Апошняе слова ён разумеў па-свойму. Яна была і спраўная, і працавітая, ды гэта ўсё — не тое. І жыць, і працаваць трэба толькі таму, каб быць багатым. Хамёнак жыў для гумна. Галава пад старым каўпаком і старасвецкая хатка патрэбны былі менш, чым гэтае гумно. Гумно павінна заўсёды быць поўнае. Дзеля гэтага трэба мець поле. Больш поля — большае гумно. Менш паспіш — болей зробіш. Не з'ясі, не зносіш — больш застанецца. Збіраючыся жаніць сына, Данька перасыпаў гумно, растачыў яго для тых снапоў, што прыйдуць сюды з пасажнага поля. А сын узяў ды звар'яцеў… Галя была для Данькі не сямейнік, яна толькі замяніла наймічку. Колькі яна ні працуй — усё гэта будзе не тое. Ніколі ёй не адрабіць за крыўду, за абразу, за ўрон, нанесены Данькавай гаспадарцы.
Мікола здаваўся іншым за бацьку толькі раней, да вяселля. Тут, на хутары, калі яна пераступіла з ім парог гэтай чортавай ямы, — Хамёнак застаўся Хамёнкам.
Свёкар Данька… Тры разы за ўвесь час ён быў ласкавы да Галі, гэты чалавек.
У першы дзень пасля вяселля свякроў зварыла чыгун бульбы ў лупінах і з чыгуном паставіла на стале. Данька зняў свой каўпак, прыгроб рукамі валасы, перахрысціўся і сеў за стол.
— Масла мо трохі растапі, — сказаў ён жонцы. Яна была паслухмяная, ціхая, верная, гадоў ужо сорак маўчала, як цягавіты, непераборлівы конь. Пайшла ў камору і вярнулася з лыжкаю масла. Яго аказалася мала на ўсю скавародку. Вяртацца зноў у камору, зноў лезці ў слоік — гэта было ўжо звыш сіл і прызвычаення. І старая схітрыла перад новым сямейнікам: павярнулася да стала спіной і плюхнула ў масла тры лыжкі гарачай вады. Усе заўважылі гэта, і кожны па-свойму маўчаў. Галя здзівілася, Міколу стала нават няёмка, а старому было прыемна ўдвая — і за хітрасць сваёй гаспадыні, і за тое, што гэтай хітрасці ніхто, як відаць, не заўважыў…
Чорнымі кіпцюрамі даўно нямытых рук ён абіраў сваю бульбіну і, прыплюшчыўшы вочы, маўчаў. Пасля пачаў абмачаць яе ў «масла». Штораз адкусіць бульбіну, то больш усё лезе са шчопцямі ў жыжку.
— Еш, нявестачка, еш, — гаварыў ён. — Дома ж у вас не было. У галечы расла. Абмачай.
Другая ласка прыйшла праз паўгода, у летнюю ноч. Міколы не было нешта дома, старая крахтала на печы, а стары яшчэ соваўся па двары. Пасля ён падзюбаў тымі самымі бруднымі шчопцямі ў шыбу і зусім нечакана паклікаў нявестку па імені:
— Галя!
Яна ажно ўздрыганулася.
— Ідзі сюды, Галя!
Здзівілася. Выйшла. «Чаго яму трэба?..» Данька патупаў па сцежцы туды, дзе ад поля — вішняк. Спыніўся. Яна падышла і спынілася воддаль.
— Ночка якая, га? — сказаў стары. — Канюшына як пахне Сымонава, ліха яго галаве!.. Столькі коп!.. Пайдзі ты, Галя, другую дзяружку вазьмі. Пойдзем, яшчэ разочак прынясём. Зімой лішні ахапак як знойдзеш.
Галя ўбачыла пад пахай у яго скамечаную дзяругу.
— Я ніколі не крала, — сказала яна. — Трэба вам, мала свайго, дык ідзіце.
Павярнулася і пайшла. Не чула нават, што ён там бурчаў. Вядома — што. Ён нездарма скідае свой каўпак, толькі хрысцячыся перад іконай, а разувае лапці раз на тыдзень, у суботу. Ён нездарма зрабіў вялікае гумно.
Трэцяя ласка прыйшла тады, калі яна нарадзіла Антося і, пасля цяжкіх родаў, ляжала цэлы тыдзень у ложку.
— Курыцу трэба зарэзаць, — на трэці дзень аб'явіла свякроў.
Гэтая думка, народжаная ў пакутах, не вельмі ўзрушыла Даньку. Не памагала і тое, што сын — дагэтуль такі паслухмяны, разумны — таксама настойваў на тым, што курыцу ўсё ж такі трэба зарэзаць. Была і курыца такая, не нясушчая, — хадзіла толькі ды сакатала чортведама чаго каля акон, нібы сама прасілася пад нож. Жонка і сын не адставалі. Нявестка, немач на яе, ляжыць, а бульба ўся яшчэ не капана… Стары паклікаў курыцу ў сені, зачыніўся, злавіў яе ў кутку і ўзяў сякеру. Прысуд быў выкананы на парозе. Тады Данька ўнёс яе ў хату, кінуў на падлогу і сказаў:
— Бярыце. Ешце.
Гэта было шаснаццатага верасня — апошні дзень панскай улады.
Паны ўцяклі, а Хамёнак застаўся. Данька не доўга патрываў. Не спаў, не разуваўся ўсю зіму, нават хрысціцца пачаў у сваім каўпаку. «Канец… Канец свету…» — крахтаў ён, лежачы на печы. Напрадвесні старога нарэшце памылі і вынеслі з хаты ўперад нагамі. Назаўтра Мікола ўзяў яго каўпак, шпурнуў з сяней на гарышча і стаў гаспадарыць сам.