Выбрать главу

- Што ж ты?.. - пачаў зноў. - Працуеш, а гаруеш...

- Гарую, - адказала.

- Як той вол у ярме?

- Як той вол...

- У чужых людзей?

- У чужых.

- І старую бабулю пры сабе корміш?

- Кармлю.

Зноў ступіў да яе крок.

- А чаму за Сцяпана Дзюрдзю не пайшла? - спытаўся.

- Бо не хацела, - адказала.

- А ўгаворвалі людзі?

- Угаворвалі.

- І бабуля казала?

- Казала.

- То чаму ж не ішла? Трэба было ісці, ва ўласнай хаце б працавала, у куплены паркаль убіралася б, штодзень яечню са скваркамі ела...

На гэты раз дзяўчына хутка пераступіла з нагі на нагу і адказала:

- Няхай Сцяпанаву яечню свінні ядуць...

- А зараз дзяўчаты здзеклівыя прыпеўкі табе спяваюць, што нібы ўжо старая дзеўка з цябе.

Паціснула плячыма.

- Няхай спяваюць.

Кавальчуковы вочы заіскрыліся, а рукі трошкі задрыжэлі.

- Што ты так да мяне гаворыш, нібы не гаворыш... як да сабакі якога... Кіне слоўка і зноў маўчыць, і ў вочы нават не гляне... што я табе злога зрабіў?

На гэты раз Пятруся серп з рук выпусціла і, падносячы рукі да галавы, зажалілася:

- Ой, зрабіў ты мне, зрабіў нядолю для ўсяго жыцця і пасмешышча для людзей... Два тыдні таму вярнуўся, а пра мяне і не ўспамінаў, ані прыйшоў добрае слова сказаць, ані ў той бок, дзе я была, глянуць...

Устрымала слёзы, якія амаль сыпаліся з яе вачэй, схілілася па серп, нібыта збіраючыся пайсці, і ледзь не з плачам, гнеўна загаварыла:

- Не хочаш ты мяне, не хачу і я цябе... Ідзі ажаніся з Лабудовай дачкой... найбагацейшая ва ўсім сяле і вочы мае такія, што адно ўправа глядзіць, другое ўлева... Ідзі да Лабудовай дачкі... З Богам ад мяне.

Вось жа гэтыя вочы, якія ў Лабудовай дачкі былі касыя і непрыгожыя, валодалі ў Пятрусі такімі чарамі, што мацнейшых ад іх ніякая ведзьма прыдумаць не магла. Зрэшты, нічога надта асаблівага ў ёй не было. Такіх зграбных і свежых, як яна, можна было знайсці на свеце мноства. Але вочы яе былі такія, што проста гаварылі і гэтай гаворкай сваёй прыцягвалі, як залатым шнурам. Расказвалі яны пра ўсю яе душу, пра якую вусны шмат казаць не ўмелі і не маглі. І зараз у шэрых яе зрэнках, што ўзіраліся ў твар Кавальчука, была такая жаллівая скарга і жаласная просьба, прыроджаная весялосць і такая туга, што Кавальчук ухапіў яе за руку і трошкі прыцягнуў да сябе.

- Мяне чакаючы за Сцяпана не ішла? - прыспешаным шэптам спытаўся.

- А каго ж?

- А цяжка было жыць?

Выціраючы слёзы са шчакі, пальцам, на якім ад сярпа ці нажа засталася чырвоная драпіна, адказала:

- Цяжка.

- Мяне чакаючы, у такой бядоце і людскім здзеку жыла? - пытаўся зноў.

- А каго ж?

- Пабажыся!

Пальцы на крыж склала і ўзняла вочы да іскрыстага блакіту неба.

- Божа і Найсвяцейшая Панна засведчаць, што я за табой уласнай душы не чула і так цябе чакала, як той птушкі, якая, калі прыляціць, то ўжо сонца засвеціць і вясна настане...

Тады ўхапіў яе і пацягнуў паміж бяроз у гай.

- То ж і дачакалася, бо як Бог ёсць на небе, то я цябе за жонку вазьму і гаспадыняй у сваю хату ўвяду. Забыўся трошкі пра цябе, гэта праўда, але як толькі тваё гараванне і гэты твой цяжкі лёс убачыў, то сэрца мне нешта як кляшчамі сціснула, а як твае вочы на мяне паглядзелі, то нешта ўва мне расплылося, як той мёд...

Сярод зялёных бяроз, у павевах ветру і шчэбеце птушак, прыціскаў яе моцна да грудзей, рукой, быццам створанай для кувалды і молата, выціраў слёзы з яе шчок; і вусны, з якіх выляталі то смех, то рыданні, закрываў пацалункамі...

Доўга потым людзі ў Сухой Даліне гаварылі, што Пятруся і гэтаму таксама нешта зрабіць была павінна. Бо калі гэта хто чуў, каб хлопец, асабліва як у шырокі свет пойдзе, шэсць гадоў пра дзяўчыну памятаў, а яшчэ такі, якому найбагацейшыя дзяўчаты вешаліся на шыю; каб ён ажаніўся з дзеўкаю не такой ужо і маладой, зусім беднай і прыблуднай... Сцяпану зрабіла і гэтаму зрабіла, толькі таму адрабіла потым, а гэтага ўжо сабе забрала. Нейкае такое зелле ведае, ці што? А можа, і яшчэ што горшае...

ІІІ

Пятруся і сапраўды ведала мноства спосабаў, каб даць раду ў самых розных жыццёвых выпадках, карысталася імі сама і дараджала іншым, і ніколі не сумнявалася ў іхнім выніку. Зведалі гэта на сабе адначасова, але па-рознаму Пётра Дзюрдзя і Якуб Шышка. Першы быў адным з найбагацейшых гаспадароў у Сухой Даліне. Ці нейкі лепшы, чым іншым, выпаў ім надзел, ці былі яны больш цвярозыя і працавітыя, як іншыя, але ўжо Пётраў дзед, бацька і сам ён лічыліся ў вёсцы багацеямі. Атрымаўшы вольнасць, Пётра пабудаваў хату, якая выглядала акуратнай заможнай сядзібай. З комінам, двума вялікімі вокнамі, малым ганкам і пабеленымі звонку сценамі. Унутры нічога асаблівага на першы погляд нельга было заўважыць. Сені, вялікая хата і камора. У хаце вялізная печ, дзе варылі страву і пяклі хлеб, лавы, сталы, кросны, гаспадарчае драўлянае начынне, усё так, як у іншых. Але зазірнуць у камору, у аборы, стайні, адрыну! Там ужо ўсё было незвычайнае. Нават у самы вялікі неўраджай не бракавала збожжа, бо з году ў год заўсёды заставаўся нейкі запас, і лішак адных гадоў пакрываў нястачу іншых. Чатыры каровы, двое коней, з якіх адна кабыла штогод прыводзіла жарабятка, шэсць авечак, свінні, куры, галубы, што гнездзіліся на даху, у садзе густы вішняк, змяшаны з дзікімі грушамі, якія прыносілі к зіме адборныя гнілушкі, усяго там было ўдосталь. У каморы на паліцах і на зямлі цясніліся мяхі і збаны з усялякім дабром, чарнелася сцяна ад панавешаных на ёй маткоў нітак. Скрыні, што стаялі пад сцяной, былі запоўненыя да берагоў мужчынскай і жаночай вопраткай, а таксама непакроенымі яшчэ сценамі старога палатна - штыўнага даматканага ў сінія і чырвоныя пасы, вытканага на хатніх кроснах. Але не толькі незвычайны дастатак вызначаў Пётраву хату, поўнілася яна таксама і нязвыклым спакоем. Пётра быў чалавек флегматычнага характару, павольны ў рухах, паважны ў размове. Ягоная жонка, высокая, прыгожая і лагодная кабета, яшчэ ў маладосці занемагла на рэўматызм і ўсялякія іншыя хваробы, якія зрабілі яе таксама запаволенай і менш ахвочай да сварак, чым іншыя жанчыны. Яна часта стагнала і доўга, падрабязна жалілася на сваё цярпенне, у каго толькі магла, прасіла рады. Калі боль надта пачынаў дакучаць ёй, плакала ў куце альбо лямантавала на ўсю хату, але ніколі не сварылася з мужам. Дзе ўжо ёй там з аслаблымі нагамі і пакручанымі пальцамі на руках, ёй, няздары, якая, як пані, патрабавала служанак, яшчэ і сварыцца. Вялікім шчасцем для яе было ўжо тое, што муж яе з хаты не выгнаў; за недалужнасць не лаяў, а нават часта, злітаваўшыся, жаласна ківаў галавой і па-людску з ёй гаварыў. Была досыць разумная, каб цаніць гэтае шчасце і ўсялякую волю мужа так шанаваць, як бы гэта была Боская воля. З гэтага пункту гледжання яе разважанні былі простымі. У хвіліны шчырасці яна гаварыла суседкам:

- Чаму ён ажаніўся са мной? Не дзеля пасагу ажаніўся, бо не было ў мяне яго, але дзеля таго, каб у хаце мець добрую гаспадыню. А якая ж з мяне гаспадыня? Да працы рвуся, як той конь да студні. Што магу зраблю, але мала магу. Як хвароба схопіць, дык і рукі да ўсяго апускаюцца. Але ён мне на гэта ніколі нічога, хоць бы адно злое слоўка сказаў. Церпіць і маўчыць. Яшчэ часам і спытаецца: «Можа, табе, Агатка, трэба што? Можа, цябе зноў да знахара завезці?» Добры чалавек. Дык я яму не праціўлюся ні ў чым. Хай яму і Пан Бог Найсвяцейшы таксама не робіць супраціву...

Зрэшты, працівіцца Пётру было б нялёгка. Былі і ў яго прыступы гневу, рэдкія, але страшныя. Можна сказаць, што ў яго натуры, ціхай і сур'ёзнай, тым большыя выбухалі буры, чым яны павольней і даўжэй выспявалі. Калісьці ў маладыя гады быў ён паслухмяным сынам і дбаў пра сваіх бацькоў. Але сталася так, што маці ад старасці трошкі здзяцінела і дакучала яму ўвесь час сваркамі з нявесткай. Аднойчы, калі замкнула камору, і ён, вярнуўшыся з поля, не меў згатаванай стравы і застаўся галодным, ударыў яе так моцна, што старая занемагла, паляжала на печы нейкі час і памерла. Можа, яна памерла і не ад сынавага ўдару, бо перад тым ужо ў яе амаль не было ніякіх сіл, але Пётра гэта так узяў у галаву, што доўга як непрытомны хадзіў па свеце. Жонцы і куму, якога надта любіў, тады сказаў, што сам сябе пачаў баяцца, нібы ўжо д'яблу душу запрадаў. З таго часу і стаў такі набожны. У касцёл ездзіў і спавядаўся часцей за іншых, ідучы за плугам, часам прамаўляў пацеры, у кожнае ўрачыстае свята клаў на ахвяру да касцельнага алтара вялікія боханы хлеба і тоўстыя скруткі палатна. Думаў, відаць, што крыўда, зробленая мацеры, аддала ягоную душу ў д'яблава валадарства; і гэтая думка напаўняла яго трывогай і жаданнем ачысціцца перад Богам. З часам гэта прывяло яго да нейкіх містычных схільнасцяў, якім не давала разрасціся штодзённая і цяжкая фізічная праца, але якія выяўляліся ў крыху летуценным паглядзе, якім калі-нікалі глядзелі ягоныя шэрыя вочы на свет з-пад густых брывоў, а таксама ў надзвычайнай зацікаўленасці цудамі, чарамі і ўсялякімі апавяданнямі пра надпрыродныя з'явы. Схільнасць гэтая яшчэ павялічылася пасля выпадку, што здарыўся ў дзяцінстве з ягоным малодшым сынам Ясюком. Хлопчык з'явіўся на свет якраз тады, як Петрачыха пачынала хварэць, і, калі меў недзе пяць гадоў, высах і зжоўк так, што стаў больш падобны на васковую фігурку, чым на дзіця. Ногі ягоныя былі скрыўленыя ўсярэдзіну, рот вечна адкрыты, калі хацеў бегчы, - падаў. Клеменс гадаваўся здаровым і рос нібы на дражджах: як увысь, так і ўшыр, а над Ясюком плакала маці, суседкі жаласліва ківалі галовамі, а бацька, паводле свайго звычаю, паціху і паволі нешта буркаючы, часам панура звешваў галаву. Дайшло да таго, што Агата, якой абрыдлі і хлопчыкавы капрызы і ўсюдычаснае пільнаванне яго, як быццам ён праз столькі гадоў не перастаў быць яшчэ немаўляткам, у гневе і жалю аднойчы сказала суседкам: