Выбрать главу
Сладок будет отдых на снопах тяжелых…

Добра, што ты мне з'явіўся яшчэ раз, і ўчора, і тады, у хаце майго расейскага друга, майго частага і сардэчнага субяседніка! І яшчэ раз пляваць я хацеў на ўсё «цвярозае», «разумнае» хіхіканне вакол таго, бачыце, «графскага ворыва». Геній-араты — гэта таксама высокая, задушэўная музыка, глыбокі сэнс, непераможная мудрасць прастаты. І мне, пад гэтую, знешне нячутную, музыку так добра ісці далей па жыцці, глыбей у жыццё, стараючыся паводзіць сябе ў сугучнай адпаведнасці з той чысцінёй, што адкрываецца нам ужо на самым пачатку свядомасці.

…Яшчэ раз першы снег. Арган. Усмешка багіні. Раманс Шастаковіча. Шэрыя зайцы — адзін за адным. Латышская песня «Бярозавік». «Аvе Маrіа» вялікага Вердзі. Вялікі Талстой — за сахою…

Можа, усё гэта — звычайнае спляценне выпадковасцей? Як выпадковасць і тое, што я прыехаў сюды, на Рыжскае ўзбярэжжа, упершыню ў жыцці і іменна цяпер, у лютым? Як выпадковасць і тое, што ў мяне ёсць друг-латыш, харошы чалавек, культурны літаратар, нястомны вандроўнік і паляўнічы, мой перакладчык на мову народа, які я люблю, паважаю за многае? Як выпадковасць, нарэшце, і тое, што ён здагадаўся наладзіць нашу першую пасля доўгай разлукі сустрэчу іменна там, пад арганным хвалюючым небам?..

Ну што ж, — калі і выпадковасці гэта, дык з іх жа і складаецца маё жыццё, маё жаданне, мая магчымасць хоць як-небудзь прыблізна сказаць пра наш прызыўны, неўтаймаваны сум, пра жаданне замалаціць аднойчы лапкамі ў празрыстую сцяну, пра нашу белую тугу па чыстым, велічным, чалавечым. Бо і сёння, і заўтра, і да канца ў душы застанецца куды больш недасказанага, з чым ужо не адзін наш блізкі пайшоў у нябыт, што, відаць, не паўторыцца зусім-зусім таксама ў тым іншым, хто прыйдзе пасля і таксама затужыць — той самай светлай, сардэчнай тугой…

* * *

Зноў раніца.

На тэрмометры мінус трынаццаць. І сонечна. Бадзёры, паэтычны дзень.

Мора, яшчэ не зусім супакоенае, лагодна пакарабачанае шырокімі хвалямі, дыхае парай… Не, так не скажаш. Пара ходзіць па ім, як пазёмка па тоненькім лёдзе. Бо спачатку, як толькі мора паказалася мне з-за абрыву, здалося нават, што яно замерзла.

Сосны стаяць яшчэ ўсё недаверліва адвярнуўшыся ад вялікай вады, прыгорблена, упяўшыся вельмі даўно, ад першага шторму ў іх нялёгкім, прыгожым жыцці. Сосны ўжо не шумяць. А перад соснамі, калі глядзець на іх ад мора, неяк па-новаму бялее ў сонцы бярозка. Адна паміж хлыстамі голае чаромхі і вярбы.

Хутка прыйдзе машына, і я з маім другам паеду далёка-далёка. І скрозь яго «зялёная зямля», яго «янтарная Латвія» будзе пакрыта чысценькім, сонечным снегам, зноў — пад гутарку нашу і пад маўчанне — у душы маёй будзе спяваць навальнічна-вясёлкавы домскі арган. А побач з вялікім, значным, сучасным сустрэнуцца сям-там маленькія елачкі ў снезе, і пад кожнай мне будзе так несур'ёзна, сентыментальна бачыцца цёпла-шэрая ды вушатая, быстраногая казка маленства.

1971

Тройчы пра адзіноту

1

Старая прыдарожная сасна. Ствол яшчэ медны, яшчэ гаворыць пра даўгалецце, а частка голля ўжо дазвання абшалушаная і без лап.

Часта, калі я сцежкай праходжу міма яе, з сасны гэтай, з яшчэ не бачнай вышыні мяне… абстуквае, як пальцы доктара, дробнае, энергічнае, гулкае «тук-тук! тук-тук!..».

Раней чым усвядоміць, што за стук, пачынаю шукаць яго на сасне. І, яшчэ не ўбачыўшы, ужо ведаю, хто гэта. А потым — вунь і ён!..

Адзін раз, нібы сувязіст ці электрык на слупе, ён трымаецца на ствале кіпцюрамі, па-свойму, па-дзятлінаму падпёршыся хвастом; другі раз бачыш яго на папярэчнай галіне, як ён апрацоўвае яе ўжо не збоку, а зверху.

Дзяўбе, — нават адразу здасца, што ён забаўляецца. Табе тут спачатку — музыка, фарбы, проста пацеха, і толькі потым, спакваля даходзіць, што ён — працуе, што і яму трэба есці. І галава яго не малаток, і дзюба не долата, але не скажаш, што ён, як іншыя птушкі клюе. Яе не паклюеш — сухую, цвёрдую, глянцава-шэрую, звонкую галіну.

Ды іменна тады, калі ў табе дзелавая павага штораз, то больш выразна перасільвае шпацырна-паэтычнае любаванне, калі табе хочацца бачыць яго яшчэ і яшчэ, цесля гэты раптам успамінае, што ён да таго ж і птушка, ды не абы-абы, а бела-чорна-чырвона-стракатая. Дзяцел успырхвае і, у гуллівым пагойдванні лёту, шыбуе на іншыя дрэвы. Часамі, нібы знарок, уздоўж твае сцежкі каля старых сасновых прысадаў, каб вам пабачыцца зноў.