І закашлялася так, што ажно задыхнулася. Хрысціна паднесла ёй да вуснаў збаночак з вадой.
- Напіся, - сказала, - напіся, а то яшчэ памрэш з тым кашлем.
- Ой, памру, ці ж я не памру хутка... - крыху супакоіўшы свой кашаль, зноў пачала кабета, - але што ж пасля мяне з гэтымі малымі станецца... Калі Паўлюк хадваката на свой бок перакруціць і інтарэс выйграе... Мы ўжо і так у пазыкі ўлезлі...
Прызналася Хрысціне, што на працэс з Паўлюком ужо аддадзены не толькі яе пасаг, але яшчэ пазычылі і ў яе бацькі некалькі рублёў, і ў арандатара столькі сама пазычылі. Жахлівы неспакой за лёс выдадзеных грошай мучыў яе, душыла трывога, каб п'яны і злосны Ясюк не зрабіў чаго благога са сваім дзядзькам. Хрысціна супакойвала яе:
- Хадвакат добры чалавек, не дасць сябе Паўлюку ў іншы бок перакруціць. Калі даў слова, дык стрымае. Мне паабяцаў і зрабіў. Што ж да Ясюка, то што благога ён можа зрабіць? Паўлюк з горада не пяшком ідзе, а едзе са сваім кумам, з якім спаткаўся ў горадзе... І белы дзень на дварэ, і ў карчме поўна людзей, бо нядзеля...
Галена трошкі супакоілася і сказала Настцы выйсці на двор паклікаць у хату брата. Дзяўчынка пабегла і хутка, можа праз хвілін пятнаццаць, уляцела ў хату з крыкам. Пранізліва, хутка і неразборліва, размахваючы рукамі і неяк дзіўна пакрывіўшы вусны, пачала расказваць пра нешта такое, што робіцца ў карчме, дзе адзін з парабкаў, які там быў, прыляцеў за спадаром намеснікам, і спадар намеснік паляцеў у карчму, а каля карчмы такі гвалт, што як толькі за браму выйдзеш і пачуць яго можна, а парабкі, што туды паляцелі, казалі што там сяляне страшна б'юцца, ці што? Яна раптоўна змоўкла і, не могучы стрымаць цікавасці, на нікога і на нішто не звяртаючы ўвагі, зноў вылецела з хаты. Галена заламала свае худыя рукі так, што яны ажно затрашчалі ў суставах, а потым схапілася за галаву:
- Ясюк! - енчыла. - Ой, Ясюк... Ясюк...
Хрысціна адняла ад галавы яе рукі і пацалавала ў лоб. Жаль узяў да гэтай хворай, лагоднай, устрывожанай за мужа жанчыны.
- Збегаю ў карчму, пагляджу, што там робіцца, і вомігам назад вярнуся, каб табе расказаць... Ну, не бядуй так і не енчы, бо зноў дрэнна стане... От, каб Антосік тут быў, а дзе ж ён?
- У Лясную па ардынарыю пайшоў, - ледзьве дыхаючы, прашаптала Галена.
Хрысціна ішла ўжо да дзвярэй, калі яны самі расчыніліся, і з мяшком на плячах, у якім была асьміна жыта, у хату ўваліўся хлопец. Хрысціна дапамагла яму паставіць на зямлю мяшок, а потым абняла за шыю і пацалавала ў загарэлыя здаровыя шчокі. Ён пацалаваў яе таксама.
- Што чуваць, мама? Піліпка здаровы?
- Здаровы, галубочак мой, здаровы! - смеючыся і паказваючы свае белыя зубы, прамовіла кабета. - Салдаты паехалі ўжо, а ён не паехаў, яго дзесьці пан хадвакат, дай Бог яму здароўя, схаваў ад рэвізораў. Значыць, застаўся ў Ангродзе і зімаваць у Грынькі прыйдзе.
Гэтая вестка ўсцешыла хлопца.
- Ну, то і добра, - сказаў, - а я думаў, што ён паехаў...
- А чаму ты так думаў? - спыталася Хрысціна.
Антосік палез за сярмягу.
- А бо, от пісьмо вам ад яго... Якуб Шылка ўночы, значыць, адразу, як вы пайшлі адсюль, з Ангрода тут ехаў, у чацвяртак дастукаўся і мне пісьмо перадаў. «Для Хрысціны, кажа, ад Піліпкі... ён сам мне гэтае пісанне аддаў і сказаў, што пільна!» Я за ім на дзядзінец, каб спытаць, што і як, а ён сеў на воз дый паехаў... Дахаты, відаць, на досвітку хацеў вярнуцца, бо кабылу ад плуга ўзяў...
Хрысціна стаяла, як скамянелая, круцячы ў руках пададзены ёй сынам ліст. Бедны гэта быў ліст, напісаны на сіняй, скамечанай, запэцканай паперы і зусім не заклеены. Аслабелым голасам, хутка зірнуўшы сыну ў вочы, Хрысціна спыталася:
- То што там напісана?
Антосік апусціў вейкі і, панура адвярнуўшы твар, без ніякай патрэбы пачаў выціраць пальцамі нос. Потым неахвотна прабурчаў:
- А я не ведаю, што там напісана?! Ці ж я напісанае ўмею чытаць!
Хрысціна загарэлася гневам.
- Трэба было да Мікалая пайсці! - крыкнула.
- Ці ж я час меў! - агрызнуўся парабак.
Жанчына сарвалася з месца і за сярмягу пацягнула за сабой сына. Твар яе зноў пылаў агнём, а маршчыны дрыжалі, як абарваныя струны. Бегла да Мікалая і сына за сабой вяла. Мікалай амаль усім навакольным сялянам чытаў лісты, што прыходзілі на іх адрас. Праўду кажучы, гэтая функцыя не прыносіла яму шмат карысці, але затое была адной з прычын усеагульнай павагі і даверу да яго. За некалькі крокаў ад фальварковых будынкаў да вушэй маці і сына, што паспешліва ішлі дарогай, данёсся з боку карчмы вялікі шум і гвалт.
- А што там такое? - прамармытаў Антосік.
Хрысціна не адказала. Ці ж магла яна думаць пра сялян, што біліся ў карчме? У руках трымала ліст ад Піліпкі і яшчэ не ведала, што ў ім напісана. Набліжаючыся ўжо да хаты Мікалая, яны заўважылі натоўп людзей, што цягнуўся ў бок фальварка. Неўзабаве распазналі некалькі фальварковых парабкаў, што тузаліся з нейкім чалавекам, якога яны вялі сілай і які, вырываючыся ад іх, крычаў страшныя праклёны. Чалавекам, якога вялі, быў Ясюк. Выглядаў ён страшна. П'яны, без шапкі, з ускудлачанай чупрынай, з пасінячаным тварам і ў парванай у некалькіх месцах сярмязе. Ён вырываўся і крычаў з пенай на вуснах, з чырвонымі ад шаленства вачыма. Не пазнаць было ў ім спакойнага і разважлівага, трошкі панурага селяніна, якім быў ён пару месяцаў таму. Цяпер меў выгляд звера, якога прыводзіла ў шаленства нейкая падаграваная кімсьці жарсць. Парабкі, што вялі яго, таксама крычалі, як крычаў і намеснік, што ішоў краем дарогі, як крычалі з дзесятак вясковых баб і дзяцей, што са смехам і падскокам цягнуліся за імі. Увесь гэты дзікі шум і гвалт разносіўся ў чыстым паветры жнівеньскага адвячорка і ляцеў далёка за шырокае жоўтае ржышча, пад бледны, затканы ружовымі аблокамі блакіт неба... Антосік, перахапіўшы аднаго з парабкаў, пачаў з цікавасцю распытваць, што там сталася з Ясюком, чаму яго так, як злачынцу, у фальварак цягнуць.
- На свайго дзядзьку п'яны напаў і страшна яго збіў, па станавога паслалі... - адказаў парабак.
Антосік стаяў, раскрыўшы рот.
- А! - дзівіўся. - Такі акуратны чалавек быў і не піў! Ну, так ужо яму Паўлюковай зямлі захацелася, ці што?
З парога Мікалаевай хаты, прыспешваючы, яго клікала Хрысціна. Што ёй было да Ясюка, да ягонага шаленства і да ягонага няшчасця? Яна хацела дазнацца, што напісана ў Піліпкавым лісце.
Уваходзячы ў Мікалаеву хату, яна пакланілася і сказала:
- Хай будзе пахвалёны!
- На векі вякоў! - адказалі два галасы. Гэта былі Мікалай і ягоная дачка Ўлляна.
Былога салдата не выцягнула з хаты цікавасць да таго, што дзеелася сёння ў карчме. Дазнаўся ад нейкага чалавека, які ішоў па дарозе, што б'юцца там Паўлюк з Ясюком, і не пайшоў. Уллянка хацела пабегчы, але ён загадаў, каб засталася. Старэйшы сын яшчэ не вярнуўся ад Дзельскіх, куды ён паслаў яго з інтарэсам. То і добра! Ні ён, ні хто з ягонай сям'і не мае дачынення да таго, што ўчынілася паміж дзядзькам і пляменнікам. Цяпер ужо гэта можа дайсці і да злачынства, так абодва ўз'еліся адзін на аднаго. А яму, Мікалаю, трэба падалей ад гэтых сварак і боек. Ён тут ні пры чым! Сядзеў сабе на лаве і чысціў анучкай сваю трубу, макаючы гэтую анучку ў дробна скрышаную крэйду. Сяброўка ягоных вандровак па свеце павінна заўсёды блішчаць як залатая. Пачуўшы просьбу Хрысціны прачытаць ёй ліст, устаў, выцягнуў са старой, падзёртай і зашмальцаванай кніжкі для набажэнстваў вялікія акуляры і, начапіўшы іх на свой доўгі нос, усеўся ля акна і разгарнуў пакамечаную, сінюю, заплямленую паперку. Абцёршы фартухом драўляны зэдлік, Улляна падсунула яго Хрысціне і, паводле вясковага звычаю называць старэйшую за сябе кабету цёткай, ветліва запрасіла:
- Сядайце, цётка.
Потым прысела на зямлю ля печы і скоса паглядала на светлавалосага парабка. Але ні Хрысціна, ні яе сын не звярталі ніякай увагі на таўсматую, чырванатварую дзяўчыну. Абое не спускалі вачэй з твару Мікалая, і была паміж імі толькі тая розніца, што хлопец глядзеў хоць і з вялікай цікавасцю, але быў амаль спакойны, затое жанчына цяжка і хутка дыхала, а вочы яе трывожна гарэлі. Мікалай крыху адхінуў назад сваю прамую хударлявую спіну і, трымаючы здалёк ад твару ў выцягнутых руках кавалак сіняй паперы, вельмі павольна і з вялікай цяжкасцю пачаў чытаць: