Выбрать главу

- Хтавіян прачнуўся. Ідзі, паглядзі яго...

Яна падышла да сына і хацела ўзяць яго на рукі, але ён капрызным рухам ухіліўся ад яе абдымкаў і, ссунуўшыся з пасцелі пабег да Паўла, які стаяў цяпер ля акна.

- Хле-хле-хлеб-ка! - зазваніў яго тонкі галасок.

Павел узяў на рукі прыбегшую да яго божую кароўку і прытуліў да сябе.

- Хлебка хочаш, га? - спытаў ён і доўга ўзіраўся ў схуднелы, бязвінны тварык малога. Здавалася, што вочы мужчыны, стомленыя нейкім агідным відовішчам, адпачывалі цяпер на гэтым змучаным і бязвінным дзіцячым тварыку.

- Хлебка хочаш? - паўтарыў ён.

Але Актавіян аб хлебку і не думаў, ён быў сыты. Яго вялікія чорныя вочкі былі прыкаваны да акна, за якім сядзеў Курта. Малы паказаў пальцам у акно і зашчабятаў:

- Цю-ця! Цю-ця!

- Сабачка! - сказаў Павел.

- Ся-баць-ка! - паўтарыў Актавіян і, павярнуўшыся да чалавека, які трымаў яго на руках, сур'ёзна запытаў:

- А ці хто?

Ён некалькі разоў настойліва паўтарыў гэта, яшчэ ўранку зададзенае пытанне, і запусціў далоні ў валасы Паўла.

- Хто ці? Хто ці?

Павел, не спускаючы з яго вачэй, усміхаўся ўсё весялей.

- Тата! - адказаў ён.

- Тата? - здзіўлена схіліўшы набок галоўку, запытала дзіця.

- Тата! - паўтарыў Павел і раптам адчуў, як тонкія і гнуткія ручкі абдымаюць яго калені.

Франка, упаўшы яму ў ногі, туліла да яго каленяў галаву і дзякавала, дзякавала. Толькі цяпер яна паверыла, што ён не прагоніць яе з хаты і будзе бацькам для яе дзіцяці. Гарачым патокам выліваліся з яе словы ўдзячнасці, радасці, захаплення яго дабратой. Пасля яна пачала прысягаць, што цяпер ужо заўсёды, заўсёды будзе для яго вернай і паслухмянай, да самай смерці будзе кахаць і паважаць яго. А калі слова свайго не стрымае, дык сама сабе пятлю на шыю накіне або атруціцца, каб зямля больш такую пачвару не насіла!

Паставіўшы Актавіяна на падлозе, Павел падняў і пасадзіў на лаве Франку, якая са слязьмі поўзала ля яго ног, а калі яна ўсё яшчэ не пераставала плакаць, дзякаваць і прысягаць, сам побач з ёю сеў і пачаў ціха і пяшчотна супакойваць яе:

- Ну, годзе, годзе ўжо, мая ты бедная, мая няшчасная! Годзе! Годзе!

Франка цалавала яго рукі, але абняць, прытуліцца да яго яшчэ не адважвалася. Быстрым гарачым шэптам яна казала:

- Ад смерці ты мяне, Паўлючок, выратаваў, дарагі мой, залаты, брыльянтавы, бо я ўжо вырашыла: калі ты мяне не прымеш, прагоніш, я малога пад чый-небудзь парог падкіну, а сама атручуся...

Яна дастала з кішэні паперку і, раскруціўшы яе, паказала Паўлу белы парашок.

- Бачыш? Гэта яд...

- У імя Айца і Сына... - перажагнаўся Павел. - Яшчэ і на гэта д'ябал цябе спакушаў! Адкуль у цябе гэта?

- Ого! Калі я чаго захачу, дык заўсёды на сваім пастаўлю!..

Яна расказала, што тая жанчына, якая разам з ёю сядзела ў астрозе за тое, што атруціла мужа, навучыла яе, дзе і як можна дастаць яд. А яна, калі ехала сюды, думала: «Калі Павел мяне прагоніць, дык або павешуся, або атручуся». Але вешацца брыдка, вешаюцца толькі простыя людзі. Вось яна і дастала сабе атруты, але цяпер гэта ёй ужо не патрэбна, бо Павел ёй усё дараваў і яна зноў будзе кахаць і паважаць яго і ў гэтай мілай хаціне будзе жыць шчасліва і спакойна, як у бога за пазухай.

Франка схавала ў кішэню яд, ускочыла з лаўкі і, пляскаючы ў далоні, смеючыся, заскакала па хаце, як вавёрка. А Паўлу чамусьці стала жудасна.

- Ой як тут цёмна! - сказаў ён і, падышоўшы да стала, запаліў лямпу.

Актавіян сядзеў на падлозе ля печы і перасыпаў вуголле ў гаршку. А калі вугольчык падаў у глыб гаршка, ён весела ўсклікваў:

- Ба-ба-бах!

Франка падбегла да малога і пачала так горача яго цалаваць, што ён нават ускрыкнуў ад болю.

- Аддай вуголле, аддай! Самавар пастаўлю, і будзем піць чай!

А калі хлопчык заўпарціўся, ударыла яго па спіне. Актавіян заплакаў. Павел сурова сказаў:

- Завошта б'еш? Давай яго сюды!

Па тым, як яна завіхалася, ставіла самавар і заварвала чай, было відаць, што толькі цяпер яна адчула сябе тут гаспадыняй, як даўней.

Пасля яны ўтраіх пілі чай з хлебам. Дзіця павесялела. Франка цяпер ужо зусім смела распытвала аб усіх вясковых знаёмых, а Павел рабіўся ўсё больш лагодным. Калі нарэшце Актавіян заснуў, а Франка прыціхла і пачала пазяхаць, Павел устаў з лавы і сказаў:

- Ну, Франка, цяпер давай разам памолімся...

Яна здзіўлена паглядзела на яго, а ён працягваў:

- Без Бога ты дагэтуль жыла, і чорт ля цябе круціўся. І я вінаваты, што з самага пачатку не ўгаворваў цябе маліцца. Цяпер ты зноў з дарогі ў пекла ўцякла і, можа, ужо не вернешся туды зноў, адумаешся, і ўсё будзе добра... У святой кніжцы напісана, што Сыён палюбіў прасвятую дзеву Марыю... Можа, і ты яе палюбіш, і яна цябе захавае ад зла... Устань на калені і паўтарай за мной...

Павел укленчыў і, калі ўбачыў, што і Франка ўкленчыла, пачаў:

- У імя Айца і Сына...

Ён паволі і выразна прачытаў «Ойча наш», «Слава Марыі» і «Верую» і ўсё прыслухоўваўся, ці кожнае слова яна за ім вымаўляе, а калі не вымаўляла каторае, аглядаўся на яе і казаў:

- Паўтарай...

Скончыўшы «Верую», Павел з каленяў не ўстаў, узяў са стала Франчын малітоўнік, разгарнуў яго на старонцы, закладзенай самай вялікай віншавальнай паштоўкай, і пачаў чытаць павольна, па складах:

- «Малітва аб адоленні ўся... усялякіх грахоўных звы... звычак».

Так ён прачытаў гэту даволі кароткую малітву, адны словы чытаючы лёгка, другія па складах. Прачытаўшы, набожна пацалаваў купідона ў вянку з ружаў, зноў заклаў старонку і, перажагнаўшыся, устаў. Твар яго зноў быў нібы азораны лагодным святлом месяца. Шчаслівым позіркам ён акінуў Франку. Здавалася, што малітва, якую ён прачытаў разам з гэтай жанчынай, ачысціла яе ў яго вачах. І ён упершыню з таго часу, як яна вярнулася, абняў яе за шыю, прытуліў галаву яе да сваіх грудзей і цалаваў так доўга і горача яе твар, як чалавек, змучаны прагай, п'е крынічную ваду.

- Ой, Франка, як я цябе люблю, як люблю! - шаптаў ён. - Бог дапаможа табе быць добрай і сумленнай... Я бачу, што ты і сама гэтага вельмі хочаш. Бог дапаможа... Ой як я цябе люблю, мая мілая, мая бедная, як я цябе люблю!..

Назаўтра, як толькі ўзышло сонца, Павел захутаў Актавіяна падзёртай хусткай Франкі, узяў на рукі і выйшаў з ім у сенцы. Перш чым выйсці на двор, ён пастаяў нейкую хвіліну ў нерашучасці перад дзвярыма як чалавек, які перажывае нейкую ўнутраную барацьбу. Цяжка яму, відаць, было з дзіцем на руках паказацца суседзям. Лёкайскае дзіця, з канца свету прынесенае ў яго хату! Сорамна! Але ён хацеў паказаць людзям, што з жонкай сваёй пагадзіўся і дзіця яе за сваё прыняў. Гэтым ён заткне ім раты; няхай зразумеюць, што ані яе, ані дзіця ён у крыўду не дасць. У апошнюю хвіліну адвагі яму ўсё ж не хапіла. Ён пару хвілін пастаяў ля дзвярэй, падумаў і нарэшце прашаптаў:

- Богу ахвярую... за выратаванне яе грэшнай душы...

Ён выйшаў, пастаяў хвіліну перад парогам, а пасля прайшоў праз двор і стаў у варотах. Раніца была сонечная, цёплая, са стрэх падалі брыльянцістыя кроплі, на дрэвах заўзята чырыкалі вераб'і, па шырокім полі беглі-зелянелі палосы руні. Паўз вароты дарогай увесь час праходзілі мужчыны - хто з вяслом, хто з сякерай, хто з лапатай - і, угледзеўшы ў варотах Паўла з дзіцем на руках, ківалі галавой і «пахвалёны» або «як маецеся?» казалі. На дзіця ніхто з мужчын увагі не звяртаў. Некаторыя думалі, што гэта дзіця Ўльяны, а іншыя спяшаліся на працу, былі заняты сваімі клопатамі і справамі. Але вось вуліцай прайшлі дзве жанчыны. Адна з іх шырока вылупіла вочы, разявіла рот, глянула на Паўла і прайшла міма, а другая спынілася, пастаяла, паківала галавой і нарэшце запытала:

- Чый жа гэта?

- Мой, - з усмешкай адказаў Павел.

Жанчына не то сарамліва, не то злосна захіхікала:

- А калі ж гэта бог даў?

- Калі б ні даў, а даў.

Ён пацалаваў у галаву Актавіяна, які спакойна сядзеў у яго на руках і здзіўлена глядзеў на ўсё, што трапляла на вочы. Кабета жвава адышлася і, збочыўшы ў суседні двор, знікла ў дзвярах Казлюковай хаты. І тут жа да вушэй Паўла даляцела з гэтай хаты ажыўленая гаворка, а праз хвіліну на двор выйшла Ўльяна з самым маленькім дзіцем на руках і трыма старэйшымі збоку. Выйшла, спынілася, а з-за яе спадніцы выглядвалі румяныя, круглыя тварыкі. На вільготнай траве двара, у святле сонца, босая, у грубай спадніцы і белай сарочцы, у акружэнні дзяцей, яна здавалася ўвасабленнем здароўя, плоднасці, свежай маладосці.