Выбрать главу

Старая зноў досыць доўга маўчала, нібы перажоўвала нейкія свае думкі і планы жоўтымі сківіцамі.

- Паслухай, - сказала, - ужо табе няма іншага паратунку, як толькі да Пана Бога звярнуцца і ў яго абароны перад людзьмі прасіць. Няхай пра цябе Пан Бог засведчыць, што ты ніякім грэхам смяротным душы не загубіла. Ідзі ў касцёл, ляж перад Панам Богам крыжам, паспавядайся і прымі найсвяцейшую камунію... Чуеш?

- Чую, бабуля. Добра, бабуля, зраблю, як дараджаеце.

- Але. Як паспавядаешся, ад ксяндза найсвятлейшую камунію прымеш, дык і табе лягчэй будзе, і ўсім людзям пакажаш, што ты не Божая непрыяцелька. Няхай убачаць, што молішся Пану Богу, крыжам лежачы, і што табе ксёндз у найсвяцейшай камуніі не адмовіў. Калі гэта ўбачаць, спазнаюць, што ты не такая, як яны выдумалі, і што ані смяротнага граху, ані якога вялікага злачынства на табе перад Панам Богам няма. Пан Бог найвышэйшы сам за цябе добра засведчыць.

- Добра, бабуля, добра, - супакоеная, паўтарыла Пятруся і, схіляючы змучаную галаву на бабуліны калені, пацалавала яе касцістую руку.

Яна гэтай рукою пачала яе гладзіць па валасах. Абедзве маўчалі. Потым маладзіца азвалася зноў:

- Франьку папрашу, каб хату і дзяцей дапільнавала і стравы наварыла, а сама на досвітку ў мястэчка пайду.

- Можа, і Міхалка пойдзе?

- Пэўна, не пойдзе. У той двор яму трэба пайсці, адкуль тую вялікую працу павінен узяць...

- Добра было б, каб пайшоў. Разам бы памаліліся і паспавядаліся, каб ранейшае дабро вярнулася...

Зноў замаўчалі, паглыбленыя ў роздум. Дзеці ў куце пачалі шаптацца паміж сабой і з гучным хрупаннем есці сырую бручку, якую Стасюк знайшоў дзесьці ў сенях. І ніхто не звярнуў увагі на мужчынскія крокі, што пачуліся за дзвярыма. Каваль увайшоў у хату, і толькі тады Пятруся ўзняла галаву з каленяў бабулі. На Міхалкавым твары не было ўжо ранейшай бясхмарнай, бесклапотнай весялосці. Незадавальненне і неспакой прыцьмявалі бляск ягоных чорных вачэй; трохі надзьмутыя вусны пад чорнымі вусамі выяўлялі схільнасць да папрокаў і гневу. Дзяцей, што кінуліся да яго, пагладзіў па галовах і, азірнуўшыся на хату, здзіўленым голасам усклікнуў:

- А што ж гэта? То ж гэта вячэры і заводу няма!

Сапраўды, толькі смаляк кідаў на хату скупое і мігатлівае святло, у чорнай глыбокай сярэдзіне печы агню не было.

- А Езус! - саскокваючы з печы, крыкнула Пятруся. - Гэта ж я сёння пра вячэру забылася, усмерць забылася!

І з такой паспешлівасцю, што ажно калаціліся рукі, пачала распальваць агонь і наліваць у катлы ваду. Першы раз у жыцці надарылася ёй забыцца пра хатнія клопаты, а прычыны гэтага мужу сказаць не магла. Ён таксама пра іх не распытваў. Сеў на лаве і толькі сказаў:

- Ужо хвала Богу пра яду для мужа забываешся, а дзеці сырую бручку з тваёй ласкі грызуць... нібыта ў іх бацька жабрак які...

Узяў на калені Стасюка, адабраў у яго з рук бручку і кінуў яе ў кут. Папрок жонцы не быў зласлівым, але жанчына, можа, хацела б, каб лепш раззлаваўся, а потым зноў па-добраму загаварыў з ёй. Але ён ужо больш не загаварыў да яе і толькі часам перакідваўся словам-другім з дзецьмі. Яна спяшалася з вячэрай, сыпала крупы ў гарнак, прынесла трошкі яек і пачала рабіць яечню са скваркамі, каб можна было як найхутчэй што-небудзь падаць мужу. Аксеня некалькі разоў загаворвала з мужам унучкі: а што сёння ў кузні рабіў? а каго бачыў? а ці пойдзе заўтра на фэст? Ён адказваў ёй нешматслоўна, і ў адказах яго не было ані няветлівасці, ані зычлівасці. Калі што і гаварыў, дык от так, абы збыць, няўважліва і буркліва. Пятруся, запальваючы лямпу, рыхтуючы, а потым падаючы вячэру, рухалася жвава, але выглядала, як нежывая. Сцяўшы вусны, хадзіла ціха і баязліва, а калі падыходзіла да мужа, апускала вейкі. Калі ён на яе глядзеў, Пятруся дзервянела ад страху. Ведала ж добра, што ні біць, ні нават лаяць яе не будзе. Чаго ж так баялася? Можа, ягонага позірку, які, калі глядзеў на яе, рабіўся надзіва праніклівым, часам злосным, а часам такім сумным, што яна ледзь стрымлівала слёзы. Штосьці стала паміж імі сцяной. Яна добра ведала, што гэта было. Як надта патрэбны рамеснік, Міхалка ўвесь час быў на людзях і чуў усё, пра што яны гаварылі. Цікаўны і гаваркі, ён столькі заўсёды ведаў, што некаторыя, смеючыся, казалі пра яго: ён чуе, як расце трава. Значыць, чуў усё пра сваю жонку і дом. Людскія плёткі пра Пятрусю давялі яго неяк да бойкі і колькі разоў да зацятых сварак. Потым ён перастаў ужо сварыцца і ўдаваў глухога, але тое, што рабілася ў ягоным сэрцы, адбівалася на ягоным твары, а таксама ў выразных, не навучаных скрытнасці, вачах. Быў вельмі амбітны і галоўным чынам таму так дбайна працаваў, упрыгожыў і напоўніў усялякім дастаткам сваю хату, марыў аддаць Стасюка кудысьці ў школу. А тут напаткаў яго вялікі сорам! Ды хто ведае, якія там яшчэ згадкі і сумненні блукалі ў ягонай галаве? Верыць - не верыў у тое, што людзі гаварылі пра ягоную жонку, але глядзеў на яе так, нібы прагнуў працяць позіркам наскрозь, збліжэння з ёй унікаў, нібыта адштурхоўваў яго нейкі інстынкт. Часам нейкая пяшчота падымалася яму з сэрца да горла і вачэй, і тады рабіўся такі сумны, нібы вяртаўся з бацькоўскіх хаўтур. Але паказаць гэта ніколі не хацеў; калі гэта надаралася, альбо выходзіў з дому, альбо як хутчэй клаўся спаць. Цяпер Пятруся, паставіўшы на стол яечню, стаяла насупраць яго і, апусціўшы вейкі, чакала, пакуль ён пакладзе яе сабе на талерку, каб раздаць рэшту дзецям і бабцы. Ён, утапіўшы алавяную лыжку ў поўную міску яечні, утаропіў у жонку пранізлівы і разам з тым трошкі жаласлівы позірк.

- Ой, Пятруся, Пятруся! - пачаў, ківаючы галавой. - Што з табой сталася? Да каго ты зараз падобная? Валасы такія ўскудлачаныя, як быццам з кім білася, а вочы апухлі ад плачу. Чаго плакала? Га?

Нічога не адказваючы, хутка адвярнулася і стала каля агню, плячамі да яго. Гэтае маўчанне, якім адказала на ласкавае яго пытанне, відаць, абразіла яго, бо, калі пад рукой не аказалася хлеба, павышаным і грубым голасам крыкнуў:

- Хлеба дай! Чуеш? Чаго там стаіш з апушчанымі рукамі, як пані якая?

А калі зрабіла яму жаданую паслугу, крыкнуў зноў:

- Дзецям дай есці! Не жабракі яны, каб праз чорт ведае якую маці да паўночы галодныя былі.

Гэта ўжо была няпраўда, і надта балючая, бо кінутая ў бок яе мацярынскага сэрца, але яна і на гэта нічога не адказала. Раздала ежу дзецям і бабцы, пасля вячэры вымыла начынне і парасстаўляла на паліцы, выцерла стол, згасіла лямпу і смаляк і, сеўшы на тапчанік, схіліўшыся над калыскай, накарміла грудзьмі разбуджанага Адамку. Агонь у печы яшчэ гарэў, і ў хаце панавала рухомае паўсвятло. Аксеня ціха ляжала на сваім сенніку на чарані печы. Спала ці не спала, але маўчала і ляжала не варушачыся. Дзеці адразу ж пасля вячэры заснулі. Міхалка спаць не ішоў. Шмат еў за вячэрай, потым, распасцёршыся на стале, паліў адну за другой цыгарэты, пару разоў нават нешта насвістваў сабе пад нос. Звонку здавалася, што яго нішто не абыходзіць. Аднак класціся спаць і не думаў. Усё паліў і, падпёршы лоб рукой, думаў. Пятруся пачала гайдаць калыску, каб немаўлятка заснула. Стала напяваць. Не спявала, але напаўголаса цягнула манатонную сумную ноту, якая ў глыбокай цішыні хаты і ў мігатлівым паўсвятле плыла і калыхалася, як жалобная, нясмелая хваля. Дзіцятка заснула, кабета ўстала з тапчана і басанож ціха падышла да мужа. Гэтак жа ціха сказала:

- Міхалка!

- Га? - спытаўся, узнімаючы галаву з далоні і гледзячы на яе.

- Я хачу заўтра на досвітку ў мястэчка ісці...

- Чаго?

- У касцёл на адпушчэнне. Папрашу Франьку, каб хату і дзяцей папільнавала.

Ён усё глядзеў на яе, але выраз ягоных вачэй у змроку не магла ўбачыць.

- Чаму гэта табе так у касцёл захацелася? - спытаўся.

Трошкі памаўчаўшы, адказала:

- Паспавядаюся і прыму найсвяцейшую камунію. Няхай мне сам Пан Бог перад людзьмі добрым сведкам будзе.

Устрымала рыданні і выцерла фартухом слёзы, якія градам пакаціліся на шчокі.

- Зноў плачаш, - заўважыў Міхалка, - от, плаксівая ты зараз зрабілася... зусім не такая, як была...