Выбрать главу

Калі ты мяне любіш, дык хуценька адпішы. І бацькам напішы, што мы жэнімся. Я думаю, што наш шлюб павінен адбыцца не пазней, чым на святога Стафана, на імяніны бацькі. Калі ты так не зробіш, дык я ўтаплюся з адчаю. Злітуйся і ратуй, твая да магілы

Карольця».

Скончыўшы чытаць гэты ліст, Капроўскі спахмурнеў.

- Д'ябальская сітуацыя, - буркнуў, - я быў бы вар'ятам, каб дзеля нейкай аканомавай дачкі свет сабе завязаў. Закахалася ў мяне, дала сябе злавіць, а зараз чакай, Пятро, сыр з'ясі...

Зноў кінуў вока на ліст.

- Узвышана выказваецца, бядачка... «Мой анёл, мая зорка на шляху...»

Штосьці падобнае на выраз расчуленасці прабегла па ягоным твары. Сваім звычайным рухам ён пачаў разгойдвацца з крэслам узад і ўперад. Неўзабаве спахмурнеў зноў. Яшчэ раз перачытаўшы ліст, падзёр яго на дробныя кавалачкі.

- Кепская гісторыя, - паўтарыў. - І як тут з яе выблытацца.

Нервовы ўздрыг прабег па ягоных шчоках і брывах.

- Бяда на свеце!

Ён цяжка ўздыхнуў і задумаўся, але ўжо не пра яе, а пра іншыя свае беды. Прыбытак меў значны, але ніколі не мог затрымаць гроша пры сваёй душы. Наканаванасць нейкая пераследуе яго бясконца. Хоць бы калі якую значную суму выйграў у карты. Ніколі! Бывае нават ужо і выйграе, дык зараз жа яшчэ з большым выдаткам усё і страціць. Наканаванасць! Калі пачынае гуляць, то ўпадае ў страшэнную заўзятасць, а так нельга, бо людзі адразу ж гэта выкарыстоўваюць. Доўга раздумваў пра розныя спосабы гульні і аналізаваў прычыны сваіх карцёжных няўдач. Прыйшло яму ў галаву, што мінулай ноччу ён стаў ахвярай нейкага ашуканца, які толькі што прыехаў сюды з далёкіх краёў. Прысягаў сабе, што павінен яго дапільнаваць і злавіць на гарачым учынку. І праз увесь гэты час піў гарбату, усё даліваючы ў шклянку патрошку пахучага рому.

- А тая ж Кларка! Што за сімпатычная шэльмачка! І нават вялікая артыстка. Як яна спявала тую шансанетку: «Willst du spazieren gehen? Miau!»

Ён усміхнуўся і рысамі твару несвядома паўтараў вульгарную і цынічную мінку нямецкай шансанеткі. Раз нават паціху тоненька паўтарыў:

- Мяў!

- Як бы гэта зрабіць, каб яна яшчэ з месяц у Ангродзе пагасціла! Грошай на гэта патрэбна было б!.. Грошы! Грошы! Грошы!

Пачаў у халаце бегаць па пакоі, каля стала і крэслаў, злосна штурхаючы іх і энергічна размахваючы рукамі. Мог бы ўжо даўно быць багатым, каб не гэтыя праклятыя пасіі... Што заробіць, тое зараз жа і спусціць... Зарабляў нават шмат, а ўвосень і зімою асабліва. Дык што ж калі ніколі грош гроша дагнаць не можа. Мае ён нават дакучлівыя даўгі. Па вушы сядзіць у пазыках ліхвяроў. З такой галавой на плячах, як ягоная, так часта трываць нястачу - ці не ёсць гэта наканаванасць? Каб жа такі інтарэс знайшоўся калі-небудзь, з якога можна было б вялікую суму (напрыклад, некалькі тысяч рублёў) зарабіць! Выплаціў бы даўгі і змяніў бы сваё жыццё. Але дзе там! Не з ягоным шчасцем! Ліхвяры яго заядуць і даканаюць яго жарсці, якія ў роспач прыводзяць, але з якімі немагчыма даць рады...

Чым больш думаў ён пра карты, Клару, Карольцю і грошы, тым больш адчуваў сябе раздражнёным, разгневаным, устрывожаным. Некалькі разоў хапаўся за свае рудыя вільготныя валасы, нібы хацеў іх вырваць з галавы. Дрыготкімі вуснамі і здушаным шэптам абазваў сябе ідыётам, дурнем, вар'ятам. Колькі ён траціць грошай, цяжка гэта сабе ўявіць! І на што? От, на карты, на такую, напрыклад, Клару, за гадзіну вясёлай гулянкі ў пекла спусціўся б, а потым, калі апусцеюць кішэні і ліхвяры не даюць яму спакойна прайсці па вуліцы, раздзёр бы сябе ўласнымі рукамі. У гэтую хвіліну разарваў ён на грудзях свой ядвабны паплямлены халат, а апамятаўшыся, узяў з бруднага нэсэсера флакон нейкай парфумы і абліў сабе ўспацелы лоб і дрыгатлівыя рукі. Трошкі супакоіўшыся, голасна закрычаў:

- Юрка!

З вітальні пачуўся ў адказ тоненькі дзіцячы голас:

- Зараз!

У спальню ўвайшоў сын Мікалая з чаравікам у адной руцэ і са шчоткай у другой. Моцны гэта быў хлопчык, з кірпатым носам і быстрымі вачамі. Два гады таму Мікалай аддаў яго на службу да Капроўскага. Гэтая служба не адабрала яшчэ ў дзіцяці вясковай сілы і крамянасці, але твару надала цынічны і хітраваты выраз. Ён з'явіўся ў пакоі і адразу хутка і непрыкметна сцягнуў булку з недаедзеным кавалкам сыра з талеркі.

- Ніхто сёння не прыходзіў? - гаркнуў Капроўскі.

- Нават сабакі не было! - пісклівым голасам адазваўся Юрка.

Капроўскі зморшчыўся і сыкнуў.

Малы лёкай знік са спальні.

- Юрка! - зноў крыкнуў Капроўскі.

- Іду! - адгукнуўся яму з вітальні тонкі голас хлопца, які паспешліва даядаў булку.

- Апранацца!

Праз паўгадзіны, ужо апрануты, ён увайшоў у гасцёўню. Як звычайна, быў элегантны, блішчэў ланцугом гадзінніка, пярсцёнкамі і залатой аправай акуляраў, ад насоўкі разыходзіліся моцныя пахі парфумы. Юрка вынес за ім капялюш-цыліндр, чысцячы яго па дарозе рукавом падзёртага швэдара. На дне капелюша ляжалі лайкавыя пальчаткі.

Капроўскі стаяў хвіліну ля стала, забыўшыся пра дакумент аднаго кліента, які ўчора так і не знайшоў, хаця справа яго будзе сёння слухацца ў судзе. Доўга думаў над нечым, потым сеў у фатэль з высокімі падлакотнікамі і хутка напісаў два лісты: адзін вельмі кароткі на звычайнай паперы, другі, значна даўжэйшы, пісаўся на пахучым аркушыку, аздобленым нейкім рамантычным сімвалам, кветкай ці галубком. Улажыўшы гэтыя лісты ў канверты і надпісаўшы адрасы, крыкнуў так голасна, як быццам бы ягоныя апартаменты складаліся найменш з дзесяці пакояў:

- Юрка!

- Ужо іду! - таксама голасна азваўся хлопец і тут жа ўляцеў у гасцёўню. Капроўскі хутка зазірнуў яму ў вочы.

- У гэтую ж хвіліну, - сказаў ён, - паляціш у Грынькі да свайго бацькі!

- Разумею, вашэці, разумею! - пераступаючы з нагі на нагу, нецярпліва казаў падлетак.

- Аддасі яму гэты ліст...

- Разумею!

У гэты момант ён спрытна нахіліўся і падняў з дывана дзесятку, што выпала з партманэ Капроўскага, моцна сціснуў яе ў жмені, а потым незаўважна ўсунуў у кішэню штаноў.

- А той другі, меншы, пастарайся аддаць паненцы з Лясной... спадарыні Бахрэвічавай... пане Караліне... маладзейшай...

- Разумею!

- І каб гэтых двух лістоў, апрача твайго бацькі і той паненкі, нічыё вока людское больш не бачыла...

- Ай, разумею!

І, не могучы больш стрымаць сваёй радасці, на чвэрць локця падскочыў уверх.

- Дурны, сваімі скокамі напалохаў мяне. На, ляці, а калі заўтра падвечар вернешся з адказам бацькі, дам рубель...

Хлопец схаваў лісты за пазуху і праз пяць хвілін, зняўшы падраныя боты і павесіўшы іх сабе на плячах, пераскочыў парог дому свайго гаспадара і як страла памчаў гарадскімі вуліцамі, мільгаючы босымі пяткамі. Ужо колькі гадоў ягоны гаспадар часта пасылаў яго з падобнымі даручэннямі ў родную вёску. Апошні раз быў ён там у час сенакосу і калі палолі лён ды пшаніцу...

Сядзіба камісаванага салдата, што мясцілася паміж вялікай вёскай Грынькі і фальваркам Вулька, была невялікая: з паўморга градаў і пару моргаў ворнай зямлі. Дзельскія, даўнія валадары Грынек, падарылі яе ягонаму бацьку, які паходзіў з гэтай вёскі, але ўсё жыццё служыў у двары. Старая і ўчарнелая хата, без коміна і з маленькімі вокнамі, самотна тулілася паміж гародам і нешырокай дарогай з вёскі да фальварка і далей. Дзве грушы-дзічкі, што стаялі непадалёк, раслі ўжо на зямлі Дзельскіх, якая вялікім клінам убівалася паміж палямі грыньскіх сялян і тымі, што належалі да Вулькі. З гэтай хаты Мікалай пайшоў у войска, пакідаючы тут старога бацьку і маладую, гожую жонку, з якой толькі што пабраўся. Вяртаўся да яе некалькі разоў на кароткія адпачынкі і пад канец вярнуўся зусім. Вярнуўся, але ўжо ані бацькі, ані жонкі тут не знайшоў. Бацька памёр, жонка пацягнулася з некім у свет і прапала без весткі. Затое былі там чацвёра дзяцей рознага ўзросту, з якіх старэйшыя даглядалі і так-сяк кармілі меншых. Даведаўшыся пра знікненне жонкі, Мікалай спачатку ўпаў на зямлю і аж зайшоўся плачам, потым цэлы тыдзень піў у карчме да бяспамяцтва і ўрэшце вярнуўся дахаты. Найменшае дзіцятка ўзяў на рукі, насіў яго па хаце, галубіў, калыхаў, нешта прыгаворваючы яму пра дзядулю, які ляжыць у магіле, і пра маці, якая пайшла ў свет, а потым аддаў яго старэйшай, ужо дарослай дзяўчыне, а сам сеў на парозе хаты і пачаў граць на трубе, якую прынёс з сабою з войска. Дзьмуў у трубу і кідаў на сцішаныя позняй восенню палі працяжныя, сумныя, аднастайныя гукі, як быццам кагосьці з далёкага свету клікаў, і клікаў, і клікаў... А паколькі быў тады яшчэ трошкі п'яны, дык гукамі сваёй трубы зваў з далёкага свету сваю Марыську, увесь час плакаў, адрываючы інструмент ад вуснаў, выціраў пальцамі нос і цяжка ўздыхаў. З таго часу прайшло шмат гадоў, але былы салдат ніколі не мог згадаць сваёй Марыські без уздыхання і слёз. Аднак нячаста ўспамінаў яе, бо было яму пра што думаць і што рабіць. Самую старэйшую дзеўку аддаў замуж, аднаго з сыноў адправіў на службу ў горад і меў зараз пры сабе сына, маладога парабка, і дачку, што выбіралася на дзеўку, якая яму ў хаце была за гаспадыню. Але ж тая хата! Ратуй Божа! Амаль валілася ад старасці, вецер свістаў праз усе дзіркі, і мела яна выгляд чорнай прорвы ад дыму, што напаўняў яе ўвесь час. А той кавалак поля каля яе! І казаць няма чаго. На пракорм аднаго рота не хапіла б таго збожжа, якое на ім расло. Калі Мікалай садзіўся на парозе сваёй хаты і пачынаў дзьмуць у сваю трубу, шэрыя, хітрыя, бліскучыя ягоныя вочы блукалі па тым вялікім кліне зямлі, які, убіваючыся паміж землямі Грынек і Вулькі, як быццам заціскаў у клешчы ягоную сядзібу. Па гэтым кліне, засеяным напалову пшаніцай, а напалову ячменем, урадлівым, дагледжаным, вочы салдата прабягалі з тугой, расчулена, а часам пажадліва і зайздросліва. Калі ж уставаў з парога і з гучным уздыхам размінаў свае косці, рукі яго, здавалася, падаўжаліся і напружваліся, як быццам хацелі яны згарнуць, скруціць і прыціснуць да грудзей гэты зямельны клін. Людзі казалі, што стане яна неўзабаве ўласнасцю Мікалая, бо Дзельскія жылі шумна і не адну ўжо ўскраіну маёнтка свайго прадалі розным людзям.