- Ой які ж ты добры, які мілы, мілы, мілы! Такога добрага і мілага, як жыву на свеце, не бачыла. Такі прыгожы, добры, мілы! Каб ты стаў маім прыяцелем, нічога б на свеце больш не хацела... І ніколі не пакінула б цябе, хоць бы паміж намі бездань раскінулася! Хоць бы паміж намі сто сусветаў паўстала, праз горы і лясы да цябе пабегла б! Хоць бы паміж намі вялікае мора было, прыплыла б да цябе! А ўсё таму, што ты такі добры, так шкадуеш мяне. Ніхто ніколі не шкадаваў мяне, усе мяне крыўдзілі, і найбольш тыя, што нібы любілі мяне. А ты мяне не пакрыўдзіў, нічога ад мяне не захацеў і як бацька родны гаварыў, як найлепшы сябар. Ой, хай табе бог заплоціць за ўсё, мой мілы, залаты, брыльянтавы!
Яна схапіла яго руку і прыціснула да сваіх вуснаў. Нібы распалены вугольчык упаў на яго далонь. Ён нахіліўся, узяў у свае шырокія далоні галаву Франкі і пацалаваў яе валасы. Пад гэтым пацалункам Франка, як маленькае кволае птушанё, прыціхла, задрыжала ўсім целам. Павел адразу адарваў свае вусны ад яе валасоў і зашаптаў:
- Супакойся, дзіцятка! Супакойся, маё беднае дзіцятка! Зірні, як на небе зоркі ззяюць! Паслухай, як пяе вада! Я ўсё жыццё гляджу на гэтыя зоркі і слухаю гэту песню. Паглядзі і паслухай ты! Можа, табе будзе лягчэй? Можа, і твая душа, як мая, гэта высокае неба і гэту чыстую ваду палюбіць! Супакойся! Ціха, ціха, ціха!
Ён не выпускаў са сваіх далоняў галаву Франкі, а калі яна ўздыхала і мацней тулілася да яго каленяў, паўтараў:
- Ціха, ціха, дзіцятка! Супакойся, ціха ўжо, ціха.
Пасля ён узяў вясло і накіраваў човен да берага. Калі човен ударыўся аб бераг, Франка ўскочыла і прашаптала:
- А калі мы яшчэ ўбачымся? Міленькі мой, калі зноў убачымся?
Зняўшы з шыі сваю, мокрую ад слёз хусцінку, яна выцерла твар, а яе белыя зубы бліснулі ва ўсмешцы. Павел падумаў хвіліну і сказаў:
- Ды хоць бы заўтра. Я прыеду сюды і ў гэты самы час. Прыйдзі на бераг, пагаворым. Мне ёсць аб чым з табой пагаварыць, бо шкада мне цябе, жах, як шкада.
Пасля гэтага Павел прыязджаў увечары разы тры, але ненадоўга. Аднаго разу яна часу не мела, бо на дачы былі госці. Яна злосна праклінала і гаспадароў, і гасцей, а Павел за гэтыя праклёны людзям, у якіх яна ела хлеб, сурова яе ўшчуваў, загадаў хутчэй вяртацца дадому і паехаў, не звяртаючы ўвагі на яе просьбы, на сярдзітае тупанне нагамі. Другім разам яна мела больш часу, і яны размаўлялі даўжэй. Але пры гэтай сустрэчы Павел, як ніколі, увесь час хваляваўся, уздыхаў, некалькі разоў прастагнаў нібы ад болю, і Франка агледзецца не паспела, як ён ужо быў на сярэдзіне ракі, нават не развітаўшыся з ёю.
У трэці вечар, калі дзяўчына, больш як калі занудзіўшыся па ім, свавольна закінула яму на шыю рукі і той самы гарачы вугольчык, які ўжо аднойчы ён адчуў на руцэ, апаліў яго твар, Павел адапхнуў яе з такой сілай, што яна нават захісталася і схапілася за нос чаўна, каб не перакуліцца.
- Слухай, Франка, - сказаў ён больш панура і сурова, чым заўсёды. - Ты да мяне не чапляйся, бо я ніколі больш не прыеду і ты мяне не ўбачыш. Я табе дабра, а не ліха жадаю. Я душу тваю выратаваць хачу. З таго часу, як ты мне на востраве ўсе расказала, я ўдзень і ўночы толькі аб тым і думаю, як табе дапамагчы і што зрабіць, каб ты сваё праклятае жыццё змяніла... А ты яшчэ і мяне на грэх спакушаеш... Цьфу, якая брыдота! Сапраўдная п'яніца... хоць і гарэлкі не п'еш!
Ён плюнуў у ваду і сказаў анямеўшай ад здзіўлення дзяўчыне:
- Заўтра зноў прыеду. Калі будзеш такая, як сёння, дык бывай здарова! Відаць, што табе, як таму апошняму п'яніцу, не дапаможаш. Ніякага ратунку табе не будзе!
Аднак назаўтра Паўлу ўжо не давялося ехаць на тое месца, дзе ён упершыню ўбачыў Франку. Увесь дзень ён лавіў на рацэ рыбу, а калі, на хвіліну зазірнуўшы дадому, зноў вяртаўся на раку, дык угледзеў Франку, якая спяшалася ад ракі ў вёску. Ужо змяркалася, але ён адразу пазнаў яе па светлай сукенцы і хадзе. Нават здалёк было відаць, што ёй, кволай і прызвычаенай да гарадскіх тратуараў, узыходзіць на высокую гару было цяжка. Здзіўлены Павел зрабіў некалькі шырокіх крокаў і апынуўся побач з ёю.
- Ты навошта сюды прыйшла? - запытаўся ён сурова, але ў голасе чулася затоеная радасць.
Франка схапіла яго за руку і, спяшаючыся, пачала:
- Ой, міленькі, бяда на мяне звалілася, такая бяда, што ўжо не ведаю, як і вытрываю... Як толькі даведалася пра сваё няшчасце, адразу да цябе пабегла. Ішла берагам і ў чалавека аднаго запытала, дзе тая вёска і тая хата, у якой жыве Павел Кабыцкі. Можа, ты мяне выратуеш, можа, ты мне параіш... бо калі не ты - загіну, далібог, загіну! - захлынаючыся слязьмі, казала Франка.
- А якая ж у цябе бяда? Кажы... - здзівіўся Павел. Агледзеўшыся, ён убачыў на гары некалькі кабет з вёдрамі і збанамі, узяў Франку за руку і крутой сцежкай павёў у сасоннік, які цямнеў за вёскай.
- Тут кабеты нашы па ваду ходзяць, цябе ўгледзяць і бог ведае што пачнуць плесці.
Калі яны ўвайшлі ў сасоннік, Франка спалохана кінулася назад:
- Ай, ай! Могілкі!
Быў гэта невялікі сасновы барок, сярод якога там-сям тарчалі большыя і меншыя магільныя крыжы.
- Могілкі. Ну і што? - усміхнуўся Павел. - Чаго баяцца? Граху бойся, а не могілак. Жывых бойся, а не памерлых... Ну, кажы, якая там бяда на цябе звалілася?
Яны спыніліся на ўскрайку сасонніка, пад высокім крыжам, над якім распрасцёрлі галіны дзве высокія сасны. Вечар быў пахмурны, ветраны, і таму паміж соснамі ў змроку чуліся лёгкія шолахі, падобныя да ўздыхаў і шэптаў. Нізка пад гарой толькі Нёман пабліскваў сталёвай паласой ды ў вёсцы па хатах там-сям успыхвалі ў вокнах жоўтыя агеньчыкі.
Моцна ўхапіўшыся за руку Паўла і калоцячыся ад жаху і плачу, Франка расказала, што ў горадзе ў яе гаспадыні захварэў бацька, і таму яе гаспадары не праз месяц, як намерваліся раней, а праз два-тры дні пакідаюць дачу. Калі яна даведалася пра гэта, дык сэрца яе ледзь не разарвалася ад болю і роспачы.
- Я цяпер ні за якія скарбы не паеду адсюль! Памру, а не паеду! Як сабака, буду ляжаць на беразе, пакуль не здохну ад голаду, а нікуды не паеду. Хай сабе яны хоць у самае пекла едуць, толькі без мяне! Для мяне тут упершыню адкрылася неба, адкрылася шчасце, якое я ніколі не сніла, і я не паеду адсюль, не паеду... Не расстануся з табой, голуб мой, дружа мой мілы, бацька мой родны! Гані мяне, бі, зусім забі, а я не паеду адсюль, не паеду з імі!..
Прыпаўшы галавой да грудзей Паўла, яна цалавала яго рукі, абліваючыся слязьмі. Павел слухаў яе спачатку моўчкі, апусціўшы галаву. Відаць, і яго навіна гэта моцна засмуціла. А пасля, у адказ на яе воклічы і плач, паціху сказаў:
- І праўда, што бяда! Я і сам не чакаў гэтай бяды і ніколі пра яе не думаў.
І раптам горача, як ніколі дагэтуль, загаварыў на сваёй роднай мове:
- Не хачу! Не пушчу! Далібог, не пушчу! Зноў на нядолю і здзек пойдзеш! Не пушчу! Не аддамо ні цела твайго, ні душы на пагібель.
Пачуўшы гэта, Франка радасна ўскрыкнула, абхапіла яго за шыю і ўсім сваім кволым, гнуткім целам абвіла яго дужую постаць. А ён падняў яе на рукі і, смеючыся нейкім бесклапотным, шчаслівым смехам, пачаў гушкаць яе, як дзіця, і цалаваць. Але неўзабаве схамянуўся і, злегку адпіхнуўшы яе ад сябе, паціху прамовіў:
- Дык, можа, пажэнімся, га? Буду любіць цябе да самай смерці і ніколі не пакрыўджу. Будзе ў цябе ўласная хата, кавалак хлеба, і зажывём сумленна. Ну як, Франка?
Казаў гэта з трывогай. Можа, баяўся, што Франка адмовіцца, а можа, слоў уласных спалохаўся?
Франка ўзняла вочы на высокі крыж, які вызначаўся на фоне змроку, і, абняўшы Паўла, пад таямнічы шолах бору парывіста, горача прамовіла:
- Хай дапаможа мне бог, каб я і пасля смерці аблічча тваё бачыла, каб д'ябал душу маю не спакушаў, каб я да самай смерці любіла і шанавала цябе, голуб мой мілы, залаты, брыльянтавы!
Пачуўшы гэта, Павел адразу супакоіўся. Ён верыў у шчырасць яе слоў, як верыў моцна ў тое, што ніхто на свеце не можа прысягаць фальшыва. Зрэшты, Франка прысягала шчыра, і гэта адчувалася ў яе голасе, ва ўсім яе выглядзе. І Павел падумаў, што цяпер ён заручаны з гэтай кабетай і не пакіне яе ніколі ні на адну хвіліну.