Выбрать главу

Пятруся, семнаццацігадовая ў той час дзеўка, здаровая і румяная, хоць яшчэ, як маладая таполя, тонкая і гнуткая, сядзела на краёчку печы з вачыма, поўнымі слёз, і ўжо ледзь не заплакала над калецтвам бабкі; але, убачыўшы, што тая не плача, а, наадварот, нібы трошкі ўсміхаецца і фуркае і фуркае верацяном, стала на калені, пацалавала ёй ногі і толькі сказала:

- Добра, бабуля, буду я карміць цябе і пільнаваць, як вока ў лобе, так, як ты мяне карміла і пільнавала з малых гадоў, калі мае бацька і маці ў адзін год памерлі. Як перад Богам кажу...

Пры апошніх словах ударыла сябе кулаком у грудзі і трошкі заплакала, але плакала нядоўга, бо і сама не была слязлівая, і бабка, пагладзіўшы яе па галаве, сказала:

- Ну, цяпер да работы ідзі. Няма часу нудзіцца. Петрачыха сёння нядужая, кароў сама не падоіць і свіней не накорміць. Ідзі даіць кароў і карміць свіней.

Пятруся пайшла і, нібы жвавы дух дбайнасці, круцілася па сядзібе. Была гэта сядзіба Пётры Дзюрдзі, жонка якога хварэла, недамагала некалькі гадоў, а як дачкі ў хаце не было, а сыны былі яшчэ падлеткамі і не маглі жаніцца, то бабскую работу рабіла раней Аксеня, а цяпер пачала ўсё рабіць Пятруся. Пётра быў заможны гаспадар, які мог сабе дазволіць такую раскошу, каб ягоную хворую жонку замяняла парабчанка. Зрэшты, ад гэтай неабходнасці было не найгорш. Як раней Аксеня, так цяпер Пятруся рабіла ўсё, што трэба, з дбайнасцю жанчын, якія зусім нічога на гэтай зямлі не маюць, а людзям, якія нешта маюць, з усіх сваіх сіл мусяць дагаджаць. І дагаджалі яны, як толькі маглі. У Пётравай хаце было шмат не толькі жаночай працы, што ашчаджала і прыспорвала ўсялякае дабро, але і яшчэ чагосьці іншага, што хоць і не было неабходным для жыцця, а рабіла яго цікавейшым і радасным. Гэтыя дзве жанчыны, з якіх адна была старая і сляпая, другая - маладзенькая, жвавая і стройная, напаўнялі ягоную хату байкамі і спевамі. Аксеня ведала шмат казак, а Пятруся мноства песень. Былі там казкі і песні, вядомыя тутэйшай ваколіцы і тыя, якія Аксеня прынесла з сабой з тых далёкіх краёў, адкуль некалькі гадоў таму прывандравала. Хадзіла па свеце, шукаючы прытулку і працы, аж пакуль не прыйшла сюды, прытулілася разам з дзіцем і ўсё, што мела, аддала жыхарам Сухой Даліны. Расказвала зімовымі вечарамі казкі, пазбіраныя з розных краёў, а песням, хоць сама ўжо ніколі не спявала, навучыла сваю ўнучку, для якой роднай стыхіяй, здавалася, былі смех, рух і спеў. Адкуль у гэтай убогай сіраціны і тулячкі ўзялася такая жывасць і весялосць, што параўнаць яе можна было толькі з празрыстым і булькатлівым крынічным струменем? Цяжка сказаць. Напэўна, такой яна нарадзілася. Але шмат значыла і тое, што, зведаўшы бяду і голад, яна ніколі не зведала крыўды. Аберагала бабка, выслугоўваючыся перад людзьмі так, каб ніхто і ніколі яе не скрыўдзіў. Душы не чула ў дзіцяці, і малілася на яго, як моліцца падарожнік на адзіную зорку ў цёмную ноч, што асвятляе яго камяністую і самотную дарогу. Усіх сваякоў на сваім жыццёвым шляху страціла Аксеня. Дачка, нарадзіўшы Пятрусю, неўзабаве памерла. Зяця змёў з гэтай зямлі подых мору. Муж, упусціўшы руку ў кола малатарні, памёр у шпіталі. Сын пайшоў у войска некуды на край свету, ды так і не вярнуўся. Можа, разлайдачыўся і згінуў у астрозе, а можа, забілі яго на вайне... А яшчэ страціла яна і родную вёску, якая з пясчаным грунтам, не маючы лугоў і пашаў, была такой беднай, што не змагла даць ёй кавалак хлеба, калі спатрэбілася. Не па волі свайго жадання, а з нявыкруткі пайшла яна ў чужы свет. І хто, ведаючы гэта, папракнуі бы яе ці здзівіўся б, што ўнучка была для яе адзіным святлом, якое свяціла на цёмнай і камяністай дарозе вандроўніка. Таму і не біла, і не сварылася на яе. Праўда, і цалавала, і песціла яе рэдка. І часу на гэта не было, і, заўсёды спакутаваная, нягледзячы на пругкія мускулы і моцныя нервы, не адчувала ў тым патрэбы. Затое ніколі не з'ела лыжкі стравы, пакуль не накарміла ўнучку, нічога сабе не купіла, пакуль не апранула яе ва ўсё новае. Ноччу брала яе з сабою на печ і старанна накрывала суконнай посцілкай. У нядзелю і ў свята вучыла яе спяваць і расказвала ёй розныя гісторыі пра даўніну, пра далёкую родную старонку, пра чарцей, ваўкалакаў, бандытаў і - анёлаў, якія вартуюць сірот і распасціраюць над імі свае срабрыстыя крылы. Пятруся адчувала сябе ахінутай анёльскім крылом і часам казала сваім равесніцам:

- Яна як той анёл нада мною...

Але ніколі распачатай гаворкі не заканчвала. Слоў ёй бракавала ці, можа, сорам яе браў, што так смела патаемныя думкі свае хацела выказаць, замаўкала, апускала доўгія вейкі на шэрыя вочы і круціла пальцамі рог фартуха. Але сарамлівасць, як усялякае іншае смутнае ці прыкрае пачуццё, хутка ў яе праходзіла. Ні ў смутку, ні ў маўчанні, ні ў нерухомасці доўга не заставалася. Ідучы, падскоквала звычайна, нібы яе брала ахвота да танцаў; працуючы, падпявала сабе, нават калі ела, то разам гаварыла і смяялася. Такая была ўжо ў яе натура. Калі бабка зусім аслепла, Пятруся на некалькі дзён прыціхла і прымоўкла, але і гэта ў яе хутка прайшло. Аксеня зусім не наракала, седзячы на печы цэлымі днямі і вечарамі, спакойна сабе прала і, калі была ў яе патрэба, гаварыла з людзьмі, расказвала ім розныя рэчы, давала парады, як быццам і не сталася з ёю нічога асаблівага. Пятруся насіла ёй на печ стравы, дзьмухаючы на іх, калі былі гарачымі, бульбу расціскала лыжкай у крупніку, даставала скваркі з заціркі ці кашы. У рукі сляпой, што цягнуліся па ежу і блукалі ў паветры, укладала лыжку і хлеб і, угаворваючы, казала:

- Еж, бабуля, еж сабе, я міску патрымаю.

Раніцой у кожную нядзелю, як толькі ўсё ў хаце было перароблена, з кубкам вады і грэбенем у руках узлазіла на печ і цэлыя паўгадзіны мыла і расчэсвала бабку. Анучкай, намочанай у вадзе, мыла і шаравала яе твар так заўзята, што пару дзён потым блішчаў ён, нібы быў зроблены з жоўтай выпаліраванай косці. Потым на яе белыя валасы надзявала каптур з чырвонай ці чорнай бавоўны, а калі ў суботу мела больш, як звычайна, часу, густа абшывала яго баваўнянай стужкай ці вузкім і блішчастым галуном, тады была ўжо надта задаволеная і, любуючыся прыбранай бабуляй, ківала галавой, прыцмоквала языком і казала:

- От, як прыгожа! Ой, як прыгожа!

Аздоблены чырвонай стужкай ці блішчастым галуном касцяны твар старой, здавалася, сляпымі сваімі вачамі сурова ўзіраўся ў круглы, румяны, усмешлівы твар унучкі. Датыкаючыся жоўтым пальцам свайго чапца, старая пыталася:

- А адкуль жа ўзяла галонік?

- Пётра ездзіў у горад, дык папрасіла яго, каб купіў.

- А адкуль жа ў цябе былі грошы?

- З лета яшчэ прыхавала, калі жаць у двор хадзіла.

Старая змаўкала. Чула ў голасе ўнучкі шчырасць. Але праз хвілю пыталася зноў:

- А ці не заляцаецца да цябе хто?

Апускаючы вочы, дзяўчына адказвала:

- А заляцаецца. Дык я ж табе, бабуля, на мінулым тыдні казала.

- Сцяпан Дзюрдзя? - шаптала старая.

- Але!

- А хто больш?

- То я ж табе казала, Міхалка Кавальчук.

- Ага! то нічога... На тое ты дзеўка, каб да цябе кавалеры ўдаваліся. Але галону ад іх не брала, ні пацерак, ні грошы, ані нічога? Не брала?

- Не брала.

- Праўда?

- Далібог!

- Памятай. Ты сірата і толькі пад Божай апекай, не дайся сябе пакрыўдзіць, бо загінеш, як тая кропля вады ў вялікай рацэ... Я ўжо цяпер на цябе не гляджу, але Пан Бог глядзіць, і людзі таксама глядзяць. Памятай, каб на табе грэху перад Богам, а сораму перад людзьмі не было. Калі каторы любіць, дык няхай жэніцца, а як жаніцца не хоча, то ты яго пры ўсялякім набліжэнні раз, два, тры - у пысу! Дый годзе! Дзяўчына павінна быць як тая шклянка, калі яе ў вадзе крынічнай вымыюць, вось што!