- Та... та!
Аднак людзі не зважалі на гэты дзіцячы покліч. То тут, то там зрываліся са стрэх галубы і з салодкім буркатаннем узляталі ў паветра на серабрыстых ці ружовых крылах; шыкоўныя, у рознакаляровым апярэнні пеўні, спалоханыя тупатам шматлікіх крокаў, цяжка ўздымаліся з зямлі і сядалі на платах, праз адчыненыя брамы выбягалі жоўтыя, чорныя і рабыя сабакі, пазнаўшы сваіх, з цікавасцю альбо абыякава паглядалі на натоўп. Недзе там за вёскай, за палямі і гаямі, павінна ўжо было садзіцца сонца, бо апошнія яго промні кідалі на сцены хат і людскія твары мігатлівыя ружовыя водбліскі. Яшчэ толькі што рубінава-чырвоныя, шыбы вокнаў бляклі і згасалі, затое ўсё часцей залаціў іх бляск ад распаленага ў печах агню. Дымы над комінамі, перад тым румяныя і серабрыстыя, шарэлі, рык быдла, бляянне авечак, стук адчыняных і зачыняных брам ціхлі і замаўкалі.
За вёскай, за палямі і гаямі цёмныя густыя хмары паўкругам ахапілі заходні край неба; сонца прабівала яшчэ іхнюю глыбіню пурпурам і фіялетам, але само было ўжо нябачным. Пад апошнімі, яшчэ іскрыстымі бляскамі яго ўзносілася над зямлёй бледнае і амаль бэзавае, далей ад небакраю цямнейшае, а ў цэнтры амаль сапфірнае неба. Зямля вельмі павольна пакрывалася змрокам, настолькі празрыстым, што выразна адбіваліся ў ім жоўты колер ржышча і прывялых лугоў, шараватая зеляніна гаёў і пясчаная бель дарог, што беглі праз поле. Менш чым за вярсту ад крайніх вясковых хат чатыры дарогі разбягаліся з аднаго месца ў розных кірунках. Адна з іх вяла да вёскі, другая - няроўная, вілася і знікала недзе ў невідочнай воку далечыні, трэцяя - прамая і гладкая, сваім доўгім канцом упіралася ў найбліжэйшы гай, чацвёртая, самая кароткая, абсаджаная вербамі і бярозамі, заканчвалася ля плота, што акружаў пабудаваную наводшыбе самотную хату ў засені старых дрэў. Недалёка ад гэтай хаты стаяў невялікі будынак, нізкі і без акон, у якім адразу кожны, хто хоць трошкі ведае вёску, распазнаў бы кузню. Гэта было скрыжаванне дарог. На месцы, з якога разыходзіліся яны ў розныя бакі свету, на фоне густых зараснікаў алешніку і зеляніны навакольнага поля, рваўся ў неба стары высокі крыж. Насупраць крыжа, аддзелены ад яго вузкім пасам дарогі, ляжаў аграмадны, парослы шэрым мохам валун. За колькі крокаў ад валуна Пётра Дзюрдзя спыніўся і скінуў на зямлю сваю ношу. Выпрастаўся, аддыхаўся, зірнуў на неба і, дастаўшы з кішэні світкі крэсіва, моўчкі пачаў выкрасаць агонь. Глыбокая ціша запанавала таксама і сярод людзей, што акружалі яго. Збіліся яны ўсе ў цесны гурт, вочы ўтаропілі на ягоныя рукі і, здавалася, затрымалі на момант дыханне ў грудзях. Відаць, забыліся на ўсё, што не было звязана з гэтым асаблівым дзействам, дзеля якога сюды прыйшлі. Сцяпаніха моцна сцяла вусны, Пётрава жонка і адзін з ягоных сыноў, наадварот, раскрылі раты так шырока, што ў іх спакойна магла заляцець якая-небудзь невялікая птушка. Якуб Шышка выпрастаўся і стаў у такой урачыстай паставе, што выглядаў намнога вышэйшым, ягоная ўнучка, тая гожая дзяўчына, якая ўсё паглядала на Клеменса Дзюрдзю, цяпер з цікавасцю і жахам на твары схавалася за плячыма прыгожага хлопца, уся прыціснулася да яго і сваю бараду паклала яму на плячо. Хлопец, найменш сярод прысутных заняты тым, што адбывалася, адразу ж адчуў гэтае збліжэнне, трошкі ўсміхнуўся, ці то з задавальненнем, ці то з пагардай. Здавалася, што крыху пагарджаў і прывабнай Франькай, і тым, што рабілася і павінна было рабіцца перад ягонымі вачыма. Пётра Дзюрдзя пахіліўся да зямлі і частка прынесеных ім сухіх трэсак выбухнула агнём. Чатыры жанчыны ўскрыкнулі ў адзін голас:
- Езус!
Чаму агонь так моцна перапалохаў ці ўзрушыў іх? І з бляскам, і з гарачынёй яго асвоіліся яны ад першага дня свайго існавання, ад раніцы да вечара кожнага дня! Зараз магло падацца, што яны ніколі ў сваім жыцці агню не бачылі. Усе чатыры крыкнулі разам «Езус!», а потым Сцяпаніха павяла далей:
- А мой Езус, Езус найміласэрнейшы!
Петрачыха раз за разам голасна ўздыхала. Сымоніха ківала галавой і таксама ўздыхала. Франька ж, абхапіўшы абедзвюма рукамі плечы Клеменса, так моцна сціснула яго, што хлопец адштурхнуў яе і пагардліва буркнуў:
- Адчапіся! Чаго да мяне прыклеілася... як той клешч!
Абазваная кляшчом, дзеўчына, аднак, не адчапілася і, прыціскаючыся яшчэ мацней да спіны хлапца, напаўголаса ў самае ягонае вуха пішчала:
- Ай, Клеменс, Клеменс, Клеменс! Ай, ай, Клеменс!
Мужчыны маўчалі, неўзабаве змоўклі таксама і кабеты, зноў пасціскалі вусны ці шырока параскрывалі раты і, стаіўшы дыханне, чакалі. Усе чакалі... чаго? Што зробіць агонь, які, жоўтым языком абдымаючы асінавыя паленцы, гарэў спачатку нізка, ля зямлі, а потым полымя шуганула ўгору.
На палях было пуста і ціха. Хмара, што стаяла на захадзе, цалкам згасла, толькі бледны залацісты водбліск, што выплываў з-пад яе, асвятляў небакрай. Недзе за ўзгоркам загрукатаў воз і змоўк удалечыні; ад вёскі далятаў сабачы брэх і глухі пошум людскога мурашніку, на ніводнай з дарог, што разыходзіліся ад крыжа ў чатыры канцы свету, не было відаць жывой душы, толькі ў канцы адной з іх разгарэліся чырванню дзверы кузні і азвалася адтуль некалькі ўдараў молата, якія голасна і працяжна паўтарыла рэха ў бліжэйшым гаі. Але потым некалькі доўгіх хвілін не абзываўся нават кавальскі молат, затое ў нізкіх вербах, што раслі пры дарозе, якая вяла да кузні, плаксіва заскуголіў ляляк. У людской грамадзе, што тоўпілася ля агню пры абымшэлым валуне насупраць крыжа, малады мужчынскі голас гучна і выразна прамовіў:
- Альбо гэта праўда?
Усе, нават паважны і засяроджаны ў сабе Пётра Дзюрдзя, азірнуліся на яго. Гэта сказаў высокі і ладны Клеменс.
- Што такое? што такое? што ты кажаш? - застракатала Сцяпаніха.
- Альбо гэта праўда, што ведзьма на агонь прыйдзе? - пераступаючы з нагі на нагу, паўтарыў хлопец.
На гэты раз усе кабеты шырока паадкрывалі раты, а Франька напаўголаса зноў заенчыла:
- Ай, Клеменс, Клеменс!
Але сівы, худы і нізкі Якуб Шышка ўрачыстым голасам адказаў:
- За дзядоў і прадзедаў нашых прыходзіла, то чаму ж бы і зараз не павінна была б прыйсці?
- А-л-е! - паўтарыў хор галасоў.
Клеменс зноў пераступіў з нагі на нагу і не так смела, як раней, заўважыў:
- Можа, яе і зусім на свеце няма?
- Каго? - заверашчала Сцяпаніха.
- А ведзьмы... - ужо завагаўшыся, адказаў хлопец.
О! На гэты раз супраць такога ўжо зусім скрайняга сумнення выбухнула цэлая бура. Сцяпаніха, узяўшы рукі ў бокі, падскочыла да Клеменса.
- Ведзьмы няма? - крычала. - А чаму малако ў кароў прапала? Ці то я лгу, што прапала? Калі я лгу, то спытайся ў роднай маці, ці не прапала?.. І ў Сымона спытайся, і ў Якуба, і ўва ўсіх... Ой! бедная ж мая галовачка! Малака ў кароў і кроплі няма... дзіцяці ў губу нечага даць... а ён кажа, што ведзьмы няма... Ой, доля мая нешчаслівая! Ой, паскуднік ты, недавярак, гератык такі, што хай Пан Бог бароніць...