- Чорт ведзьме праз комін грошы носіць. Вось адкуль у іх тое багацце.
Цяпер стары Шышка трыумфаваў.
- А што, - казаў, - хто прыйшоў на агонь? Хто каровам малако адабраў?
Вёска была вялікая, і не ўсіх гэта цікавіла. Але ў некалькіх хатах у гэты вечар кіпела, як у катле. Мужчыны дзівіліся і абураліся, паціскалі плячмі і сціскалі кулакі, але, як звычайна, пакуль ім гарэлка не развяжа языкі, гаварылі няшмат. Бабскія ж языкі затое круціліся, як жорны. Разалька, хуткая, як вавёрка, сыкаючы, як вужака, вілася паміж людзей па розных хатах і панадворках яшчэ тады, калі за гадзіну да поўначы спявалі пеўні. Сцяпан з дзіцяткам на руках увайшоў у пустую хату, распаліў печ, запаліў і ўваткнуў у сцяну лучыну, а потым схіліў свой паморшчаны і суровы твар над хлопчыкам, што спаў у ягоных абдымках. Ці ж сапраўды жывому дзіцятку належала гэтая бясформенная галава, з рэдкімі льнянымі валосікамі, з апухлым тварам і заплюшчанымі павекамі, бялявыя вейкі якіх ляжалі на жоўтых васковых шчоках. Пры святле лучыны Сцяпан углядаўся ў гэты твар. Чаму ягоны сын быў такі мізэрны, калі ён сам быў адным з самых высокіх і дужых сялян у сваёй вёсцы і ва ўсёй ваколіцы? Вечна сцятыя нейкай пакутай, Сцяпанавы вусны зашапталі над самым тварам дзіцяці:
- Ой, бядачак ты, бядачак! Калі ты быў у жываце маці, бацька твой біў жонку, бо ненавідзіць яе... а калі ты ледзьве ад зямлі адрос, паскудная матка рыдлёўкай цябе па галаве ўдарыла.
Суровасць ягонага твару растаплялася ад болю. Пацалаваў у лоб дзіцятка, і яно абудзілася, абняло ручкамі ягоную шыю:
- Татка, есці!
Адной рукой прытрымліваючы яго каля грудзей, другой сягнуў у бяздонную глыбіню печы і выцягнуў адтуль гаршчок з рэшткамі нейкай ледзьве цёплай стравы. Гэта быў крупнік. Узяў драўляную лыжку і ўліваў ёю крупнік у дзіцячы рот. Частка крупніку вылівалася з лыжкі і з вуснаў дзіцяці, хлопчык круціўся і смяяўся; Сцяпан таксама пачаў усміхацца ўсімі незлічонымі маршчынамі свайго твару. Аднак неўзабаве зноў панура нахмурыў бровы, і з вуснаў яго вылецеў ціхі праклён. Чаму ў ягонай заможнай хаце пануе такая нястача, што вось сваё дзіця павінен карміць халоднымі рэшткамі крупніку, а сам застанецца галодным, бо няма чаго з'есці? Камора ж поўная. Так, але хата пустая. Дзіцятка ў ёй толькі адно, а жонка лётае па свеце з вывешаным, як у сучкі, языком.
- Сучка, - прабурчаў і зноў вылаяўся.
Потым яшчэ раз сказаў дзіцяці:
- Ой, каб тая была тваёй маткай, не так бы ты выглядаў...
Праз нейкі час, пакладзенае бацькам на сяннік, дзіцятка зноў заснула, а Сцяпан, з'еўшы прынесены з каморы скрыль сала з акрайцам хлеба, сядзеў ля сцяны на лаве і драмаў. Сёння ён цэлы дзень араў, таму быў такі стомлены, што ажно ўвесь ківаўся то ўзад, то ўперад. Але спаць не клаўся. Чакаў жонку. Ці гэта была праява сямейнай чуласці? Гэта спазнала Разалька, калі за гадзіну да поўначы вярнулася дахаты. Вярнулася вясёлая. Ашчаслівіла яе тое, што сёння злавілі Пятрусю на гарачым, тады, калі яна рабіла шкоду людзям і што цяпер не толькі ўсёй вёсцы, але і Сцяпану яна стане гідкай. Гэтае апошняе спадзяванне напаўняла яе істоту невыказанай прыемнасцю. Яна ж сама выйшла за Сцяпана не па прымусе, не з-за хцівасці, а кахаючы яго. Асцерагалі яе людзі, што ён надта злосны.
- Я ўжо дам яму рады, - казала. - На злосць ёсць злосць, і невядома яшчэ, хто каго пераможа. Хай б'е, толькі каб любіў.
Але хутка пераканалася, што ён яе не любіў, а ўзяў толькі дзеля таго, каб пасля смерці маці ў хаце была гаспадыня. Тую ж любіў, і яшчэ як! О, калі б не баялася злачынства і суду, то ўжо ж тую сто разоў бы забіла! Але цяпер яна ўжо і так мёртвая. Ведзьма, што шкодзіць людзям, што з нячыстым спазналася. Цяпер ужо і Сцяпан плюне на яе, як толькі ўбачыць. Гэтая надзея зрабіла яе шчаслівай і абудзіла пяшчоту. Усунулася паціху ў хату і, убачыўшы мужа, што яшчэ сядзеў на лаве, скокнула, як вавёрка, і прысеўшы да яго, абняла рукою за шыю. Вочы яе нагадвалі два чорныя вугалькі, вузкія вусны паказвалі ва ўсмешцы бялюткія зубы. Закінуўшы рукі на мужаву шыю, хацела прыціснуцца да яго боку, як раптам ён узняў кулак і ўдарыў яе ў плечы так моцна, што ажно ўпала з лавы каленямі на зямлю. Пачаў крычаць, пытаючыся, дзе так доўга сядзела, чаму не згатавала вячэры, чаму не прыйшла да дзіцяці. Тады яна зноў выбухнула злосцю і, узняўшыся з каленяў, падпёршы бакі рукамі, пачала лезці яму ў вочы, з'едліва смеючыся і крычучы:
- Ведзьма твая Пятруся! Ведзьма твая мілая! Ведзьма твая любачка наймілейшая! Ведзьма, ведзьма!
Сцяпан сарваўся з лавы і, ухапіўшы яе за валасы, кінуў на зямлю. Крык і гвалт пабудзілі малога хлапчука, які, убачыўшы бацькоў, што біліся пасярод хаты, хуценька высунуўся з-пад радна і паціху з перапалоханым выглядам залез пад тапчан. Добра ведаў, што пасля кожнай бойкі з мужам маці хапала яго за валасы ці кашулю і, як шчаня, выкідала з пасцелі на сярэдзіну хаты. Найчасцей тады бацька браў яго на рукі і насіў у абдымках па хаце, тулячы і цалуючы, але часам, калі быў ужо надта раззлаваны, мог таксама ўдарыць яго нагамі...
Пятруся ў гэты час, зазірнуўшы ў кузню і трошкі пагаварыўшы з мужам, вярнулася дадому. Днём напрацавалася ў гародзе, полючы буракі і капусту, а за гадзіну да заходу сонца выбегла ў поле, каб трошкі нарваць сваіх любімых зёлак. Ведала, што паспее яшчэ згатаваць вячэру.
Аксеня, выведзеная ўнучкай у сад, праседзела цэлы дзень на траве, а цяпер ужо заняла сваё звыклае месца на печы. І яе акружылі трое старэйшых дзяцей. Самае малое спала ў калысцы. Летні змрок напаўняў хату. Зоркі заглядалі ў яе праз аконныя шыбы. Амаль пад самай столлю хаты варушыліся, нібы цені, цмяныя абрысы постацяў старой і малых. У цішыні, што перапынялася толькі глухімі ўдарамі кавальскага молата, хрыпеў і шапялявіў голас сляпой, і, як срэбныя званочкі, ліліся тонкія дзіцячыя галасы. Яна нешта ім расказвала, то з вялікай сур'ёзнасцю, то смеючыся сухім, клекатлівым смехам, яны ж перапынялі яе гаворку шматлікімі войканнямі і пытаннямі. Найчасцей і найсмялей адзываўся шасцігадовы Стасюк, самы любімы бацькаў першынец, патрошку ўжо памочнік мацеры ў доглядзе самага малодшага браціка, патрошку таксама ўжо апякун сляпой бабулі, якую часам карміў на печы і вадзіў па панадворку і садзе за руку. Цяпер ён быў надзвычай нечым зацікаўлены і голасам распешчанага дзіцяці закідваў прабабку сваімі пытаннямі.
- Дзе ён быў, бабулька? Дзе Ядамак быў да таго, як прыйшоў у нашу хату? Дзе ён перад тым быў?
Цікавіла яго якраз тое, адкуль з'явіўся наймалодшы брацік, які нарадзіўся месяц таму, і што ён рабіў перад тым, як з'явіўся ў хаце. Старая доўга смяялася, а потым сказала:
- У лесе Адамка быў, у лесе быў твой міленькі брацік, пакуль прыйшоў сюды.
- А што ён там рабіў? - зноў прагучала пытанне.
- Зайчыкаў у лесе пасвіў, - адказала яму бабка.
- А я дзе быў, перш чым сюды прыйшоў?
Старая, ужо не думаючы, адказала:
- Ты на высокім-высокім дрэве сядзеў і варон у паветры пасвіў...
- А я, а я? Бабулька, а я?
- Ты, Крыська, сядзела на дне сіненькай вады і пасвіла рыбак...
- Галенка, бабулька? А Галенка?
- А я, бабулька, дзе была?