Выбрать главу

- Ну, ну, не трэба... не трэба... Кажы, чаго хочаш!

Казаў гэта раздражнёным голасам, але на ўсхваляваным і збялелым пасля размовы з Бахрэвічам твары паказалася задавальненне. Быў ён з тых, хто любіць бліжніх сваіх бачыць ля ног. Праўда, задавальненне гэтае змяншалася тым, што цалкам не ведаў, чаго гэтая баба можа прасіць. Нешта надта смутна згадваў сабе: нейкі сын слабы здароўем, відавочна салдат ці нешта такое? Але, можа, гэта зусім і не яна з сынам-салдатам, а зусім іншая... Зморшчыўшы бровы, ён паўтарыў:

- Чаго ты хочаш? Гавары хутка.

Выпрастаўшыся і сплёўшы рукі на грудзях, яна пачала паспешліва гаварыць:

- Я, яснавяльможны пан, пра майго Піліпку... На досвітку сёння ў горад прыйшла і напачатку хацела ўбачыцца з сынам... Але потым спалохалася, што яснавяльможнага пана не ўбачу, прыйшла сюды і чакала...

- Ну, дык і добра, але чаго ты хочаш ад мяне?

- Пра сынка майго, Піліпку...

Капроўскі задумаўся.

- А дзе ж гэта твой сынок? - спытаўся.

Яна цяжка ўздыхнула.

- А дзе ж бы ён быў, яснавяльможны пане! Калі апошні раз бачылі яго мае вочы, быў у казармах... Худзенькі, як таполя... Бледненькі такі... У салдацкім шыняльку... На сходы выскачыў і ў ногі мне грымнуў: «Мамачка, ратуй! Каб мяне тут пакінулі...»

А! Цяпер ужо досыць ясна згадаў, што ёй трэба. Аднак не перапыняў сялянку. Цярплівае выслухоўванне кліентаў неаднойчы прыносіла яму добрую карысць. Хрысціна расказвала далей:

- Ні мяне, яснавяльможны пане, дружкі на дзяжу саджалі, ні мне да шлюбу спявалі, ні мела я хаты ўласнай ці людской пашаноты не ведала... Працавала, гаравала, скуру сабе з рук здзірала і сыночкаў сваіх, два сонейкі мае адзіныя, любіла і гадавала... Ой, любіла, шкадавала і ў пачцівасці гадавала. Яны не злодзеі. Яны не п'яніцы, людзям услужлівыя і мацеры паслухмяныя... Кожны хутчэй бы сабе руку адсек, чым мацеру скрыўдзіў. От, як я іх выгадавала. Сама. Ніхто не дапамагаў...

Вочы яе, перад тым згаслыя і спалоханыя, засвяціліся радасцю і гонарам, разгладзіліся зморшчынкі на ілбе, выпрасталася постаць.

Капроўскі падумаў: «Прыгожай калісьці гэтая сялянка павінна была быць... яшчэ і зараз, дальбог, нічога... Што за вочы!»

Яна ж, спахмурнеўшы зноў, працягвала далей:

- Я да яснавяльможнага пана, як да Бога... Мікалай сказаў: «Занясі пану грошы, ён Піліпку выратуе»... Занесла спачатку тыя, што для Піліпкі зарабіла... Потым сказаў пра таго хафіцэра, што не пагаджаўся, я і тыя грошы, што на смерць сабе збірала, яму аддала, каб ён яснавяльможнаму пану для таго хафіцэра паслаў. І ўжо маё сэрца цешылася, што Піліпка ўратаваны... У Ангродзе яго пакінуць і на зіму ў Грынькі прышлюць...

Ага! Ну, зараз Капроўскі ўжо зусім усё ўспомніў пра гэтую бабу. Хацеў перапыніць яе, каб хутчэй з ёй скончыць, але яна дадала яшчэ:

- А зараз, яснавяльможны пан, я сюды прыйшла, каб аб тым правасхадзіцельстве і аб тым сіяцельстве дазнацца... Што тут з імі зробіць? Хай яснавяльможны пан ратуе мяне бедную, каб тыя рэвізоры Піліпку выслаць не захацелі...

Вось табе на! Зноў ніякага ўяўлення не меў, што значылі гэтыя правасхадзіцельства, і сіяцельства, і рэвізоры.

- А хто ж табе пра тых рэвізораў казаў? - спытаў ён з раздражненнем.

- Мікалай, яснавяльможны пане! А хто б іншы, як не Мікалай! Сказаў учора: «Пан хадвакат напісаў мне так і так»... Я думала, думала... Божа ж мой, Божа! Што я зраблю! Дык узяла і прыйшла...

Капроўскі на хвілінку задумаўся.

- А ці казаў табе Мікалай, што грошы трэба?..

Кабета зноў схінулася да яго каленяў і потым, выпрастаўшыся, з трывогай зазірнула ў ягоныя вочы. Дрыготкім голасам пачала гаварыць:

- Пане яснавяльможны, злітуйцеся нада мной... Зрабіце ўжо зараз без грошай... То ж я дала... І Піліпкавы грошы аддала, і што сабе на смерць збірала... Зрабіце ўжо зараз так без нічога... Адкуль жа я вазьму?

Капроўскі спахмурнеў і зноў спытаўся:

- Ці ж табе Мікалай не казаў, навошта, дзеля чаго і колькі трэба?

- Казаў, яснавяльможны пане, усё казаў... Але, найміласцівейшы пане, злітуйцеся нада мной і зрабіце што-небудзь з тымі рэвізорамі... Так ужо, без нічога...

Капроўскі напружыўся, узняў галаву, надзьмуў вусны.

- Мая дарагая, - сказаў холадна, - скажы ты мне, ці ж я ёсць Пан Бог?

На гэтае дзіўнае пытанне чорныя, сумныя вочы з мальбой і здзіўленнем паглядзелі на яго і сарамліва прыкрыліся вейкамі.

- Ну, кажы ж! Язык жа ў цябе ёсць. Ці ж я ёсць Панам Богам?

Прыгожыя калісьці, але цяпер бледныя і завялыя вусны ціхутка шапнулі:

- Не.

Капроўскі пытаўся далей:

- Ці я ёсць цар?

Сумныя чорныя вочы зноў з палахлівым здзіўленнем зірнулі на ягонае аблічча, а дрыготкія вусны адказалі:

- Не.

- Ага! Калі я не ёсць ані Панам Богам, ані царом, дык як жа ты хочаш, каб я мог што-небудзь зрабіць без грошай. Грошы на гэтым свеце, мая дарагая, гэта ўсё, усё і ўсё. Без грошай сам чалавек нічога не варты і інтарэс ягоны нічога не варты...

Тут ён, як прамоўца, выцягнуў руку і паварушыў далонню.

- Што можна дастаць на свеце без грошай. Чалавек без грошай - гэта як зламаны кол у плоце. Хто будзе яго падпіраць, каб не ўпаў? Ніхто. Праўда?

Падчас гэтага маналога, звернутага да Хрысціны, ягоны пагляд з-пад блакітных шкельцаў скіраваўся да дзвярэй, туды, дзе стаяў Гарбар. Пасівелы селянін у сярмязе з разумным і досыць упэўненым выразам твару ўслухваўся ў ягоныя словы так уважліва, што ажно выцягваў шыю, як бы хочучы праглынуць гэтую размову. Час ад часу ён ківаў галавой у знак згоды, усміхаўся і бліскаў вачыма. Было відаць, што выказаная хадвакатам дактрына пра ўсемагутнасць грошай і пра тое, што яны на свеце значаць усё, лёгка праклала сабе дарогу да свядомасці Паўлюка Гарбара. А што пра гэтую прамову думала Хрысціна? Яна ні разу не ўзняла вачэй і не распляла складзеных на грудзях рук... Далікатны і хударлявы профіль яе твару набыў выраз глыбокага роздуму. Можа, думала пра тое, што калі б мела грошы не была б усё сваё жыццё зламаным калком у плоце, якога ніхто не хацеў падперці. А хутчэй за ўсё думала пра тое, што ў гэты момант захапіла яе цалкам, бо калі Капроўскі змоўк, павольна ўзняла вейкі і яшчэ раз пачала пра сваё:

- Пане яснавяльможны! Злітуйцеся нада мной, зрабіце ўжо зараз... так... Без нічога...

Капроўскі зрабіў гнеўны жэст.

- Калі не маеш грошай, не трэба было прыпаўзаць сюды, каб мяне нудзіць і час займаць... Ідзі сабе, ну, пайшла! З Панам Богам!

Хрысціна амярцвела ад трывогі. Можна было падумаць, што гнеў хадваката ператварыў яе ў нямы і мёртвы слуп. Ёй зрабілася непамысна. Выганяе яе! Калі выганіць, дык і нічога не зробіць, а калі нічога не зробіць, то што будзе з Піліпкам і тымі грашмі, якія ўжо на яго выдала? Яе рука, пакрытая цёмнай, паморшчанай скурай, уся ў шнарах і мазалях, дрыжучы ўзнялася да грудзей, а скрыўленыя пальцы з белымі пазногцямі і парэпанымі гузамі, усунуліся ў сярмягу, як быццам бы хацелі нешта выцягнуць з-за пазухі. Аднак ужо на першым гузіку рука знерухомела зноў. Прыгадаўся Антосік. Божа ж мой, Божа! То ж ягоныя грошы, і ён жа яе дзіця таксама, як і той! Згадала ягоны зласнаваты голас, цвёрды жэст і суровы пагляд, з якімі гаварыў ёй некалі, каб ягоныя грошы не аддавала, ні ў якім разе не аддавала, бо да смерці ёй таго не забудзе. А калі і праўда не забудзе і сэрца сваё ад яе адверне? А Піліпка?