- Чорт туман у вочы пускае! - азваўся Пётра.
- Але, - пацвердзіў Клеменс, які ўсё больш дрыжэў ад холаду.
Сцяпан прабурчаў сам сабе:
- Прыйдзецца чалавеку змерзнуць, як сабаку.
А потым дадаў:
- Калі б са мной так сталася, дык тая нягодная зусім бы ўжо Казюка замучыла...
І ўздыхнуў.
А Сымон на сваіх санях лямантаваў:
- Ой, горкая, горкая доля мая і дзетак маіх!
Тут Клеменс крыху прыўзняўся на санях і ўшчэнт перапалоханым голасам крыкнуў:
- Зноў Прыгоркі!
Пётра прыўзняўся таксама і напружыў зрок.
- А як жа! Прыгоркі, - пацвердзіў. - Чорт водзіць, такі ўжо няйначай... Чорт узяўся сёння за нас, туман у вочы пускае і водзіць...
- Па адным месцы водзіць... - заўважыў Клеменс.
- Але, па адным месцы. Чорт няйначай... злазь з саней...
Вылез з воза і паклікаў сына:
- Будзем дарогу шукаць...
Калі яны вылезлі, Сцяпанавы сані, наехаўшы, сутыкнуліся з іхнімі і палазамі зачапіліся за палазы.
- Хадзем дарогу шукаць!.. - крыкнуў Пётра да Сцяпана і Сымона.
Усе ўчатырох, грузнучы ў снезе, ступілі некалькі крокаў. Раптам Клеменс закрычаў:
- Бачыш, татку, бачыш?
Ён выцягнуў руку ў бок шэрага рухомага ценю, які акурат цяпер паказаўся з-за прыгоркаўскага лесу і досыць блізка павольна сунуўся ў снежнай каламуці.
- У імя Айца і Сына... - перажагнаўся Пётра, - згінь, прападзі, нячыстая сіла...
Сцяпан, як найсмялейшы, ступіў яшчэ некалькі крокаў наперад.
- Чорт ці баба? - прамовіў ён.
- Баба... - пачаў Сымон, - шэльма баба, грошы не дала, ведзьма тая... я ў яе, як у маці прасіў... Ого! Пачакай!
І кінуўся наперад. Праз колькі секунд на ўсю моц сваіх п'яных ног вяртаўся да ўнураных у снег саней. Нагнуўся над сваімі санямі і, сапучы і лаючыся, пачаў выцягваць з іх адну з папярэчын, што, прыкрытыя саломай, былі за сядзенне.
- Яна самая, - бубніў ён, - ведзьма тая... чортава прыяцелька... каваліха праклятая... грошы не дала, а па начы людзей на замярзанне водзіць...
- Яна! Зноў яна! - крыкнуў Пётра і таксама пачаў выцягваць з саней кол. - Няхай чартоўская сіла прападзе перад Божай сілай... Няхай Божая сіла пераможа чартоўскую сілу... Паганая душа яе... сынка мне загубіць хацела, а цяпер зноў замарозіць на полі, не дачакацца ёй...
- Чаго яна да нашай сям'і прычапілася і даймае нас... - крыкнуў Клеменс. - Ці то ўжо мая маладая галава прападаць праз яе павінна?..
Сцяпан не сказаў нічога, але таксама кол з воза выцягнуў...
У белай цемры твараў іх не было відаць, але з гучнага сапення, з панурага бурчання і п'яных выкрыкаў біў усё моцнейшы вулкан лютых жарсцяў: трывогі і прагі помсты. Прайшла хвіліна, і ў снежнай імгле за некалькі крокаў ад пастаўленых саней зацямнела шаматлівая купка людзей, пачуліся страшныя крыкі і енкі, якія, аднак, заглушаў сваім шумам віхор і разам са сваім посвістам панёс на шырокія палі, дзе гула завіруха...
Праз колькі хвілін вялікая хваля ветру, рассунуўшы на момант снежную імглу, адкрыла прамую, як струна, дарогу, што імкнула ў прастор, а на той дарозе - трое саней, на якіх сядзелі чатыры мужчыны. Знішчылі чартоўскую сілу і знайшлі дарогу. Сцебанулі коней, працяжнымі галасамі занокалі на іх і панесліся гладкай дарогай і хутка зніклі ў густой снежнай замеці. А на белай зямлі нерухомай плямай цямнела Пятруся, жонка каваля Міхала. Каламі паламалі ёй грудзі і рэбры, залілі малады твар крывёй і пакінулі на пустым полі, на шырокім полі, беламу снегу на падсцілку, чорным груганам і варонам на спажыву.
У судовай зале горача ад таўкатні і святла. Ад доўгага разгляду і позняй начной часіны цяжкая стома поўніць паветра. Урэшце адчыняюцца шчыльна зачыненыя дзверы, каля якіх увесь гэты час стаяла варта. З глухім шумам устае са сваіх месц публіка, абвінавачаныя таксама падымаюцца са сваёй лавы. Доўгім гужам суддзі і прысяжныя выходзяць з залы паседжанняў; адзін з іх ва ўрачыстай паставе гучным голасам зачытвае чатыры пытанні, кожнае з якіх адносіцца да аднаго з абвінавачаных і на якія павінен быць дадзены вельмі кароткі адказ: вінаваты, невінаваты.
Чатыры разы ў глыбокай цішыні ярка асветленай і запоўненай людскім тлумам залы прагучала слова:
- Вінаваты, вінаваты, вінаваты, вінаваты.
Пасля кароткага перапынку іншы голас гучна зачытаў прысуд:
- Пётра, Сцяпан, Сымон і Клеменс Дзюрдзі асуджаюцца на пазбаўленне ўсялякіх людскіх і грамадзянскіх правоў, на дзесяць гадоў цяжкіх работ у капальнях і пажыццёвую ссылку ў Сібір.
Асуджаныя слухалі, слухалі. Голас таго, хто абвяшчаў прысуд, змоўк... Усё скончылася. Па белым, як палатно, твары Пётры адна за другой каціліся слёзы, ціхія, цяжкія, а рукі ягоныя павольна ўздымаліся і крыжаваліся на грудзях.
- Пане нябесны, валадару зямлі, хай будзе воля Твая як у небе, так і на зямлі, - сказаў ён голасна, выразна і заглядзеўся ўгору.
Сцяпан нават не ўздрыгнуў, толькі пакамечаны тысячамі зморшчынак ягоны твар палыхнуў крывавым румянцам, а з чорных вачэй бліснула роспачная і разам з тым грозная маланка.
Сымон застаўся такім, як і быў: з абвіслымі рукамі, раскрытым ротам і мокрым, нерухомым позіркам. Здавалася, ужо ўсё на свеце было яму абыякавым, а можа, нават ён зусім не зразумеў, якая яго будучыня. Але за гэтым п'яніцам узляцелі ўгору дзве дужыя маладыя рукі і дзве далоні, якія яшчэ не мелі часу зацвярдзець і счарнець у працы, канвульсіўным рухам упіліся ў гушчыню светлых, як лён, валасоў. Клеменс схапіў свае валасы ў абедзве жмені і зайшоўся ад гучнага плачу...
Потым яны па адным пачалі пакідаць сваю лаву і павольна, цяжка ступаючы, па чарзе ўваходзілі ў нізкія дзверы, якія адчыняліся перад імі і за якімі відаць быў бакавы калідор, што здаваўся чорным пасля ярка асветленай залы. З патоку святла адзін за другім уступалі яны ў гэтую чорную цемру, за апошнім з іх зніклі і два ўзброеныя жаўнеры, што замыкалі шэсце. Нізкія дзверы зачыніліся павольна, без шуму...
1885
Хам
Было яму за сорак. Аб гэтым сведчылі маршчыны, што тонкімі лініямі праразалі яго высокі лоб, які здаваўся яшчэ вышэйшым ад таго, што цёмныя, прыцярушаныя на скронях сівізной валасы ўжо значна парадзелі. Аднак, нягледзячы на гэтыя маршчыны і першую сівізну, выглядаў ён бадзёрым і дужым. Ён быў рыбак і цэлыя дні, а часам і частку ночы праводзіў на рацэ. Сонца, вятры і вільготны подых ракі цёмным і здаровым загарам пакрылі яго прадаўгаваты, худы твар, асветлены крыху нерухомым і паважным позіркам блакітных вачэй. Павага гэта і роздум адчуваліся ў рухах яго высокай, зграбнай і дужай постаці.
Калі было яму гадоў васемнаццаць, бацька ажаніў яго з дзяўчынай з суседняй вёскі, бо ў хаце патрэбна была гаспадыня. З гэтай сваёй лагоднай і працавітай, праўда, дурнаватай і непрыгожай жонкай жыў ён спакойна, але нядоўга, бо праз некалькі гадоў яна памерла, не пакінуўшы яму дзетак. Неўзабаве памёр і яго стары бацька, а калі адзіную сваю сястру, маладзейшую за яго на дванаццаць гадоў, ён выдаў замуж, дык застаўся зусім адзін у сваёй хаце, якая стаяла ў канцы невялікай вёскі ля сасновага бору на высокім беразе Нёмана. Не было ў яго ні валоў, ні коней, ды і зямлі амаль не было, а таму і памочнікаў для сваёй гаспадаркі ён не шукаў. Бацька яго ад даўняга памешчыка, былога гаспадара іх вёскі, атрымаў некалі гэтую хату і ладны кавалак агарода, але сям'я жыла пераважна з ткацтва, якое пэўны час было распаўсюджана ў гэтай вёсцы і прыносіла сялянам сякі-такі прыбытак.