Так пачалося іх каханне.
Гэта быў толькі ўступ да вялікага шчасця, што мела прыйсці, што пачалося ў тую ж ноч, калі ён цалаваў яе каля іхняга акна, а Галя закрывала твар рукамі і прасілася: «Сярожа, міленькі, не трэба…» Ды рукі гэтыя яму зусім няцяжка было разнімаць. А шчасця, гарачага, хмельнага шчасця ім ніяк нельга было ўдосталь напіцца, хоць прастаялі на снезе амаль да світання.
Праз тыдзень Юрачка пайшоў з дзядзькамі ў Касцюкі, дахаты.
І хто мог падумаць, што іх развітанне — навек!..
Цяпер вось стой ды слухай, як за пшаніцай, за вырваным ільном гудзе яго вясёлы працавіты трактар. Думай пра першую радасць сваю, крычы, звар'яцей ды крычы, каб успомніў цябе і прыйшоў. З ім калісьці цёпла было стаяць і на снезе, а цяпер табе, баба, холадна ўжо і на летняй расе. Ідзі, ідзі, дурніца, у хату, дарэмна стаіш… Няхай трактар гудзе, няхай не дасць табе заснуць да дня.
Галя ціха пайшла.
Дзверы — і ў сенцах, і ў кухні, і ў хаце — старыя, скрыпучыя. Як ты ні асцерагайся, усё роўна скрабянуць па сэрцы. У хаце змрочна. Стаіць-то яна вокнамі на поўдзень і на ўсход, але акенцы гэтыя глядзяць з-пад нізкіх капяжоў, нібы пануры чалавек, толькі пад ногі. Галя ідзе ў той куток, дзе ложак, наўздагад, на хаду ўжо расшпільваючы сукенку. Распрануўшыся, яна асцярожна абмацвае край ложка і асцярожна лажыцца. Ды ўся гэтая асцярога — дарэмная. Сонечка яшчэ ўсё не спіць.
Шчака на падушцы, рука пад шчакой, а вочы глядзяць у паўцемру. Галя знайшла рукой яе цёплыя плечыкі і прыгарнула малую — усю за раз, з усімі яе думкамі.
— Мамка, а дзе наш тата?
— Спі, дачушка, ён хутка прыедзе.
— Прыедзе, прыедзе… Я малая была — ты ўсё казала і цяпер усё кажаш. Мамка, а тата харошы?
— Харошы, харошы…
— А Лёнька, дурань, гаворыць, што тата не ў горадзе, што ён у астрозе сядзіць, што ён… Як гэта, мамка?
— Што?
— Ну, як гэта?.. Ой, я забылася.
— Ты вось спі. Заўтра зноў не захочаш уставаць.
— А Лёнька кажа…
— Сціхні! — крыкнула Галя. Нават і для самой сябе нечакана злосна, а што ўжо казаць пра малую. Сонечка ўздрыганулася і заціхла. Цяпер бы ёй якраз і заплакаць ад крыўды, але яна памаўчала хвілінку, а потым цёплая тонкая ручка яе працягнулася да Галінай шыі, трошкі напружылася, абняла і нібы самай моцнай сілай зноў прыцягнула маці да сябе.
— Я, мамка, буду спаць. І ты спі. Добра?
— Добра. Ты толькі адвярніся да сцяны. На гэты вось бачок…
Нялёгка Галі вымавіць адразу столькі слоў. Ды вось малая заціхла. І добра. Гэтак будзе лепш і ёй, і маці.
«Не трэба ёй пакуль што бачыць маіх слёз, не трэба ведаць, што думаю я пра таго, хто стаў на гора наша бацькам яе, а маім мужам… Давай, дачушка, лепш заснём…»
За нізкай столлю, за страхой — высока над хатай стаіць у небе поўны ціхі месяц. За пшаніцай, за пахам ільну спыніўся недзе ў полі трактар. Спі, маладзіца, не паспееш адпачыць, пакуль паблекне месяц. Спі, спяшайся заснуць, пакуль трактарыст і прычэпшчык закурваюць… Ды яна не паспела, вядома. І не старалася, відаць. І трактар зноў гудзе, зноў над палямі коціцца, як хвалі на вялікім возеры, яго бадзёрае грукатанне.
— Мамка, а я ўжо ведаю, — тата наш спекулянт… А што гэта, мамка? Ты спіш?
Галя маўчыць.
«Не ўсё гэта, не ўсё, што ён, твой бацька, спекулянт. Ды я пакуль што памаўчу. А ты лепш спі, не забівай галоўку думкамі. Няхай ужо маці — ёй варта, яна заслужыла — няхай лепш маці падумае…»
…Гарманіст Юрачка больш не прыйшоў у Гаросіцу — ні шыць кажухі, ні цалаваць сваю Галю, ні ўпотай ад яе хадзіць у Качаны. Нешта хутка пасля іх першага развітання камсамольца Сяргея паны пасадзілі за краты. Не аднаго, вядома, — узялі з ім разам і іншых, з Гаросіцы і з Качаноў. Другі раз пайшоў у турму і Іван Чарнагрэбень. У верасні трыццаць дзевятага года, вярнуўшыся ў родную вёску, Сяргей адразу ж пачуў, што дзяўчына яго — за другім.
Як гэта сталася, што малады Хамёнак, Данькаў сын, узяў дачку Марылі Парабчанкі?
Гледзячы збоку, для многіх гэта было ясна. Ён — закахаўся, відаць, так, што пайшоў супраць волі бацькоў. Ну, а на месцы Галі пайшла б за яго не адна. Такі, людцы мае, хутар, ды і хлопец — нічога не скажаш. А што свёкар ліхі чалавек, дык жа не з ім, не з Данькам слінявым жыць. Прыйдзе час і на Даньку.
Сама Галя ведала больш. Мікола лазіў за ёю даўно, яшчэ да Юрачкі. Гаворка пра арышт Сяргея і Галіны горкія слёзы былі днямі ягонай радасці. Спачатку яна, вядома, і гаварыць не давалася, а потым смутак патроху заглух. А Мікола налазіў — штовечар, то больш. Нават плакаў і страшыў, што кончыць, зарэжа і яе, і сябе… Заступіцца не было каму. Пра гэты замуж шчаслівы трубілі не толькі чужыя — і сваякі, і маці была на яго, Міколавым, баку… Першы раз ён узяў яе ледзь што не сілай. Адразу свет завязаў, заставалася толькі плакаць і моўчкі ісці за ім, у ім шукаць паратунку ад ганьбы. На Данькаў хутар яна прыйшла яшчэ з дзявочым выглядам. Калі ж маладзіцы ўжо нельга было больш схаваць таго, што стала прыкметным раней, чым у хаце чакалі, — у свёкравым вечным зудзенні толькі і чуваць было: «Байстручка, жабрачка, няўдаліца…»