І Павел паволі, разважліва, нічога не ўтойваючы, расказаў ім усё. Калі ён скончыў, у хаце якіх пару хвілінаў панавала маўчанне, якое парушаў толькі малы, што сядзеў на руках у Ўльяны, енчыў, просячы есці. Але Ўльяна, уражаная тым, што пачула, не звяртала на яго ніякай увагі. Ды і чорныя вочы Піліпа пад густымі бровамі глядзелі ашаломлена. А Данілка нават усклікнуў ад здзіўлення і ніжэй нахіліў галаву, каб схаваць у сеці свой смех. Хоць Паўлу было ўсяго толькі сорак два гады, яго, паважнага і маўклівага, людзі лічылі амаль старым, і нікому нават у галаву не прыходзіла, каб ён мог яшчэ ажаніцца. Нарэшце, схамянуўшыся, Ульяна першая адказала:
- Прымем! Чаму ж не прыняць? Хіба наша хата цесная? Якая бяда, калі яна ў нас тыдні тры пажыве? Яшчэ весялей будзе!
Піліп падтрымаў жонку:
- Мы для вас і не тое гатовы зрабіць... Чаму ж не? Ці мала мы дабра ад вас бачылі? Ды толькі...
Ён устаў з лавы, падышоў да швагра. Упёршыся адной рукой у бок, а другой правёўшы па валасах, нерашуча прамовіў:
- Швагер, ці добра вы толькі робіце, што жэніцеся з ёй? Чужая, гарадская, ніхто не ведае, якая яна. Каб вы, барані Божа, не набраліся з ёю якой бяды!
- І праўда, - падыходзячы бліжэй да брата, падтрымала мужа Ўльяна. - Каб вы, Паўлючок, якой бяды з ёю не набраліся!
Павел устаў, ласкава паглядзеў на маладых і рашуча сказаў:
- Не бойцеся, ніякай бяды не будзе. Яна паклялася шанаваць і любіць мяне аж да самай смерці. Паклялася. А што да таго, якая яна была, гэта нічога. Я яе люблю і хачу выратаваць. Інакш ужо не можа быць. А за дабрату вашу дзякую вам, дзеці мае, і, дасць Бог, яшчэ чым-небудзь вам адслужу. У чацвер яе прывязу да вас. Дабранач!
Ён ішоў да дзвярэй, вышэй, чым звычайна, узняўшы галаву. Маршчыны на яго лбе разгладзіліся, і выглядаў ён так, нібы на якіх дзесяць год памаладзеў.
Ульяна і Піліп моўчкі зірнулі адно на аднаго. Піліп пакруціў пальцам у лбе:
- З глузду Павел з'ехаў, ці што?
Ульяна незадаволена апусціла вочы.
- Яго воля! - прашаптала яна.
- Вядома, яго. Але каб гэтая воля не давяла яго да цяжкай няволі! Валацугу нейкую з горада за жонку браць, ды яшчэ пад старасць! Цьфу! - плюнуў Піліп.
Ульяна зноў падышла да печы. Яна паважала і любіла брата, і словы мужа крыху крыўдзілі і трывожылі яе. Праз нейкі час яна абазвалася першая:
- Піліп!
- Што?
- А Павел нейкі не такі, як заўсёды: нібы маладзейшы і весялейшы стаў.
- Але, але! - смеючыся, усклікнуў Данілка. - Калі з хаты выходзіў, дык, здавалася, галавой да самай столі даставаў.
Яны доўга дзівіліся з Паўла. Яны не ведалі, што ў крыві гэтага чалавека, з выгляду спакойнага, як Нёман у ціхае надвор'е, закіпела першая ў жыцці страсць, што ў сэрцы яго, як Нёман, глыбокім і ціхім, нарадзілася бязмежнае адчуванне, што перад позіркам яго, які прывык аглядаць неабсяжныя прасторы Нёмана і далёкі краявід, паўстала святая і высакародная чалавечая задача і асвяціла яго аблічча.
Франка рэзка вызначалася сярод жаночага насельніцтва вёскі. Калі першы раз яна прыйшла да Казлюкоў, Ульяна з дзецьмі - адно трымала на руках, а другое ўчапілася за яе спадніцу - сустрэла яе на зялёным, залітым сонцам двары. Побач з гэтай маладой маці ў поўным росквіце сіл, румянай, яснавокай, спакойнай, Франка нагадвала маленькую і кволую кветку гваздзіка побач з пышна квітнеючай півоняй. І пазней, сярод іншых вясковых кабет, з якімі сустракалася на вуліцы, у хатах, на схіле гары, ідучы па ваду, яна была як маленькая быстрая пліска, што выпадкова апынулася сярод паважных квактух і нясмелых галубак. Самая кволая з вясковых кабет, маладзенькая жонка Аляксея Мікулы, была ў плячах удвая шырэй Франкі; шасцідзесяцігадовая Аўдоцця, са зморшчаным, але, як асенні яблык, румяным тварам і чорнымі бліскучымі вачыма, выглядала побач з Франкай увасабленнем здароўя і сілы. Нават зусім старая жабрачка Марцэля, якая, абапіраючыся на кій, хадзіла па хатах, выглядала здаравейшай за Франку. У квадратных формах яе цяжкога цела і грубым ахрыплым гучанні голасу адчувалася былая сіла, аслабленая гадамі і цяжкай працай. Тонкая і быстрая Франка сваёй лёгкасцю і жвавасцю нагадвала вавёрку або змейку. Хваравіта-бледная, з запалымі вачыма, у якіх гарэў агонь няспыннага нервовага ўзбуджэння, пачуццяў і жаданняў, Франка ў сваёй гарадской сукенцы і танных бразготках выглядала ў новым асяроддзі, як дзіця зусім іншага свету і роду.
Зрэшты, сваю гарадскую вопратку яна неўзабаве мусіла змяніць на вясковую. Разам з Франкай Павел прывёз у хату сястры і яе невялікую скрыначку. З яе Ўльяна, якой цікава было паглядзець на рэчы гарадской дзяўчыны, дастала маленькую падушку, падзёртую коўдру, дзве сукенкі і тры сарочкі. Гэта было ўсё, што нажыла Франка за шаснаццаць гадоў сваёй службы. Рэшта пайшла на частаванне прыяцелек і прыяцеляў і на набыццё таго, што было схавана ў шкатулцы на дне скрыні. У шкатулцы гэтай былі бліскучыя брошкі, завушніцы, грабеньчыкі, рознакаляровыя стужкі і хусцінкі, старыя пальчаткі, некалькі кавалкаў духмянага мыла. І ўсё гэта, пакамечанае, паламанае, падзёртае, пасыпалася з незамкнёнай шкатулкі на калені Ўльяны, як толькі яна дакранулася да яе сваімі нязграбнымі рукамі.
Значную частку ўсіх гэтых скарбаў, якія выклікалі ўсеагульнае захапленне, Франка раздала прысутным. На галаву Ўльяны завязала пунсовую хусцінку, на шыю старой Аўдоцці - стужку. Дзецям, якіх шмат набілася ў хату, кінула жменю каляровых пацеркаў і паламаных шпілек. А да Піліпа прычапілася, каб той зашпіліў сабе каўнер сарочкі шпількай з каляровым бліскучым шкельцам. Усё гэта яна рабіла з вяселым смехам і шчэбетам, цалуючы дзяцей, Ульяну і Аўдоццю. Устаўшы на дыбачкі, яна нават Піліпа ў шчаку пацалавала, а падбегшы да Паўла, села яму на калені і абняла за шыю.
Гэта дашлюбная фамільярнасць Франкі, ды яшчэ ў прысутнасці людзей, збянтэжыла Паўла, і ён, адвёўшы позірк, пасадзіў яе побач з сабой на лаве. Усе глядзелі на Франку з цікаўнасцю і здзіўленнем. Ніхто з тутэйшых людзей яшчэ ніколі не бачыў гэткай рухавай, гаманлівай і шчодрай кабеты. Шчодрасць гэта сведчыла перш за ўсе аб яе бесклапотнасці, аб тым, што яна не прывыкла нічога запасіць, думаць аб заўтрашнім дні і адчувала сябе вельмі шчаслівай. Шчасце яе так і вырывалася з яе смехам, скокамі і бурнай пяшчотнасцю да людзей, сярод якіх апынулася. Здавалася, што, калі б хто-небудзь з прысутных быў галодны, яна дазволіла б з'есці сябе. Ульяна, вельмі задаволеная атрыманымі падарункамі, не пераставала корпацца ў яе скрынцы і, разгарнуўшы нешта белае, ажно ўскрыкнула ад здзіўлення. Здзівілі яе сарочкі Франкі - тонкія, але зусім падзёртыя. Мець поўную шкатулку каштоўных бразготак і стужак і ніводнай цэлай сарочкі! Ды і сукенкі яе, з мноствам фальбонак і бантаў, былі заплямленыя, з бруднымі падаламі.
- І як жа вы ў гэтым хадзіць будзеце? - дзівілася Ўльяна. - Хіба іншай вопраткі ў вас няма?
Франка запусціла ў кішэню руку і, развязаўшы вузельчык хусцінкі, дастала тыя некалькі рублёў, якія атрымала за апошні месяц службы і якія, жывучы ў вёсцы, не паспела патраціць. Яна пачала прасіць Ульяну, каб тая купіла ёй за гэтыя грошы даматканыя спадніцы, фартухі і простыя зрэбныя сарочкі, якія носіць сама.
- Мая міленькая, залаценькая, брыльянтавая, купіце! - прасіла яна Ўльяну.
Ульяна вагаючыся зірнула на мужа, а калі той сцвярджальна маргнуў ёй, ветліва сказала:
- Навошта купляць? У мяне, дзякаваць богу, усяго хапае. Я вам і так, без ніякіх грошай дам пару спадніц і палатна на сарочку.
І, усміхаючыся, дадала:
- А пасля, калі захочаце, навучу вас ткаць, і вы самі натчэце сабе ўсяго, што трэба.
Павел падняў маленькага пляменніка і пачаў гушкаць яго на каленях. Прысутныя не паверылі сваім вушам, калі ён пачаў весела насвістваць, што ніяк не пасавала да яго звыклай стрыманасці.
- Добра, Ульянка! - прамовіў ён, прыязна глянуўшы на сястру. - Дай тым часам, што трэба, а пасля разлічымся, я не крыўдзіў цябе раней і цяпер не пакрыўджу. А ткаць і ўсяму іншаму, без чаго ў нашым жыцці не абысціся, навучы яе. Яна расла сіратой, і ніхто ніколі дабру ды розуму яе не вучыў. Цяпер вучыць буду я. Вучы і ты. Бог табе адплоціць за гэта.