- Я да вас, цётка, з просьбай, - сказаў. - Можа, вы ведаеце які спосаб, каб таго злодзея выкрыць...
Баба хвілю маўчала, а потым пачала гаварыць сваім хрыплым і шапялявым голасам, паволі і з роздумам:
- Чаму ж мне не знаць? Ведаю. Вазьміце сіта, уваткніце ў яго нажніцы і хай двое чалавек падкладуць пальцы пад вушкі нажніц, а другія людзі хай кажуць розныя прозвішчы, розныя, якія сабе толькі згадаюць... На чыё прозвішча сіта закруціцца, той і злодзей... І гэта ўжо такая праўда, што я яе не раз, а сто разоў на свае вочы бачыла...
Змоўкла, выцягнула руку і пару разоў у сваіх жоўтых пальцах пакруціла верацяно. Каваль голасна засмяяўся.
- Глупства! - сказаў.
- Міхалка! - амаль з абурэннем гукнула Пятруся. - Ты заўжды такі! Усё табе глупства! Ой, недавярак паскудны!
Аж расчырванелася ўся, так яе абурыў недавер мужа. Ён паблажліва прыняў яе вымову і толькі паціху яшчэ прабурчаў:
- Ой, бабы, бабы дурныя!
Але Пётра з надзвычайнай увагай, сур'ёзна выслухаў словы Аксені, якая, апусціўшы руку з верацяном, дадала яшчэ:
- Можна на сіта злодзея вываражыць, можна і на Евангелле. То ўжо як дзе... у адной старане на сіта варожаць, а ў другой - на Евангелле варожыцца... То ўжо ўсё адно... як хто хоча...
Пётра паднёс руку да валасоў.
- То я ўжо на Евангелле хачу, - сказаў, а праз хвілю дадаў: - Заўсёды гэтая Божая рэч і Божая сіла..
- Ну, дык таксама ў Евангелле нажніцы ўваткнуць... - павучала бабка.
- Глупства! - засмяяўся зноў каваль, а Пятруся падскочыла і закрыла яму рукой вусны. Ён яе прыабняў, два разы перакруціўся з ёй наўкола, а потым так заказытаў, што яна, заходзячыся гучным смехам, упала на лаву. Пётра на гэтае свавольства маладых не зважаў. Яму на сэрцы быў важнейшы клопат, да таго ж усялякія размовы пра варажбу, цуды і чары праймалі яго наскрозь таямнічай і трывожнай урачыстасцю. Устаў з крэсла і з нейкай заклапочанасцю пачаў:
- Дзякую вам, Аксеня, за вашую раду... Толькі як гэта зрабіць... трэба, каб гэта зрабіў нехта, хто гэта ўмее...
- Я вам гэта, дзядзька, зраблю, - зрываючыся з лавы, усклікнула Пятруся. - Чаму не! Столькі гадоў ваш хлеб ела, а каб вам гэтай паслугі не зрабіць? От, я ўжо іду...
І ўжо абувала чаравікі. Ніколі ў вёску без чаравікаў не хадзіла. Муж, які меў з гэтага задавальненне і сваю амбіцыю, купляў для яе ўсялякае ўбранне, а ёй надта падабалася, што магла сваім шчасцем пахваліцца перад людзьмі, сярод якіх некалі была самай беднай і занядбанай. У чаравіках, у купленай паркалёвай спадніцы, у зграбнай навюткай сярмязе і квяцістай хустцы на галаве праз некалькі хвілін увайшла ў хату старасты і, пакланіўшыся нізка даўняй сваёй гаспадыні, пацалавала яе ў руку. Дзвюм іншым кабетам затое ледзь галавой кіўнула. Добра ведала, што для абедзвюх яна як соль у вочы. Адна прыпісвала ёй сваю сямейную нядолю, другая зайздросціла дастатку. Зараз на момант яны забыліся пра свае крыўды, цікавасць перамагла нянавісць. Стоўпіліся вакол Пятрусі і закідалі яе пытаннямі, але яна пачала размаўляць і жартаваць з двума гаспадарскімі хлапцамі-падлеткамі. Ведала іх амаль з калыскі: Клеменса ўшчыпнула за ружовую шчаку, а Ясюку ўклала палец у рот, які ў яго так часта быў адкрыты. Яны яе затое так ухапілі за ногі, што ўпала на ўвесь рост пасярод хаты. Бабы і дзеці аж за бакі хапаліся ад смеху. Даўно ўжо было вядома, што там, дзе з'яўлялася Пятруся, будзе шмат размоў, спявання і смеху. Адна толькі Разалька і не думала смяяцца. Уселася перад печчу на драўляную калоду, падперла рукой шчаку і панура задумалася. І раптам у хаце запанавала мёртвая ціша. Пётра выйшаў з каморы, несучы ў руках невялікую кніжку ў падзёртай вокладцы з пажоўклымі старонкамі. Гэта было Евангелле, якое з пашанотаю хаваў ён на дне скрыні шмат гадоў. З таго часу, як яго пакінуў яму па спадчыне дзед, старэнькі-старэнькі, які хадзіў з ім ад маёнтка да маёнтка, ад вёскі да вёскі, аж пакуль у Сухой Даліне ў хаце Пётры не памёр. Пётра збіў уласнымі рукамі з чатырох дошак труну дзеду, пахаваў яго па-людску, а кніжку старога жабрака, як рэч святую, пакінуў у сваёй хаце. Не адкрываў яе ніколі, бо не ўмеў чытаць, але наяўнасць яе на дне скрыні нібы сцерагла ягоную хату ад нячыстай сілы. І вось зараз з шанаваннем вынесшы яе з каморы, моўчкі падаў Пятрусі. Яна выцягнула з кішэні сярмягі прынесеныя з сабой нажніцы і ў імгненне вока зрабілася такой сур'ёзнай, што аніяк нельга было распазнаць у ёй маладзіцу, якая толькі што бегала па хаце і дурэла з падлеткамі. Зрабілася паважнай, крыху наморшчыла лоб, а ўзнятыя ўгору яе вочы набылі малітоўны выраз. Голасна ўздыхнула, уздыхнулі за ёй іншыя кабеты, нават Разалька. Пётра перажагнаўся, за ім зрабілі тое самае і абодва ягоныя сыны: рослы і дужы Клеменс з бліскучымі ад цікаўнасці вачмі і бледны, хударлявы Ясюк, з ротам, раскрытым яшчэ шырэй, чым заўсёды. Адным хуткім рухам Пятруся ўваткнула нажніцы ў карашок кніжкі і, падкладаючы пад адно вуха нажніц указальны палец, другое паказала Петрачысе.
- Трымайце ж, цётка!
Петрачыха зрабіла, што ёй загадалі. Кніжка, што вісела на вастрыі нажніц, шырока раскрыла ўніз свае старыя пажоўклыя старонкі.
- Гадайце ж зараз, - закамандавала Пятруся, - розныя, розныя прозвішчы называйце. На чыё прозвішча Евангелле закруціцца, той і злодзей...
Разалька першай выскачыла з пытаннем.
- Антон Бурак? - вымавіла запытальным тонам, прагнучы, каб кніжка ўчыніла той абяцаны рух, бо якраз учора пад ставам, палошчучы бялізну, яна пабілася з Бурачыхай. Але кніжка нават не ўздрыгнула.
- Лявон Кузяўка? - тоненькім дыскантам запыталася Сымоніха, бо быў гэта адзін з самых дакучлівых ліхвяроў яе мужа. Але кніжка засталася нерухомай.
Прозвішча за прозвішчам выляталі з вуснаў кабет і хлопцаў, ашчасліўленых тым, што могуць хоць нейкую ролю адыгрываць у гэтакай важнай дзеі. Аднак кніжка ўсё яшчэ нічога не адказвала. Урэшце Пётра, які дагэтуль не назваў ніякага прозвішча, басістым прыцішаным голасам сказаў:
- Якуб Шышка.
Нездарма паўгадзіны таму ў каваля вырасла падазрэнне на чалавека з гэтым прозвішчам. Палец Пятрусі ўздрыгнуў так лёгка, што не толькі ніхто гэтага ўздрыгвання не заўважыў, але нават яна сама яго не адчула, а кніжка павольным і таксама ледзь заўважным рухам зрабіла малы паўабарот.
- Ага! - усклікнулі хорам сем галасоў.
Пятруся выцягнула з карашка кніжкі вастрыё нажніц і, нахіліўшыся, набожна пацалавала старую вокладку. Тое ж самае пачалі рабіць і іншыя. Кніжку цалавалі па чарзе ўсе кабеты; два хлопцы цалавалі так, што, здавалася, пачалі смактаць яе, Пётра далікатным пацалункам прыклаў да яе свае вусны і адразу ж, свецячы сабе лучынай, зноў аднёс яе ў камору. Потым кабеты і хлопцы зноў вымавілі хорам: «Ага!», у якім змяшчаліся розныя пачуцці: абурэнне, радасць і ўдзячнасць да нечага таго, што ім дазволіла выкрыць злодзея. Чым было гэтае нешта, яны не пыталі і не маглі таго ўсвядоміць. Адчувалі толькі і думалі, што гэта была нейкая сіла, якая зрабіла ім паслугу за пасярэдніцтвам Пятрусі. Яшчэ ў той самы вечар агністая Разалька бегала па вёсцы, а прыбітая Параска з дзіцяткам на руках лазіла ад хаты да хаты, абедзве адна перад адной, першая хутка і горача, другая - паволі і нязвязна, расказвалі пра ўсё, што рабілася і сталася ў стараставай хаце.
Потым хадзілі ўжо толькі глухія чуткі пра тое, што адбылося паміж Пётрам і Якубам. Кажуць, першы, у рэдкім для яго, але гарачым прыступе злосці, пабіў Якуба ў ягонай уласнай хаце і прыгразіў судом, калі не прызнае сваёй віны і не аддасць украдзеных рэчаў. Якуб ведаў ужо з вопыту, што не заўсёды можна выкруціцца, і ў старэчым веку не хацелася яму трэці раз наведаць астрог. І калі сыны і дочкі з дзецьмі на руках кінуліся ў ногі старасту, просячы, каб не руйнаваў гаспадарку, вінаваты расплакаўся і ва ўсім Пётру прызнаўся: вярнуў яму два апольцы сала і пяць сцен палатна. Пра рэшту палатна казаў, што нейкім выпадкам дзесьці яго згубіў, а пра кілбасы - што іх з'елі сабакі. Плакаў, біў сябе кулаком у грудзі і заклінаў вечным збавеннем, што ўсё так і было. Сыны і дочкі, добра ведаючы, што так не было, стлуміліся моўчкі ў кутку хаты. А раптам Пётра паверыць і пяць сцен палатна і кілбасы застануцца ў хаце! Пётра не паверыў, але злосць яго трошкі прайшла, бо, зрэшты, ведаў, якой беднай была Якубава хата і колькі там было людзей. Столькі людзей губіць за віну аднаго і самому набрацца немалых клопатаў. Таму махнуў рукой, забраў тое, што яму аддалі, а пра тое, чаго не аддалі, прабурчэў праз зубы: