Цяпер наш двор — пустэльная зямля,
Ды нечага і ў нас саміх не стала...
Так выйшла, што суровая зіма
Ў той год амаль да мая лютавала.
НЯМІГА
Высокімі гурбамі
У снежні снягі засінелі...
Якія завеі, любая,
Якія завеі!
Наскрозь праінелі —
Да сонца, да першай адлігі —
Дамы, што ўцалелі
На нітачцы
Чуйнай Нямігі.
Там цесны пакойчык,
Пакінуты намі, забыты...
Цяпер там паўночна —
I дзверы
Цвікамі забіты.
I клямку пакратаць,
Ашчэрыўшы пашчу забойцы,
Паўзе экскаватар,
Як помста
Часоў мезазойскіх...
Там лета шалела.
Спякотнае,
Сумнае лета,
Як жоўты квадрат на шпалерах
На месцы партрэта.
I так рагатала
Каменнае рэха на скронях,
Вы войска скакала
На сытых
Узмыленых конях...
Завейныя веі...
Пад неба завеі, пад месяц!
Чаму мы не ўмеем
Святочнае
Лашчыць і песціць?
Будзённасць атуліць,
Няміга заб'ецца галінкай.
Там лета было,
Ты адтуль мне
Махаеш хусцінкай.
I рукі ламае,
Званамі завулкаў трапеча
Няміга старая,
Нібыта
Склікае на веча.
НАЗОЎНЫ СКЛОН
1
Збуялі
ў гушчарах часоў
Вякі!
А сойдзе
дзень —
I сэрца жалем поўна...
Хто на зямлі прыдумаў склон такі,
Склон прагі існавання. Склон назоўны.
Найпершы склон.
Імя...
Мясціна...
Год...
Паэзія, душы маёй анкета!
Калі шыбуе сонца на ўзыход,
Не трэба жалю,
Слоў няма пра гэта!
Ёсць шчасце ўпасці тварам у траву.
Падкінуць на далоні яблык росны.
Назоўны склон...
Жыццё.
I склон ускосны
Вясёлую
Не скосіць галаву!
Канца няма.
З балючых ран зямлі,
З жалезных нетраў
Поля даўніх бітваў
Ідзе пачатак — стромы колас жытні.
Назоўны склон.
Асколкі не ўзышлі.
2
Лунай, зялёны грай!.. Ідуць вякі...
Плывуць вачэй асветленыя поўні...
Шпакі павытыкалі дзюб цвікі
У шчыліны пахіленай шпакоўні.
Глядзяць дубы сівыя з-пад рукі
На небасхіл, на лістабой птушыны...
Жывыя зоркі неба — жаўрукі
Спрадвечнай песняй клічуць у вышыні.
НОЧ
Цемра сціснула акно.
Спаць пара, але не спіцца.
Прыгадалася ў бальніцы
Ноч, мінулая даўно.
Коні фыркалі ў аўсе.
Шоргаў бор. У вузкай рэчцы,
Бы гадзіннік на браслетцы,
Месяц нерушна вісеў.
Доўга-доўга да яго
З-пад нябёс злятала знічка.
Хваляй рэчка-невялічка
Не хіснула берагоў.
Сом-няўловец дзе-нідзе
Сонна плёскаў плаўнікамі...
Гукі гэтыя вякамі
Слухаў месяц на вадзе.
А ў мяне ўсяго адна
Ноч такая выпадала.
Мо маё жыццё да дна
Знічка тая прабівала.
* * *
Увесь, нібы пекар,
У белай завейнай муцэ,
Мой снежань, мой лекар,
Ідзе па замерзлай рацэ.
Мой снежань...
Мой лекар...
З усіх на свеце багоў
Не ведалі Снежня грэкі,
Бога снягоў.
Мой лекар...
Мой снежань...
Ні суму ў мяне, ні болю.
Як белыя вежы,
Застылі бярозы ў полі.
Праз нітачкі срэбра,
Што зблытаны ў стылым галлі,
Здаецца:
у неба
Ўзыходзяць снягі ад зямлі.
ПРОСЬБА
Дапамагае берагу рака.
Дапамагае бераг кволым вербам,
Ралля — ўзысці,
а колас — выспець зерню.
I вышыня — птушынаму крылу.
Марская хваля — плаўніку дэльфіна.
Дапамажы мне хоць напалавіну,
На чвэрць, як ты магла б, дапамажы,—
Мы дапамогай звязаны ў адзінае,—
На бераг Даравання прывядзі мяне,
Каб да Былога берага даплыць!..
Не ведаю, аб чым яшчэ прасіць.
* * *
Брату
Цэлы тыдзень ён малюе В і О,
То пад сэрцам са стралой,
То пад крыжыкам...
Гавару яму:
— Малы, не сваволь,
Паглядзі,
ляглі снягі
Белым пыжыкам.
Паглядзі,
якія гульні ў лагу,
Як імчацца з гары лыжы з санкамі!
А малы мне ў адказ:
— Не магу,
Не магу, калі яна
З рыжым Санькам...
ЖЫЛА БАБА ДОРА
Жыла баба Дора.
Заўчора, учора
Жыла баба Дора...
А сёння дзед Ясь
Дамавіну збівае.
Старанна збівае,
З сабой размаўляе.
«Мо й час табе, Дора...
Не скажаш, што рана.
Ды вунь памідоры
Яшчэ не сабраны.
Шчэ яблыкі трэсці
I бульбу капаць...»
Габлюшкі на цеслю,
Як ружы, вісяць.
Памерла старая.
Што зробіш: пара...
На момант змірае
Рука цесляра.
Ён цяжка, нягнутка
Сядае пад плот —
Скруціць самакрутку
I выцерці пот.
* * *
У доме насупраць мыла жанчына акно.
Мокрае шкло ў ранішнім сонцы іскрылася.
Ён падышоў. Яна да яго прыхілілася.
У доме насупраць мыла жанчына акно.
Больш у той дзень нічога ў мяне не здарылася.
ІПАДРОМ
На іпадроме
скачкі!
Скачкі!
Спёка...
З блішчастых конскіх спін
Дажджом сцякае пот.
Глядзі,
як гнедая ўсіх абышла далёка!
Не бег, а пылам над,
зямлёю над —
Палёт.
Ківаюць знаўцы: лепш за ўсіх ідзе,
Хто ставіў на яе — не памыліўся...
А ёй самой за гэта
што перападзе?..
А гнедая адчула, як стаміўся
Стары жакей,
і хоча даскакаць
Хутчэй за ўсіх бясконцымі кругамі,
Каб там, на фінішы,
апухлымі губамі
Пяшчоту рук пачуць —
I заіржаць.
* * *
Святкуем дзень сустрэч.
Удвух святкуем. Ціха.
Спявае ў хаце печ
Чырвонай салаўіхай.
З-пад чорнага крыла
Выпырсквае вуголле
Той песні, што прыйшла
Да нашага застолля.
Відаць, яна на раз.
Усё, чаму спявацца,
Згарае ў лепшы час -—
I нельга ўратавацца.