Выбрать главу

- Пан Бог Найсвяцейшы гэтую маю крыўду ў нябесным каралеўстве аддзячыць...

Так усё і пакінуў, але іншыя жыхары вёскі доўга не маглі пра гэта забыцца. Не забыўся пра гэта найперш Якуб, які з таго часу, калі ні сустракаў Пятрусю, пляваў у яе бок і са злосцю бурчаў:

- Згінь, прападзі, нячыстая сіла!

Нішто на свеце не здолела б парушыць у ім пераканання, што нейкая таямнічая сіла, якую ведала толькі яна, выкрыла ягоны ўчынак. Узненавідзеў яе, але разам з тым пачаў і баяцца. Баяцца яе таксама пачалі і некаторыя з жанчын, але былі і такія, што надта яе любілі. Маладой Лабудзісе, напрыклад, калі тую трэсла страшная ліхаманка, дарадзіла яна ранняй вясной зірнуць на толькі што вылупленае кураня ці качаня і ў той жа хвілі як мага хутчэй завязаць вузел на хустцы ці фартуху.

- Як рукой здыме, - пераконвала.

І сапраўды, як рукой зняло. Лабудзіха, якая пачала ўжо сохнуць, брыдчэць і траціць сілы, пазбавілася ліхаманкі; і была надта ж удзячная Пятрусі, бо не было як хварэць за маладым мужам і свёкрам, якім патрэбна была працаўніца. Адну жанчыну з цяжкай цяжарнасцю Пятруся напаіла адварам, зробленым з дзесяці зёлак, які называўся дзевяціранка і таксама прынёс вялікую карысць. У хаце ў яе заўсёды было поўна сушаных зёлак, з якіх кожная служыла ад розных хвароб. Ад горла давала брунэльку, ад кашлю - мальву і дзіванну, ад болю ў крыжы - крываўнік, ад сціскання ў жываце - чабор і мяту. Супраць адных хвароб раіла белую канюшыну і вішнёвую кару, саскрабаную з дрэва ўніз, супраць іншых - ружовую канюшыну і тую ж самую кару, толькі саскрабаную ўверх. Дзяцей, у якіх былі сутаргі, клала на дошку пасярод круга, намаляванага крэйдай, а тых, што пакутавалі ад кохліку, паіла сокам з рэдзькі, не з чаго іншага даваным, а толькі з самой рэдзькі, выдлубанай у форме келіха. Словам, была незаменным дарадцам сродкаў, што дапамагалі ад найбольш распаўсюджаных у вёсцы хвароб. І не толькі ведала гэтыя сродкі, але заўсёды давала іх з вялікай прыязнасцю і ахвотай. Іншыя бралі б за гэта яйкі, лён, палатно, курэй, збожжа і Бог ведае яшчэ што. Яна - не. Нічога ніколі за свае парады не жадала, а калі якая з жанчын прыносіла ёй што-небудзь у фартуху ці хустцы, не брала. Руку з працягнутым дарункам адштурхоўвала і казала:

- Не хачу, не трэба, нашто мне гэта? Я з зычлівасці...

І праўда, была зычлівай да людзей. Бывала, калі ідзе вёскай і сустрэне якую знябожаную жанчыну ці занядбанае дзіцятка, спыніцца і запытае:

- А што з табой? А дзе баліць? А можа, гэта ад якой згрызоты? А якая ж у цябе згрызота?

Выпытаўшы, часам якое зелле ці што іншае на людскую бяду параіць, а калі рады не прыдумае, то з дарослым пра ягоную бяду пагаворыць і галавой паківае, дзіцятка на руках пакалыша, пацалуе худое цельца, а потым ужо сваёй дарогай ідзе. Старая Аксеня, чуючы, як людзі да яе па параду прыходзяць, маўчала год ці два, а потым чагосьці занепакоілася і пачала дакараць унучку. З вышыні сваёй печы казала ёй:

- А чаго ж ты, як тая сучка, увесь час перад людзьмі язык вывешваеш? Тое і тое пі, так і так зрабі! Не будзеш ты за гэта мець падзякі, яшчэ ведзьмай цябе зробяць...

Пятруся абаперлася рукой на мятлу і задумалася. А потым з роздумам сказала:

- От, бачыце, бабуля, мне здаецца, што калі Пан Бог даў мне шчасце, то я гэты свет надта ж палюбіла... І раней я яго любіла, але калі Міхалка са мной ажаніўся, палюбіла яшчэ больш... А зараз што? Міхалка ўсё лепшы... і дастатку ўсялякага прыбывае, і дзеці прыбываюць, і ўсё мне на свеце лепш і лепш, а я той свет люблю больш і больш, і ўсё, што ёсць на свеце, люблю... і сонейка, гэтае божае цяпло, і зоркі гэтыя божыя ясненькія, і гэтыя шумлівыя дрэвы, і пахучыя кветкі, і ўсіх людзей, і кожнае жывое стварэнне... Усё люблю... і Кусага люблю... Кусы! Кусы! на, на табе!

Кінула чэрствую скарынку хлеба брыдкаму рабому сабаку, пагладзіла яго па шорсткай поўсці і, падмятаючы далей падлогу, заспявала на ўсю хату:

Там на доле, на прыгоры, Пасеялі проса, Ой, там хадзіў Ясюленька Да дзяўчыны боса!

Аксеня хацела яшчэ падакараць.

- Ой, маладая, дурная! - шаптала, але сонечны прамень, што ўпаў праз акно, лагодна лашчыў яе старую галаву, а хату напаўняў пах смажанай саланіны і вясёлы галасісты спеў унучкі. Як там было гэтай шчаслівай растрапанцы даваць нейкія напамінкі ці варажыць злое? І сама ж у шчаслівай усмешцы расцягнула свае вузкія вусны ад вуха да вуха і, трошкі пахіліўшыся набок, пільна ўслухоўвалася, ці не абудзіцца часам і не заплача ў сваёй калысцы маленькая Крысечка. А то ўжо рукі ад прадзення забалелі і добра было б патрымаць на каленях праўнучку!..

ІV

Пасля Стасюка і Крысечкі нарадзілася Галенка, а пасля Галенкі прыйшоў на свет Ядамак, і ўжо чацвёра дзяцей, з якіх найстарэйшаму было шэсць гадоў, здарова і вясёла гадаваліся ў хаце каваля ў той час, калі жыхары Сухой Даліны расклалі вогнішча з асінавых дроў на скрыжаванні дарог. На гэты агонь, нібы той начны мятлік на згубу, зваблены бляскам полымя, першая прыйшла Пятруся. Значыць, была яна той злоснай і нячыстай сілай, якая ў некалькіх хатах адабрала ў кароў малако. Калі б замест яе на гэты агонь прыйшла іншая жанчына, вяскоўцы б таксама вельмі занепакоіліся і моцна падазравалі яе, аднак гэтыя падазрэнні былі б не без сумненняў. Каб упэўніцца ў гэтым, патрэбны быў шэраг папярэдніх фактаў. Тут жа ніхто не мог запярэчыць, што мінулае якраз і пацвярджала тое, што адбылося зараз. Нікому невядомае дзіцятка прывандравала калісьці сюды са старой бабкай, якую нейкая сіла, добрая ці злая, гнала па свеце. Было відаць па ўсім, што бабка хадзіла шмат па свеце і знала столькі, колькі не зналі ўсе разам узятыя вясковыя жанчыны. Адкуль жа ўзяліся ўсе гэтыя яе веды? А потым яна аслепла. Ці не было гэта часам Боскай карай за нейкія ліхія ўчынкі, зробленыя калісьці на вачах у людзей, альбо за нейкія стасункі з нячыстым? А тое неспатольнае каханне, якое бедная дзяўчына-прыблуда абудзіла ў адным з самых багатых гаспадароў, Сцяпане Дзюрдзю? А гэтае замуства з хлопцам, які не бачыў яе шэсць гадоў і не забыўся? А гэтае выкрыццё злодзея? А ўсе яе лекі і парады? Паводле яе прыкладу цяпер усе дзеўкі палілі венікі, калі хацелі прывесці ў дом гасцей; у выніку яе перасцярогі ніхто ніколі не падняў з зямлі вяровачкі, звязанай у вузельчыкі, бо адразу ж набраўся б бародавак. Шчыра кажучы, добры запас падобнай жыццёвай мудрасці існаваў у Сухой Даліне і ўвогуле ва ўсёй ваколіцы незалежна ад Пятрусі, яшчэ да яе прыходу ў гэтыя мясціны. Папраўдзе, ад дзядоў і прадзедаў ніводная з тутэйшых жанчын у дні, што аддзялялі Божае Нараджэнне ад Свята Трох Каралёў, нізашто на свеце ні разу не пакруціла б верацяном, бо тады вясной усялякая хатняя птушка паздыхала б ад завароту галавы. Ніводная ў дзень Паднясення Святога Крыжа не хадзіла ў лес па грыбы і ягады, бо тады навяла б усю лясную жамяру і гадаў на сваю хату. Ніводная, жнучы, не ўпускала з пільнай увагі, каб выпадкова не зрэзаць сярпом звязаных ці заламаных каласоў, бо звязвае іх так альбо заломвае незычлівая рука на няшчасце той, якая іх сажне. І шмат, шмат падобных прыкмет і звестак ад дзядоў, прадзедаў мелі насельнікі Сухой Даліны, але Аксеня і яе ўнучка ведалі іх значна больш. А гэтае сённяшняе багацце каваля і ягонай жонкі? Хата заледзьве не як тая сядзіба ў якім шляхецкім маёнтку, воз, нібы брычка, абкаваны, сытая кабыла на выезд, каровы, авечкі - усяго поўна. А ў хаце самавар і бліскучыя лыжкі, і адна-другая белая талерка. Адкуль у іх усё гэта? Даўно ўжо Сцяпанава Разалька, а за ёй і іншыя на ўвесь голас дзівіліся і пляткарылі, што каваліха, бы якая пані, гарбату дома п'е, сукенку з купленага паркалю носіць, часам завязвае ў касцёл напаўядвабную хустку, а сам ён у куртках, сурдутах ходзіць, у добрых ботах, зграбных шапках, а сярмягі і аўчыннай сялянскай аблавушкі на ім і не ўбачыш ніколі. Разалька аж раз'юшыцца, а разлезлая Параска аж заплача, калі спытаюць саміх сябе і суседак: адкуль у каваля і каваліхі столькі багацця? Суседкі, асабліва маладая Лабудзіха, якая вельмі любіць Пятрусю, згадваюць пра тое, што Міхалка, відаць, прывёз трохі грошай і зарабіў сваім рамяством, што і цяпер ён надта працавіты, і людзі з работаю да яго як у пілігрымку едуць, што ў каваля добрая зямля, што Пятруся дбайная гаспадыня і г.д. Але Разалька і Параска, а за імі і іншыя жанчыны пагардліва хітаюць галовамі, запытальна паглядаюць на Якуба Шышку, які найчасцей прысутнічае пры тых гаворках і які, урачыста выпрамляючыся, кажа: