Але сын з ткацкімі кроснамі, з нізкай столлю і цёмнымі сценамі хаты зжыцца ніяк не мог. Яго вабіў неаглядны шлях ракі, яе блакітная цішыня ў пагодлівы час і напеўны шум у час непагадзі, ружовы ўсход сонца пад ёю і фарбы захаду, што адбіваліся ў вадзе. Ён любіў чыстае паветра, хоць бы нават спякотнае або марознае, адкрытае неба, хоць бы нават пахмурнае і сумнае. У дзяцінстве ён стругаў чаўны, рабіў вуды, а калі падрос, стаў рыбаком. Даўней, вяртаючыся з ракі, ён заставаў у хаце бацьку, жонку, сястру, часам суседзяў або кумоў; зрэдку і ў карчму заходзіў, хоць у гарэлцы ніякага смаку не бачыў, а ў танцах і гутарках удзелу амаль не прымаў. Цяпер ужо некалькі гадоў хата яго была зусім пустая. Вярнуўшыся з ракі, ён сам даіў карову, якую агульны вясковы пастух прыганяў з пашы, сам сабе гатаваў вячэру і, самотна пад'еўшы, клаўся спаць, каб заўтра зноў, меншым ці большым чоўнам, плысці насустрач світанку або ўцякаючаму на захад начному змроку. У карчму ніколі цяпер не заглядваў і з людзьмі наогул вадзіўся рэдка, апрача сястры і швагра, у якіх зімой, калі рака замярзала, моўчкі сядзеў пад сцяной. Нельга сказаць, каб ён не любіў людзей, бо не толькі нікому зла не рабіў і сваркі ні з кім не заводзіў, але, наадварот, таму-сяму па гаспадарцы дапамагаў, дробную рыбу прыносіў, а кожнаму, хто да яго звяртаўся, адказваў ветліва і ахвотна. Але ён не шукаў людзей, хутчэй нават унікаў іх, нібы ў доўгіх вандроўках па рацэ прызвычаіўся да маўчання. А калі гаварыў з людзьмі, голас яго гучаў глуха і словы паволі сыходзілі з яго вуснаў, якія ўсміхаліся вельмі рэдка. Аднак і сумным яго назваць было нельга, наадварот, здаваўся ён чалавекам спакойным і ўсім задаволеным. Толькі сур'ёзны позірк і павольныя рухі яго сведчылі аб тым, што чалавек гэты заўсёды заняты сваімі думкамі. Аб чым жа ён думаў? Гэтага ён не расказваў нікому. Аднак ці імчаўся ён з хуткасцю маланкі па люстры спакойнай ракі, ці павольна калыхаўся на яе хвалях паміж двума ўваткнутымі ў дно ракі шастамі, ці заглядаўся на золак, на аблокі, на вясёлку, на навальніцу або сонечны дыск, які апускаўся за лес, ён заўсёды аб нечым думаў. Круг яго думак быў, напэўна, даволі абмежаваны, але, відаць, глыбокі, бо чалавек гэты, здавалася, цалкам патанаў у ім і адчуваў сябе тады найлепш.
У вёсцы яго лічылі дзіваком, але сумленным і спакойным чалавекам. Калі ён замалада аўдавеў, яму раілі ажаніцца нанова, сваталі дзяўчат. Але, зірнуўшы раз-другі на дзяўчыну, якую яму прапаноўвалі, ён адмоўна ківаў галавой і, махнуўшы рукой, хутчэй ішоў на раку. Куме Аўдоцці, якая вельмі любіла яго і была заўзятай сваццяй, на пытанне, чаму ён не хоча жаніцца, ён, паціскаючы плячыма, адказваў:
- Навошта? Неба - мая хата, а рака - жонка. Кожны жыве па-свойму, а калі граху няма, дык усякае жыццё добрае.
І ўсміхаючыся дадаваў:
- Можа, прынесці вам, кума, печкуроў на вячэру?
І ішоў на раку.
Ніякія спакусы ні да кампаній, ні да жаніцьбы схіліць яго не маглі. Не паддаваўся ён ні ўгаворам, ні чужым уплывам, меў, відаць, моцную волю.
Месяцы праз два пасля таго, як яму ў дзень Пятра і Паўла споўнілася сорак два гады, плыў ён неяк раніцай на досвітку ў тое месца, дзе напярэдадні пакінуў шнур пад вадой з прыладай для рыбы. І раптам з берага пачуўся прарэзлівы жаночы крык:
- Езус! Марыя! Ратуйце!
Раніца толькі займалася. Над цёмным борам працягнуўся яркі шлях золку, акаймаваны золатам узыходзячага сонца, ад якога на паверхню вады, усхваляваную ранішнім ветрыкам, падалі пунсовыя водбліскі. Пачуўшы крык, рыбак азірнуўся і спачатку ўбачыў нешта блакітнае, што плыло побач з яго чоўнам, а пасля жанчыну, якая стаяла непадалёк ад берага ў вадзе і працягвала рукі ці то да гэтай рэчы, што сплывала па вадзе, ці то да яго. На фоне зялёнай гары, ля вяршыні якой у засені дрэў стаяла белая прыгожая дача, яе шчуплая і зграбная, напаўраздзетая жаноцкая постаць з жаласна працягнутымі рукамі выглядала ў ружовым святле раніцы як дасканала вытачаная статуэтка. Высока падаткнуты падол спадніцы не закрываў нават яе каленяў, а з-за расшпіленай цёмнай кофты з закасанымі рукавамі відаць былі голыя плечы, шыя і нават крыху грудзей, якім ранішні ўзыход сонца надаваў залацісты колер. Чорныя валасы бязладна развяваліся над яе прыгожай галавой і густымі, кароткімі, крутымі струменямі ападалі па плечы. Нават здалёк было відаць, як блішчаць на смуглявым твары яе чорныя прамяністыя вочы і плывуць з іх слёзы. Заўважыўшы, што рыбак павярнуўся і глядзіць у яе бок, яна закрычала:
- Злітуйцеся, чалавеча, злавіце гэтую шмату і падайце мне! Богам прашу, злавіце... Ратуйце мяне!
Вясёлая ўсмешка, якая так рэдка з'яўлялася пад цёмнымі вусамі, расцягнула вусны рыбака і ўжо не знікала з іх. Магчыма, постаць гэтай кабеты, якая нечакана ажывіла ранішні краявід, спадабалася яму, а можа, рассмяшыў яго вялікі лямант, узняты з-за такой малой рэчы. Тое, што плыло па рацэ, было малой дзіцячай сукенкай, яна, нібы блакітная птушка, калыхалася па паверхні вады, а кароткія рукавы яе трапяталі пад ветрам, нібы крылы. Рыбак толькі пару разоў мацней ударыў вяслом па вадзе, працягнуў руку і лёгка схапіў сукенку. Цела яго, натрэніраванае грэбляй, загартаванае жыццём на паветры, захавала юначую зграбнасць і гнуткасць. Здалёк жа, у сваёй шэрай кароткай світцы, высокіх ботах і шыракаполым капелюшы, ён выглядаў зусім маладым.
Усё з тою самай прыязна-жартаўлівай усмешкай ён падплыў да жанчыны, якая стаяла ў вадзе, і падаў ёй мокрую блакітную шматку. А яна, апусціўшы рукі, ужо гучна смяялася, бліскаючы белымі зубамі і ўтаропіўшыся ў яго чорнымі палаючымі вачыма. Толькі цяпер ён заўважыў, што ў празрыстай вадзе ля яе голых, пазалочаных сонцам ног ляжаў стос мокрых адзежын. Ён глядзеў на жанчыну і дзівіўся, як гэта яна магла так хутка перайсці ад плачу і ляманту да вясёлага залівістага смеху? Пры гэтым яна чамусьці брала і не брала з яго рукі сваю блакітную шматку, то нібыта не магла да яе дацягнуцца, то нібыта выпадкова выпускала яе са сваіх тонкіх загарэлых пальцаў. Яна неадрыўна глядзела на яго, а пасля раптам зазірнула яму ў самыя вочы. Сустрэўшыся з яе позіркам, рыбак сарамліва адвёў вочы. Дзіўная гэта была рэч: дзяўчына гарэзліва, з вясёлай і дзёрзкай цікаўнасцю глядзела на мужчыну, а той сарамліва адводзіў ад яе позірк. Аднак усмешка не знікала з яго вуснаў. Пазіраючы не на дзяўчыну, а на хвалі, якія ўсё больш набіралі блакіту, ён прамовіў:
- Ну, бярыце ўжо сваю шмату, мне трэба плыць. І чаго было так лямантаваць? Можна было падумаць, што з вамі здарылася Бог ведае якое няшчасце ці хто, барані божа, утапіўся.
- Ого! Чаму лямантавала! - усклікнула яна і злосна і гарэзліва адначасова. - Была б я бедная, калі б гэта шматка, барані Божа, загінула. Ужо тры дні гаспадыня не дае мне спакою з мыццём дзіцячых рэчаў. Учора ўвечары я іх памыла, а сёння ранічкай устала, каб выпаласкаць іх у рацэ. Аж тут раптам адна з іх узяла і паплыла.
Седзячы на вузкай лаве ў чаўне, ён слухаў яе хуткую, жывую гаворку, у якой словам, здавалася, было цесна і яны абганялі адно аднаго. Рыбак не глядзеў на дзяўчыну, але слухаў з цікавасцю яе высокі і крыху рэзкі голас.
- А хто вы такая?
- Я?
Яна паказала рукой на гару, дзе бялела дача.
- Я служу пакаёўкай у тых паноў, якія прыехалі сюды на лета... Узялі мяне зімой і да канца лета пабуду яшчэ ў іх... А ўвосень, як вернемся ў горад, пайду ад іх... Даўжэй як да восені не застануся...
- Чаму ж гэта? Хіба крыўдзяць ці лаяць цябе? - з усмешкай запытаў рыбак.
Яна выпрасталася, пачырванела, і вочы яе загарэліся.
- Ого! Хай бы толькі паспрабавалі! На лаянку ёсць адлаянка! Я сябе ў крыўду не дам! Я дзяўчына з добрай сям'і. Бацька мой у канцылярыі служыў. Хай толькі мяне хто-небудзь абразіць злым словам, дык я яму так адкажу, што дзесяць год будзе помніць! А пасля хай мяне судзяць... Была я і ў судах! Не спалохаюся!
Ён паглядзеў на яе са здзіўленнем, амаль з жахам, але зноў адвёў позірк, бо гарачы румянец твару дзяўчыны і бляск яе чорных вачэй нібы апёк яго жарам.
- Дык чаму ж тады вы збіраецеся ад іх ісці? - запытаў ён.
- Чаму? Ды проста так! Я нідзе доўга жыць не магу. Хай сабе будуць самыя найлепшыя гаспадары, а на адным месцы я заўсёды знуджуся і - бывайце! Шукайце тады ветру ў полі. Гэткі ўжо ў мяне характар. Аднак і я хачу ведаць, хто вы?