- Пятрук! Гэй, Пятрук! Скончыш ты калі ці не? А то сонца зойдзе і сабакі, а не людзі, пачнуць хадзіць па палях!
- Пара ісці, далібог, пара! - хорам паўтарыла некалькі пісклівых жаночых галасоў.
Іншыя дадалі:
- Ці вам не сорам, Пятрук, так марудзіць? Эх, дужы мужчына! А баба хутчэй бы тых трэсак нашчапала, як ён... вялікі гаспадар!
Пётра Дзюрдзя гэтых выкрыкаў, звернутых да яго, нібыта не пачуў; і галавы не падняў, і вуснамі не паварушыў. Усё шчапаў і шчапаў палена на тоненькія трэсачкі з такой сур'ёзнасцю і ўрачыстасцю, што магло здацца, нібыта вось-вось перажагнаецца і працу сваю пажагнае, такой была яна для яго важнай і амаль святой. Двое сялян, што стаялі паблізу, адначасова спыталі ягонага стрыечнага брата Сцяпана Дзюрдзю:
- Няма! Ну, і ані трошачкі няма?
Зморшчаны, учарнелы Сцяпан адказаў:
- Так, як няма нічога! Кроплю з сябе пусціць і, каб яе забіў, больш ужо не дасць! Дзіцяці, як раскрычыцца, няма чаго ў губу даць...
- А-а-а-а! - голасна і працяжна дзівіліся тыя.
- А перад тым як было? - пацікавіўся нехта збоку.
- Перад тым, - адказаў селянін, - бывала, і больш як гарнец дадуць...
- Дзве?
- А дзве.
- То так, як у мяне! - заўважыў мізэрны Сымон. - Адна толькі, а бывала, з гарнец дасць...
Сяляне штурхануліся локцямі і пераглянуліся між сабой, паглядаючы на панурага Сцяпана.
Азваўся нейчы жартаўлівы голас:
- Ой, будзе табе, Сцяпане! То ж там у цябе зараз гарачае пекла.
Другі з грубым смехам дакінуў:
- Я ж учора чуў, як тая верашчала ў сваёй хаце, як ачынёна*...
* Ачынёна (дыялект.) - вар'ятка.
- Хто? - спытаўся нехта збоку.
- А Разалька, Сцяпанава жонка...
- Ой, злосная баба, дык злосная... як агонь... - дадаў адзін з суразмоўцаў.
Сцяпан яшчэ ніжэй схіліў галаву і маўчаў.
Ад брамы даляцеў зноў той самы жаночы голас, толькі яшчэ больш прарэзлівы і раззлаваны:
- Пятрук! Ой, Пятрук! Скончыш ты калі ці не?
Мужчыны зарагаталі.
- От, як Сцяпанава жонка галосіць, так пільна ёй ведзьму лавіць! Гэй, Пятрук, хутка ідзі, бо баба як раззлуецца, дык бяда будзе... ты ўжо ёй рады не дасі... паб'е!..
Пётра Дзюрдзя аддаў аднаму з сыноў сякеру, каб той занёс яе ў хату, а сам прыўзняўся з каленяў і, пэўна, не таму, што перапалохаўся гневу Сцяпанавай жонкі, а таму, што ўжо скончыў сваю работу. Пад сцяной стайні ляжала вялікае бярэмя тонкіх, сухіх, адборных для распальвання паленцаў. Пятро схіліўся, узяў гэтае бярэмя і выйшаў з ім за браму. Тут прывіталі яго гучныя крыкі баб і акружыў дзяціны рой. Дзяўчаткі паадрываліся ад плота і спаважна падыходзілі да яго, хлапчукі, як жарабяты, скакалі вакол, з падбрыкваннем і віскам.
- Прэч пайшлі! - крыкнуў Дзюрдзя на дзяцей, якія тут жа разбегліся ва ўсе бакі, але, запыніўшыся паблізу, усё прыглядаліся да дроў, што ён нёс, быццам бачылі іх упершыню ў жыцці.
Адна з кабет, якраз тая, што вяла паміж іншымі рэй, высокая, худая і смуглявая, з чорнымі гарачымі вачыма, Сцяпанава жонка, Разалька, выскачыўшы наперад і ўпёршыся рукамі ў бокі, з вялікім імпэтам спыталася ў Пётры:
- А дрэва асінавае?
- Ну, а якое ж? - пагардліва азваўся сур'ёзны мужчына.
- Ці ж і праўда асінавае?
І зноў пачала зацята:
- Бо калі не асінавае, дык нічога з таго не будзе... ведзьма не прыйдзе на іншае дрэва, толькі на асінавае... Прысягні, Пятрук, што асінавае дрэва ўзяў, прысягні тут жа, зараз пальцы на крыж злажы і прысягні, што асінавае...
Задыхаючыся ад хуткай гаворкі, торгала рукаў і полы саматканай Пётравай світкі, локцямі адштурхоўвала ад сябе таварышак, што спрабавалі, цягнучы яе за плечы і кашулю, паўстрымаць яе заўзятасць. Хацеў зрабіць гэта і Сцяпан. Цёмныя вочы яго заіскрыліся, сціснутым кулаком ён ударыў жонку ў плечы так моцна, што яна пахіснулася і, відаць, упала б праз некалькі крокаў, каб не абаперлася рукой аб плот. Аднак хуткая, як бліскавіца, і спрытная, як вавёрка, яна ўмомант падскочыла да мужа, гучна пляснула яму па твары і, больш не зважаючы на яго, пабегла зноў за Пётрам, забягаючы таму наперад і на розныя лады паўтараючы:
- А асінавае дрэва? Сапраўды асінавае?.. Прысягні, Пятрук, што асінавае...
У грамадзе, што ішла за Пётрам, выбухнуў гучны рогат. Сцяпан ішоў, звесіўшы галаву, маўклівы, як нябожчык. Да шчакі, якая ад поўхі налілася крывавай чырванню, нават не даткнуўся, а цёмная і грубая скура ягонага твару так зморшчылася, што не засталося на ёй ніводнага роўнага месца. Вочы, з якіх ляцелі іскры, ён убіў у зямлю, а праз сціснутыя зубы выцадзіў кароткі і невыразны праклён. Відаць, ён саромеўся і адначасова ўвесь дрыжэў ад абурэння.
- Стыдна! - гучна сказала немаладая, змучаная хваробамі, але яшчэ прыгожая жонка Пётры Дзюрдзі, найлепш сярод іншых кабет апранутая і найменш крыклівая. - Я з маім век пражыла, сыноў пагадавала, што выраслі, як тыя дубы, а ніколі паміж намі сварак і боек не было, далібог, не было.
- Стыдна! - паўтарыла некалькі галасоў, а адзін з мужчын, паказваючы на Сцяпана, з усмешкай дадаў:
- Такі з яго мужык? Бабе кіраваць дазваляе! Я б яе...
Над гаманой і рогатам натоўпу зноў узнёсся Разальчын голас, але на гэты раз настолькі роспачны і тонкі, як бы ёй хто нож да горла прыставіў:
- А асінавае дрэва? Пэўна асінавае? Прысягні, Пятрук, што асінавае...
Стары, невысокі і худы селянін, што зваўся Якубам Шышкам, выйшаў з натоўпу і падышоў да кабеты, якую прыводзілі ў шаленства сумненні, з якога дрэва нашчапаны трэскі. Ён паважна прамовіў:
- Не дурыся, Разалька! Я ж там быў і бачыў, што дрэва асінавае... То ж і ў мяне няшчасце... і я хачу той праклятай ведзьме ў вочы зірнуць... ці ж я б пагадзіўся, каб дрэва іншае было, не асінавае?..
Словы гэтыя нібы халоднай вадой абдалі Разальку, замоўкла, і, крыху адстаўшы ад Пётры, паспешлівым і хісткім крокам, што так уласцівы нервовым і неспакойным істотам, далучылася да гурту іншых жанчын. Зрэшты, па меры шэсця грамада змяншалася. На панадворках хат, якія міналі, рыкалі толькі што прыгнаныя з пашы каровы, дрыготкім блёкатам азываліся авечкі, нераспрэжаныя плугі і бароны стаялі так, як пакінулі іх гаспадары, відаць, гнаныя спехам і цікаўнасцю. То тут, то там нехта з тых, хто заставаўся ў хаце, распальваў у печы, і залацістыя бляскі агню за малымі вокнамі нагадвалі пра голад, запрашаючы на вячэру. Тады мужчыны і кабеты адлучаліся ад тлуму і знікалі за брамамі дзядзінцаў альбо ў хатах. Перад тым, аднак, збіваліся на колькі хвілін у невялікія чародкі і перакідваліся абрывістымі фразамі, якія павінны былі сцісла перадаць усе іхнія думкі.
- Камедыя! - паціскаючы плячыма, казалі адны.
- Хай тую камедыю ліха возьме! - сярдзіта абзываліся жанчыны. - Гэта бяда, згрызота, вялікая ўтрата, а не камедыя...
- Цікава! Ну, цікава, хто гэтая ведзьма?
- Прыйдзе яна на агонь ці не?
Гэтае апошняе пытанне завісла на ўсіх вуснах; розныя галасы, мужчынскія і жаночыя, дзіцячыя, старыя і маладыя, паўтаралі яго ў хатах, аборах, стайнях, на дзядзінцах і каля студні, дзе дзяўчаты пад скрып жураўля чэрпалі ваду.
- Прыйдзе яна на агонь ці не?
Самыя старэйшыя адказвалі:
- Чаму ж ёй не прыйсці! За дзядоў і прадзедаў нашых прыходзіла, то і зараз прыйсці павінна...
А Пётра Дзюрдзя ў той час усё ішоў наперад павольным і размераным крокам. Выходзячы са свайго двара, ён надзеў на густыя, пабеленыя ўжо сівізною валасы старую, абшытую аўчынаю шапку. У доўгай палатнянай світцы, пафарбаванай у чырвоны колер, у высокіх ботах і ў гэтай шапцы, аўчынка якой звісала над брывамі, з бярэмем дроў, меў ён выгляд святара, які рыхтуецца да выканання ўрачыстага абраду. Выраз ягонага хударлявага з кароткай бародкай твару зусім не быў ані панурым, ані раззлаваным, а толькі роздумным і амаль урачыстым. Маўчаў, як нябожчык, глядзеў перад сабой шэрымі вачыма, у якіх адбівалася пакорлівасць і нейкая нямая просьба, звернутая невядома да каго. Можна было падумаць, што ў глыбіні сваёй душы ён у гэты час горача маліўся. Адразу ж за ім ішлі два ягоныя сыны, высокія, светлавалосыя, з адкрытымі і вясёлымі тварамі хлопцы; далей, нізка схіліўшы галаву, цяжкім крокам ступаў Сцяпан, побач валокся ў сваім падзёртым адзенні, з прапітым тварам Сымон Дзюрдзя і вельмі паважна крочыў стары невысокі сівы Якуб Шышка. З жанчын засталіся толькі жонкі трох Дзюрдзяў і нейкая гожая дзяўчына, што весела зіркала час ад часу на маладога Клеменса Дзюрдзю. Ёю і заканчвалася шэсце. Усе дзеці, як дзяўчаткі, так і хлопчыкі, надта ж хацелі далучыцца да працэсіі, але іх адагналі, і застаўся толькі адзін чатырохгадовы хлапчынка ў доўгай кашулі, з выпучаным жыватом і апухлымі шчокамі. Хутка-хутка перабіраў ён сваімі малымі ножкамі, дрыпаючы па чорнай, няроўнай вясковай вуліцы ўслед за натоўпам і час ад часу плаксіва, працяжна клікаў: