Выбрать главу
* * *
Калі ваўкі збіраюцца у зграі I глуха выюць, давяцца тугой, Я вар'яцець паціху пачынаю, Нібыта пазнаю, прыпамінаю У іх выцці знаёмы голас. Мой.
Мне жудасна. Я чую, як звярэю. Ратуюся чакаць, калі заднее I знікне гэта ноч у небыццё... I днём не ўспомню нават той падзеі, Хоць шчэ пад языком і халадзее Працяглае звярынае выццё.
* * *
Што за сумныя песні спяваеш ты, Белая Русь! Як зацішаны боль яны ў сэрцы маім прарастаюць. «Ой, ляцеў белы гусь...» А куды ён ляцеў, белы гусь, Калі ў небе тваім толькі шэрыя гусі лятаюць?
З далячыняў сівых наплывае самотны напеў, Я прадоўжыць яго — нават голас мне дай — не бяруся... Дык суцешыцца б тым, што не толькі хацеў, што паспеў Прамільгнуць над табой, праляцець над табой белым гусем...
НОЧ У ХАТЫНІ
Звон біўся ў звон. Звон ападаў з нябёс. Раскрыжаванае — Лямантавала неба. Дзіцячы енк, Пах спаленага хлеба Віхор счарнелы да яго узнёс. Яму ў адказ Зямля лямантавала, Той лямант плыў ракой без берагоў!
Арэса здань, найстрашнага з багоў, Людской крывёй на зорах праступала.
ВЕТЭРАН
Слава бокам абышла. Па заявах, па даведках. Не шукала — не знайшла, Не хапіла славе сведкаў. I каму сказаць з людзей, Што за справы баявыя Толькі раны балявыя Прыпаяны да грудзей?..
* * *
Хтось затвор на вінтоўцы намацаў. А птушкам Збірацца ў дарогу. Птушкі могуць вяртацца. Кулі вяртацца не могуць.
I нікуды не дзецца Ад хвіліны, ў якую Ім сустрэцца: Птушцы і кулі.
Неба ўскрыкне!.. I на воблака белае-белае Кроў птушыная пырсне Брусніцамі спелымі.
Куля болю не знае... Шмат чародаў птушыных Сакавік загайдае
На халодных галінах.
Ды гарачай рукою Зноў намацае нехта затвор. I няма нам спакою... Бы чакаем мы стрэлу. Ва ўпор.
РАМЯСТВО
Яму звязалі рукі за спіпой. Надзелі пацеркі. — Ідзі! — I з аўтаматаў Услед яму паласанулі каты, Забаўленыя катаўскай гульбой. — Бягом! — Ён бег. — Хутчэй! — Ён бег хутчэй. Стралялі каты, Каты рагаталі, I справа, Злева снайперы збівалі Шкляныя пацеркі З яго плячэй. Дзінь! — пацерка. Крычалі каты: — Брава! Ад сумнага жыцця, відаць, яны Такую вось вясёлую забаву Прыдумалі ў вясёлы час вайны. Дзінь! — пацерка. Агонь шкляны ўразаўся У твар, У вочы... Потым вокрык: — Стой! О, вывучка рамесная, праслаўся! Ён не загінуў. Ён сляпым застаўся. Бо каты добра зналі рамяство.
У ВРЭСЦКАЙ КРЭПАСЦІ
Абаронца
Ты такую цану хіба ведаеш, свет, Даражэй за цану перамогі?
Я гляджу на яго, на жывы манумент. Манумент да сцяны прыпадае I стогне.
Кроў
Кроў — гэта кроў. Інакш пра кроў не скажаш. Не параўнаць яе ні з захадам барвовым Ні з барвай царскай, Ні с пунсовай краскай.
Непараўнальную, Жывую кожнай кропляй — Нават з крывёю Кроў не параўнаць.
* * *
Туліцца бэз да зруба, Росны, світальны. Ты прашапчы мне: «Любы» — На развітанне.
Незбудаваны дом наш Поўніцца золкам. Блізка мяне ўспомніш — Буду далёка. Вочы твае, дзе ранне Вечар знясіле, Будуць балець чаканнем На небасхіле...
* * *
Ну, вось і ноч. I ціха, як ніколі. Ды пошум дня у думках не аціх. Пакутн ы гуд — непадуладны волі, Забыцца на яго — напружвае мой слых Мацней, мацней... Дарма прасіць: «Даволі!» О, галасы людзей, і злых і дарагіх! Наканавана мне бясконца слухаць іх — I не уратаваць сябе ад гэткай долі!
...А пойдзе ноч на дзень — і ранак сінявокі Угледзецца ў акно — няма маіх турбот. Здзіўлюся толькі, што над хатай невысока Бязгучна праляціць аглухлы самалёт.
* * *
Нам не спіцца... Пра гэта Мы гаворым: не спіцца Нам таму, што над светам Гудзе навальніца!.. Так, што праўда — то праўда... Навальніц незлічона... Набываем мы «заўтра» I губляем «учора», Бессмяроццю на поед Дні трасём з кашалёў, Як білеты на поезд, Які адышоў. Гэта — страх небыцця. Страх пякельна гарачы. Нам інстынкт да жыцця Захаваны ад прашчураў, Птушак, рыб і звяроў,— Але хто з нас заплакаў бы, Раскаціўшыся ў гром Нейкай ноччу маланкавай! Хто заплакаў бы — дрэвам Прабіўшы трысцё! Каб жыццё — не дарэмна. Не дарэмна жыццё. ...Ноччу залівень-лівень. Гром... I, хочам — не хочам, Мы уночы маўклівей I святочней уночы.
НЯДЗЕЛЯ
Купі мне самую большую кнігу. Купі мне дождж. Купі мне човен, Купі маленькую малпу, Купі гушкалкі I гэтую крычалку, у якую крычыць Дзядзька міліцыянер...
Я купіў марожанае, I гэтага ёй хапіла.
КЕВАЛАЧ
Ён жыў не як усе... Трымаў у вазах кветкі, На нітцы суравой насіў пенснэ, Штогод плаціў без спрэчкі ўсе узносы У карысць добраахвотных таварыстваў, Адпачываў не летам, а увосень, I ехаў не на поўдзень, а пад Мінск, I мерз там васемнаццаць дзён на дачцы, Падобнай на сабачую буду, Цягаў усюды за сабою скрыпку, Але ціхто, нідзе не чуў ніколі, Каб ён іграў на ёй або хаця каб Даваў камусьці іншаму іграць... Вось так ён жыў. А побач Жыў сусед і не трымаў У вазах кветкі, не насіў пенснэ, Заўжды з-за ўзносаў лаяўся, у жніўні Адпачываў, і ўсё на поўдзень ездзіў, I час ад часу сам іграў на скрыпцы, Але ніхто нідзе таго не бачыў, Каб ён насіў яе з сабой або хаця каб Даваў камусьці іншаму насіць... Так жыў сусед. Вось так яны жылі Адзін перад адным, нібы ў люстэрку, I, мабыць, нехта з іх Жыў так, як трэба, I нехта, значыць, Жыў наадварот.