Выбрать главу

Падчас сенакосу і праполкі лёну ды пшаніцы Мікалай без шыняля, адно ў портках і кашулі, босы, абкопваў матыкай у сваім гародзе ўжо даволі вялікія парасткі бульбы. Іншыя людзі рабілі гэта невялікай сошкай, запрэжанай канём. Але ж яму, зжалься Божа, не хацелася дзеля гэтага выцягваць са стайні каня. Колькі ён там тае бульбы садзіць! Чвэрць морга, не больш, а другую палову гарода Ўллянка засявала буракамі, морквай, макам, ільном і каноплямі. От там, на тым баку кліна пад лесам, добры кавалак зямлі на бульбу... са два моргі, а можа, і больш... але ж тое яшчэ Дзельскім належыць. Таму паўморга бульбы акучваў ён уручную матыкай, а прысадзістая чырванашчокая Ўллянка, седзячы на зялёнай мяжы, палола буракі. Над схіленай галавой дзяўчыны рос сланечнік, які з высокага свайго бадыля свяціўся на фоне блакітных воблакаў сваім вялікім жоўтым тварам. Уллянка ўзняла галаву на дарогу, што выгіналася з-за хаты доўгім белым пасам, глянула і закрычала:

- Тата! Юрка бяжыць!

Босыя ногі хлопца і ягоная белая кашуля былі відаць на сонцы здалёку. Сурдут і боты нёс на плячах. Задыханы, са спацелым тварам, падлетак убег на гарод і, падышоўшы да бацькі, пакорліва пацалаваў яго пару разоў у руку. Мікалай ласкавым голасам перакінуўся з ім некалькімі словамі, узяў ад яго ліст Капроўскага і, кінуўшы на зямлі матыку, пайшоў у хату. Юрка напачатку павітаўся з сястрой такім магутным штурхалём у бок, што тая ажно крыкнула і таксама стукнула ў адказ, потым ён два разы цмокнуў яе ў спацелыя шчокі і на заканчэнне выцягнуў з кішэні штаноў і кінуў на загон прынесены ёй у якасці гасцінца абаранак. Задаволеная дзеўка пагладзіла яго далонню па твары і паказала два рады белых, як перлы, зубоў. Ён ва ўвесь рост выцягнуўся на мяжы і папрасіў есці. Чатыры мілі прабег, і апрача двух абаранкаў, якія купіў выходзячы з горада, нічога не меў у роце. Уллянка ўстала і пайшла ў хату, каб прынесці яму адтуль кавалак хлеба і скурат ад вэнджанай саланіны, каб перакусіў, пакуль настане час палуднаваць. Калі яна ўвайшла ў хату, застала там бацьку, які сядзеў на лаве ля акна і чытаў ліст, атрыманы ад Капроўскага. Дзеля чытання ён начапіў на свой доўгі нос вялізныя акуляры ў драцяной аправе, якія яму, аднак, не надта дапамагалі ў гэтай нязвыклай працы, і з вялікай цяжкасцю разбіраў пісаныя літары. Цэлыя паўгадзіны ўзіраўся ён праз акуляры ў карацюсенькі ліст Капроўскага: напаўголаса слібізаваў яго і ўсміхаўся пры гэтым трошкі здзекліва і трошкі нахабна. З гэтай усмешкай вярнуўся на гарод, падняў з зямлі матыку, і, абкапваючы парасткі бульбы, паклікаў да сябе Юрку. Хлопец, з поўным ротам хлеба і бліскучымі ад саланіны вуснамі, сеў на мяжы і, адказваючы на бацькавы пытанні, падрабязна і доўга расказваў яму пра жыццё, звычкі, размовы і сувязі свайго гаспадара. У залацістым сонечным святле высокі прамы чалавек у портках і кашулі старанна матычыў, а гэтаксама апрануты хлапчук, седзячы на мяжы, падымаў да яго румяны круглы твар, на якім свяціліся хуткія, свавольныя блікітныя вочы, і з мімалётнай усмешкай неўсвядомленага самім сабой цынізму, тонкім дзіцячым галаском шчабятаў, шчабятаў пра ўсё, што бачыў калі ў свайго гаспадара ці чуў ад яго і пра што ягонаму бацьку трэба было абавязкова ведаць.

На захадзе сонца палі каля хаты Мікалая напоўніліся рыканнем кароў, бляяннем авечак, грукатам колаў і людскімі галасамі. Па дарогах, што пераразалі палеткі здалёк і зблізку, сунуліся статкі ў Грынькі, Вульку і ў фальварак Дзельскіх, які шарэў каля лесу. Наладаваныя сенам вазы, запрэжаныя двума коньмі, як быццам рухомыя зялёныя пагоркі, цягнуліся павольна, разліваючы моцны і прыемны пах. Над вёскай з аднаго боку і над фальваркам з другога ўзнімаліся ў залацістым паветры слупы ружовага дыму. Тут і там брахалі сабакі, адтуль і адгэтуль цягнуліся шнуры касцоў, свецячы здалёку белымі кашулямі і ззяючы ў апошніх сонечных промнях бляскам кос. За касцамі, гучныя галасы і смех якіх чуваць былі нават тады, калі зніклі яны сярод шэрых будынкаў фальварка, дарогай, абмінаючай зблізку Мікалаеву хату, ішлі грабельніцы. Былі гэта жыхаркі Грынек, якія наймаліся на работу летам у навакольныя двары і фальваркі. Сёння ішлі ў Вульку па аплату за адпрацаваны дзень. Пераважна маладыя і прыгожыя, стройныя, у грубых кашулях і саматканых спадніцах, босыя, з загарэлымі шыямі, аздобленымі шнурамі шкляных пацерак. Граблі, якімі цэлы дзень зграбалі яны на лугах скошанае сена, неслі так, што над іхнімі галовамі ўтварыўся цэлы лес густых, сухіх і зубатых шчытоў. Было іх, можа, дваццаць. Ішлі хутка і на ўвесь голас спявалі працяжную, манатонную, падобную да галашэння песню. Мінаючы сядзібу Мікалая, яны перапынілі спевы і магутным хорам выгукнулі:

- Хай будзе пахвалёны!

Гэтымі словамі павіталі салдата, што сядзеў на парозе сваёй хаты. Сёння ён не граў на трубе, а з вялікім стараннем і засяроджанасцю стругаў ножыкам драўляныя калодачкі розных памераў, з якіх рабіў скрыпкі ды іншыя цацкі для дзяцей. Здавалася б, цалкам захоплены працай, ён, аднак, увесь час скоса паглядаў на людзей, што праходзілі па дарозе. Можа, каго-небудзь чакаў. Пачуўшы харавое вітанне грабельніц, ён падняў галаву, адказаў: «На векі вякоў!» і, хуткім позіркам акінуўшы грамаду кабет, затрымаў вочы на той, якая, адлучыўшыся ад таварышак, ішла на некалькі крокаў за імі, адна. Не была яна такой статнай і прыгожай, як іншыя. Нават тыя, хто быў з ёй аднаго веку, выглядалі намнога мацнейшымі за яе, жвавейшымі і нейкімі больш упэўненымі ў сабе, што адбівалася ў іхніх рухах і на іхніх тварах. Адпрацаваўшы цэлы дзень, яны не стаміліся, а развесяліліся надзеяй заробку і мажлівасцю паспяваць сабе разам на свежым паветры, на шырокіх палях. Гэтая не спявала.

- Гэй, Хрысціна! - паклікаў Мікалай.

Мог бы яе і не зваць, бо яна сама скіравалася да ягонай хаты. Грабельніцы, спяваючы ўвесь час, пайшлі далей, яна ж стала перад салдатам, які сядзеў на парозе. Худая постаць яе і сухі профіль твару пазначыліся на цёмнай асноведзі хаты, граблі нерухома тырчалі над яе плячамі і галавой. Мікалай з узнятым тварам глядзеў на яе.

- Што ж так пляцешся, як бы ад работы нежывая? - пачаў ён. - Дурная! Паспявала б сабе з іншымі, табе б зараз весялей стала.

Кабета паківала галавой і падперла далоняй шчаку.