А ў даўнасці маёй, у тым дваццаць другім годзе, калі на адэскім пероне ішло развітанне перад разлукай, калі наша сям'я трагічна распалавіньвалася ўслед за падзелам і Беларусі на дзве палавіны, калі Валодзя ніяк не мог развітацца, — Ігнат адчуваў сябе як быццам спакайней. Удваіх са сваёю Верай яны развіталіся з усімі як належыцца хораша і сталі сабе на пероне, побач. «Той плача, — успамінала мне ў вёсцы мама, прадучы, — а гэты стаіць са сваёю матушкай і абое маўчаць». «Матушка» — гэта пра Веру, маладзенькую вось-вось і пападдзю. Бо ён, Ігнат, быў яшчэ не ў расе.
Веру нашы бацькі любілі, я памятаю гэта па маме. Ціхая, сціплая сірата пры мачасе, дачка бацькавага саслужыўца і блізкага земляка. А з Ігнатам яны, маладыя, сябравалі яшчэ ходзячы ў гімназіі, кожнае ў сваю. Дый жылі нашы сем'і — вокны ў вокны, цераз забрукаваны дворык, нават паверх той самы.
Яшчэ раз, і не апошні, вяртаючыся да розных дакументаў, якія Валодзеў Віктар сёлета што выпрасіў, а што спісаў для мяне ў архіве сельгасінстытута, адкуль і ён, як званіў мне, так нямала даведаўся пра свайго бацьку, я з прыемнасцю сустрэў даведку, выдадзеную Ігнату. Будучы студэнтам, ён, аказваецца, падзарабляў у садаводстве ў якасці «огородного рабочего» і, як дадаў да гэтага Шура, калі мы глядзелі з ім тыя даведкі, «насіў маёй маме ружы. Яна расказвала мне». Тады, відаць, расказвала, калі яны, маці і сын, былі з Ігнатам разлучаны.
Шура прынёс мне яшчэ адзін цікавы і патрэбны дакумент, знойдзены ў маленькім чамаданным архіве, што застаўся пасля яго набожнай мамы. Мне хочацца прывесці тое пасведчанне ў шэрых вокладачках проста поўнасцю:
«УССР. Губтрудсобес и Губкомтруд. Подотдел учета и распределения силы.
Личный учетный билет No.8292. Лейко Вера Романовна, 1901 г. р., возраст 19 лет. Педагог дошкольн. Белорусская труд. школа No.115. Судейский пер., 2.16.ХІІ.1920 г.
Продлен до 9.V.1921 г.».
На Ігната такой даведкі няма, не захавалася. А ён таксама працаваў тады вечарамі ў беларускай школе, можа, і ў той самай. У пачатку сорак пятага, калі я паслаў яму свае першыя публікацыі ў газеце-плакаце «Раздавім фашысцкую гадзіну», ён мне пісаў, што яны з Верай чытаюць іх разам, бо «мы ведь с нею учительствовали в белорусских школах в Одессе».
Пішучы пра вучобу ў Мірскім гарадскім вучылішчы, а адзначаў, як мне прыемна было думаць, што ў адзін час з нашымі вучыўся Ўладзімір Жылка… У верасні шэсцьдзесят сёмага мы, чатыры беларускія літаратары, будучы ў Маскве, паехалі ў Хімкі — наведаць старога Міхайлу Грамыку. Вучоны-геолаг, паэт і драматург, яшчэ адна ахвяра сталінскай барацьбы з беларускім «нацыяналізмам», ён быў яшчэ і вельмі змястоўны, абаяльны чалавек. Светла ўспамінаецца мне вечар, праведзены ў гасціннай сям'і гэтых маскоўскіх беларусаў, а перш за ўсё — сам белабароды, у белай доўгай кашулі, светлы душой гаспадар. Потым, прачытаўшы, што ён у пачатку дваццатых гадоў наладжваў і вёў у Адэсе беларускія школы, я сумна пашкадаваў, чаму не ведаў пра гэта ў той вечар. Тады старэнькая гаспадыня сказала, адкуль яна родам, — з мястэчка Ярэмічы, што за шэсць кіламетраў ад маёй вёскі, і мы весела паўспаміналі роднае Наднямонне. Зноў жа неяк па-зямляцку шчымліва-светла думалася над Верыным даўнім адэскім пасведчаннем пра тое беларускае настаўнічанне, і шкада (ох, ці мала чаго шкада!..), што і ў Грамыкаў пра гэта не згадалася, бо не ведаў, і з братавай не сабраўся пагаварыць як след пра гэта дый пра іншае таксама…
Тая адэская моладзь, пераважна дзеці чыгуначнікаў, русіфікаваная царкоўнапрыходскімі школкамі ў вёсках, гарадскімі вучылішчамі ў мястэчках Беларусі, гімназіямі ды інстытутамі ў расейскамоўным горадзе, дома чула беларускую мову бацькоў, адчувала роднасць яе такім чынам. Нашы хлопцы найбольш па маме, якая потым, у вёсцы, і мне дала вельмі нямала роднага ў пісьменніцкім станаўленні. І таму мне Ігнатава з Верай настаўнічанне бачыцца невыпадковым. Не думаю, што і ў Валодзі тое роднасці не было, хоць ён чамусьці не настаўнічаў.