Ён выпрастаў яе пахіленую постаць і абняў.
- Ідзі заўтра ў мястэчка, паслухай святую імшу, паспавядайся, а пасля набажэнства да маёй сястры Ганулі, што там замужам за фельчарам, зайдзі і распытайся ў яе, ці добра было б мне ў мястэчку асесці... Значыць, з рамяством маім асесці... Ці там патрэбен каваль... А калі там не патрэбен, то я, можа, пагаджуся застацца ў тым двары, куды заўтра пайду дамаўляцца пра працу. Вялікі двор і вялікі маёнтак... там заўсёды каваль быў, а цяпер няма, можа, мяне захочуць. Хацеў бы я з табой на адпушчэнне паехаць, але ў той двор трэба... То ідзі ўжо сабе заўтра сваёй дарогай, а я пайду сваёй, а потым, не бавячыся, бабулю і дзяцей забяром на воз і гайда, у дарогу! От, табе дарога і наканаваная. Пойдзеш ты ў свет лепшага шчасця ў людзей шукаць, толькі не адна, не сама, але са мной, з бабуляй і з усімі дзецьмі, і з маёй працай таксама, з якой усюды добры кавалак хлеба будзе...
- Дзякуй, Міхалка, ой, дзякуй табе за ўсю тваю дабрыню...
У мястэчку, што было за шэсць вёрст ад Сухой Даліны, увесь святочны ранак над вялікім кірмашовым гоманам гучалі рознагалосыя касцельныя званы. На кірмашы людзей было, як мурашак, і мноства ўсялякай жыўнасці. Тут прадавалі і куплялі коней, кароў, валоў, цялят, збожжа, палатно, яйкі і мноства іншых прадуктаў сваёй гаспадаркі. Сані там стаялі каля саней, шчыльна датыкаючыся альбо часам наязджаючы палазамі на палазы; быдла і людзі збіваліся ў рухомыя клубкі, шум ад размоў, сварак, праклёнаў, таргоў, іржання коней, рыкання кароў быў агромністы, і была вялікая стракатасць адзення і твараў: мужчынскіх і жаночых, сялянскіх, жыдоўскіх і дробнашляхецкіх. Чатыры Дзюрдзі таксама прыехалі на гэты кірмаш, кожны са сваім. Пётра і Клеменс прывялі прадаваць каня і карову, Сцяпан - двухгадовага воліка, а Сымон прывёз пару асьмін жыта і гароху. Усё адно: апішуць і прададуць, значыць, лепш хапаць і прадаваць на сваю карысць, што ўдасца. Большасць мужыкоў, хуценька памаліўшыся і адпусціўшы ў касцёл баб, заставалася пры сваіх санях і тавары. Пётра сваё дабро даверыў сынавай апецы, а сам скіраваўся да невялікага белага касцёла, з вежаў якога далятала музыка званоў, а з сярэдзіны чуліся харавыя спевы тых, хто суправаджаў працэсію.
У невялікім прытворы было так цесна, што павольны і ўрачыста настроены селянін ледзьве здолеў прабіцца да касцельнага парога і ступіць яшчэ колькі крокаў. Тут шырокія спіны ў кажухах стаялі непрыступнай сцяной, але перад ім над кудлатымі мужчынскімі чубамі і над жаночымі, па-святочнаму прыбранымі галовамі прамільгнула золата несенай пад балдахінам манстранцыі, запунсавелі палярынкі касцельных служкаў, бліснулі агеньчыкі свечак, узнесліся ўгору харугвы. Ігралі арганы, і некалькі соцень галасоў спявалі хорам. Пётра хацеў укленчыць, але з-за цясноты зрабіць гэтага не мог, таму пахіліў галаву і сціснутым кулаком моцна біў сябе ў грудзі.
- Ойча нябесны, валадар зямлі, адпусці нам цяжкія грахі нашы...
Гэтую малітву ён прыдумаў сабе сам у той час, калі яго агарнула вялікая скруха за крыўду, учыненую матцы, і з тае пары паўтараў яе заўсёды, калі быў ужо настроены надта набожна. Пачалася імша. Пётра з трошкі пахіленай спінай узнёс вочы ўгору і ўзіраўся ў бачныя па-над галовамі аздобы вялікага алтара. Былі гэта нейкія гіпсавыя вяночкі і арабескі, над якімі стаяла некалькі драўляных скульптур з крыжамі, з вялікімі кнігамі, з грозна выцягнутымі альбо складзенымі для блаславення ці малітвы рукамі. Вочы селяніна напоўніліся лагодным роздумам, вусны ягоныя перасталі варушыцца. Можа, згадаў усё, што некалі, гледзячы на алтар, перацярпеў і выпрасіў. А можа, над алтаром і скульптурамі святых, пад самым скляпеннем святыні ён шукаў зрокам тых бляскаў і чараў, у вобразах якіх смутна паўставала ў яго ўяўленні нябеснае валадарства. Доўга блукаў так зрокам па вышынях, уздыхаючы час ад часу.
- Ойча нябесны, валадару зямлі, апякуне людзей...
У ягоным бледным твары, узнятых вачах і гучным, з уздыхам шэпце шмат было тугі, удзячнасці і пакорлівасці. Тут перасталі іграць арганы, і ў сцішаным касцёле ўрачыста загучала:
- У імя Айца і Сына...
Пачыналася казань. Пётра са свайго месца добра бачыў ксяндза, што стаяў на высокім амбоне, ягоную снежную комжу і чырвоную стужку на грудзях. Мовы, на якой гаварылася казань, у штодзённым жыцці Пётра не ўжываў, але добра разумеў і пры нагодзе мог добра размаўляць на ёй. Таму пахіліў галаву, наставіў вушы і з усіх сіл услухоўваўся ў чысты і гучны голас, што абуджаў пад скляпеннямі звонкае рэха. Людзі, што стаялі каля яго, слухалі таксама, але большасць няўважліва ці сонна. Паставы іхнія былі поўныя пашаноты, яны часта нават уздыхалі, але больш азіраліся па баках альбо заплюшчвалі ў дрымоце вочы. Пётра прагна ўслухоўваўся ў словы, што разносіліся па касцёле, але не ўсе яны рабілі на яго аднолькавае ўражанне. Былі такія, што не абуджалі ў ім аніякіх пачуццяў ці паняццяў, і такія, што ўзрушвалі яго да глыбіні душы. У доўгім уступе святар расказваў люду пра Боскую дабрыню і пра злосць д'ябла. Калі згадвалася першае, твар селяніна выглядаў так, нібыта спадаў на яго промень ідэалу. Размякчаўся, вылагоджваўся, расплываўся па ім выраз дабрыні і расчуленасці. Але калі ў паветры прагучала імя д'ябла, густыя ягоныя бровы збегліся над вачамі, вусны задрыжэлі трывожна ці гнеўна і сам ён заварушыўся так, нібыта яго ахапіла жаданне плюнуць. Але ўстрымаўся, зважаючы на святасць месца.
З гучным шоргатам людзі апускаюцца на калені на цагляную падлогу касцёла. Зноў іграюць арганы. Каля алтара ўзносіцца меладычны і малітоўны спеў, плывуць хвалямі ўздыхі і шэпты. Пётра рашучымі рухамі локцяў пашырыў сабе месца, упаў на калені, прыціснуўся вуснамі да касцельнай падлогі і голасна зашаптаў:
- Хай Божая сіла пераможа нячыстую сілу...
Тут нехта моцна штурхануў яго ў локаць. Пётра азірнуўся і ўбачыў Клеменса, які схіліўся над ім. Хлопец зашаптаў яму ў самае вуха:
- Татку! Старшыня хоча купіць каня... не ведаю сам, што рабіць...
Адштурхнуў сына рукой і зноў пахіліўся над зямлёй, але Клеменс пацягнуў яго за кажух.
- Хадзі, татку, а то торг страцім...
- Скажы старшыні, каб сам ішоў у касцёл і людзям не перашкаджаў маліцца Пану Богу...
Сказаў гэта такім тонам, што Клеменс больш не настойваў, укленчыў, перажагнаўся, пацалаваў два разы зямлю і выйшаў з касцёла. Але Пётра ўжо не адчуваў папярэдняга душэўнага настрою. Нешта пачало яму карцець і непакоіць яго. Паціскаў плячыма, азіраўся, урэшце ўстаў з каленяў і, некалькі разоў яшчэ ўдарыўшы сябе ў грудзі, пакінуў касцёл. У прытворы сустрэў Сцяпана, які мачыў пальцы ў свянцонай вадзе.
- А што там з маім канём чуваць? - спытаўся з відочнай занепакоенасцю.
- Старшыня яго ў Клеменса старгаваў. Ідзі хутка, а то торг страціш...
Сцяпан таксама нядоўга забавіўся ў касцёле, бо яшчэ не прадаў свайго воліка. Сымон жа толькі памаліўся перад касцельнымі дзвярыма і як хутчэй з грашыма, што атрымаў за прададзенае жыта і гарох, паляцеў у карчму. Ніводзін з іх не дабраўся да сярэдзіны касцёла, а тым больш да вялікага алтара, дзе мноства людзей спавядалася пры канфесіяналах, а потым кленчыла перад балюстрадай, чакаючы камуніі.
За гадзіну перад змярканнем гандлёвы рынак пачаў пусцець, затое ўсё больш саней і коней збіралася ля варот вялікай мураванай карчмы. Для людзей, што праз цэлы дзень маліліся і мерзлі ў касцёле, мерзлі таксама прадаючы і купляючы на рынку, было амаль неабходнасцю перад тым, як пусціцца ў далёкую дарогу дадому, зайсці на хвілінку ў якія цёплыя сцены, пагрэцца і перакусіць. Тут перад карчмой, авальная брама якой на ўсю шырыню будынка выглядала чорнай безданню, на зацвярдзелай ад марозу, прысыпанай снегам, усланай саломай пляцоўцы, якая паблісквала замёрзлымі лужынамі, стаяла мноства саней і коней, галовы і шыі якіх знікалі ў прывязаных да іх торбах з кормам.