная карта яму прываліла, Андрон загадаў выклікаць да сябе Ромку Казубоўскага. Праз сельсавецкую сакратарку Ромка адказаў, што ён з'яўляецца прадстаўніком фірмы рэспубліканскага падпарадкавання, а таму загады такой дробнай сошкі, як нейкі старшыня калгаса, для яго пшык, і не болей. Тады Андрон пазваніў па тэлефоне ўчастковаму міліцыянеру Кузьме Сліжу, растлумачыў яму сітуацыю, на што Сліж сказаў, што гэта міжнародная акцыя і наогул справа Інтэрпола. Андрон бездапаможна глянуў на Хрысціну Сымонаўну, тая ўздыхнула цяжка, схадзіла да Сліжа, які таксама вучыўся ў яе спевам і роднай мове, заляпіла ўчастковаму аплявуху, пасля чаго той прывёў Ромку Казубоўскага ў праўленне калгаса пад конвоем. Сліж пакінуў Ромку ў старшынёвым кабінеце, адазваў Андрона на падворак і, зыркаючы па баках, зашаптаў яму на вуха: