- Пятруся, міленькая, зязюлька! Ратуй ты яго! Дай яму што-небудзь такое, каб тая атрута яму з цела выйшла... ты ж сама яе давала... Як зрабіла, так і адрабі... Я табе за гэта ўсё аддам... што толькі захочаш... лёну дам і воўны, і яек, і палатна, і грошы, калі захочаш; абое з Петруком не пашкадуем, толькі адрабі, што зрабіла... няхай ён жывым застанецца, наш галубочак міленькі, наша падпора пад старасць... Ты ведаеш... Ясюк наш такі, што да нічога... А гэты - наша правая рука... работнік найлепшы... Ратуй ты яго... ведаеш, можаш... Як зрабіла, так і адрабі...
Абдымала яе калені, пачала цалаваць край спадніцы. Гэты мацярынскі жаль і гэтыя роспачныя просьбы Пятрусю раздзіралі на часткі. Сама ж была маці, а з гэтай жанчынай некалі столькі гадоў пражыла ў зычлівасці і згодзе. Падняла рукі да галавы і загаласіла:
- Ой, Божа ж мой! Божа! Што я магу! Не рабіла я і адрабіць не магу...
Агата ўскочыла з каленяў і сыклівым голасам спыталася:
- Не зрабіла! Можа, пабожышся, што не зрабіла?
Пятруся зноў адвярнулася ад яе і як анямела. У галаве яе зрабілася цёмна, як у восеньскую ноч, і толькі віхрам тлуміліся словы:
- І зрабіла, і не зрабіла... Можа, гэта не ад таго, а можа, і ад таго...
Гэткіх пакутаў не змагла доўга вытрымаць, адскочыла ад кабеты, што пагражала ёй, і са шкадобай, змешанай з гневам, крыкнула:
- Адчапіцеся, цётка... Чаго вы ад мяне хочаце... Ідзіце рады для сына ў знахаркі якой прасіце, а не ў мяне!
Цяпер Петрачыха ўзарвалася і бясконцую колькасць разоў назвала яе ведзьмай. Праклінаць надта не ўмела і не было ў яе такой звычкі, толькі Божы гнеў заклікала на яе галаву і галовы яе дзяцей, а потым пагражала помстаю Пётры і ўсіх прыстойных людзей. Трасучы кулаком, праз сціснутыя зубы казала:
- Пачакай! Пачакай! Будзе табе калісьці за ўсе нашыя крыўды, і чорт, твой прыяцель, не выратуе цябе, калі на тваю галаву людская помста ўпадзе...
Раптам згадалася ёй, што ў той час, калі яна тут сварыцца з ведзьмай, яе сын, можа, там ужо і нежывы ляжыць. Яна абедзвюма рукамі ўхапілася за галаву, вылецела з панадворка і пабегла да вёскі. Пятруся ж там, дзе стаяла, асунулася на зямлю і, закрыўшы рукамі твар, расплакалася гучна і горка. Аднак плакала нядоўга. У хаце пачуўся плач абуджанага немаўляці; ускочыла і пабегла ў хату. Нейкі час карміла і гушкала там дзіця, бо было чуваць, як пяшчотна гаворыць з ім, пачынала спяваць нейкія песні, але перапыняла іх кароткім смехам і звонкімі пацалункамі. Дзіцятка, відаць, сваім голасам і рухамі маленькіх ручак рассмяшыла яе і абудзіла пяшчоту. Потым чуваць быў мерны стук калыскі, а потым у хаце запанавала ціша. Адамка зноў заснуў, а Пятруся са стосам вымытай бялізны выйшла на панадворак. Дзень быў прыгожы, трэба было да вечара прапаласкаць бялізну ў ставе. Заледзьве некалькі соцень крокаў аддзяляла гэты ставок ад апошніх сядзіб Сухой Даліны. З аднаго ягонага боку слалася пясчаная выдма, дзе паводле парады старой Аксені гуляў некалі цэлымі днямі хворы сын Пётры Дзюрдзі, далей ужо абдымаў яго паўкругам вузкі луг, за якім цямнелі і ўспіналіся на блізкія пагоркі ворныя землі. З таго лугу ўжо даўно была зроблена паша для статку. Летам бераг стаўка з гэтага боку быў месцам, поўным зялёнай гушчэчы, шчэбету птушак, квакання жаб, блакітных і жоўтых кветак, чырвоных ягад каліны, разлапістых вярбовых галін, у цені якіх паблісквала белая кара стройных бяроз. Цяпер пад бярозамі, якія вымалёўваліся на фоне неба, як далікатныя, выразаныя з золата калоны, пад заружавелым і вечна дрыготкім лісцем асін, пад вербамі, што мачылі ў вадзе свае пасівелыя галіны, на ссохлай траве, якая шамацела пад нагамі і была засеяна ссохлым лісцем і сівым пухам кавылю, - некалькі жанчын пахіліліся над ціхай і гладкай вадой. Яны мылі альбо паласкалі вымытую дома бялізну, а водгалас іх размоў і сухія рытмічныя ўдары пранікаў разлягаліся далёка па наваколлі. На полі, як сягнуць вокам, былі відаць толькі двое людзей: мужчына, які араў плугам, і жанчына, якая, ступаючы на пэўнай адлегласці за ім, збірала ў фартух выараную бульбу, а напоўніўшы фартух, ссыпала яе ў пастаўленыя ў разоры мяшкі. Селянінам, які ішоў за плугам, быў Сцяпан Дзюрдзя, жанчына, што збірала бульбу, - Сцяпанава жонка, Разалька. Гэта была панурая пара. Ён, трошкі схіліўшыся над плугам, ішоў моўчкі, дужы і хмурны, час ад часу толькі басістым голасам падганяў каня:
- Но! Гоо! Гоо!
Яна, сагнутая так, што амаль датыкалася смуглым тварам зямлі, часам на каленях, поўзала па загоне, грабучыся рукамі ў цёмным пяску, і хударлявым і гнуткім сваім целам хвілінамі нагадвала чарвяка, што поўзае па глебе. Аднак гэтая агульная праца з мужам, хоць і цяжкая, не была, відаць, ёй нямілай, бо, не перапыняючы яе ні на хвілю, часам звярталася яна прыязным голасам да мужчыны, які ішоў наперадзе:
- От, дзякаваць Богу! Бульба ў гэтым годзе вялікая, як тая рэпа! - казала.
А потым зноў:
- Цікава, як там Клеменс маецца? Ці ўжо памёр, ці яшчэ жыве?
Альбо яшчэ:
- Сцяпан! У наступную нядзелю варта паехаць у касцёл, дый Казюка ўзяць з сабою ды Пану Богу яго даручыць, каб здаравейшым быў...
Мужчына не адказваў, так, як бы не чуў таго, што яна казала. І ўсё ж у яе голасе, найчасцей сыклівым і раззлаваным, гучалі зараз сардэчныя ноткі. Кранала яго, выклікала на размову, раз нават засмяялася і, прысеўшы на загоне, кінула яму ў плечы бульбіну. Ён толькі азірнуўся, нешта прабурчэў і, далей папіхваючы плуг, панура занокаў на каня:
- Но!
Не раззлаваўся, праўда, але і твар ягоны не разгладзіўся, слова добрага не сказаў.
Кабета зноў сагнула спіну над загонам і, як чарвяк, моўчкі і сумна пачала поўзаць па цёмнай глебе. Раптам узняла галаву. Сцяпан, які зараз быў тварам да стаўка, затрымаў коней і, нібыта папраўляючы плуг, глядзеў у той бок, дзе берагам ішла жанчына з мокрай бялізнай на руках. Глядзеў на яе так напружана, што ажно, здавалася, расцягнуліся і разгладзіліся мускулы на ягоным твары і адначасова асвятліла яго трошкі блазнаватая, але сапраўды прыязная ўсмешка. У жанчыне, што набліжалася сюды, Разалька пазнала Пятрусю і сыкнула так, як быццам да яе даткнуліся распаленым жалезам.
- Чаго стаў, як той слуп! - крыкнула на мужа і, павышаючы голас, загадала, каб ішоў далей. Боль усяго яе жыцця, цяжкі боль пачаў зноў яе мучыць і абуджаць у ёй шалёную злосць.
Пятруся, набліжаючыся да кабет, пахіленых над вадой, прыязна павіталася з імі. Толькі адзін голас, і то вельмі ціха, адказаў ёй узаемным павітаннем. Гэта была маладая Лабудзіха - нявестка аднаго з самых багатых гаспадароў у вёсцы, любіміца мужа і ўсёй сям'і - яна асмелілася, хоць трошкі і з трывогай, выказаць ёй сваю прыхільнасць. Іншыя кабеты альбо моўчкі апускалі свае пранікі на пагружаную ў ваду бялізну, альбо, не падымаючы ад работы галавы, кідалі на яе позіркі, у якіх цікавасць і спалох былі змешаныя з гневам і агідай.
Яна добра ўжо разумела, што ўсё гэта значыла, і стала ўбаку, пад разложыстай вярбой, да камля якой быў прывязаны шнурам спушчаны на ваду човен. У гэтым чоўне вясковыя хлопцы плавалі па ставе, ловячы на вуду плотак і карасёў, а жанчыны часта з гэтага боку стаўка, каб скараціць сабе дарогу, пераплывалі на той бок да вёскі. Спынілася каля чоўна, прынесеную з сабой бялізну апусціла ў ваду і так, як іншыя, пачала выбіваць яе пранікам і паласкаць. Гэта не перашкаджала ёй, аднак, чуць гаворку, што вялася паміж яе суседкамі. Напачатку яны паціху шапталіся паміж сабой, але так доўга трываць не магло, бо дзе ўжо ім доўга ўстрымліваць пачуцці і галасы! Дык пачалі гаварыць уголас, а гаварылі пра тое, чым сёння займалася ўся вёска: пра хваробу Клеменса Дзюрдзі і яе прычыны. Расказвалі, што Пётра паехаў па ксяндза, што хвораму два разы ўжо грамніцу ў рукі давалі, што маці ледзьве не памірае ад гора, што калі Клеменс памрэ, дык Пётрава гаспадарка загіне, бо сам ён хутка састарэе, а малодшы сын ягоны, як вядома, недалэнга і дурань. Некалькі галасоў заенчыла:
- Ой, бедныя, бедныя, нешчаслівыя людзі!
А адна з жанчын, гучней, чым іншыя, грубым, працяжным голасам завяла:
- Каб таму, хто гэта зрабіў, добрага жыцця не было! Каб ён за людскую крыўду змарнаваўся і на хаўтурах сваіх дзяцей плакаў!