Выбрать главу

Як жылося Пятрусі ў шляхецкім фальварку за тры вярсты ад Сухой Даліны, жыхары вёскі ведалі няшмат. Служыла, і ўсё. Замуж не ішла. Праз год, як яна пайшла з Сухой Даліны, Сцяпан Дзюрдзя паводле правіл і ўсіх звычаяў пасылаў да яе сватоў. Адправіла сватоў з нічым, а Сцяпан потым цэлы тыдзень піў гарэлку ў карчме і біўся з кім папала. Людзі ўжо ўсур'ёз пачалі гаварыць, што дзеўка яму нешта зрабіла, калі так забыць яе не можа і перажывае па ёй. Напіцца яму нечага дала, каб ніколі ад яе не адстаў. І навошта ёй гэта, калі яго не любіць і не хоча? Яшчэ жывая ў тыя часы Сцяпанава маці, раззлаваная за сына на Пятрусю, аднойчы злосна сказала:

- Вядома! Бабка ў яе ведзьма, дык толькі тое і выдумляе, каб людзям якую бяду зрабіць.

Неўзабаве, аднак, Сцяпан ажаніўся з дзеўкай з суседняй вёскі, і людская гамана пра Пятрусю сціхла. Бачылі яе рэдка; часам толькі дзяўчаты з Сухой Даліны, ідучы са жніва ці з сенакосу, спатыкаліся з ёю, калі таксама ішла дадому з сярпом ці граблямі, і, мінаючы дзяўчыну, гады якой ужо перайшлі за дваццатку, нібы так сабе, але ж і пра яе, пачыналі спяваць:

Гулі, гулі, шэры гусі, Шэры гусі на Дунай, Не хацела ісці замуж, Цяпер сядзі і думай!

Часам хто-небудзь са старых знаёмых, сустрэўшы яе, са шкадобай ківаў галавой ці жартаваў:

- А што, хутка вернецца твой Кавальчук?

Няхутка, але вярнуўся. Трэба было яму вярнуцца, бо меў пад вёскай пасля бацькоў спадчынную зямлю і хату, у якой тым часам сядзеў нейкі чужы чалавек, мабыць, арандатар, - гаспадарыў. Аднаго дня, у нядзелю, грымнула па вёсцы вестка пра тое, што Кавальчук вярнуўся ўжо з войска і ў сваёй хаце робіць парахункі з арандатарам. Вечарам, калі шмат людзей размаўляла, піло і танцавала ў карчме, ён сам паказаўся там. Але так змяніўся, што ледзьве яго пазналі. Пакідаючы вёску, быў нейкі сухі і хударлявы, выглядаў на падлетка, а не на дарослага, прыгожага мужчыну. Апранаўся, як і ўсе хлопцы ў Сухой Даліне, у суконную сярмягу ці світку з сіняга ці чырванаватага палатна. А зараз, дзе там! Гады вайсковай муштры і маршаў разгарнулі ягоныя плечы і грудзі. Твар, раней бледны, пакрыўся здаровым глыбокім загарам; узмужнеў ён і распраміўся: чорныя вусы выраслі над ягонымі вуснамі, вочы глядзелі смела і ўпэўнена. Апрануты быў не ў сярмягу і не ў світку, а ў сурдут з цёмнага сукна, добрыя боты на нагах, а на шыі яркая хустка. У такім адзенні з цыгарэтай у руцэ з'явіўся ў карчме. Яго віталі з усіх бакоў і захапляліся ім. Ён таксама пачаў пазнаваць усіх і вітацца. Па ім адразу можна было здагадацца, што шмат чаго на свеце пабачыў, паразумнеў, набраўся далікатнасці, але вярнуўся ў сваю вёску ахвотна. Старым знаёмым ён паставіў гарнец гарэлкі і пару кілішкаў выпіў сам, але больш наадрэз адмовіўся. Паліў цыгарэты, жартаваў, расказваў пра далёкі свет і, далучыўшыся да танцораў, вытанцоўваў мяцеліцу і круцяля з дзяўчатамі так заўзята і зграбна, як быццам ніколі з вёскі і не выязджаў. На сярэдзіне карчмы ўзносіліся такія клубы пылу, што ледзь-ледзь можна было распазнаць у іх цяжкія постаці танцораў-хлапцоў і стракатае адзенне дзяўчат. Але Кавальчука кожны мог бы адразу ж адрозніць у гэтым віруючым коле людзей, што круцілася ў густым пыле, і не толькі па цёмным сурдуце і яркай хустцы на шыі, але і па гнуткасці і прыгажосці ягоных рухаў. Гэта ён з найбольшай фантазіяй выкрыкваў пасярод танца: «Гу, га!», і пасля колькіх дзесяткаў кругоў мяцеліцы грацыёзна абводзіў сваю задыханую партнёрку наўкруг хаты. З усімі дзяўчатамі распачынаў жартаўлівыя кпіны, з усімі хоць адзін раз патанцаваў, зазірнуў кожнай у вочы, нават адну, што сарамліва ўцякала ад яго, злавіў паміж дзвярмі і печчу і пацалаваў - а пра Пятрусю ані ўспомніў, ані ў каго-небудзь не спытаўся пра яе. Нагадалі яму пра яе старэйшыя жанчыны, якія, выцягнуўшы яго з круга танцораў, цесным колам пасталі каля яго і, параспускаўшы языкі, гаварылі: так і так з Пятрусяй было, так і так, казалі. І пра тое, што адбылося паміж ёю і Сцяпанам, і што раілі ёй людзі, і куды пайшла, і як кпяць з яе часам і здзеклівыя песні ёй спяваюць. Кавальчук слухаў бабскую гаворку і смяяўся так, што блішчэлі ягоныя зубы з-пад чорных вусоў, так, што ягоны гучны рогат заглушаў часам бабскія словы, але сам не гаварыў нічога. Ні пра Пятрусю, ні пра свае намеры нічога не сказаў і, пачаставаўшы кабет гарэлкай і сырам, пачаў зноў танцаваць і гуляць яшчэ больш заўзята, чым раней. Тады стала зразумела ўсім, што пра Пятрусю ён і не думае.

- З іншым сэрцам і з іншымі думкамі вярнуўся, - казалі.

Іншыя дадавалі:

- Дзе яму зараз пра яе думаць. Прыблудная яна і толькі тое мае, што кашулю на спіне, і старая ўжо з яе дзеўка, от, хіба ёй ужо дваццаць чацвёрты год ідзе. Ён бы мог зараз ажаніцца і з паненкай якой...

Можа, тыя, што так думалі, зусім і не памыляліся, можа, сапраўды Кавальчук і не думаў ужо пра Пятрусю, і пражытыя гады, спазнаныя ўражанні зацерлі ў ім памяць пра дзяўчыну і тыя абяцанні, якія ён ёй даваў. Два тыдні не бачыў яе і не стараўся ўбачыць. Казалі, што са сваім арандатарам усё парадкаваўся, і гэта значыла, што выпраўляў яго з хаты не без гвалту і прэтэнзіі аб зруйнаванай гаспадарцы, з чым нават пайшоў у суд. Адразу было відаць, што меў намер закасаць рукавы да працы не толькі на зямлі, але і да кавальскай: бо сказаў грамадзе, што як дзед ягоны і бацька працавалі ў кузні, так і ён будзе, і хто мае ласку, хай прыходзіць да яго ў кузню. І толькі праз колькі тыдняў пасля свайго вяртання гарачым летнім днём пайшоў ён сабе па дарозе далёка-далёка паміж шырокіх палёў. У белым палатняным сурдуце і ў вайсковай шапцы на галаве ішоў ён, відаць, без мэты, павольна, паліў цыгарэту і разглядваўся трошкі ў розныя бакі, як звычайна робіць заможны кавалер, што ведае сабе цану і якому ні пра што галава не баліць... Так зайшоў ён ажно за бярозавы лясок, што рос на адным з навакольных пагоркаў, а за ім ляжала поле, пакрытае збажыной. Якраз сёння гэтае збожжа пачалі жаць: некалькі жнеек пахіліліся над залацістай хваляй, якая падчас мерных рухаў іхніх рук, здавалася, кланялася ім да ног. Кавальчук спыніўся на ўскрайку лесу і глядзеў на адну са жней, якая, выпрастаўшыся, падняла ў руках вялікі сноп жыта і, ступіўшы некалькі крокаў, кінула яго туды, дзе ўжо ляжала шмат такіх снапоў. Потым, бліснуўшы сярпом у паветры, пахілілася зноў і пачала жаць, жнучы, набліжалася яна ўсё больш да таго месца, дзе стаяў Кавальчук, але галавы не ўзнімала зусім і толькі рукі яе рухаліся хутка, усё хутчэй і хутчэй, крэслячы сярпом над зямлёй сталёвыя бліскавіцы. Кавальчук трошкі прыадкрыў рот і ўглядваўся ў гэтую жняю, як у люстэрка, адкінуў недакураную цыгарэту і скрыжаваў на грудзях рукі. На ўскрайку лесу паміж бяроз стаяў, як слуп, і хаваў усмешку пад чорным вусам. Здагадаўся, што жняя, якая набліжалася да яго, нават схіліўшыся добра бачыла, што ён там стаіць, і часам кідала на яго позіркі з-пад павек, але не адзывалася ані словам і галавы не ўзнімала, а проста ўсё хутчэй і энергічней жала. Калі нарэшце апынулася за некалькі крокаў ад яго, Кавальчук азваўся сам:

- Добры вечар, Пятруся!

Тады і яна выпрасталася, апусціла рукі з сярпом на спадніцу і адказала:

- Добры вечар.

Але не глядзела на яго, павекі з доўгімі вейкамі закрывалі ёй зрэнкі; павярнулася да яго бокам і, здавалася, нечага чакае альбо проста хвіліну адпачывае ад працы. Кавальчук грацыёзна абапёрся локцем аб сук дрэва, ля якога стаяў, і, мружачы вочы, прамовіў зноў:

- Ці ж гэта добра старому знаёмаму паказваць такую абыякавасць?

Жняя паціснула плячмі і, не ўздымаючы павек, як бы гнеўным тонам буркнула:

- Якая там абыякавасць!

- А як жа! Ці ж так Пятруся павінна са мной павітацца?

- Калі хто са мной не вітаецца, дык і мне вітацца няма патрэбы!

Кавальчук пакінуў дрэва, аб якое апіраўся, і ступіў да яе. Вочы яе былі ўвесь час апушчаныя, а рукі з сярпом ападалі на спадніцу. Жала яна ўжо некалькі гадзін, дзень быў спякотны і густыя кроплі поту блішчалі на яе лбе і шчоках амаль такіх жа чырвоных, як палявы мак, які з цёмных яе валасоў ападаў за вуха. Кавальчук глядзеў на яе, не адрываючыся. Здавалася, што прыглядаўся да тых кропляў поту, якімі быў густа абсыпаны яе твар.