- Не такая, - паўтарыла жанчына, а праз хвіліну нясмела дадала: - І ты не такі, як быў...
- А не такі, - пацвердзіў муж.
У гэтых кароткіх сказах, якімі прызнаваліся адно перад другім пра страту ранейшага шчасця, гучаў глыбокі смутак. Ён усё прыглядаўся ўважліва да яе.
- Такі і праўда паспавядаешся заўтра і прымеш найсвяцейшую камунію?
- А як жа, - адказала і зрабіла рух, каб адысці.
Але ён яе аклікнуў:
- Пятруся!
- А што?
- Сядай каля мяне, пагаворым.
Здзіўленая і нясмелая, села каля яго на беражок лавы. Ён пачаў казаць:
- Паслухай, Пятруся. Ці гэта мы ўжо заўсёды будзем паміж сабой так жыць, як тыя нямыя стварэнні?.. Толькі таго не хапае, каб мы пачалі такое абурэнне і смех у людзей выклікаць, не раўнуючы, як Сцяпан Дзюрдзя са сваёй жонкай... Так нельга, Пятруся. Так не трэба. Ты маці дзяцей, і я цябе шанаваць мушу...
Слухала яго так уважліва, нібыта кожнае ягонае слова павінна было быць для яе прысудам, а калі змоўк, склала рукі на фартуху і шапнула:
- То і што ж я зраблю, калі ты, Міхалка, любіць мяне перастаў...
Сказаўшы гэта, стаіла дыханне, відаць, чакаючы адказу. Але каваль нічога не адказаў. Моцна засоп, уздыхнуў, кінуў недакураную цыгарэту на сярэдзіну хаты і зноў, падпёршы рукой галаву, маўчаў. Тады яна, не дачакаўшыся пярэчання, з енкам асунулася на зямлю і горача зашаптала:
- Міхалка, любенькі, я ўжо даўно бачу, што ты мяне любіць перастаў, што я табе зрабілася нямілай, што я табе, от так, як той цяжкі мех на плячах ці той камень, што да ног прывязаны... Няма тваёй весялосці! Няма тваёй гаворкі! Няма твайго смеху! Маркотны ты часам такі, што калі я гляджу на цябе, хацела б ужо пад зямлёй ляжаць... Шкадую я цябе, больш як сваё жыццё, і не хачу, каб ты праз мяне марна прападаў... калі ты мяне не любіш, то пайду я сабе з хаты, ад цябе, у шырокі свет пайду, куды вочы глядзяць... Толькі бабулю да смерці дагледзіш... Няшмат ёй ужо засталося на гэтым свеце быць, і адно дзіцятка ўзяць мне дазволіш... на ўспамін, ой, на адзіны ўспамін! Як бабуля са мной калісьці па свеце хадзіла, тай на нас дваіх працавала, так і я з дзіцяткам сваім хадзіць буду, тай на абодвух нас запрацую... А як зайду куды далёка, гэт, далёка, аж на край свету, то і вестка пра мяне назаўсёды згіне, людзі падумаюць, што ўжо сярод жывых мяне няма, а табе можна будзе ўзяць сабе іншую жонку і іншую гаспадыню і ўсё рабіць паводле сваёй волі... Любенькі, Міхалка, пайду я сабе ад цябе, пайду я сабе з хаты ад цябе, на край свету пайду, з адным дзіцяткам сваім... калі ты мяне ўжо не хочаш... ой, пайду...
Гаворачы так, абдымала ягоныя калені і, пахіляючы да іх галаву, цалавала. Але калі часам узнімала галаву, то на яе твары апрача глыбокай тугі выяўлялася столькі шчырасці і рашучасці, што магло падацца, вось зараз, зараз сарвецца з зямлі, падхопіць на рукі якое дзіця і выбежыць з хаты... Аднак не ўскочыла з зямлі сама, а паднялі яе і пасадзілі на лаву мужчынскія рукі. Сціскаючы як клешчамі яе плечы ў сваіх агромністых руках і, відаць, жадаючы яе развесяліць, каваль пачаў казаць:
- Што ты пляцеш? Што ты тут гаворыш? Ой, такая дурная, як вар'ятка! З хаты яна пойдзе! На край свету пойдзе! Ці ж бы я пусціў цябе з хаты? От, хутчэй бы развітаўся з гэтым жыццём...
У імгненне вока павісла на ягонай шыі.
- То я табе, відаць, не надта нямілая...
- Ты мне такая самая мілая, як і раней...
Пры смузе бледнага святла, якое падала на іх, зблізку паглядзелі адно аднаму ў твар. Яна ўбачыла, што ягоныя словы былі праўдай, і яе вочы высахлі ад слёз, засвяціліся, сталі зноў такія вясёлыя, шэрыя, выразныя, як і раней.
- Ой, ты, ты пляцюха! Ці ты думаеш, што я які лотр ці разбойнік, каб так ужо адразу пра ўсё забыўся і сэрца перамяніў? Ці ж гэта не ты, у чужых людзей гаруючы і людскія насмешкі церпячы, шэсць гадоў мяне чакала і дзеля мяне ад багатай гаспадаркі адмовілася?
- Але, - шапнула кабета.
- Альбо я цябе зганьбаваную ўзяў ці якую нявартую? Чыстая ты была і без ніякай плямы, як тая шклянка, вымытая ў крынічнай вадзе, свежая ты была і вясёленькая, як тая птушка, што на небе лятае...
- Але...
- Сем гадкоў я з табой жыў і ажно пакуль на нас нешчаслівыя часы не прыйшлі, сумнага дня не пражыў, злосці на тваім твары не бачыў, злога слова ад цябе не чуў...
- Але...
- Дзяцей ты мне чацвёра нарадзіла і з пільнасцю іх гадавала, гаспадарку глядзела і рук не пакладала, прымнажаючы ўсялякі дастатак...
- Але...
- Ну, то бачыш! Чаму ж бы я цябе любіць перастаў? Ой, ты дурная! З хаты ад мяне ісці хацела... а я б за табой пайшоў, дагнаў бы і тады ўжо пабіў... далібог, тады, тады то ўжо быў бы табе шабаш! пабіў бы, назад вярнуў і ў хаце пасадзіў. Сядзі, баба, калі табе добра! От!
Разам з апошнімі словамі пачуўся ў хаце гучны пацалунак. У самыя вусны яе пацалаваў, прыабняў і спытаўся:
- Ну, зараз кажы, чаго сёння так плакала, што ажно вочы запухлі? Ці зноў табе хто што прыкрае зрабіў? Га?
Перакананая, што любіць ён яе так, як і раней, з бліскучымі ад шчасця вачыма, трошкі яшчэ павагалася са сваімі прызнаннямі. Але старая звычка гаварыць яму ўсё перамагла. Закрываючы рукой твар ад сораму, але ўжо не плачучы, расказала яму ўсю сваю страшную сённяшнюю крыўду.
Міхал ускочыў з лавы і грымнуў кулаком аб стол.
- Заб'ю! - крыкнуў. - На смерць лайдакоў тых пазабіваю! Чаго яны да цябе прычапіліся, гэтыя лотры, хамы...
Хамамі называў сялян, як быццам сам не быў селянінам... І праўда, лічыў сябе ўжо трошкі вышэйшым за клас, да якога ад нараджэння належаў. Пятруся ўчапілася яму за плечы, умольваючы, каб нікога не біў і нават не чапаў. З набраклай на лбе венай і маланкамі ў вачах ён сеў на лаву, засоп, парывістым рухам рукі запаліў цыгарэту. Потым, выпускаючы клубы дыму з рота, абураўся зноў:
- Дурныя хамы! Каб у такое глупства верыць! Я не веру... далібог, не веру, каб на свеце якія ведзьмы былі... Часам і мне прыходзіла ў галаву, што гэта можа быць праўда... звычайна... паміж дурнымі і наймудрэйшы чалавек часам адурнее... Але такі ведаю добра і разумею, што ўсё гэта казкі. Цёмны народ, і ўсё! Гэта сваёй дарогай, а бяда сваёй дарогай! І сорамна, сорамна мне, як якому п'яніцу ці абарванцу якому, біцца з мужчынамі па карчмах і дарогах, і нічога гэта не дапаможа... Дурням дурноты з іхніх галоў не павыбіваеш, каб там невядома як біў... Што тут рабіць?
- Заўтра перад усімі паспавядаюся і найсвяцейшую камунію прыму, - шапнула Пятруся.
Міхал махнуў рукой.
- Што гэта дапаможа? Адзін пабачыць, а другі на адпушчэнні ў тлуме і не заўважыць. Хто быў да цябе са злой воляй і зайздрасцю, той так і застанецца. Змарнуешся ад людской дакукі, а яшчэ калі-небудзь зноў цябе пакрыўдзяць, так, як сёння... Хай Пан Бог бароніць...
Моцна выцер рукой сабе ўвесь твар, а потым, варушачы валасы на галаве, прамовіў:
- Хіба сабрацца, кінуць хату і гаспадарку і ў свет пайсці...
- Хату і гаспадарку кінуць! - крыкнула Пятруся.
- Дык і што ж! Што ж тут такога! - адказаў.
Аднак павільгатнелымі вачыма сам азіраўся па хаце. Мілая была яму гэтая хата, цёплая, заможная, аздобленая ўсім, што ў яе праз столькі гадоў, як птах у гняздо, прыносіў. Родным быў таксама той дзедаўскі кавалак зямлі, куды пасля доўгага салдацкага туляння вярнуўся з радасцю і асеў. Памаўчаўшы нейкі час, абняў жонку за шыю і сказаў:
- Калі б мне тут было дрэнна жыць, ці пайшла б ты за мной куды-небудзь у іншае месца?
- А як жа! - крыкнула Пятруся.
- Ну, то калі табе тут дрэнна, я пайду з табой куды-небудзь. Зямлю аддам у арэнду, як тады, калі ў войска пайшоў, а з маім рамяством хоць увесь свет абыду, а хлеба ні нам, ні нашым дзеткам не забракуе... У мястэчку дзе асяду і буду каваць, а цябе ў крыўду не дам, і каб яшчэ, барані Божа, білі...
Жанчына нахілілася і пачала цалаваць ягоныя рукі.
- Які ты добры, ой, які ты добры... лепшага ўжо, мусіць, на цэлым свеце няма... Я ў тваім твары пабачыла, і ў тваім голасе пачула, і ва ўсім табе распазнала, што ты такі добры... Таму я цябе так і пакахала, назаўсёды, аж да смерці, што мне ўжо ніколі ніякі іншы чалавек мілым не быў бы і што без твайго кахання мне так, як без таго цёплага сонца і без той вады...