- От, няхай бы Пан Бог яго ўжо лепей сабе забраў...
Тады Пётра разгневаўся зноў. Ад смерці мацеры цягам доўгіх гадоў не гневаўся ніколі: цяпер зноў напала на яго злосць і, можа, пабіў бы жонку, калі б яна з плачам не прыпала да ягоных рук, просячы злітавацца над яе хваробай і нядоляй. Толькі жахліва крычаў, суседак жа, што сваёй гаворкай цвелілі мацярынскую шкадобу Агаты, з вялікім для іх сорамам выгнаў з хаты, а неўзабаве сеў з хворым хлопчыкам на воз і паехаў у пілігрымку ў святое месца. Калі ўжо там іншым Пан Бог свае цуды рабіў, то чаму і яму не мог зрабіць? Нехта яму сказаў, што дзеля здабыцця гэтае ласкі трэба купіць і пакласці на алтар адну з васковых фігурак, якія прадаюць на некаторых касцельных бабінцах. Пётра купіў такую фігурку, а яшчэ заказаў імшу за здароўе дзіцяці і выслухаў яе, кленчачы і голасна, з жарсцю, з цяжкімі ўздыхамі і біццём сябе кулаком у грудзі, прамаўляючы пацеры. Калі ля падножжа алтара хлопцы званілі на паднясенне, ён абедзвюма рукамі, прыкрытымі рукавамі баранняга кажуха, узняў свайго хлапчука ўверх, так, нібыта паказваў яго Боскай літасці, а сам, высока ўздымаючы свой цёмны, зарослы шчэццю твар, летуценным паглядам сачыў за блакітным дымам, які ўзносіўся над людскімі галовамі, бляскам свечак і алтарным аздабленнем пад змрочныя скляпенні святыні. Дзіця вярнулася з паломніцтва такім, як і ад'язджала, высахлым, зжоўклым, слабым, з крывымі ножкамі і разяўленым ротам. Але неўзабаве, можа, праз месяцы два стала папраўляцца: бялела, сыцела, выпрамлялася, проста аджывала. Папраўдзе, гэта было цёплай і сонечнай вясной, калі ўсё, што існавала на свеце, ажывала: дрэвы, травы, кветкі, а таксама і дзеці. Да таго ж Аксеня, якая на той час толькі-толькі ў Пётравай хаце асела, парадзіла Петрачысе, каб штодзень выправаджвала Ясюка на той сухі пясок, што белай лавінай слаўся на ўскрайку вёскі.
- Няхай бядачак грабецца сабе ў тым пяску, - казала, - то як яго сонейка моцна разагрэе, дзіцятка і стане здаровым. Такая ўжо святая сіла ёсць у тым гарачым пяску, што ён дзяцей лечыць, - скончыла Аксеня і загадала Пятрусі, якая тады была яшчэ малой дзяўчынкай, каб вадзіла Ясюка на пясок і там пільнавала яго і забаўляла.
Ясюк так ніколі і не стаў ані такім дужым, ані такім прыгожым і разумным, якім быў не на шмат старэйшы за яго Клеменс. Аднак выздаравеў і не енчыў так, як раней, не падаў штокрок, пачаў лепш гаварыць, пабялеў. У Пётравай хаце часта гаварылі пра гэтае выздараўленне і ягоныя прычыны. Адны з баб, набожна складаючы рукі на жыватах, казалі:
- Такі гэта Пётрава ахвяра на паломніцтве.
- Той пясок, які яму дарадзіла Аксеня, - сцвярджалі іншыя.
Пётра ж казаў:
- І ахвяра на паломніцтве, і пясок, а ўсё Пан Бог Найсвяцейшы дарадзіў, бо, - з павагаю гаварыў далей, - калі пясок мае такую святую сілу, то яму яе Пан Бог даў. От што!
- Ёсць на свеце і чартоўская сіла, - заўважыла адна з баб.
- А ёсць, - з перакананнем пацвердзіў Пётра і пасля доўгага роздуму дадаў: - Але ў пяску Боская сіла, бо от, добра зрабіў, а калі б у ім была чартоўская сіла, то б зрабіў дрэнна.
Падумаўшы яшчэ трошкі, падняў указальны палец уверх і скончыў:
- Чартоўская сіла заўсёды чалавеку дрэнна зробіць, а Божая - добра. От што!
Боскую моц яднаў тады з сабою Пётра штонядзельнымі паездкамі ў касцёл, малітвамі, ахвярамі, што складаў касцёлу ў выглядзе хлеба, сыра і палотнаў; д'ябальскай жа баяўся страшэнна, хоць ніколі яе на сабе, прынамсі відавочна, не спазнаў, меў да яе вялікую агіду і нянавісць. Калі хто-небудзь пры ім расказваў пра людзей, якія, як, напрыклад, ведзьмы і розныя чараўніцы, плялі з яе дапамогай людзям розныя злыя пасткі, пляваў з агідаю і праз зубы казаў са злосцю:
- Каб ім рукі скруціла! Каб іхняе кананне цяжкім было! Каб яны не ўбачылі Божага каралеўства!
Пра нябеснае каралеўства Пётра згадваў часта, здаецца, што было яно тым прадметам, які недзе высока, у мутных і неакрэсленых абрысах узносіўся над ім тады, калі ягоныя вочы пад густымі, навіслымі брывамі набіралі задумлівы і трохі летуценны выраз.
Аднак, трызнячы дзіўнымі вобразамі нябеснага каралеўства, дбаў ён і пра зямныя клопаты. Гаспадарку сваю вёў дбайна і працавіта, і надта ж усцешыўся, калі жыхары Сухой Даліны выбралі на пасаду свайго старасты. Тады выявілася, што не быў ён вольным ад усялякіх амбіцый і што ганаровы тытул прыемна папесціў ягонае самалюбства. Раней трымаўся трошкі няўпэўнена, а стаўшы старастам, выпраміў спіну, усміхаўся так шырока і свабодна, як ніколі дагэтуль. Пачаў хадзіць яшчэ больш паважна і, любуючыся, ледзь не ўрачыста знадворку на сцяне хаты прыбіў сінюю шыльду, на якой вялікімі белымі літарамі было напісана: «Пётра Дзюрдзя, стараста». Грамадскімі справамі, якія суседзі даверылі яму, заняўся заўзята і цярпліва. Калі захапілі яго звязаныя з пасадай клопаты і мітрэнгі, са скрухай у голасе казаў:
- Пан Езус больш цярпеў.
Альбо:
- Пан Езус у нябесным каралеўстве мяне за гэта ўзнагародзіць.
І рабіў сваё, не зважаючы ані на людское дакучанне, ані на клопаты. Часта ахоплівала яго на той час чалавечая пыха. Узнімаў палец угору, усміхаўся і характэрным для яго запаволеным голасам казаў:
- Цяпер, як той казаў, я тут першы і за ўсіх найвышэйшы...
Чытаў маралі таксама калі-нікалі старэйшаму сыну:
- Глядзі, Клеменс, будзь такім, як я, а Найсвяцейшы Пан Бог дасць табе панаванне на зямлі і каралеўства ў небе. Не пі, не пажадай чужога, што табе не належыць, працуй і чартоўскай моцы не аддавайся. Аддайся Божай сіле, а моцы чартоўскай не аддавайся, бо, як той казаў, гаспадарка загіне і душу загубіш. Вось што!
Важная падзея - выбранне вясковым старастам - адбылася ў жыцці Пётры Дзюрдзі праз гады два пасля вяселля Міхалкі Кавальчука і Пятрусі, а неўзабаве пасля гэтага надарыўся клопат вялікай важнасці для жыхароў вёскі. Вясковы склад, дзе месціліся запасы збожжа, прызначаныя на дапамогу ў неўраджайныя гады, быў такі ўжо стары, што пагражаў разваліцца. Станавы некалькі разоў гаварыў пра неабходнасць будаваць іншы, і жыхары Сухой Даліны самі адчувалі гэтую неабходнасць, але з году ў год адцягвалі пачатак работы. Вядома, палохаліся коштаў, дый новага клопату не надта жадалі. Зараз, аднак, не было як далей цягнуць валынку. Хочаш не хочаш, а склад трэба было будаваць, бо так ясна і безагаворачна загадана было зверху. У стараставай хаце аж цёмна стала ад народу, што сышоўся на нараду пра гэтую досыць складаную справу, якая вымагала выдаткаў. Пётра Дзюрдзя вёў гэтую нараду разумна, з уласцівай яму паважнасцю, радзячы, як і калі збіраць грошы на будоўлю, дзе і якое купіць за іх дрэва, каго і за якую цану пазваць, каб вымераць зямлю, на якую павінен быць перанесены новы будынак. Ва ўсіх гэтых развагах і разліках добра дапамагаў яму ягоны стрыечны брат Сцяпан, які, калі не быў п'яны альбо не ўпадаў у шаленства, быў найразумнейшай галавой у вёсцы. Меў ён над іншымі і тую перавагу, што ўмеў лічыць. Ніхто яго гэтаму не вучыў, але валодаў ён гэтай здольнасцю ад прыроды і навучыўся сам. На гэты раз быў цвярозы і ні на кога не злаваў, бо надта ж спадзяваўся на найбліжэйшых выбарах стаць вясковым суддзёю. Зараз, седзячы каля Пётры, ён разумна кіраваў сходам, хутка складаў розныя лічбы, адымаў і множыў, словам, забыўшыся на тое, што дрэнчыла яго ў штодзённым асабістым жыцці, цалкам аддаўся грамадскаму клопату. Ад гэтага занятку крыху раз'ясніўся і палагаднеў ягоны твар, заўчасна зморшчаны і найчасцей пануры і злосны. Аднак, нягледзячы на розум і павагу двух Дзюрдзяў, у хаце выбухалі часам такія жарсці, што людзі не маглі зразумець адзін другога. Усе пачыналі гаварыць адначасова, локцямі і плячамі адпіхвалі адзін аднаго ад стала, за якім сядзеў стараста, за кожны грош распачыналі сварку, на кожную прапанову адказвалі пярэчаннямі. Пётра цярпліва слухаў, некаторым, найбольш уважлівым, казаў сваё, а часам, калі суседзі пачыналі яго лаяць і праклінаць, мармытаў: