Доўгую хвіліну не было адказу, потым, яшчэ цішэй, чым раней, прагучала пытанне:
- Бабуля, калі я нарадзілася, ці насілі мяне бацька і маці ў касцёл на святы хрэст?
- Ну а як жа? - адказаў шапялявы голас старой. - Як жа б ты без святога хрышчэння жыла? Вядома, што насілі...
- Бабуля, а калі я была маленькая, ці жагнала ты мяне на ноч святым крыжам?
- Ну як жа? Жагнала, кожны вечар жагнала...
- Дзеля таго, каб нячысты не меў да мяне доступу?
- Дзеля таго, каб нячысты не меў да цябе доступу і каб Пан Бог Найсвяцейшы апекаваўся табой, бедная сірацінка...
- Бабуля! Мне здаецца, што я перад Панам Богам вялікага грэху не маю...
Праз хвілю маўчання старая шэптам адказала:
- Мне здаецца, што ты перад Панам Богам такая чыстая, як тая белая лілея, што ў касцёле перад алтаром стаіць...
Пачуўся працяглы ўздых палёгкі. Потым малады голас зноў пачаў ціхую гаворку:
- Бабуля! Дык чаму ж я сёння на той агонь прыйшла?
Доўга не было адказу. Пытанне змяшчала ў сабе загадку, нялёгкую для вытлумачэння. Толькі праз некалькі хвілін Аксеня шапнула:
- Бо, можа, гэта і не ведзьма тое малако каровам адабрала?
- А хто ж, калі не ведзьма?
- Можа, рапуха...
- Ага!
Гэта быў радасны ўскрык.
- Канешне, рапуха. Рапухі, калі раззлуюцца на людзей, таксама малако ў кароў адбіраюць.
- Але!
- Угу, дык гэта, канешне, рапуха.
- Вядома, рапуха, бо каб не рапуха, то б ведзьма на агонь прыйшла... не ты!
- А-л-е. Спі ж з Богам, бабуля.
- Спі спакойна, зязюлька ты мая, спі...
Назаўтра была нядзеля, а вядома, што селяніну і сялянцы ў нядзелю ўсё на свеце выглядае ясней і прыгажэй, бо хоць і ў гэты дзень знойдзецца такая-сякая работа, але, адбыўшы яе, не трэба схіляць ужо галовы над загонам ці токам у стадоле, над балеяй ці над напятымі на кроснах нітамі. Прынамсі палову дня можна глядзець сабе на сонца, на неба і на ўсё, што расце на зямлі, можна хадзіць, сядзець, смяяцца, размаўляць і спяваць - хто што хоча. У тую нядзелю надвор'е было цудоўнае. Пятруся прынесла вады са студні і распаліла ў печы агонь яшчэ тады, калі над бярозавым гаем ледзь-ледзь паказалася ружовая палоска ўсходу, а першыя промні сонца, страляючы знізу ўверх, золатам падсвечвалі лісце ў садзе. Потым пабегла да стаўка і прынесла адтуль пук пахучага аеру, раскідала яго па падлозе ў хаце, чыста вымеценай і пасыпанай белым пяском. Калі каваль прачнуўся, старая бабка ўжо сядзела на пасцелі і дзеці шчабяталі. У хаце пахла аерам, як на лузе, праз два адчыненыя акны ліліся патокі сонечнага святла, а Пятруся ў белай кашулі, зашпіленай ля шыі бліскучым гузікам, у квяцістай паркалёвай спадніцы і чырвонай хустцы на галаве, стоячы ля агню, скрабла бульбу і лупіны старанна скідвала ў цэбар, каб не брудзілі нядзельную падлогу. Каваль, расплюшчыўшы вочы, агледзеў хату, паглядзеў на жонку і, распраўляючы пад радном свае магутныя плечы, яшчэ шырока пазяхаючы, усклікнуў:
- Ой, зязюлька ты мая, зязюлька!
Яна ж у адказ гучна засмяялася і кінула на яго жменю бульбяных лупін, так, што засыпалі яны яму твар і грудзі. Амаль да самага паўдня Пятруся завіхалася ў хаце. Карміла ўсю сям'ю, памыла, расчасала і пераапранула ў чыстае адзенне бабулю і старэйшых дзяцей, маленькага Адамку накарміла грудзьмі і закалыхала на руках, выпраўляючы на цэлы дзень у мястэчка мужа, падрыхтавала яму запас ежы і разважна і па-сяброўску з ім пагаварыла, што там прадаваць і набываць. Толькі апоўдні Стасюк у чыстай, падпяразанай каляровым паяском кашулі вывеў бабулю ў сад. Трымаючы сваёй маленькай рукой яе жоўтую, касцістую руку, ён сур'ёзна і ўважліва, з надзьмутымі вуснамі і моўчкі выконваў ролю правадніка. У даматканым сінім капоце, у нізкіх чаравіках і святочным чапцы, бліскучы галонік якога свяціўся на сонцы, старая ішла за ім, мацаючы кіем перад сабой зямлю. Села на траве пад дзікай яблыняй як заўсёды выпрамленая і нерухомая, падобная да скульптуры, зробленай з дрэва ці косці. Яна нічога не бачыла, але адчувала цёплыя павевы ветрыку, што лашчылі яе твар і галаву, чула шчэбет птушак і галасы праўнукаў, а пад сваёй рукой свежую мяккасць травы. Шырокая ўсмешка расцягнула яе вузкія бясколерныя вусны, а бельмы вачэй, здавалася, з напружанасцю і задавальненнем ўглядаліся ў гэты прыгожы свет. Пятруся вынесла пад хату радно з назбіранымі ўчора зёлкамі і, усеўшыся на нізкім камені тут жа ля парога хаты, пачала разбіраць іх і раскладваць паводле гатункаў. У асобную купку клала чабор, брунельку, крываўнік, дзіванну, падбел і яшчэ іншыя розныя травы і кветкі. Занятая гэтай працай, час ад часу напявала сабе напаўголаса, часам, гледзячы на зёлкі, задумвалася і позірк яе блукаў па пустым полі, дзе ўжо не было збожжа, а сёння і людзей. Ціхае і заспанае, ляжала яно пад жоўтымі промнямі сонца, нібы гледзячы на людзей адпачывала ў нядзелю. Затое ад вёскі даносіўся водгалас людскіх галасоў і рыканне кароў; перад карчмой, якую здалёк можна было адрозніць ад іншых сядзіб, шумеў і варушыўся людскі тлум. Гледзячы ў бок вёскі, Пятруся трошкі замаркоцілася. Вузкая звілістая сцежка, якая паміж гумнамі і платамі садоў вяла ад вёскі да хаты каваля, сёння была пустая. Толькі каноплі, што сохлі ў садах, высоўвалі з-пад платоў свае раскудлачаныя галовы, альбо вызірала з-за іх жоўтая кветка піжмы, ці голасна кудахтала курыца, і певень лапатаў крыллем і гучна спяваў. Але сама сцежка сёння была пустая. А, бадай, кожную нядзелю кабеты з Сухой Даліны адведвалі Пятрусю; адны прыходзілі параіцца, іншыя так сабе - пагаварыць і з сімпатыі. Звычайна ў нядзелю прыходзіла сюды маладая Лабудзіха і прыводзіла з сабой да Стасюка сваіх хлопцаў, прыходзіла дачка Максіма Будрака, якой Пятруся калісьці давала ад цяжкай хваробы сваю дзевяціранку, і яшчэ іншыя. Сёння ніхто не прыйшоў, і жонцы каваля нешта сціснула сэрца.
Нядоўгі ўжо жнівеньскі дзень збліжаўся да вечара, сонца было амаль на захадзе. Зараз па сцежцы, што вілася пад платамі, павінны ісці дзяўчаты. У святочныя дні дзяўчаты прыходзілі да Пятрусі паспяваць. Ніхто ва ўсёй вёсцы не спяваў такім моцным і чыстым голасам, як яна, ніхто не ведаў столькі песень. Была яна звычайна кіраўнічкай хораў, тых хораў, якія амаль кожную летнюю нядзелю сядзелі ў змроку на траве і каменнях перад хатай каваля і аж да позняга вечара поўнілі паветра звонкім спевам. Сёння не прыйшла ніводная. Сонца ўжо заходзіла, калі Пятруся ўбачыла жаночую постаць, што кіравалася да яе хаты. Здалёк пазнала Франьку, унучку Якуба Шышкі. Крыкліва, але бедна апранутая, трошкі таўсматая дзеўка з непрыгожым, але свежым тварыкам і бліскучымі блакітнымі вачмі, нейкім пісклівым голасам павітаўшыся з Пятрусяй, не чакаючы запрашэння, уселася тут жа каля яе на прызбе. Гэтыя дзве жанчыны ведалі адна адну з малых гадоў і часта жалі на адным загоне, граблі на адным лузе, разам спявалі, танцавалі і жартавалі ў карчме ці на зладжаным пад адкрытым небам гулянні. Учора, калі каваліха першай прыйшла на агонь, Франька пра нешта так глыбока задумалася, што нават забылася на момант пра блізкую прысутнасць Клеменса. З твару яе ўжо тады можна было здагадацца, што нешта сцяміла, снавала ў галаве нейкія надзеі і планы. Зараз з тым прыйшла да каваліхі і, трошкі памаўчаўшы, пісклівым голасам пачала:
- Ой, бедная ты, Пятруся, бедная! Вельмі ўжо людзі на цябе злуюць. Крычаць дый выдумваюць...
Каваліха хуценька павярнулася да дзяўчыны і стала яе распытваць:
- Што яны кажуць? Хто кажа? Ці Пётра Дзюрдзя таксама раззлаваны, і Петрачыха, і Лабуды, і Будракі?
Франька паўтарыла ўсё, што гаварылі пра Пятрусю ў вёсцы, а потым закінула свае рукі ёй на шыю. Прытуляючыся, мружачы вочы, пачала гладзіць твар каваліхі:
- Я да цябе, Пятруся, з вялікай просьбай... Калі ты ўжо такая знахарка, што можаш людзям і добрае, і злое рабіць, то выратуй мяне ў маёй вялікай бядзе і згрызоце...
Пятруся хутка адхінулася ад яе і неахвотна адвярнула твар, пачырванелы ад гневу і жалю.
- Якая я знахарка! - амаль закрычала. - Ідзі ты сабе ад мяне... не дакучай...
Але Франька падсунулася да яе яшчэ бліжэй і зноў абняла за шыю.