- А вада ўсё плыве... плыве... плыве, - прашаптала летуценна Франка.
- Скажыце мне... - задуменна пачаў Павел і раптам змоўк, перабіраючы пальцамі гваздзікі.
- Што сказаць? - запытала Франка.
- Скажыце мне, хто вы такая, як жылі. Ну, што вы пра тую плату...
Ён вырваў раптам з пяску цэлую жменю кветак і з нечаканай для яго імклівасцю зашаптаў:
- Ой, каб цябе! Язык у горле калом устаў! Сорам, дый годзе!
Франка выпрасталася і жыва загаварыла:
- Калі хочаце, я ўсё вам пра сябе раскажу: хто я і якая. Калі добры чалавек просіць, чаму ж не расказаць? Чаго-чаго, а роду свайго мне саромецца няма чаго. У дзядулі майго былі два ўласныя дамы, бацька служыў у канцылярыі, яшчэ маю заможнага стрыечнага брата. Ён адвакат у адным вялікім горадзе. Ключкевіч прозвішча яго. Жонку таксама з заможнага дому ўзяў і жыве як пан. Вось з якога я роду! З-пад сарочынага хваста не выскачыла! А што служыць пайшла, дык такая ўжо няшчасная мая доля... Бацькоў мне Бог даў шэльмаў.
- Пра бацькоў грэх так казаць! - спалохана спыніў яе Павел.
- Вось яшчэ! - злосна кінула Франка. - У вас усё грэх. А ў мяне што праўда, тое праўда. Я ніколі не хлусіла. Вось паслухайце ды скажыце, праўда гэта ці не.
Яна села выгадней на сваім квяцістым сядзенні, выцягнула ногі так, што ступні яе ў прунэлевых чаравіках павіслі над самай вадой. Гаворка яе была жывая, перамяжоўвалася то смехам, то ўздыхамі і плыла няспынна, як гэта вада.
Дзед яе, ангродскі мешчанін, меў два ўласныя дамы - напэўна, маленькія, бо назвала вуліцу, на якой стаяць толькі драўляныя халупы, - і яшчэ пры жыцці аддаў сына служыць у канцылярыю. У гэтай канцылярыі бацька Франкі, відаць, займаў самую сціплую пасаду і атрымліваў маленькую зарплату. Ён часта хадзіў у дзіравых чаравіках, бо ў дадатак да ўсяго быў яшчэ п'яніца. Піць пачаў яшчэ ў маладосці, трапіў, відаць, у дрэнную кампанію, а з часам і зусім распіўся. Маці, паводле слоў Франкі, была з добрага роду Ключкевічаў, нават на фартэпіяна ўмела граць. Калі мела яшчэ фартэпіяна, дык як пачне, бывала, граць польку ці мазурку, дык на суседніх вуліцах было чутно. Прыгожая была, любіла добра апранацца і мела шмат кавалераў. У доме іх бывала вельмі весела! Калі бацькі не было, да маці прыходзілі госці, гралі, спявалі, танцавалі. Але вяртаўся бацька і, п'яны або нават цвярозы, разганяў гасцей, а маці лаяў і біў. Спачатку толькі лаяў, а пасля і біў. Францы было якіх шэсць гадоў, калі яна ўпершыню ўбачыла, як маці цалавалася з кавалерам, і восем, калі маці ўцякла ад мужа да сваякоў. Тады Франка і два старэйшыя браты пачалі жыць, як тыя вераб'і, якія задавольваюцца толькі тым, што дзе-небудзь знойдуць зерне-другое, а саграюцца, калі пад страху якую пашанцуе зашыцца. Шкадавалі іх людзі, то той, то другі накорміць, на нейкі час дасць прытулак. Хлопцам было лепш. Адзін з іх падрос і ў войска пайшоў, а другі стаў мулярам, хоць мулярства, вядома, не адпавядала яго паходжанню, але што рабіць? Беднасць. Нядоўга і пажыў ён. Бледны быў, худы, як чарвяк. Аднойчы, відаць, закруцілася ў яго галава на рыштаванні, упаў ён на брук, скалечыўся, і хоць спачатку яго быццам вылечылі, а неўзабаве ўсе ж памёр.
Пра старэйшага, салдата, даўно ніякіх чутак ужо не было. Хлопцы як хлопцы, ім лепш на свеце, але яна сапраўднае пекла пазнала і з бацькам, і з тымі дурнямі, якія ёй, дванаццацігадовай дзяўчынцы, давалі пірожныя, арэхі, каб дазваляла сябе цалаваць. Казалі, што яна прыгожая, і гэта ёй падабалася, але самі яны не падабаліся ёй. Яна вельмі баялася іх, не хацела ні тых пірожных, ні арэхаў, хавалася ад іх. Аднак хавацца было цяжка, бо яна часта выходзіла на вуліцу, то з дзецьмі гуляла, то да добрых людзей хадзіла за кавалкам хлеба або за паленцам дроў. Дамы бацька даўно ўжо прадаў і разам з маці грошы прагуляў. А маці праз некалькі гадоў зноў да мужа вярнулася, бо дзядзька Ключкевіч тады памёр, а дзеці яго параз'язджаліся па свеце. Адзін сын яго ў вялікім горадзе жыве, адвакат і багаты, такі багаты! Дык вось, маці да мужа вярнулася. Але бацька тады ўжо ў канцылярыі не служыў, спіўся да рэшты, звар'яцеў, паўгода ў шпіталі прабыў і памёр. Маці яшчэ гады тры пажыла. Рукадзеллем займалася, бялізну шыла, з гэтага і жылі. Аб кавалерах тады ўжо і не думала, па цэлых начах кашляла і плакала, Франку пры сабе трымала, чытаць і шыць вучыла, а перад самай смерцю знайшла для яе месца пакаёўкі ў адной пані і, прывёўшы яе туды, на каленях прасіла, каб тая ўзяла сірату пад сваю апеку.
- Няшчасная! - заўважыў Павел.
- Ага! - з зацятай нянавісцю ўсхліпнула Франка. - А грошы тыя, што за дамы ўзялі, разам з бацькам прагуляла, нас жа дзяцей, як тых шчанят, кінула ды да сваякоў уцякла! Што з таго, што яна пазней, перад смерцю, дрыжала нада мной, як курыца над кураняткам? Я ёй ніколі не дарую таго, што яна раней на пагібель маю рабіла! Што з таго, што яна апамяталася толькі тады, калі ад яе скура ды косці засталіся і ніхто глянуць на яе не хацеў? Ды і тады, хай бы толькі нехта пальцам ёй кіўнуў, пабегла б зноў і на мяне забылася. Ого, як бы яшчэ пабегла! Я яе ведала! Толькі таму, што бог і людзі яе пакінулі, яна за мяне ўхапілася... А раней што было? Каб гэткіх матак свет не ведаў!
- Гэта праўда! Каб гэткіх матак свет не ведаў! - горача падтрымаў Павел.
Першая яе гаспадыня была добрая, абыходзілася з ёю лагодна, навучыла яе вязаць, мыць карункі, але гаспадар пачаў да Франкі заляцацца, і, хоць спачатку яна, баючыся і саромеючыся, выкруцілася ад яго, урэшце аднак ён свайго дамогся. Падабаўся ёй вельмі. Быў гэта першы мужчына, у якога яна шалёна закахалася, першы яе палюбоўнік, бо тыя, ранейшыя, пірожныя і арэхі давалі ёй толькі за пацалункі. А калі пані, даведаўшыся пра ўсё, адправіла яе з дому, ён даў ёй пяцьдзесят рублёў, якія яна за месяц пражыла, бо, плачучы па ім, нічога не рабіла, а, каб пацешыць сябе, праводзіла час у вясёлых кампаніях. Пасля знайшла месца ў іншым доме - і пайшло! Нельга і пералічыць усіх тых месцаў, якія дагэтуль змяніла.
Найдаўжэй толькі год служыла яна на адным месцы, ды і то ўсяго два разы. Звычайна ж пасля першай заўвагі гаспадыні кідала месца. І калі работы было шмат, а часу для гулянак мала, яна таксама кідала службу. І калі надакучыць глядзець штодзень на адны і тыя ж абліччы, таксама ішла. Праўда, не раз і самі гаспадары адпраўлялі яе з дому. І адпраўлялі толькі за дзве рэчы: за кавалераў і за злосць. У некаторых гаспадароў з гэтым вельмі строга: не любяць, каб пакаёўка з кім-небудзь гуляла, і як толькі што заўважаць, адразу выганяюць з дому. Ну, а іншым не даспадобы быў яе гарачы характар, бо яна ж абразіць сябе не дазволіць, на адно слова адкажа дзесяццю, а часамі так агрызнецца, што паны ад здзіўлення ды сораму язык праглынуць. Былі выпадкі, калі яна за грубіянства і перад судом стаяла. Першы раз вельмі баялася суда, а другі раз была там, як у сябе дома. І хоць штраф давялося заплаціць, але гаспадароў гэтых яна так на судзе размалявала, што, мабыць, да самай смерці помніць будуць...
Аднаго разу было горш: тры дні пад арыштам прасядзела без усякай прычыны. У адной яе гаспадыні знік каштоўны пярсцёнак, і яна, не пашукаўшы яго як след, накінулася на Франку: «Гэта ты ўкрала! Ты!» Колькі ні клялася тады Франка, колькі ні плакала - нічога не дапамагло. Выклікалі паліцыю, арыштавалі. І што ж? Пярсцёнак знайшоўся, гаспадыня сама закінула яго за камод. Ой, колькі Франка тады наплакалася! Пасля гэтая пані за дарэмнае абвінавачванне грошы ёй давала, але Франка з яе рук выхапіла паперку, падзёрла на шматочкі, нагамі растаптала і, вылаяўшы пані, пайшла. Ніколі ніхто не пакрыўдзіў яе так, як гэтая пані. Бо што праўда, то праўда, а што няпраўда, тое няпраўда. Часам здаралася, што якую-небудзь сукенку гаспадыні апранала, але заўсёды пасля клала яе на месца. Якая б яна ні была нядобрая, але трох рэчаў не робіць ніколі: не п'е, не крадзе і не хлусіць. Такі ўжо ў яе характар, што гэтага яна рабіць не хоча. Калі б ёй вельмі хацелася, дык напэўна б рабіла, але гэта яе не спакушае. Гарэлкі яна не выносіць, а прыгожую вопратку хоць і любіць, але не настолькі, каб праз яе на ганьбу ісці, хлусіць жа проста не ўмее, бо, калі пачне гаварыць, - усё чыста скажа, хоць бы і хацела язык свой стрымаць - не стрымае! Што ёй да людзей!