На гэты раз з натоўпу азваўся спакойны, але вельмі сур'ёзны голас Пётры Дзюрдзі:
- Або не ведаеце, што каторая першая прыйдзе да вогнішча, тая і ведзьма.
- Ну, - тонам глыбокага пераканання адказала кабета. - Каб я таго не ведала, ведаю! То і каторая ж першая прыйшла?
Два паважныя мужчынскія галасы, адзін з якіх належаў Пётру Дзюрдзю, а другі Якубу Шышку, адказалі:
- Ты.
А потым нібы выбухнуў з трэскам феерверк, жаночы голас на самых высокіх нотах жарсці, даведзенай да раз'юшанасці і нейкага роспачнага жалю, паўтараў несканчона адзінае гэтае слова:
- Ты, ты, ты, ты!
Нічога, апрача аднаго гэтага слова, Сцяпаніха вымавіць не магла, бо дрыжала з галавы да ног, а з гарачых вачэй яе цяклі на смуглявыя і худыя шчокі буйныя слёзы. Смяялася, калацілася ўся, плакала і, тупаючы нагамі, пагражаючы кулакамі, крычала:
- Ты, ты, ты, ты!
- Я, - прамовіла кабета, што стаяла пад асветленым крыжам, і апусціла рукі. Жоўтая дзіванна і белы крываўнік рассыпаліся па траве і прыкрылі яе босыя ногі.
- Я, - паўтарыла і заламала на спадніцы цёмныя, спрацаваныя рукі. Вішнёвыя вусны яе шырока раскрыліся, у вачах мільганула пачуццё страху. Трывала гэта, аднак, толькі адну кароценькую хвіліну, і тут жа па румяных яе шчоках, па вузкім ілбе і прыадкрытых вуснах пачало пералівацца мноства здзеклівых вясёлых усмешак, аж пакуль, перамогшы здзіўленне і страх, не выбухнуў з яе грудзей звонкі і залівісты смех. Як раней песня, так зараз яе смех разносіўся па дарозе і полі шырока, гучна і голасна. Адчувалася ў ім жывая і здаровая душа, нейкая дзіцячая наіўнасць і першабытная вясёласць птушак.
- Я, я! - казала са смехам. - Я першая прыйшла на агонь! Я малако ў кароў адабрала, я ведзьма, ой, людзі, людзі, што вы выдумалі! Ці вы здурнелі, ці вам у галовах памяшалася!
І ўсё смяялася, ды так, што аж рукамі хапалася за паясніцу, і згінала ва ўсе бакі сваю моцную і стройную постаць. А калі ўжо высмеялася так, што абедзвюма рукамі мусіла сабе ацерці вочы ад слёз, з уздрыгваючымі яшчэ ад смеху грудзьмі, гучна сплюнула:
- Цьфу! - гукнула. - Такую брыдоту на хрысціянскую душу сказаць! Ці ж вам не сорам!
Сагнуўшыся, нейкі час збірала з зямлі параскіданыя зёлкі і кветкі. Потым выпрасталася і, мінаючы людзей, сказала:
- Стойце ж тут і чакайце ведзьмы, бо калі Бог ёсць на небе, яна яшчэ не аб'явілася. Мне пара да мужа і дзяцей. Бывайце здаровы!
Кіўнула галавой усім так вясёла і прыязна, як быццам цалкам забыўшыся на тое, як яе тут сустрэлі, і хутка пайшла дарогай, што вяла да самотнай хаты і чырвона асветленай кузні. Ідучы ўжо сваёй дарогай, пачала спяваць на вясёлай ноце адну з жартаўлівых вясковых песень:
Людзі, што засталіся ля вогнішча, моўчкі стаялі з апушчанымі галовамі. Першым азваўся Пётра Дзюрдзя:
- От і паказаў нам Пан Бог усемагутны крыўдзіцельку нашу...
Жонкі Пётры і Сымона гучна ўздыхнулі, а Сцяпаніха падскочыла да мужа, што трымаў на руках дзіця. Упёршы рукі ў бокі, пахіліўшыся наперад, утаропіўшыся ў яго вачмі, праз сціснутыя зубы прасіпела:
- Ведзьма каваліха! Ведзьма твая мілая! Ведзьма тваё сэрданька наймілейшае!
Здавалася, што гэтыя тры выкрыкі кідае яму ў твар, як тры поўхі. Ён жа пахіліў сваю галаву да соннага дзіцяці і выглядаў такім самым спакутаваным, панурым, як заўсёды. Жонкі як бы і не бачыў, а з'едлівых слоў яе, сыкання як бы не чуў. Сам сабе паціху буркнуў:
- То я ўжо даўно ведаў, што яна ведзьма!
Франька адпусціла плечы і рукі дзецюка і, павярнуўшыся ў той бок, куды пайшла каваліха, прыклаўшы палец да вуснаў, над нечым глыбока задумалася. Забытае вогнішча згасала, і бляск яго ўжо спаўзаў з крыжа, які ўзносіўся зараз у змроку высокі, нямы і чорны. Людзі, што, нібы мятліка на свечку, злавілі ведзьму на раскладзены з асінавага дрэва агонь, маглі ўжо адысці да сваіх сядзіб. Аднак не адыходзілі, нешта думалі і слухалі, як пры дарозе, што вяла да кузні, у вербах і дзікіх бярозах усё часцей енчылі і плакалі лялякі. Некалькі кажаноў крутым лётам прамільгнулі над дарогай і ўпалі на ржышча. На дарозе, што вяла да кузні, чуўся яшчэ звонкі і чысты жаночы голас, што спяваў другі слупок жартаўлівай песні:
Гэтаму спеву, здавалася, падтаквалі ўсё больш частыя ўдары молата, а праз дзверы кузні пачалі вылятаць у змрочны прастор усё гусцейшыя раі чырвоных іскраў. Кабета-спявачка прыспешыла крок, а калі невялікая адлегласць аддзяляла яе ад самотнай хаты, з напоўненай ясным святлом кузні пачуўся мужчынскі бас, які пры няспынным стуканні молата злучыўся з жаночым голасам і гучна, весела падцягнуў трэці слупок:
Ой, даўно, ужо даўно жыхары Сухой Даліны падазравалі Пятрусю, унучку сляпой Аксені, што валодала яна такімі ведамі і моцай, якімі нельга валодаць без ніякіх стасункаў з нячыстай сілай. Шчыра кажучы, былі гэтыя падазрэнні няясныя і нікім уголас не выказаныя, але адбывалася так толькі таму, што сярод незлічоных турбот і клопатаў штодзённага жыцця ніхто на іх не зважаў, і яшчэ таму, што ў нікога не было пэўных доказаў, каб Пятруся зрабіла каму-небудзь што-небудзь ліхое. І ўсё ж гэтыя падазрэнні існавалі ў глухім і амаль зародкавым стане. А як жа маглі не існаваць, калі пэўныя акалічнасці Пятрусінага жыцця, а таксама і пэўныя яе ўчынкі і рысы характару былі выключнымі, гэта значыць, не зусім такімі, як ува ўсіх іншых кабет Сухой Даліны. Усе тыя іншыя, напрыклад, нарадзіліся ў гэтай вёсцы, на вачах у людзей, і вяскоўцы памяталі іхнія хрысціны і дзіцячыя гады, потым, калі выходзілі замуж, жылі яны не ў самотных хатах, што стаялі сярод поля, але ў збудаваных адна пры другой, так што з адной было добра відаць і чуваць, што дзеелася ў іншай. Жыццё іхняе цякло па-рознаму: у сварках ці ў згодзе, у працы альбо ў гультайстве, заможна ці бедна, якая там ужо ў якой была натура і як Пан Бог даў, але так, як Пятруся, жонка каваля Міхала, не жыла і не выходзіла замуж ніводная. Ніводная таксама не ведала столькі дзіўных рэчаў, як яна. Адкуль яна іх магла ведаць? Хіба ад сваёй сляпой бабкі Аксені, якая шмат гадоў таму прывандравала аднекуль з маленькай унучкай і тады, яшчэ не сляпая, прасіла ў людзей працы, як ласкі, і, атрымаўшы яе, парабкуючы то ў найбольш заможных гаспадароў Сухой Даліны, то ў суседніх маёнтках, выгадавала сваю Пятрусю на дарослую дзеўку. Здавалася, што таго толькі і чакала, каб аслепнуць, а калі гэта ўжо сталася, не крычала і не лямантавала, толькі, ускараскаўшыся вобмацкам на печ, узяла ў рукі кудзелю і верацяно і сказала ўнучцы:
- Цяпер ты вялікая і, дзякаваць Богу, дужая. Можаш працаваць і карміць мяне да канца майго жыцця, так, як я цябе карміла з малых гадоў, калі твае бацька і маці ў адзін год памерлі. На адзенне я сама сабе зараблю. Прасці і напамяць патрафлю.
Ужо тады сухенькая і вельмі старая была бабулька, з тварам, што выглядаў, нібы выразаным з жоўтай косці, і з вачамі, зацягнутымі нейкай белай плёнкай. Нос яе быў доўгі і востры, вусны такія сухія і завялыя, што іх амаль не было відаць, лоб пераараны тысяччу дробных маршчынак. Адзенне яе было сціплым, і няцяжка было паверыць, што сама сабе на яго заробіць, прадучы навобмацак. Саматканая сіняя спадніца, фартух, грубая кашуля і каптур з чорнай бавоўны, які так гладка абціскаў галаву, што толькі трошкі белых, як малако, валасоў выбіваліся з-пад яго на лоб. Нібы даводзячы праўду сваіх слоў, узлезшы на печ, адну руку паднесла да кудзелі, а другую - з верацяном выцягнула перад сабой і пачала прасці. Была зусім сляпая, нават дня ад ночы не магла адрозніць, аднак з-пад пальцаў яе выплывала доўгая нітка, і такая роўная і тонкая, што і з найлепшым зрокам выпрасці такую было нялёгка. Час ад часу слініла пальцы і цягнула доўгае, роўнае, тонкае прадзіва; у жоўтай і нібы з косці выразанай руцэ яе круцілася і фурчэла верацяно, на высахлых вуснах свяцілася ледзь бачная ўсмешка, а зацягнутыя беллю вочы, здавалася, глядзелі ў твар унучкі і казалі: «А што? бачыш? Я хоць і сляпая, але яшчэ нечага вартая. Есці мне толькі дай, а на адзенне сама сабе зараблю».