Тут мой прыязны чычэронэ ўбачыў каля грузавіка старога без шапкі, з мноствам ордэнска-медальных планак, павітаўся з ім і папрасіў падысці.
Пазнаёміў нас. Чалавеку гэтаму, як аказалася, ужо за восемдзесят, сёе-тое ведае і раскажа.
І расказаў, што прыблізна, па чутках, а што і дакладней, вядомае яму. Вазьму з дакладнага.
У вайну гмах быў разбураны бомбамі. Аднаўляць яго сабраліся толькі ў пачатку пяцідзесятых гадоў. Прыбіраючы, вымятаючы ацалелае падзямелле, вёдрамі выносілі кулі. Была тут у той час і механізацыя, транспарцёр для падачы трупаў на грузавікі. Начамі…
Так я выйшаў адтуль — з тою транспартнай стужкай, на якой мне бачыўся і Валодзя, з тымі кулямі, відаць, у большасці расплясканымі аб бетон, кожная з якіх 9 грамаў, стандартных, як і 100 грамаў, агульнанародных, і адна з іх — ягоная, наша.
Працяг
Калі мы развітваліся са следчым, ён параіў мне пра муштук напісаць у пракуратуру рэспублікі. Даў адрас і прозвішча.
«На гэтым будзе і ўсё», — падумалася, запісаўшы.
З пракуратуры той мне адказалі тыдні праз два, а паехаць па «вещдок» я сабраўся ажно праз тры месяцы.
…У чорным канверце ад фотапаперы ў тумбе майго пісьмовага стала вось ужо хутка чвэртку стагоддзя ляжыць страшны здымак. Канверт гэты не адзін, у іншых таксама здымкі, у розны час атрыманыя ад сяброў-фатографаў. Але ж як толькі я, для чаго-небудзь перабіраючы фота, выпадкова ды памылкова загляну і ў той канверт — заўсёды міжволі ахну!.. Там — наш, мой Міша на белым, пад белым, пакуль прывязуць труну…
Здаецца, першая смерць, што так глыбока мяне ўразіла, нават у параўнанні са смерцю бацькоў. Бацькаву смерць я, шасцігодак, усвядоміў не адразу. Маці памерла ў такім узросце, калі мы, пачуўшы ад знаёмага пра смерць каторага з яго бацькоў, міжволі пытаемся, а колькі ёй ці яму гадоў. Пачуўшы, што і нямала, гаворым, каб перакрыць няёмкасць: «Усё роўна шкада». А Міша памёр так нечакана, так без пары, так адчувальна нагадаўшы мне, што вось і гавары, і спадзявайся, плануй, а яна толькі пстрыкне, як з-за вугла, і ўсё — назаўсёды, беспаваротна…
Пра здымак той я ўспомніў, думаючы, як жа сустрэнуся з муштуком. Стары ўжо, здаецца, і з вопытам, а наіўна падумаў, што яго аддадуць мне ўсё-такі неяк больш-менш урачыста…
Праўда, таварыш, які адказаў мне замест таго, каму я пісаў, сустрэў мяне ветліва, нават здзівіўся, што я прыехаў, бо можна ж было і выслаць мне муштук. Як быццам не сам ён, пракурор і кіраўнік адпаведнай групы, пісаў мне, што «мундштук будет вручен Вам в удобное для Вас время», і нумар свайго кабінета паведаміў. Я сядзеў, ён шукаў, адамкнуўшы адзін з двух сейфаў каля сцяны. Шукаў марудна, шалпочучы раскалмачанымі папяровымі скруткамі, перабіраючы, абшукваючы іх адзін за адным, некаторыя развязваючы, тады завязваючы, усё гэта няспешна, заклапочана, і толькі ў самым апошнім скрутку знайшоў патрэбнае. Падаў мне, а я… без хвалявання ўзяў яго, амаль зусім спакойна. Распіску напісаў пад дыктоўку, нібы атрымаўшы на складзе нейкую запасную частку.
І таксама спакойна спытаўся, ці можна мне паглядзець у іх братаву справу.
А яна, аказалася, была ўжо не тут, а там, адкуль бралася для следства. Я ўжо ведаў, што іменна гэты таварыш, з кім гавару, не дазволіў у чэрвені даць мне папку яшчэ раз. І я не паверыў яму, што справа не ў іх, — падумаў, што ён адводзіць убок. Але таварыш параіў мне самому зайсці ў камітэт дзяржаўнай бяспекі і папрасіць. Назваў адрас, растлумачыў, як даехаць. І я, у тым самым — дзелавым, ці што, — спакоі вырашыў сваё «ісці да сэрца напрасткі» прымяніць яшчэ раз.
Там, пакуль што ў прыёмнай, элегантны прапаршчык прапанаваў мне пасядзець. Намеснік старшыні камітэта якраз заняты іншым наведвальнікам. Хвілін праз дзесяць мой папярэднік выйшаў, і я быў запрошаны ў кабінет. Яшчэ ўсё спакойна вылажыў сваю просьбу. Малады чалавек выслухаў мяне, сказаў, што іменна сёння вырашыць гэта нельга. «Гэта ж не проста спусціцца ўніз ды папку тую ўзяць — архіў наш не тут, гэта справа некалькіх дзён». А ў мяне зваротны білет, цягнік праз тры гадзіны. Таварышу намесніку, вядома, трэба і параіцца. А мне, старому, з хворымі нагамі, не так ужо і зручна паехаць-прыехаць… І тут ён параіў зрабіць прасцей: напісаць ім з дому, на імя старшыні камітэта (назваў імя, па бацьку, прозвішча), і папку мне, «у парадку выключэння», вышлюць для прачытання ў ваш, беларускі, камітэт дзяржбяспекі.