Выбрать главу

- Пан Езус больш цярпеў!

- Быдла! праклятае быдла! Каб на вас халера! - выкрыкваў гарачы Сцяпан і, адпіхваючы кулаком ад стала найбольш нахабных, пачынаў упадаць у шаленства. Але раптам сварлівую калатнечу мужчынскіх галасоў нібы вастрыём нажа перарэзаў вісклівы і роспачны жаночы крык.

Гэта была Петрачыха, якая, выбегшы з каморы, ламала рукі і, хістаючыся ў бакі, лямантавала немым голасам і енчыла:

- Езус мой! Езус! О Езус жа мой, Езус найміласэрнейшы!

Тут і дзеўка, што, замяняючы Пятрусю, дапамагала ў гаспадарцы, таксама выскачыла за ёй з каморы і, рвучы сабе валасы, бегаючы па хаце, яшчэ гучней і вісклівей залямантавала:

- А Маці Божая Найсвяцейшая! змілуйся! змілуйся, змілуйся! Змілуйся ты над намі, нешчаслівымі!

Мужчыны перапынілі свае спрэчкі і з адчыненымі ратамі пасталі, як слупы, водзячы аблуднымі позіркамі за кабетамі, якія нібы ў канвульсіях кідаліся па хаце. Нямала часу прайшло, пакуль гаспадар хаты напачатку ўгаворамі, а потым пагрозай апусціць ім свае кулакі на плечы здолеў дапытацца ў жанчын, што сталася. Здарылася і сапраўды нядобрае: з каморы прапала два апольцы сала, дванаццаць пар кілбас і дзесяць сцен свежавытканага палатна. Усё гэта было ўкрадзена невядома калі; некім, хто адпаведным інструментам перапілаваў унутраную аканіцу, адсунуў засаўку, што яе зачыняла, улез праз акно ў камору і выцягнуў з яе столькі дабра. Акно каморы выходзіла на гарод, у гэты позні восеньскі час пусты і гразкі, ночы восеньскія былі доўгімі і цёмнымі. Петрачыха была ў роспачы, Пётра панесеную страту не так блізка браў да сэрца, аднак перажываў і больш за ўсё абураўся невядомым злачынцам. Людзі, што сядзелі ў Пётравай хаце, паволі разышліся, так і не скончыўшы сваіх паседжанняў, якія, дарэчы, доўга яшчэ не маглі скончыць. У хаце застаўся Пётра, які, абапёршыся локцямі на стол, у роздуме сядзеў на лаве; і жанчыны, якія ля агню, што гарэў у печы, голасна разважалі пра здарэнне. Былі гэта тры Дзюрдзіхі: жонкі Пётры, Сцяпана і Сымона Дзюрдзяў. Тры цалкам адрозныя тыпы сялянак і тры цалкам адрозныя жаночыя долі. Ужо немаладая і выпетраная хваробамі, але спакойная і яшчэ досыць прыгожая Петрачыха, жонка добрага мужа, гаспадыня заможнай хаты і маці двух сыноў-падлеткаў, скрыжавала на грудзях рукі і толькі смутна ківала галавой над сваёй стратай, паціху паўтараючы:

- Якія ж дрэнныя людзі! Ай, якія ж нягодныя!

Гнуткая, як змейка, чарнавокая, смуглая і агністая Сцяпаніха была слынная на ўсю ваколіцу зласлівіца і пляткарка. Зрэшты, усе ведалі, што муж яе не пераносіць і што яны вечна б'юцца паміж сабой. На першую вестку пра тое, што сталася ў Пётравай хаце, яна пакінула нядаўна народжанае, першае за чатыры гады сямейнага жыцця дзіцятка, і, прыляцеўшы сюды, крычала, праклінала злодзеяў і лямантавала так заўзята і галасліва, як быццам яе самую напаткала ў сто разоў большая ад гэтай страта. Сымоніха, наадварот, павольна прыцягнулася з дзіцем на руках, якое было шостым ці сёмым. Была яна яшчэ нестарая і нябрыдкая, але страшэнна змардаваная, з паморшчаным ілбом і вечна скрыўленымі вуснамі. Петрачыха, хоць старэйшая і хваравітая, выглядала значна лепш за яе. Вядома, жонка п'яніцы, што сядзеў па вушы ў даўгах у жыда-арандатара, у якой была курная хата, поўная дробных дзяцей, а камора амаль пустая, дык і весела байдурыць сабе не магла. На Агаце выразна адбіваліся спакой і заможнасць, на Сцяпанавай Разаліі - нястрымны характар, даведзены амаль да шаленства цяжкім сямейным жыццём, на Парасцы - жонцы п'яніцы Сымона - клопат і нястача. Тулячы і калышучы дзіцятка, якому было мала малака ў матчыных грудзях, і таму яно роспачна крычала, са здзіўленнем, поўным амаль святой пашаноты, яна ўсё паўтарала:

- Два апольцы сала і дзесяць сцен палатна! Ой, Божа ж мой! Божа! Два кавалкі сала, дзесяць сцен палатна і дванаццаць пар кілбас... Ой, Божа ж, мой Божа ж!..

Такому багаццю, калі аж столькі рэчаў было ўкрадзена з каморы, але абкрадзеныя не галадалі, не магла яна надзівіцца і нацешыцца! Не зайздросціла, наадварот, шкадавала сваякоў, што ім такая шкода надарылася, вочы яе заплывалі слязамі. Дадавалася да гэтага жалю і адчуванне ўласнай бяды. Чорныя ж вочы Разалькі разгараліся ўсё ярчэй, блішчалі і круціліся, як у вар'яткі, а язык круціўся яшчэ хутчэй. Самыя страшныя праклёны кідала яна на невядомага злодзея, але было відаць, што заўсёды каго-небудзь ці што-небудзь праклінае. Магчыма, гэта прыносіла палёгку яе няспыннай згрызоце, якая ў іншых вылівалася б у слязах, а яе запаўняла агнём і кіпнем.

Засмучаны, але ўжо палагаднелы голас Петрачыхі прабіўся праз вісклівыя ўскрыкі Разалькі.

- Каб там невядома што, - сказала, - я-такі даведаюся, хто той злодзей.

Яна звярнулася да Пётры.

- Пятрук, - сказала прыязным голасам, які выяўляў яе спакойныя, прыяцельскія адносіны з мужам, - ідзі да Аксені... папытайся, можа, яна ведае што-небудзь такое, каб таго злодзея выкрыць...

На здзіўленне кабет Пётра ніводным словам не запярэчыў гэтаму жаданню, устаў, надзеў на галаву старую аўчынную шапку і выйшаў з хаты.

Быў восеньскі цёмны вечар; вецер шумеў у садах і калашмаціў дрэвы, на небе, як цяжкія птушкі, праплывалі прасціны хмар, то адсланяючы, то засланяючы зоркі. Забалочанай сцежкай, што вілася паміж гумнамі і платамі, высокі плячысты мужчына ў кажуху і аўчыннай шапцы ішоў трошкі прыгорбіўшыся шырокім і цяжкім крокам да сядзібы каваля. Здалёк было ўжо відаць кузню, што палымнела чырвоным святлом, і чуўся грукат вазоў, якія адтуль ад'язджалі. Перад той кузняй заўсёды як на паломніцтве ці на кірмашы. З усёй ваколіцы людзі прыязджаюць да Міхала Кавальчука, бо такога, як ён, каваля нідзе няма. Але ўжо вечар, і тыя, што сёння тут падкоўвалі коней, рабілі сякеры і абручы на колы ці прасілі направіць плугі і вазы, едуць дадому, дарогаю паміж вербамі і бярозамі, дзе гнездзяцца і енчаць лялякі. Перад адчыненымі дзвярыма кузні нікога ўжо няма, ляжыць толькі шырокае гразкае балота, разбітае коламі вазоў і конскімі капытамі. Пётра Дзюрдзя спыніўся ў гэтым балоце і колькі хвілін з нейкай прыемнасцю ўглядваўся ў сярэдзіну кузні. Запоўненая чырвоным святлом, яна яскрава аддзялялася ад цемры, што панавала навокал. У гэтым святле прыгожа вымалёўвалася постаць маладога каваля, які яшчэ не скончыў працу. У нагавіцах і кашулі з высока закасанымі рукавамі, дужы і зграбны мужчына хутка ўздымаў жылістыя рукі, штосілы б'ючы молатам па распаленым жалезе, з-пад молата дажджом сыпаліся іскры на зямлю і слупамі ўзляталі ўгору, смуглы твар з чорнымі вусамі і чарнявую ягоную чупрыну залацілі чырвоныя блікі. Працаваў спрытна і весела. Найперш весела. Штохвіліны нешта казаў хлопчыку, які быў у яго памагатым, часамі нешта напяваў сабе альбо, калі ўдар павінен быў быць больш моцным і спрытным, уздымаючы і апускаючы, нібы ў танцы, рукі выкрыкваў: