Выбрать главу

Малады хлопец і сапраўды некалькі дзён таму ездзіў на далёкі луг, каб сабраць скошаную атаву, у дарозе захапіў яго восеньскі лівень, ён прамок і ноч праспаў на стажку падгнілага мокрага сена. Назаўтра, вярнуўшыся дахаты, апрануў кажух, бо яго білі дрыжыкі, але на наступны дзень вясковыя хлопцы меліся невадам лавіць у стаўку рыбу, дык пайшоў разам з імі, зняў на беразе адзенне, амаль па шыю ўлез у ваду і пару гадзін дапамагаў цягнуць невад. Пасля гэтага ўжо апынуўся на тапчане і два дні як не ўставаў. Прытомнасць не страціў, толькі часам наракаў на боль, а зараз так расстагнаўся, што старая Лабудзіха склала рукі, як да малітвы, і, пераступаючы з нагі на нагу, спыталася ў Агаты:

- А грамнічка ў вас ёсць? Ужо ж яму, беднаму, грамнічку ў рукі трэба ўкласці.

Будрачыха са свайго боку прасіла гладыш, каб яго на жывот хвораму паставіць, іншыя кабеты шапталіся пра ксяндза і найсвяцейшы сакрамант; маладзенькая стройная дзяўчына ў тонкай кашулі, з жоўтай кветкай за вухам, стоячы ля акна і не спускаючы з Клеменса вачэй, уголас ускрыкнула:

- Ой, Божа ж мой, Божа!

Гэта была дачка Максіма Будрака, самая прыгожая і самая заможная дзяўчына ў вёсцы. Яна прыйшла сюды нібы па маці, а папраўдзе таму, што трывожылася за сімпатычнага хлопца. Петрачыха, заходзячыся ад плачу, паднялася і пайшла ў камору па гладыш і па грамніцу, а флегматычная Параска, ступаючы за ёй крок у крок разам са сваімі трыма дзяцьмі, з упартасцю дурнаватых і нікчэмных істот паўтарала ўсё сваё:

- Ой, каб ён ніколі на той луг не ехаў, на тым дажджы не змок і не пераспаў на той гнілой капе!

І тут сярод жаночай гаманы, над галавой Петрачыхі, якая, падаўшы Будрачысе гладыш, з кавалкам васковай грамнічнай свечкі ў руках уселася зноў на зямлі каля ног сына, заверашчаў гучны, высокі і пранізлівы жаночы голас:

- Але, хіба ж гэта ад лугу, ад дажджу і ад капы гэтая хвароба да яго прычапілася? Ад чагосьці іншага яна да яго прыстала, і не Боская ў тым воля, а нейчая іншая!

Гэтыя словы сказала Разалька, якая ў гэты дзень ужо некалькі разоў забягала ў Пётраву хату і, паглядзеўшы хвіліну на хворага, вылятала з яе, каб праз хвілін пятнаццаць ці паўгадзіны зноў вярнуцца. З яе расчырванелага, занепакоенага твару можна было здагадацца, што яна чымсьці моцна здзіўленая і заклапочаная. Спадзявалася зусім не на тое, што сталася. Спынялася за брамай Пётравай хаты і, прыклаўшы палец да вуснаў, пра нешта глыбока думала. Потым бегла дахаты, каб згатаваць што-небудзь і хоць трошкі пацерці льну, бо гэта быў час, калі церлі лён, а Разалька лён надта ж любіла, таму, нягледзячы ні на што, цалкам забыцца на яго не магла. І Сцяпан, што малаціў жыта, разоў колькі ўжо праз дзверы пуні ёй сказаў, каб не выходзіла з хаты, бо неўзабаве пойдзе на поле збіраць за ім бульбу. Таму і разрывалася яна так у гэты дзень. Тут лён церці хацела, там муж яе клікаў, а там зноў, у Пётравай хаце, павінна была выканаць важны абавязак. З усяго, аднак, што існавала ў свеце, апошняе найбольш абцяжарвала яе сэрца, таму яшчэ раз убегла ў Пётраву хату і, пачуўшы развагі Параскі пра прычыны Клеменсавай хваробы, заявіла:

- Але, не ад лугу і не ад дажджу, і не ад гнілой капы гэтая хвароба да яго прычапілася! Не Боская ў гэтым воля, але чыясьці іншая.

А калі амаль усе жанчыны, не выключаючы Будрачыхі, якая ўжо з гладышом у руках стаяла над хворым, павярнулі да яе галовы, спляла на фартуху свае чорныя, малыя, рухлівыя рукі і сказала:

- Гэта яму зроблена!

- Што? - спытаўся хор жаночых галасоў.

- А гэтая хвароба. Яе хтосьці яму зрабіў.

Цяпер ужо некалькі мужчын, што моўчкі сядзелі насупраць Пётры, ды і сам Пётра, пачалі прыслухоўвацца да бабскай гаворкі. Нават хворы, што ледзь не страціў прытомнасці, павярнуў да іх свае прыцемненыя пакутаю вочы.

- Аааа! - задзіваваліся жаночыя галасы, - а хто ж гэта яму зрабіў?

Пераступаючы з нагі на нагу і бліскаючы вачыма, Разалька пачала:

- Я ведаю хто. Тая, што яму нейкае зелле на каханне давала. Мусіць, не такое яно было, як трэба, то і замест кахання хваробу зрабіла.

Мужчыны зняважліва махнулі рукамі, а Клеменс паглядзеў на Разальку і, сарамліва хаваючы бараду пад коўдру, нягледзячы на свой боль, пырснуў кароткім смяшком. Вестка пра тое, што хтосьці яму зелле на каханне даваў, засароміла яго трошкі, аднак яшчэ болей усцешыла. Застагнаў, бо яму надта ж у крыжы забалела, але ўсё ж свае пацямнелыя вочы звярнуў да прыгажуні Будраковай, нібыта хацеў ёй сказаць:

- А што? Бачыш, які я!

Але дзяўчына аж пабялела ад перапалоху і ўпілася сваімі спалоханымі вачмі ў Разальку. Іншыя кабеты адразу параскрывалі раты, а потым пачалі засыпаць пытаннямі Разальку. Яна са звыклай ёй жвавасцю звярнулася да Пётры.

- Хадзі, Пятрук, - паклікала, - табе скажу. Нікому не скажу, але табе скажу. Ты бацька, і адпомсціць за крыўду сына табе належыць.

Пётра ўстаў і за жанчынаю, што ўхапіла яго за руку, выйшаў у сені. Там у паўзмроку размаўлялі яны з паўгадзіны. У хаце ў гэты час панавала ціша. Будрачыха прыстаўляла гладыш, нібыта вялізную баньку, да жывата хворага. На дварэ пачуўся мужчынскі голас, што нецярпліва клікаў Разальку. Яна яму з сяней крыкліва адказала:

- Зараз, зараз!

Сцяпан з плугам, запрэжаным парай коней, затрымаўся перад хатай стрыечнага брата і, чакаючы жонку, страшна яе праклінаў. Толькі праз пятнаццаць хвілін Пётра вярнуўся ў хату, як было відаць, узрушаны і раззлаваны. Лоб ягоны наморшчыўся яшчэ больш, а звычайна лагодныя вочы сыпалі іскры з-пад насупленых і нахмураных брывоў. Напачатку, аднак, не сказаў нічога; сутулячыся і апусціўшы галаву, сеў на лаву, сплюнуў і прабурчаў:

- Згінь, прападзі, нячыстая сіла!

Потым уважліва зірнуў на сына і спытаўся:

- Клеменс! Ці піў ты нядаўна мёд з Франькай, Якубавай унучкай? Га? Піў ці не? Адказвай жа!

Хлопцу цяжка было адказаць на гэтае пытанне. Ён засаромеўся, увесь падбародак схаваў пад радзюжку.

- Не дакучайце, бацька, вельмі ў касцях баліць! - застагнаў.

- Я не для дакучання пытаю, а толькі каб ведаць, - адказаў Пётра і, амаль просячы, дадаў: - Па-бацькоўску пытаюся ў цябе: ці піў ты ў карчме мёд з Франькай, Якубавай унучкай?

Прыгажуня Будракова стаяла чырвоная, як рак. Яна ведала, што Клеменс чапае бедную і непрыгожую Франьку, і хацела неаднойчы моцна раззлавацца на яго за гэта, але ніколі не магла. У яе натуры не было злосці. Цяпер толькі зноў адвярнулася да акна і гучна высмаркалася. А потым уважліва слухала, што будзе далей.

- Ну, - дапытваў Пётра сына, - піў ці не піў?

- Піў! - стогнучы, адказаў Клеменс. - Дык што ж тут такога, што піў?

Пётра роспачна махнуў галавой.

- Ну, - сказаў, - дык ты з тым мёдам і хваробу сваю выпіў. Дзеўка табе ў яго зелля паскуднага насыпала. На смерць, не на жыццё, на пагібель, не на каханне зелле тое ведзьма людзям дае...

Некалькі кабет пляснулі ў далоні. Змучаныя, сплаканыя вочы Петрачыхі ашалела глядзелі на мужа.

- Ведзьма! - раздаўся ўсеагульны крык.

- Каваліха! - праз сціснутыя зубы дакончыў Пётра, пасля ўстаў з лавы і пайшоў у камору.

Неўзабаве вярнуўся, несучы тое самае Евангелле, з дапамогай якога некалі Пятруся адгадвала злодзея. Падышоў да хворага сына і, учыніўшы ў паветры старой кнігай знак крыжа над самай яго галавой, паклаў яе на падушку.

Робячы гэта, шаптаў:

- Можа, яшчэ Пан Бог злітуецца з нас няшчасных. Можа, Боская сіла пераможа чартоўскую. Можа, ты, сынку, паправішся і сам гэтай непрыяцельцы людскога роду сваю крыўду адпомсціш! Можа, я яшчэ вясной араць з табой разам пайду; можа, я яшчэ на тваё вяселле глядзець буду...

Крэсліў у паветры над сынам бясконцыя крыжы, прыціскаў да ягонай галавы святую кнігу, і некалькі вялікіх слязін выцекла з ягоных вачэй на схуднелыя пабялелыя шчокі. Клеменс страшна перапалохаўся і расхваляваўся ад бацькавых слоў і пачутай весткі, галава ягоная стала гарэць яшчэ мацней, вочы заіскрыліся пранізлівым бляскам, ён пачаў траціць прытомнасць і страшна стагнаць. Кабеты ўсчалі крык і плач, галасілі, што ўжо канец, што трэба пасылаць па ксяндза, што нават ксяндза хворы не дачакаецца. Лабудзіха запаліла грамніцу і ўціснула яе ў руку хворага; Будракова ўпала перад акном на калені і, моцна галосячы, пачала крычаць: