Выбрать главу

Брыль ішоў у родную літаратуру ад жыцця — жыцця роднага Краю. Але ішоў і ад літаратуры — расейскай, польскай, нацыянальнай, імі ўзбагачаны, натхнёны і асветлены. Асаблівую ролю ў духоўным станаўленні Брыля-пісьменніка і чалавека адыграла творчасць і сама асоба Льва Мікалаевіча Талстога. «Льва Мікалаевіча нейкі час успрымаў без агаворак — з непраціўленнем і вегетарыянствам. З гадамі юнацкая закаханасць саступіла месца сталаму захапленню сілай, праўдзівасцю, чалавечнасцю геніяльнага мастака, здзіўляючай нястомнасцю, добрасумленнасцю вялікага настаўніка ў пажыццёвай творчай вучобе». І напэўна менавіта Л. М. Талстой з'яўляецца для Брыля ва ўсе гады творчасці прыкладам ненатольнай прагі да кнігі, у ягоным пастаянным імкненні вывяраць напісанае самім, суадносячы яго з тым, што зроблена папярэднікамі.

Чытаючы і перачытваючы напісанае Янкам Брылём, ягоны раман, ягоныя аповесці, апавяданні, эсэ, нарысы, ягоныя мініяцюры (можа, апошнія асабліва), адзначаеш сабе, якім багатым у падзеях, фактах, праявах, чалавечых асобах, якім разнастайным у колерах і фарбах бачыць ён свет, успрымае яго. Здаецца, быццам пісьменніка ў жыцці цікавіць усё, няма для яго галоўнага і другараднага. Вярхоўны суддзя — сам мастак. І тут не проста стыхійнае праяўленне таленту. Для Брыля гэта — эстэтычная пазіцыя. Абагульняльна-філасофскія высновы грунтуюцца на звычайных канкрэтных фактах. Пісьменнік іх, гэтыя канкрэтныя факты, не проста ўзнаўляе, апісвае, ён перадае сваё ўражанне ад іх, сваё разуменне іх. Заўсёды непаўторна-асабістае, арыгінальнае, заўсёды глыбокае.

Асабліва адчуваецца, відаць гэта ў эсэ і мініяцюрах. Эсэ ў пераважнай большасці прысвечаны літаратуры. Для Брыля, які многія гады жыве ў літаратуры, жыве літаратурай, гэта натуральна. Здаецца, няма ў нашай літаратуры за апошнія многія гады ніводнага прыкметнага твора, у гісторыі літаратуры прыкметнай постаці, якія б не былі заўважаны і адзначаны Брылём. Сутнасць ягоных адносін да літаратуры і асобных літаратараў дастаткова акрэслена выяўлена ў эсэ «Мой Чэхаў», дзе акцэнт робіцца на першым слове. Мой Талстой (зразумела, Леў Мікалаевіч), мой Чэхаў, мой Гарэцкі, мой Мележ, мой Караткевіч, мой Адамовіч… — для Брыля гэта галоўнае. І не толькі ў плане літаратурным, але і ў жыццёвым. Жыццёвае асяроддзе, жыццёвыя абставіны, асабістыя ўзаемаадносіны, побытавы план заўсёды займаюць у гэтых эсэ істотнае месца.

Дзякуючы Янку Брылю мініяцюра займела статус паўнапраўнага жанру ў нашай літаратуры. У творчасці ж самога пісьменніка ў апошнія гады мініяцюры займаюць, па сутнасці, галоўнае месца. Іх адрознівае глыбокі роздум, назіральнасць Я. Брыля, дасканалае валоданне словам, адчуваецца вышыня, выверанасць маральных крытэрыяў. Разам яны ўяўляюць яркую, сонечную, рознакаляровую, мазаічную панараму нацыянальнага жыцця.

Вось мініяцюра пра наведванне Жупранаў:

«Учора быў першы раз у Жупранах. Магіла, помнік і, у касцёле, партрэт Багушэвіча.

Радасна, дзіўна, што ён — не легенда, не гістарычнае штосьці, а чалавек, які зусім паблізу жыў, памёр і пахаваны тут вось, на звычайных вясковых могілках, дзе на кожным помніку па некалькі пацешных памылак…

І другое пачуццё. І здзіўленне, і недаўменне, і пашана да таго, хто блізу сто гадоў таму назад упарта, як парастак паміж плітамі тратуара, пралез паміж дзвюма стыхіямі, расейскай і польскай, насуперак усім, уключаючы і сваіх найбліжэйшых, пралез і вырас са сваім і зрэбным, і глыбока, па-народнаму, па-хлебнаму свежым беларускім словам. І славы не было, а толькі адчуванне абавязку.

Шчасце наша, відаць, у самой апантанасці».

Якой мужнай, самаахвярнай, нават велічнай постаццю паўстае перад намі адзін з першых змагароў за нацыянальнае адраджэнне, адзін з першых свядомых стваральнікаў нашага нацыянальнага менталітэту Францішак Багушэвіч. Якое глыбокае разуменне подзвігу паэта! І сказана гэта было ў часы самыя застойныя, у часы гвалтоўна-добраахвотнага збліжэння нацый і іх моваў.

Глыбокім, чыстым пачуццём любові да сваёй радзімы пранізана ўся творчасць пісьменніка. Пачуццё патрыятызму ў Брыля не стыхійнае (хаця гэта пачуццё першароднае), а глыбока ўсвядомленае, выпакутаванае на нялёгкіх жыццёвых сцежках, узбагачанае асабістым творчым вопытам і вопытам сусветнай літаратуры. Брылёвы эсэ і мініяцюры, прысвечаныя творчасці і жыццёваму лёсу беларускіх майстроў слова, асабліва Максіма Гарэцкага, Івана Мележа, прысвечаныя гісторыі і сённяшняму стану роднай мовы, уяўляюць з сябе выключна цэласную, прадуманую, жыццём адкрышталізаваную нацыянальную праграму. Прычым праграма гэтая падмацаваная, пацверджаная жыццём і творчасцю самога майстра.