Тут спявачка прымоўкла на хвіліну, уцягнула нітку ў іголку, паглядзела шэрымі вачамі ў агонь і зноў, схіленая над шыццём, зацягнула:
З працяжным рыпеннем адчыніліся дзверы хаты, Пятруся перарвала свой спеў і, павярнуўшы галаву, убачыла Сымона. Добра яго ведала і не здзівілася, што сюды прыйшоў. Можа, па справе да мужа яе прыйшоў. Ветліва кіўнула галавой.
- Добры вечар, Сымоне. Яе маецеся?
Нічога не адказаў, толькі зрабіўшы некалькі хісткіх крокаў і, спыніўшыся перад ёй з раскрытым ротам, пачаў пільна ў яе ўзірацца. У бляклых ягоных вачах змяшаліся цікавасць і трывога, дзікая пажадлівасць і п'яная расчуленасць, і таму выглядаў ён трошкі страшна і трошкі смешна. З ягонага рота ў самы твар жанчыны біў гарэлачны смурод. Засунуў рукі ў рукавы кажуха і з нейкім трывожным нахабствам пачаў:
- Пятруся, я да цябе з просьбай...
- А чаго хочаце? - спытала.
- Каб ты мне грошай пазычыла... Да міравога сёння на суд хадзіў... «Даўгі, - кажа, - заплаціць трэба... Зямлю прададуць», - кажа... «Не прададуць, - кажу, - бо не выкупленая, ад ураду, значыць, не выкупленая». А ён, каб яму ногі пакруціла, даўгі плаціць, кажа, - я да старшыні...
Плёў так доўга, некалькі хвілін, па шмат разоў паўтараючы адно і тое, яна цярпліва яго слухала, занятая сваім шыццём, урэшце ўзняла галаву і спытала:
- То і што ж я табе, Сымонка, парадзіць магу?
- Грошай пазыч, - падступаючыся бліжай да яе, паўтарыў селянін.
- Няма, далібог, няма, а адкуль жа ў мяне грошы могуць быць? Усе ведаюць, што ў мужаву хату ў адной спадніцы прыйшла, тай у падзёртым каптане... І ў яго няма, пабажуся, што няма. Дастатак у хаце, слава Богу, ёсць, але грошай няма... Мы яшчэ маладыя абое... калі нам было грошы збіраць?
- Ілжэш! - забурчаў мужчына. - Грошай ты маеш удосталь, столькі маеш, колькі іх твая душа пажадае.
І, змяняючы бурклівы тон на просьбу, дадаў:
- Пазыч, Пятруся, злітуйся, пазыч... ці ж табе зашкодзіць? Як ты прыяцелю свайму скажаш, каб табе больш прынёс, дык тут жа і прынясе...
Вочы кабеты са здзіўленнем утаропіліся ў твар селяніна, які ад гарэлкі і хвалявання пачаў пакрывацца цаглянай чырванню.
- Ці ты сфіксаваўся? - прамовіла. - Які гэта мой такі прыяцель, каб мне грошы паводле жадання насіў?
Сымон падняў руку да лба, нібы хочучы перажагнацца, і адначасова сцішаным ад страху голасам з дурнаватай мінай вымавіў:
- А чорт жа? Га? Альбо ж ён табе грошы не насіў? Га?
На гэтыя словы жанчына, як апараная, ускочыла з зэдліка, вочы яе шырока расплюшчыліся, рукі, як баронячыся, выставіла перад сабой.
- Што ты пляцеш? - крыкнула. - Чалавеча, апамятайся і Бога ў сэрцы май...
- А такі носіць... - падступаючы яшчэ бліжай і не спускаючы з яе вачэй, настойваў мужчына.
Яна паспешліва і вельмі гучна сказала:
- Я ў касцёле ахрышчаная! Мяне кожны дзень на ноч святым крыжам жагналі! Я ніякім смяротным грахом сваёй душы не загубіла.
- А такі носіць! - стоячы ўжо проста перад ёй, паўтарыў селянін, - я сам сёння бачыў, як ён, такі агністы, праз комін у тваю хату ўлятаў...
На гэты раз у шырока расплюшчаных вачах жанчыны прамільгнуў страх.
- Ілжэш! - крыкнула, і адчувалася, што горача прагнула, каб запярэчыў таму, што ён цяпер сказаў. - Ілжэш, скажы, што салгаў!
- Далібог, бачыў...
Кулаком ударыў сябе ў грудзі і зноў пачаў:
- Пазыч, Пятруся, змілуйся, пазыч... Я ўжо і на чартоўскія грошы згаджаюся, каб толькі з горкай бяды вылезці... дай хоць чартоўскіх...
Наступаў на яе, штурхаючы сваім целам да сцяны, набліжаў да самага яе твару свой твар, які смярдзеў гарэлкаю.
- Я да цябе, як да маці... Пятруся... хоць ты ведзьма, але я да цябе, як да маці... ратуй... няхай ужо і на мяне гэты вялікі грэх упадзе... падзелімся з табой і грашыма і грэхам... Я да цябе, як да маці і апякункі... хоць ты ведзьма, але я да цябе, як да апякункі...
Злосць, страх, агіда да гэтага чалавека, які сваім п'янствам давёў да галечы жонку і дзяцей і ад п'янства бачыў, што над яе дахам ляталі д'яблы, ахапілі Пятрусю і абудзілі ў ёй усю яе нязвыклую сілу. З гнеўнымі вачыма стукнула нагой аб падлогу і крыкнула:
- Прэч! - адначасова ўхапіла мужчыну за кажух і, адчыніўшы дзверы, выпхнула яго ў цёмныя сені.
Зрэшты, гэта было не надта цяжка зрабіць. Мужчына вельмі слаба трымаўся на нагах. У цёмных сенях пахіснуўся ажно да дзвярэй, што вялі на вуліцу, і яшчэ адтуль крыкнуў:
- Не дасі? Такі не дасі грошай?!
Але кавалёва жонка зачыніла дзверы на жалезную засаўку. Мужчына падышоў пад замёрзлае акно і там то выкрыкваў, то бурчаў:
- Я да цябе... ведзьма ты... як да маці... дай грошай... злітуйся... хоць і чартоўскіх дай... не дасі? Такі не дасі? Пятруся, чуеш? Міравы кажа, даўгі плаціць трэба... я да старшыні... Старшыня кажа, зямлі не прадам, але гаспадарку прадам, у адных кашулях застанецеся... Ой, горкая доля мая і дзетак маіх. Пятруся, чуеш? Дай грошай... што табе шкодзіць? Прыяцель твой наносіць табе зноў, колькі захочаш... Не дасі? Такі не дасі? Ну, то пачакай жа, дам я табе, загубленая душа твая... няверная... непрыяцелю Божаму прададзеная... папомніш!