Выбрать главу

Зноў змоўкла на хвіліну. Успаміны, што стаялі перад яе сляпымі вачмі і варушыліся, як жывыя, вывелі яе з папярэдняй нерухомасці. Калыхалася сваёй тонкай касцістай постаццю то ўзад, то ўперад, і перш чым зноў пачала гаварыць, некалькі разоў голасна ўздыхнула. Бельмы яе вачэй ужо не свяціліся на жоўтым твары так, як раней, бо перастаў падаць на іх бляск агню, які, паволі згасаючы ў печы, кідаў па хаце бледныя палосы святла, што калыхаліся ў змроку. У адной з такіх асветленых палос сядзела на зямлі Пятруся, ужо з закрытым ротам, абхапіўшы рукамі калені, і з неспакойным засмучаным тварам. Пад другой сцяной распасцерлася на стале і лаве магутная постаць каваля. Напэўна, з-за ашчаднасці патушыў ён лямпу, галаву абапёр на далоні і ўважліва слухаў гаворку старой. Ён заўсёды слухаў яе казкі і апавяданні з вялікай увагай і з пэўным задавальненнем, адплачваючы ёй узаемна сваімі апавяданнямі пра вандроўкі па свеце і пра розныя вядомыя і невядомыя рэчы... Так яны часта бавілі нядзельныя надвячоркі і шмат зімовых вечароў. Цяпер, хоць яму і хацелася спаць, аднак слухаў, а сляпая бабка ў змроку, што ахінуў печ, сваім хрыплаватым, шапялявым, але дужым яшчэ голасам так пачала расказваць:

- Жыла-была ў тым людным і багатым сяле дзяўчына, на чырвоную маліну падобная, гнуткая, як таполя, і такая прыгожая, што дзіваваліся на яе ўсе людзі. Маладыя парабкі дык ужо проста шалелі за ёй, а і панічы да яе прыходзілі і казалі, бывала: «Хоць зірні ты на мяне, Марцыся! Хоць разік ручку мне сваю падай!» Але Марцыся нікога не хацела, ні селяніна, ні пана. Пойдзе, бывала, да студні, як якая каралеўна, у спадніцы, стужкамі абшыванай, у каралях і бурштынах на шыі, кветкамі сабе валасы ўпрыгожыць і толькі смяецца з усіх, паказваючы белыя зубкі. І ўжо пачалі людзі злаваць на яе, і абзываць яе рознымі словамі, і надта ж да яе прыглядвацца, што яна такое робіць, што ўсе да яе ліпнуць, як тыя мухі на мёд, а яна сама дык нікога не хоча. Аж тут глядзяць, глядзяць і бачаць, што Марцыся не заўсёды вясёлая і не заўсёды дурэе з панічамі ці хлопцамі, але часам вельмі сумная ходзіць, на людзей зверам глядзіць, ідзе ў лес і сядзіць там дзень, два, тры дні, а як вернецца, нейкія таемныя зёлкі варыць, шэпчучы над імі і робячы дзіўныя знакі, а потым ужо розным людзям піць дае тыя зёлкі ад болю, ад колікаў, і ад нуды, і ад згрызоты, і ад усялякага гнёту, які толькі ёсць. Былі такія людзі, што ў яе гэтыя зёлкі куплялі і потым дзякавалі ёй і хвалілі яе перад усімі, кажучы, што яна вельмі цікаўная, і таму шмат рэчаў ведае, і ад цікаўнасці сваёй то ўжо і кахання ніякага ведаць не хоча. Мілейшай ёй была зёлка ў лесе, чым селялін на зямлі, ці паніч у дварэ. І жыла б сабе спакойна Марцыся, і рабіла б сваё, бо нікога не мела, хто б яе да чаго-небудзь прымушаў, а ў вёсцы ўжо і прывыклі да таго, што яна іншая была, чым усе дзяўчаты. Бывала, кажуць пра яе: «З іншым сэрцам, з іншымі думкамі нарадзілася». І пакідалі яе ў спакоі. Але вось на Марцысіна няшчасце закахаўся ў яе адзін дворскі чалавек, губернёр ці пісар, ці нешта такое. А яна сабе толькі жартавала з яго, як і з іншых. Стане, бывала, перад касцёлам, там, дзе і ён стаіць, як якая каралеўна, у спадніцы, стужкамі абшыванай, у тонкай кашулі, у каралях і бурштынах на шыі і смяецца з губернёра, паказваючы белыя зубкі. Ён доўга цярпеў і ўсё прасіў яе, каб яго пакахала. Але калі ўбачыў, што нічога з гэтага не будзе, страшна раззлаваўся, паехаў у горад і перад ксяндзамі і вялікімі ўраднікамі скардзіўся, што от так і так, Марцыся - ведзьма. У гэты час у вёсцы стала - як у пекле. Паз'язджаліся ксяндзы і вялікія ўраднікі і пачалі рабіць над Марцысяй следства. Сабралі людзей з вёскі і пыталіся: а што яна робіць, а чаго ў лес ходзіць? А што яна шэпча, калі зёлкі варыць? А якія гэта зёлкі? А ці не ходзіць да яе ў госці чорт? А адкуль у яе столькі стужак, і караляў, і бурштынаў, і ўсялякага ўбранства? Выпытаўшы пра ўсё, звязалі Марцысі рукі і ногі, паклалі яе на воз і павезлі ў горад. А ў горадзе на рынку паказалі яе ўсім людзям і сказалі, што яна ведзьма. Так і так, казалі, так і так. Нячыстаму сваю хрысціянскую душу прадала, казалі, з нячыстым у лесе размаўляла, казалі, нячысты ёй праз комін стужкі, каралі і ўсялякае багацце насіў. А потым пасярэдзіне рынку налажылі шмат дроў, і кат у чырвоным адзенні схапіў Марцысю за валасы і кінуў у агонь. Полымя шуганула так высока, што амаль да неба дастала, а Марцыся гарэла ў ім, як трэска, так жахліва лямантуючы, што яе енк разлятаўся па цэлым свеце і амаль даставаў да неба, а ад яе цела, што гарэла ў агні, разыходзіўся смурод па ўсім горадзе, а ксяндзы на хвалу Богу святыя песні спявалі і сам кароль, што сядзеў на троне, цешыўся і ўсім людзям цешыцца загадаў, што так пакараная была ведзьма, якая нячыстаму сваю хрысціянскую душу прадала...

Аксеня змоўкла, і глыбокая ціша запанавала ў хаце. У каваля, які слухаў аповесць пра ведзьму, знікла ўсялякае жаданне спаць. Верыў ён ці не верыў у існаванне д'ябла і ведзьмаў? Сам добра не ведаў. Проста вясёлы тэмперамент і перавага практычных інстынктаў схілілі яго да зняважлівага стаўлення да падобных прымхаў і нават да вясёлых кепікаў з іх. Аднак такія аповяды, як гэты, што цяпер выслухаў, рабілі на яго ўражанне, падрывалі ягонае нявер'е, абуджалі ў ім жывую цікаўнасць. Так было з Міхалкам. Што ж да Пятрусі, дык тая з шырока адкрытымі вачыма і пабялелым ад страху тварам слухала апавяданне бабкі, і калі ішла ў ім гаворка пра агонь, што амаль даставаў да неба, выпусціла з грудзей стлумлены ўскрык перапалоху, а калі пачула пра смурод, які разыходзіўся ад спаленага цела Марцысі па ўсім горадзе, моцныя дрыжыкі прайшлі па яе целе з галавы да ног. І толькі праз некалькі хвілін пасля таго, як бабка змоўкла, азвалася да яе тонкім і перапалоханым галаском, такім, якім ніколі не гаварыла:

- Бабуля! Ці яна сапраўды была ведзьма? Ці толькі так - злосныя людзі на яе прыдумалі?..

- Гэта ўжо невядома, - з роздумам і паволі адказала Аксеня. - Гэтага ўжо і старэнькі Захар не ведаў. Можа, была, можа, не была. Калі была, то ў яе на плячах чырвоны знак ад чартоўскага капыта павінен быць. Гэтага знаку я ніколі не бачыла. І Захар не бачыў, але казаў, што дзед ягоны бацьку ягонаму расказваў, што бачыў і што так павінна быць...

Пасля непрацяглага маўчання закалыхалася зноў на змрочнай печы касцістая постаць сляпой бабкі і яе хрыплаваты голас замармытаў:

- Ой, стары Захар, стары Захар! Костачкі твае ўжо рассыпаліся ў магілцы, і душа твая перад Панам Богам стаіць, а тое, што ты казаў і расказваў, усё па свеце ходзіць, як жывое...

Каваль устаў з лавы.

- Ат! - прамовіў. - Глупства! Я ж таксама па свеце пахадзіў і нямала бачыў і чуў, а ніколі не чуў і не бачыў, каб дзе ведзьму палілі. Цяпер гэта рабіць ужо нельга. Цяпер ужо гэтага няма. Пойдзем спаць, зязюлька!

Пятруся ўстала павольна і неяк цяжка, а ў яе ясных вачах была трывога. Шчокі яе трошкі пабялелі і выглядалі не такімі румянымі, твар ад напружаных думак выцягнуўся. Праз некалькі хвілін поўная цішыня агарнула хату. Парушыў яе неўзабаве гучны храп каваля, і амаль адначасова пачуўся лёгкі шоргат крокаў і, відаць, нехта ўзабраўся на печ. У цемры зашэмраў шэпт:

- Бабуля! Ці ты спіш, бабуля?

Аксеня спала, але яе стары сон быў вельмі чуйны і нямоцны. Зрэшты, яна прызвычаілася да таго, што сярод ночы яе будзілі праўнучкі, што спалі пры ёй. На гэты раз, аднак, абудзіла яе не праўнучка, а маладзіца, якая, прылёгшы побач, абняла гарачай рукой яе сухое цела.

- Дык гэта ты, Пятруся?

- Я, толькі ціха, бабуля, каб Міхалку і дзяцей не пабудзіць.

- А чаго ты сюды прыйшла? Ці цябе колікі, як летась, схапілі? Ці табе Адамка спаць не дае?