Выбрать главу

Сухаром Ігнат не быў. У адзін з тых радасных дзён, над рэчкай і яго маленства, над нашай ціхай, маляўнічай Вушай мы сядзелі з ім удвух, з вудачкамі, глядзелі на паплаўкі, на родную красу, няспешна гаманілі. І вось ён пачаў спакваля падбірацца са сваім запаветным — угаворваць, каб я ахрысціў сваю Галю, якой не было яшчэ года.

Пасля «перековки» ён быў паспрабаваў зноў стаць свяшчэннікам, але яго зноў, ужо ў іншай вобласці, выклікалі і строга папярэдзілі. Прыйшлося падацца за Ўрал, балазе там былі знаёмыя па Адэсе, надзейныя. Яны, самі ўжо там абжыўшыся, змаглі ўладзіць яго настаўнікам у іх рабфаку. Дырэктар, праўда, касавурыўся на той разрэзаны ды зашыты лагерны «серяк», аднак і выкладчыкі былі патрэбны, і рэкамендатар салідны, — новага прынялі. Настаўнічаў ён на добрым узроўні, карыстаўся пашанай студэнтаў і выкладчыкаў, аднак у душы заставаўся самім сабою. Што і ўсплыло наверх праз год пасля гасцявання ў нас. Ён па здароўі звольніўся ў рабфаку і зноў аблачыўся ў расу.

Але пакуль што мы з ім над ракой.

Мама жыла тады ў мяне, яна засталася ў Менску, не з яе здароўем было ехаць у вёску на спадарожных грузавіках. На тэму святога хрышчэння яны з Ігнатам паспелі сам-насам пагаварыць. І вось ён прадоўжыў тэму на адпаведным узроўні:

— Не лишай ты своего ребенка благодати, которую сам получил…

Я ўжо добра асвойтаўся з ім, і ў адказ, з цёплай рыбацкай лянотай, адказаў нешта так: я вельмі рад, што вы з Шурам прыехалі, што мы, нарэшце, убачыліся, і я магу табе, бадай, уступіць — ахрысціць малую…

І тут ён зусім нечакана сышоў з набожнага тону, засмяяўся свабодным мужчынскім смехам:

— Чудак! Да разве же это — для меня?

І стаў яшчэ бліжэйшым.

Аднак невыразна прыкрае ўражанне ад той яго сухавата праведнай крыўды на Валодзю за Хрыста не толькі закранула мяне ў тыя нашы загорскія дні — я гэта ўспомніў і летась, пасля ракавога кіеўскага званка. Баюся браць грэх на душу, але быў, здаецца, і затоены працяг той праведнай крыўды: калі прыйшоў Валодзеў час — яму, маўляў, ніхто не дапамог, нічога не дапамагло!..

І горка думалася мне, пасла таго званка згадалася, што калі б і самому яму, Ігнату, пасля арышту, — Шура расказваў: не бітаму, — прыйшлося так пакутаваць у бясконцых, пякельна напрактыкаваных катаваннях, дык, можа, і ён сказаў бы са свайго крыжа — у душы ці ўголас:

— Божа мой! Божа мой! Чаму ты пакінуў мяне?

Як гаварыў гэта — нялёгка думаецца — і Валодзя.

Вакол падтэксту

Сорак гадоў насіць у памяці вобраз брата, які не скарыўся ад катаванняў, «нічога не падпісаў», а потым уведаць, што адбылося не так, — гэта нялёгка…

Пасля дняпроўскага тыдня, на працягу якога столькі было вячэрняй і ранняй красы ўкраінскай прыроды, шматлюддзя сустрэчаў у некалькіх гарадах, столькі паэзіі і музыкі, Шаўчэнкавай і народнай, пасля Быкаўні і папкі з пяцізначным нумарам — я апынуўся ў родным наднёманскім кутку, у прылясной цішыні.

І кожную раніцу абуджаўся з тым самым сумам і болем…

За тым, пра што я даведаўся, прыадкрыўшы заслону паўвекавое даўнасці, адчуваўся глыбокі, цёмны, студзёны падтэкст…

Я шукаў выхаду, і ён мне ўсё з большай ды большай настойлівасцю бачыўся ў тым, што трэба зноў ехаць у Кіеў, пагартаць тую папку яшчэ раз.

Было і тое, што адцягвала ўвагу ад аднаго, рассейвала яе і неяк супакойвала, — сякія-такія дачныя клопаты, чытанне вялікай карэктуры, глядзенне па тэлевізары першага з'езда народных дэпутатаў. Аднак жа праз некалькі дзён я ўжо званіў з Менска ў Кіеў, следчаму, і дамовіўся пра сустрэчу. Справа была яшчэ ў яго.

Пачалося лета, курорты, канікулы, з білетамі ў паўднёвым кірунку стала туга, і самалёт быў мне ў Саюзе пісьменнікаў забяспечаны толькі на дваццатае чэрвеня. Але і гэты дзень нарэшце прыйшоў. І вось я яшчэ з аэрапорта званю ў гарадскую пракуратуру, зноў чую знаёмы голас: калі ласка, чакаю.

Праз дзве гадзіны, уладзіўшыся ў гасцініцы і дачакаўшыся канца абедзеннага перапынку, я прыйшоў да следчага і, павітаўшыся яшчэ раз, прысеў да стала, у добрым настроі і поўнай гатоўнасці. А ён, усё-такі сімпатычны хлапчына, скажам па праву ўзросту, убачыўся нейкім стомленым ды маркотным. І зусім не спяшаўся даваць мне папку. На ягоным стале яе не было. І ён прыкметна змагаўся з няёмкай неабходнасцю штосьці сказаць. А потым і сказаў, з недагаворваннем ды невыразнасцю, што справу даць мне другі раз — не можа. Яна ўжо не ў яго…